Званы Віцебска — Карціна трэцяя
Царква-шалаш у Задзвінні. Над ёю і пералескам пахмурнае лістападаўскае неба. З шалаша далятаюць спевы, але там цесна, і таму частка народу стаіць звонку. Тут, уласна, усе гараджане, што ўдзельнічаюць у дзеянні. Чуваць гамонка, але нейкая прыглушаная, нібы яе гняце самое неба. Крыху ўбаку ад усіх, за дрэвамі, Ропат і Багуся.
Ропат. Мамка Прузына дзе?
Багуся. У царкве, дзе ж яшчэ? Гэтая заўсёды наперад ушчэміцца. Нават табе не давялося — я ж заўважыла тады — ёй у лапу даць.
Ропат. Я, каб цябе бачыць, не тое, што ў лапу — я ўсё аддаў бы. Нават лепшую маю шаблю, імем «Багуся». Нават лепшую сваю сякеру — гізаўру імем «Данель» — для бацькі твайго нябожчыка куў у падарунак. Нават сябе самога з бессмяротнай душою разам.
Багуся. Я не вінаватая, Ропат. Думала я. Аж тры месяцы. Далей мучыць цябе не магу… Не.
Ропат. Я цябе не вінавачу. Я дзеля цябе і зараз бы галаву сабе адсек і яшчэ паспеў бы на той бок Віцьбы перакінуць, анёл мой белы.
Багуся. Дорага б я дала, каб ты быў здаровы і спакойны, каб не казаць гэтага табе… Але што я зраблю? Прачнуся ўначы і яшчэ не разумею — адкуль раптам радасць, а потым: «Ён ёсць на свеце, проста ёсць».
Ропат. О божа! Рэжаш ты мяне тупым нажом… Антоні Вольха?
Багуся. Так.
Ропат. Ненавіджу яго.
Багуся. Я цябе прашу, не трэба. Будзь нам братам.
Ропат. Як быццам нехта конча мае патрэбу ў лішнім браце або сястры.
Багуся. Гэта ты праз мяне. Не йдзі туды. Не ахвяруй жыццём.
Ропат. Ды я не ахвярую. Проста жэрабя мне выпала. Ты не бойся. Я ні ад мяча, ні ад кахання не памру. (У глотцы ў яго камяк.) Суцешуся. Бывай.. I вось што… Дай напаследак вусны. (Цалуе яе і хуткім крокам ідзе прэч.)
Падыходзіць з-за дрэў Антон і Вольха.
Вольха. Ого! Я да яе, а яна тут іншаму раток падстаўляе.
Багуся. Кінь. Не магла я адмовіць яму яшчэ і ў гэтым апошнім.
Вольха. Апошнім? (Сеў на пень, нібы яго не трымаюць ногі.) Апошнім. Т-так. Ніколі мне не было яшчэ так кепска.
Паўза.
Багуся. Ён іншага можа забіць.
Вольха. Тады трэба ісці разам з ім. Хаця часам гляджу на цябе і думаю: «Ды спрахні ты, ды праваліся ты хаця і ў апраметную, горад».
Багуся (сядаючы побач). Гэта хай нехта іншы думае, што вось няхай свет праваліцца і нічога вакол не будзе, акрамя маёй печкі… Слухай, я, напэўна, бессаромная дзеўка, але… абдымі мяне.
Вольха. Бессаромная. Я, відаць, таксама бессаромны, але… пацалуй мяне.
Паўза.
Не трэба мне нічога. Ні зямлі, ні горада, ні веры, што нам толькі псуе, ні крумкача Ізахвата. Нічога. Абы толькі ты. I яшчэ вось гэтыя мае рукі. Яны могуць і з золата, і са срэбра, і з дыямантаў рабіць. Але я іх не за тое люблю. Я іх за тое люблю, што яны могуць песціць цябе… вось так, расплятаць твае валасы, дакранацца да тваіх плячэй, да рук, да ўсяго… Ты не думай, я цябе ў дождж, бегма, як да Заручаўя на руках нёс бы, абы ты не змокла, не захварэла.
Багуся. Скажы мне тую песню, што ты за мяне прыдумаў. Яна — праўда.
Вольха.
Я за цябе, мой каханы, і сама пайду.
Цераз поле, мой каханы, шырокае,
Цераз мора, мой каханы, глыбокае,
У двор твой, мой каханы, весняй хмараю,
У сенцы твае, мой каханы, дробным дажджом,
У хату тваю, мой каханы, ясным сонейкам.
За стол твой, мой каханы, паненкаю,
У ложу тваю, мой каханы, маленькаю.
Багуся. Маленькаю.
