Кастусь Каліноўскі — Карціна трэцяя

Пакоі ў кватэры Юзэфы Яневіч. Куток прыхожай, у якой сядзіць Чортаў Бацька, і гасціная. У гасцінай Кастусь, Караліна, Арсень, Пасланец Белага жонду. Гаспадыня кватэры сядзіць у крэсле, такая ўладная, што здаецца — пад ёю не крэсла, а трон. Кульмінацыя спрэчкі.

Кастусь. Мы з вамі не будзем, панове белыя. Не!

Пасланец. Як хочаце. Але варшаўскі Белы жонд забараняе вам рабіць стаўку на хамаў…

Арсень. Вашай забаронай мы…

Яневіч. Арсень, ты што, дзетухна, у карчме?

Арсень. Прабачце, цётка Юзэфа… Але яны — лішнія. Стаўленікі іхнія кінулі нас, а яны цяпер «забараняюць».

Яневіч. А яны, дзетухна, не кінулі. Яны проста ў разгар бунту ўспомнілі, што ў Парыжы не бывалі. Дай, думаюць, з’ездзім.

Пасланец. Ваш мужык — хам, здраднік. Яго радзіма там, дзе ён кучу гною растрасе. Пляваць ён на астатняе хацеў.

Кастусь. Гэта стагоддзі вашага панавання зрабілі яго такім.

Яневіч. Адсталыя, любчык, людзі. Немудрагелістыя, як барана. Пытаюся я нядаўна ў вясковага хлопчыка, чым яны пысы выціраюць, як памыюцца. А ён мне: «Татка рукавом, мамка — падалом, а я — сам сохну». Вось і растлумач ім, што ўсе яны цяпер вольныя, як старапольская шляхта.

Кастусь. Але ён устае, мужык радзімы. I калі вы не будзеце з ім — ён вас выкіне.

Пасланец. Такое паўстанне нам непатрэбна. Мужык лезе ў яго бруднымі лапамі, а не лезе, дык прадае.

Яневіч. Дзіўна. Тысячу год камандавалі — і не абрыдла ім!

Пасланец. Дваране ўмеюць ваяваць.

Чортаў Бацька (голасна). Яшчэ б, усе продкі разбойнічалі.

Пасланец. Яны ваююць лепш за мужыкоў.

Кастусь. Правільна. Сядзяць у лесе чалавек сорак. Хваляцца: «Я, бывала, як налячу на сотню казакоў з шабляй, дык усё палавінкі-палавінкі-палавінкі». Аж тут прыбягае вартавы: «Панове, казакі!» — «Колькі?» — "Пяць«.— «Уцякай-ма!»

Пасланец. Дваране! Чуеце, што ён кажа, гэты пёс? Героі, пакутнікі, чуеце? Дзе ваша мужная безнадзейнасць?!

Яневіч. Прыгожа як! Маткам іхнім радасць якая!

Арсень. Досыць істэрык.

Пасланец (амаль суха). Мы не дазволім вам ставіць вашы беларускія інтарэсы вышэй інтарэсаў вялікай Польшчы: да Смаленска і Кіева… Толькі з намі — іначай мы вам…

Чортаў Бацька. З кулька ў дзяружку.

Пасланец. I не смейце нават заікацца аб нейкай аўтаноміі.

Кастусь. Мы не заікаемся. Мы крычым аб правах і можам нават ударыць за іх. Бо адбуджаецца свабодны народ.

Пасланец. Замест радзімы — трыумфуючы хам.

Кастусь. У нас свая радзіма.

Пасланец. Замест легенды — валока зямлі, замест рыцара — беларускі смерд, замест залатога сцяга нашага — ануча.

Кастусь. Гэта што, вельмі жахліва?

Пасланец. Нездарма, відаць, адзін з бясконцых вашых псеўданімаў — Хамовіч.

I тут раптам устае Караліна.

Караліна (ціха). А які псеўданім прыдумаць вам? Бізуновіч? Цемрашал? Посцілка-Здрадовіч?.. Не смейце нават глядзець на гэтых людзей, бо за іх любіш зямлю. А зямлю любіш за тое, што яны ёсць на ёй…

Яневіч глядзіць на яе.

Пасланец. Ах, якія крылатыя!

Караліна. І ў вас крылы. Толькі вы імі савіху ў цёплым гняздзе прыкрываеце. А ім яны — для палёту. Яны — суровыя. Што ім пяшчота і ўсмешкі, калі яны ўсё аддалі другой?

Арсень. I досыць жартаў! Малахоўскі меў рацыю. Няхай такія, як вы, хрыпяць на шыбеніцы перад ранейшымі сваімі неграмі.

Яневіч (устае, ціха). Вы тут крычалі аб Польшчы. Я — полька. I я ганаруся гэтым. (На Кастуся.) А ён тутэйшы. (На Караліну.) I яна. I яны, разам з палякам Серакоўскім, бліжэй мне, чым вы. (Цяпер яна велічная, амаль страшная.) Польшча павінна быць вялікай. Але яна такой не будзе, пакуль вы не зразумееце, што яны не смерды, не рабы, а сябры, суседзі, якія маюць права на шчасце. Не зразумееце — будуць вас нішчыць, як нішчылі сто разоў. Не захочаце зразумець… Пархвен!

Чортаў Бацька (з’яўляючыся). Га!

Яневіч. Не захочаце зразумець — загадаю Бабаеду выкінуць вас у акно. Ідзі, Пархвен… Ён не будзе.

Пасланец (цішэй). Вас будуць біць.

Кастусь. Пакуль — мы б’ём.

У прыхожай званок. Чортаў Бацька прапускае дваіх людзей, захутаных у плашчы.

Чортаў Бацька. Каго любіш?

Марцявічус. Люблю Беларусь.

Чортаў Бацька. То ўзаемна. Што перадаць?

Марцявічус шэпча яму нешта на вуха. Чортаў Бацька ідзе ў гасціную.

Чортаў Бацька. Пані Яневіч… Кастусь… Там нейкі Парафіяновіч.

Пасланец. Хто?

Арсень (ціха). Вітаўт Парафіяновіч.

Чортаў Бацька.Ізім яшчэ чалавек. Амаль за рукаў яго цягне… Кажуць, «надзвычайныя» весткі.

Яневіч. Вядзі.

Чортаў Бацька выходзіць у прыхожую.

Чортаў Бацька (Вітаўту). Здымі плашч.

Вітаўт. Ты мне не загадвай — здымаць ці не здымаць.

Марцявічус (глуха з-пад капюшона). Пакінь яго. Там, відаць, паненкі, а ён ведае, што ў плашчы ён больш эфектны… Крылаты серафім…

Вітаўт. Памаўчаў бы. (Глядзіць на Чортавага Бацьку.) Мужык. Людзьмі аскудзелі, ці што?

Чортаў Бацька. Ты, здаецца, казаў, што Беларусь любіш?

Вітаўт. Ну…

Чортаў Бацька (амаль сурова). То і я… паныч… яе люблю.. Давеку.

Заводзіць абодвух у пакой.

Кастусь. Вітаўт, ты? Здорава як!

Вітаўт. Вечар добры, Кастусь… Да ручак, пані Яневіч… Шчасліва, Арсень… Добрага сонца… дзяўчынка…

Паўза.

Кастусь. Вітаўт, што здарылася?.. Адказвай…

Вітаўт. Даношу аб разгроме. Паўстання на Магілёўшчыне больш не існуе.

Караліна. Што?.. Як?..

Вітаўт. Не ведаю. Пярэдняму краю цяжка…

Караліна. Цяпер паўсюль пярэдні край.

Кастусь. А дзе атрады Раўбіча, Грынкевіча, Загорскага?

Вітаўт. Бадзяюцца недзе, але арміі няма.

Паўза.

Вы, спадзяюся, не сумняваецеся ў маёй смеласці?

Арсень. Хлапецтва! Пры чым твая смеласць?.. Разгро-ом.

Пасланец. Нясцерпна. Але што я вам казаў?

Арсень. Знойдзеш сілу хвіліну памаўчаць?

Пасланец. Непрыемна? Закруціліся?

I тут нечакана аддзяляецца ад сцяны Марцявічус.

Марцявічус. Хлюсты паўстаннем кіруюць. Белая сволач. Вы ад іх чаго, перамог хацелі?

Караліна (амаль з жахам, бо чалавек — страшны). Хто гэта?

Марцявічус. Я Бронюс Марцявічус, жмудзін. Сын… аднаго чалавека з горада Сухадола… Люблю Беларусь!

Кастусь. Люблю Жмудзь!

Марцявічус. Я прыйшоў з ім, каб паслухаць, як ён раскажа аб усім.

Кастусь. Кажы, Вітаўт.

Вітаўт. Мы гналі іх тры тыдні. I вось, калі мы ўсёй сілай ішлі з Сухадола на Гадарочы… Тысяча дваран… Дзве тысячы мужыкоў… На ўз’яднанне з атрадамі Загорскага і Грынкевіча — гэта яшчэ чатыры тысячы…

Кастусь. Ведаем…

Вітаўт. Нас спыніла войска…

Марцявічус. Мы гэтаму войску маглі б духам вязы скруціць.

Вітаўт. Я не спадзяваўся на мужыкоў. Як часта яны кідалі косы.

Пасланец. Я казаў.

Марцявічус. Ні пікні… Супраць гарматы — кінеш.