Вольха. Ну, схавайся ў мяне на руках, маленькая. Яны табе ўсё зробяць. Золата-срэбра чужое будзе. Затое будзе хата з залатой сасны, дах — са срэбнай асіны. Цёпла будзе ад печкі і ад цябе. Бог ты мой, ты ўся — як пух. Дзеці ў нас будуць.
Багуся. Многа.
Вольха. Хай многа. I ўсе майстры і добрыя людзі.
Багуся. Набі мяне, можа, я цябе тады менш любіць буду!
Паўза.
Толькі… нічога гэтага не будзе.
Вольха. Як нічога?!
Багуся. А так, нічога. Нічога, пакуль горад наш — як авечка сярод ваўкоў, а пастухі — далёка. Хату — адбяруць, у студню — наплююць, храм — чужынцы загадзяць. Дзяцей — за чужую зямлю біцца пагоняць. На мяне які-небудзь Палікар вокам кіне.
Вольха. Я яго доўбняй тады.
Багуся. Тады позна будзе… Бачыш, што робіцца?
Вольха. Не бойся. Я цябе нікому ў крыўду не дам. Я за цябе… Я калі і вазьму доўбню, то толькі за цябе.
Выбух галасоў ля шалаша.
Пасіёра. Людзі некалі слаўнага места Віцебскага! Бедныя! У шалашы загнаныя, у норы, як зверы! Думаеце, адны вы так? Вось з’явіліся з загонамі людзі. Пятро Васільевіч, палачанін, з сынам Васілем, Ладысь — аршанец, Васіль — магілевец, ды Авянір, а прасцей Вінусь — вільнянін. Прыйшлі раіцца, як далей быць, як жыць, як дыхаць.
Палачанін. Наконт нас і казаць няма чаго. Усе ведаюць, як ён нас прыціснуў. Ведаючы, якія беды нас чакаюць, проста хоць дзяцей не раджай.
Васіль. Што ты, бацька, чым мы вінаватыя? Што ты нас назад буслу аддасі?
Аршанец. У нас за тое, што мы яго тапіць хацелі, усе грамадскія лазні на Дняпры зачыніў перад праваслаўным вялікаднем. I ў каго сваёй не было — тыя да суседзяў хадзілі і набіваліся, як салоная рыба ў бочку.
Матыс. Гэна… ведаем… У нас крамніцы і каморы зачыніў, яткі мясныя, пастрыгальню, перавозы на Дзвіне і на Лучосе… Хай яму… бручкай па мордзе.
Абдзярыха. Латок з маімі калдунамі найлепшымі тройчы перакідаў, каб яго самога так апракінула! Бачыце, у царкву яго, анахцамскую, не хаджу, каб па ім так тыя анахцамы давеку хадзілі.
Вільнянін. Вільня кіпіць. Вялікая грамада. У замках і па слабодах і дамах шляхецкіх хоча паўторна бунтавацца.
Палачанін. Яны яшчэ раз хочуць свой каляндар рымскі ўвесці. Каб было на дзесяць дзён наперад ад нашага. Дзесяць дзён жыцця кожнага з нас украсці. Каб перад богам не ведалі, як сказаць, што мы ў іх рабілі. Забылі, як мы, палачане, ужо хрысцілі іх за гэтыя дзесяць дзён доўбнямі.
Навум Воўк. Кіньце вы пра калдуны ды календары. Справу кажыце.
Мамка (выйшаўшы з шалаша). А ў храме, а пане мой божа. Я пабыла на прачыстую, то закаялася. Пань і паннаў голкамі колюць і за паню з падкручаннем шчыкаюць.
Iля. Ну, гэта табе не вялікая бяда.
Мамка. Змоўч, поп, нахабная твая пыса. Хто, як не брат твой, у Заручаўі, напіўшыся, вакол уваскрасенскай царквы на казле са спяваннем сто другога псалма ездзіў?! Вось за такіх і зваліўся на нас Ізахват.
Iля. Што ты, што ты, баба?
Абдзярыха. Ты папа Ілю катаеш, каб цябе да нагі выкаціла? Ты святога чалавека, каб цябе так па спіне свянціла.
Учапіліся адна адной у валасы.
Неўсця. Ну вось, галубочкі мае, і вайне пачатак, каб вам, даражэнькія мае сёстры, скулу на язык.
Абдзярыха. А табе столькі туды скулляў з муллем, колькі твая маці з цыганамі грашыла. Ды вялікіх скулляў, з мае калдуны.
Мамка. Каб табе такую вайну кожны дзень у хаце.
Неўсця. Дальбог, каб ведаў, не звязваўся б. Не бабы, а татарская навала.
Пасіёра. Ціха, бабы! Слухай, народ! Не да бабскіх спрэчак. Не за валасы, за душу ўхапілі.
Мамка. А божа ж мой, ну, чысты анёл.
Пасіёра. Ад Вільні да Магілёва куюць людзей у жалезы, кідаюць у цямніцы. Людзі ў Барысаглебскім манастыры адзінаццаць дзён трывалі асаду. Толькі полацкая замкавая варта агнём іх узяла.
Ропат. Вось гэта людзі!
Пасіёра. То што мы будзем? Цярпець? Магнацтва, акрамя нямногіх, здрадзіла, запляміўшы наш гонар. Яны цяпер па-чужынску цвэнкаюць, усе гэтыя тышкевічы, агінскія, валовічы, сангушкі, сапегі, браніцкія, аскеркі, храпбтовічы і іншыя, імя іх — легіён. Ім ужо мова Кірылы з Турава, Скарыны і Цяпінскага — грубая, як калі ў жываце бурчыць. Псы. Ледзь не адны мы засталіся, мы, просты народ. Што рабіць?
Вольха. Мы, мяшчане, у законе выраслі, звыклі паважаць закон. Мо напішам каралю ды пацерпім крыху яшчэ. Вы ведаеце, я не з зайцоў…
I тут кінуўся да яго Ропат з бердышом-гізаўраю ў руцэ.
Ропат. Змоўч ты, смоўж! Церпім, як у часы ранніх хрысціян. Толькі нас не львам, нас сабакам-падлажэрам кідаюць. А мы маўчым! Досыць маўчаць, Віцебск, досыць, зямля!
Вольха. Галосіш занадта гучна. Парадзіхаю. Ды крыкам нічога не народзіш.
Ропат. Бачыш? Гэта гізаўра.
Пасланцы. Ды разбараніце іх. Зброю ўзнялі. Не ведаюць — на каго.
Вольха. Калі ўзняў зброю — трэба апускаць. Ну!
Ропат (усадзіўшы гізаўру ў зямлю ля ног Вольхі). Не пойдзеш — галаву развалю. До цярпець! Воўк перарэжа ўвесь статак…
У гэты момант з’яўляецца на чале гвардыі Палікар і ўзброены доўбняй зверападобны Дарафей.
Неўсця. Раўніцелі веры з’явіліся. Ну дакладна як у юнацкіх снах нявінныя атракавіцы, каб ім, галубочкам, здохнуць без пакаяння.
Матыс. Ідуць… Аж… засмярдзела.
Iля. Бязлепіцу і грубасць сказаў. На такіх трэба казаць: «Пачэ калу смярдзяй».
Дарафей. Што, айцы, зноў незаконнае зборышча? Давай, давай адсюль. А то ўздасца вам па грахах вашых. Шкуру гарачымі бізунамі дзерці буду.
Навум Воўк. Глядзі, гэты табе унію ніжэй спіны прапіша.
Дарафей. Не звягай на унію, чарвяк.
Палачанін. Хочаце, каб мы глагол, у якім нарадзіліся, змянілі на чужы.
Аршанец. Каб віцебскія ды аршанскія званы на лаціне спявалі.
Вільнянін. Хай пяюць… Абы на іх адпяванні.
Iля. Толькі як ты з чортам дамовішся на чужой мове?
Дарафей. А можа, звыклі б. А, братачкі?
Пасіёра. Можа. Можа, нават і лепей, каб звыклі. Каб толькі не стаяў над намі Рым. I ніхто ў свеце. Досыць. Абрыдла.
Дарафей. Ух ты, як ён на каралёў брэша. Начытаны. А што, хіба Ягелоны не раўнялі ўсіх у правах?
Ропат. Раўнялі. Бо разумелі — гвалтам з намі нічога не зробіш.
Абдзярыха. А цяперашнія, відаць, розум страцілі. «Цёсечка-цёсечка, а потым — стой, воўк цябе рэж».
Мамка. Лабідуды нейкія, хай бы вам гарэць.
Палікар. Змоўч, бабы.
Дарафей. Куражацца. Цану сабе набіваюць перад намі.
Абдзярыха. Цана нам такая, што ты з усім сваім майном толькі й купіш тую ваду, у якой мы ногі мылі.
Мамка. Для піцця.
Неўсця. Бедныя яны, няшчасныя вашы каралі. Скудныя розумам.
Ропат. Нас пагубіце, але тады і дзяржава веры загіне. Канец! Не быці ёй ужо сярод першых у храме сусвету.
Матыс. Мякінныя… вы… галовы.
Дарафей. Гэта вашы папы мякінныя галовы. Схлапелі, амужычыліся. У распусту ўпалі. Жэняцца. Халера на іх!
Iля. Твая тут праўда, браток. (Тон яго слоў прынізлівы.) Гэта ясна. Ты ведаеш, хто за ўсіх разумней, хто за ўсіх весялей і хто за ўсіх дурней?
Палікар. Ну?