Вітаўт. I тут нас прыціснулі да Дняпра. Пачалося знішчэнне… Гэта было страшна! Людзі з кручы падалі… Коні… Гігаталі так жахліва, як людзі. Мяшанка… Агонь…

Марцявічус. Ты скажы, чаму так атрымалася…

Вітаўт. Не папракай! Я сабраў кучку людзей. Мы па іх ударылі, прарваліся! Я не апошні, я першы з пісталетам ішоў… На конных!

Марцявічус (горка). Што мне ў тваёй мужнасці? Ты пагубіў людзей. А мужнасць — твая асабістая справа… Шчанюк ты… Шляхта, вось хто…

Вітаўт. Я табе зараз язык твой заб’ю ў тваю паганую глотку разам з зубамі.

Марцявічус. Ану!!!

Кастусь. Ціха! Кажы далей, Вітаўт.

Вітаўт. Мы беглі. Падалі людзі. Ад’ютанты ўвесь час, на хаду, зараджалі, падавалі мне пісталеты… Я смерці прасіў… А падалі яны. Пяць ад’ютантаў…

3 грудзей Кастуся вырваўся цяжкі, страшны ўздых.

Марцявічус. Ён сказаў… Цяпер я. Пра тое ж… Адзін… чалавек з Сухадола (голас жмудзіна сарваўся) благаславіў на паўстанне мужыкоў. Тыя прыйшлі вось да яго. I ён… ён не даў ім зброі. Мужыкі ўсё ж пайшлі, з віламі, без зброі. А ён іхнюю зброю — шляхцюкам Хаданскага.

Пасланец. Правільна, сынок.

Марцявічус. I тыя памірыліся з палкоўнікам, што вёў салдат. У баі пад Доўгай Кручай — кінулі нас, адышлі… Мужыкі біліся тым, што пад руку трапіла. Цяпер яны ляжаць на дне Дняпра.

Кастусь. Гэта так?

Марцявічус (за Вітаўта, глуха). Так. Што мне ў яго мужнасці, калі ён сам аддаў край ворагу? Вешалі на ўсіх варотах.

Кастусь. Гэта праўда, Вітаўт?

Вітаўт. Так. Яны неабвучаныя.

Арсень. А людзі Хаданскага абвучаныя… Чаму? Здрадзе?

Вітаўт. Я не мог ім верыць. Мужыкі дапамагалі карнікам знішчаць батальёны Серакоўскага пад Дынабургам.

Марцявічус. Мужыкі дапамагалі Каліноўскаму знішчыць карнікаў пад Бахарэвічамі.

Вітаўт. Мужыкі — здраднікі.

Марцявічус. Мужыкі — героі.

Яневіч. Гэй, пане пасланец, ану глянь на мяне…

Паўза.

Кастусь. Не верыў народу…

Караліна. Сябры… браты… таварышы…

Кастусь. Гэта страшна. Але яшчэ страшней, што не верыў… Будзеш плаціць, Вітаўт… Жыццём…

Вітаўт. Я гатовы.

Кастусь. Не нам… Бацькаўшчыне… (Да пасланца.) Так. Вось вам і канец нашай спрэчкі. Перадайце Беламу жонду, што мы забараняем ім нават нос торкаць у справы паўстання. А торкнуць — будзем расстрэльваць… як здраднікаў.

Паўза.

Пасланец. Я маўчу. Але вы забіваеце веліч нашу. Горка заплача над гэтым радзіма.

Кастусь. Добра… Ведаючы вашу схільнасць да няправільнага вырашэння практычных пытанняў, я прапаную вам прыемную прагулку… Пархвен!

Чортаў Бацька. Га!

Кастусь. Калі ласка, Пархвен, вось тут пан хоча прагуляцца.То ты ж месяц у горадзе. Ведаеш яго… Будзь другам, пакажы пану Ніжні замак, дзе Беларусь з Літвою магнатам прадалі… Пакажы месца, дзе па віне магнатаў у мінулае паўстанне суайчынніка ягонага, святога паляка Канарскага, расстралялі…

Пасланец. Хама мне ў гіды?

Кастусь. А калі не хоча, то пакажы яму, Пархвен, недалёкае месца… Наш задні двор. Дзе выграбныя ямы.

Чортаў Бацька. З асаблівым задавальненнем.

Пасланец. Што ж… Пашкадуеце… (Пайшоў.)

Кастусь. Духам не трэба падаць, браты… Не трэба. Мы жывыя. I пакуль мы жывыя — агонь не згасне.

Марцявічус. Гэта не ўсё. У мяне просьба, Кастусь.

Кастусь. Чаго просіш?

Марцявічус. Права на стрэл.

Кастусь. У каго?

Марцявічус. Я прыехаў за гэтым чалавекам з Магілёўшчыны. Гэта той, хто задушыў там паўстанне. Цяпер ён будзе правай рукой Мураўёва тут, у Вільні. Але няхай ён не думае, што мінулае забудуць.

Кастусь. У чым абвінавачваеш?

Марцявічус. Абвінавачваю ў здзеках, катаваннях, расстрэлах. Абвінавачваю ў сотнях шыбеніц.

Кастусь. Ты нешта скрываеш, брат.

Марцявічус. Той… чалавек з Сухадола, які благаславіў мужыкоў на паўстанне, быў ксёндз Малявічус… Галава карнікаў павесіў яго.

Караліна. Ты раней казаў, што ты… сын аднаго чалавека з Сухадола… брат.

Яневіч. Караліна… Як можна?! Ксёндз…

Караліна. Што ж з таго? (Яна ласкава дакранаецца да скроні Марцявічуса.) Хіба перад сапраўдным пачуццём бываюць перашкоды? Ды яшчэ і такія дурныя… нявартыя.

Марцявічус (на яго страшна глядзець). Дзякуй, сястрычка… Добрая мая… (Нячутна прыклаў вусны да яе рукі.) Праўда. Я тое, што людзі завуць «байструком». Ксёндз Малявічус — мой бацька.

Яневіч. Ну і дзякуй богу. Падумаеш, бяда вялікая!

Марцявічус. «У бога быў сын, а чаму мне нельга?» — казаў бацька. Ён любіў мяне. I вось ён вісіць.

Кастусь. Хто гэты чалавек?

Марцявічус. Палкоўнік Цаплін…

Кастусь. Ах, бестыя!

Паўза.

(Караліне ціха). Памятаеш?

Караліна (вельмі ціха). Памятаю.

Паўза.

Кастусь. Чаго патрабуеш?

Марцявічус. Жыцця Цапліна… Прашу помсты.

Кастусь. Права на суд маеш не ты адзін.

Паўза.

I таму мы заўтра будзем сачыць за ім. I мы выкрадзем яго на вуліцы ці яшчэ дзе. I павязём у адно месца, дзе ён таксама нарабіў гора. I будзем там судзіць яго мужыцкім судом. I за ксяндза Малявічуса таксама.

Арсень. Ты атрымаеш сваё… друг.

Кастусь. А я табе дапамагу… Бывайце, сябры, да заўтра.

Усе выходзяць.

Арсень. Ай-я-яй. Які ж вы дрэнны патрыёт, пані Юзэфа. Як жа вы абыдзецеся без Кіева?

Яневіч. Змоўч, шалапут. Я каталічка. Я на багамолле і ў Чэнстахову магу паехаць.

Усе пайшлі. Засталіся Яневіч, Караліна, Кастусь. Яневіч глядзіць на маладых людзей.

Доўгая цяжкая паўза. Потым пані Юзэфа здымае невялікі партрэт.

Вось… Жаніх мой.

Караліна. Якое гордае аблічча!

Яневіч. Ох, ён быў горды! Ён быў тутэйшы. Любіў радзіму.

Кастусь. I што?

Яневіч. Мы лічылі — няўчасна. У трыццаць першым было паўстанне. Ён пайшоў і не вярнуўся… I ўсё… I вось баба-сухадрэвіна, а вакол ані парастка… акрамя вас… Якое можа быць суцяшэнне? Памерці? Сустрэцца там? Растаць у ім, як зорка ў ранішнім усходзе? А што, калі няма ўсходу, што, калі там нічога няма?

Паўза.

Ой, што гэта я. Трэба ж хаця кавай вас напаіць… Пачакайце, я зараз. (Пайшла.)

Паўза.

Кастусь (глуха). Страшны яго лёс.

Караліна. Страшны яе лёс.

Кастусь. I вырастала ў іх садзе дрэва. Вялікае-вялікае дрэва кахання. I дарасло аж да сонца.

Караліна. Пакуль вырастала — жах. I як вырасла — жах. Хіба можна глядзець на сонца? Аслепнеш.

Кастусь. I якая гэта была пакута… Як насланнё.

Караліна (нібы спалохана). Нам жа не так, праўда?

Кастусь. Канечне. Ты — нейкі вялікі-вялікі, магутны, добры дух. Ты сама яшчэ не ведаеш, хто ты.

Глядзяць у вочы адно аднаму.

Як дзіўна. У цябе задрыжэлі веі. Якія доўгія, чорныя! Апусціліся… «як ворана пяро на снег».

Караліна. I над хлопцамі вораны…

Кастусь. Толькі не над табой… Толькі, калі ласка, не над табой.

Караліна. Не ідзі заўтра… Не ідзі…

Кастусь. Ты бывай… Бывай… Іначай — не пайду. (Амаль у адчаі працягвае руку.) Каго любіш?

Караліна. Люблю… Беларусь.

Кастусь. То ўзаемна… Навекі… Навекі…

Яндекс.Метрика