Iля. Вялікія вы і мудрыя людзі. Разумней за ўсіх, сапраўды, ксёндз.
Дарафей. О, урэшце. А чаму?
Iля. Бо ніколі не жэніцца. А весялей за ўсіх поп… Вось як я. Ён рана ўстае і, не еўшы, пяе. Малебен трэба служыць нашча.
Дарафей. Ну, а дурней за ўсіх хто?
У гэты момант адзін са служак, пракраўшыся за спінамі, кінуў у шалаш паходню. За рогатам гэтага не заўважыў ніхто, акрамя Багусі. Яна кінулася да падпальшчыка, схапіла яго за глотку. Дарафей моцна штурхнуў яе, і яна ўпала.
Дарафей (узняў доўбню). Ды што там?! Душы схізму ў імя бога. Бі!
Але тут, нібы скінуўшы здранцвенне, адным скачком дагнаў яго Вольха. Выдзер доўбню, аперазаў па спіне, узняў грамілу ў паветра.
Вольха. Не! Гэта мы вас — бі! Дзяўчат нашых ганьбіць? Людзі — на іх!
Віцьбічы рынулі наперад. У святле палаючага шалаша закіпела лютая бойка.
Вольха ( усё яшчэ матляючы Дарафея, крычыць.) Каб мірам, любоўю прыйшлі — ніхто б, ніколі нас ад вас не адвёў… Нá табе!.. Хіба шыбеніцай, плахай!.. На!.. Але сілай віцьбічаў, але сілай нас — хрэн возьмеш! Зубы зломіш, поп! (Шваркнуў ім аб зямлю.)
Дарафей ляжыць, аглушаны.
Вольха (кінуўся да Багусі, узняў.) Птушачка мая белая. Як ён цябе? Дзе ён цябе? Божа мой, божа, руку на кабету! Што з табой? Дзе баліць?
Багуся. Нічога. Цяпер ужо нічога. Ён не прыбіў цябе?
Варту, між тым, пагналі. Народ збіраецца на паляну.
Пасіёра (ціха). Ну, усё. Усе сродкі ўжылі. Адзін выхад — забіць.
Вольха. За веру забіць чалавека? Быці — як яны?
Iля. Думаеце, толькі вера? Каб гэта, то яшчэ палова бяды. Унь Сцяпан часцей царкву мінае, чым карчму. Не толькі вера. Праўдзівей, не столькі вера. Справа на тое пайшла, ці быць, ці заставацца нам у векі вякоў — і давеку — тым, чым мы ёсць. I пра гэта вы і думайце перш за ўсё.
Пасіёра. І ў знак роты, прысягі, што будзем стаяць, як адзін, — кідайце ўсе шапкі ў купу.
Абдзярыха. Хустку здзерці, з босай галавой пайсці — горай ужо для бабы ганьбы, здаецца, і няма. Але ёсць, ёсць, дзеткі, горшая ганьба. Бабы, кідай хусткі!
Людзі моўчкі кідаюць у купу шапкі і хусткі.
Пасіёра. Званар Янка Гужнішчаў, ты тут?
Званар. Тут.
Пасіёра. Абыдзеш усіх сваіх. Заўтра якое?
Званар. Года ад нараджэння Хрыстова тысяча шэсцьсот дваццаць трэцяга. Месяца лістапада — дванаццатага. Дзень святога Іаана Літасцівага.
Пасіёра. Ну, літасці ім не будзе. А ў католікаў хто?
Званар. Ды яно, здаецца, Тэадора-пакутніка.
Пасіёра. Гэта ўжо лепей. Звані заўтра па-каталіцку.
Званар. Калі?
Пасіёра. А сёмай гадзіне раніцы ўдарыш у ратушны звон.
Званар. Што ж, званіў па ўсіх. Нават па мёртвых. А гэта што? Гэта звон вясёлы. Як на вялікдзень. Заўтра мая вялікая Юлляна пакажа гораду медную глотку. I вялікая Вольга. I вялікі Альгерд. А я іх толькі гэтак па баках: «Ну, мае званочкі, ну, маленькія, пастарайцеся для слаўнага места».
Мамка. Ну добра, ну як шляхтай навакольнай падступяць — хай. Усе на муры выйдзем. А як вялікае войска?
Неша. Да Масквы па дапамогу.
Пасіёра. Думаў. Не паспеюць.
Вольха. Самім ім кепска. Казакаў на дапамогу трэба прасіць..
Галасы. Казакаў! Казакаў!
Ропат. Бурмістры хай едуць. Каб, у выпадку чаго, не пала на горад кара.
Аршанец. А спраўляцца мы будзем. Мы, якіх тут і ў твар не ведаюць.
Пасіёра. Ідзі, званар. Яны чулі маленні Віцебска. Хай пачуюць Віцебскі набат.
Заслона