Млын на Сініх Вірах — Карціна трэцяя
Кабінет Адлерберга. Той самы кабінет, што і ў першай карціне першай дзеі, толькі тут адбыліся некаторыя змены. На вокнах цяжкія чырвоныя шторы. У правай сцяне зроблены электрычны камін. На супрацьлеглай сцяне нейкі маляр намаляваў ландшафт: Рэйн, зялёныя горы і вежы на іх. Ад гэтага пакой стаў нейкі чужы, надзвычайны. У крэслах ля камінка сядзяць граф Адлерберг, камендант горада, і ягоны сябра, гаўптман Зігфрыд ф о н Ільзенвельдэ. Тут жа маленькі столік, бутэлька віна. Точыцца ціхая размова. За вокнамі позні вечар, дождж. 3 рэпрадуктара музыка Вагнера.
Адлерберг. I ўсё гэта, урэшце, глупства. Нават уласныя нашы салдаты глядзяць на нас павучымі вачыма, хаця іх вядуць зараз праз перамогі, кветкі, славу. За душою ў нас ані паламанага шэлега. Зараз — галеча духоўная, потым — смерць, а пасля, зусім па-Дастаеўскаму, шматгадовае ляжанне ў яме сярод павукоў. Паўсюль на зямлі адна мярзота і, калі ёсць, нават нешта станоўчае, дык гэта полымя, віно, ціхая размова з табой, мой любы друг. Адсюль назад: менавіта тымі самымі дабротамі карысталіся пітэкантрапы. Толькі ў нас замест вогнішча — электрычны камін, замест настою з мухамораў — бардо (трохі цяжкаватае для страўніка), а замест размовы пра паляванне — размова пра сучасны дадаізм. Змены, як бачыце, толькі фармальныя, а сутнасць тая самая.
Ільзенвельдэ. Я ў гэта ніколі не паверу, Паўль. Жыццё развіваецца. Вядома, тут многія зняверыліся ў нашай перамозе, хаця мы і рухаемся наперад. Але я скажу табе па сакрэту, што падтрымлівае мяне. Гэта Германія, яе веліч. Я веру, што, калі нам давядзецца цяжка, адчыніцца гара Кіфгайзер і стуль з’явіцца вялікі Барбароса з рыцарамі. Памятаеш?
Хвацкія ў бітве, ўдалыя ў сядле,
Выспаліся на славу.
Вырашыў Кайзер вялікі ўчыніць
Забойцам суд і расправу.
Адлерберг. Той чалавек, які напісаў гэта, зараз забаронены. I твой рамантызм тут недарэчны, бо далей, як памятаеш.
Забойцам нявіннай кветкі маёй
З вачыма праменнымі дзевы,
Залатакудрай Германіі,
Сонца, ты, полымя гневу!
На ўсіх, хто ў багатых замках сваіх
На сорам забыўся просты,
Пятлю адплаты вяжа рука
Караючага Барбаросы.
Так што прыклад няўдалы. Гэта напісана патрыётам не ў нашым разуменні. I гэта досыць дрэннае прароцтва адносна нас. Скончым давай пра гэта.
Ільзенвельдэ. З табою, Паўль, зусім нельга размаўляць. На ўсё ўзвышанае ў цябе знойдзецца неадменна нешта дрэннае. А я не веру ў наш канец. Вось мы тут, і пойдзем яшчэ далей, і хоць мне агідна глядзець на гэтых мардатых афіцэраў, але я гляджу на нашы поспехі і пачыцаю думаць, што фюрэр — гэта Калібан, у якім, як гэта не парадаксальна, увасобілася ідэя Дабра, ну няхай не дабра, але Велічы. Ён з’явіўся вяршыць вялікую справу, і ў ім душа нашага народа. Ён, магчыма, і ёсць абсалютны дух справядлівасці. З’явіўся ў выглядзе мільёнаў і чыніць справу ўваскрасення людзей да новага жыцця.
Адлерберг. Ты, Зігфрыд, не філосаф. (Пазяхае.) Я не лезу ў такія нетры. Ва ўсякім выпадку, у яго нельга адняць цвёрдай волі… I вось яшчэ што, выключы ты гэта глупства. Не люблю Вагнера… Штукарства!
Ільзенвельдэ. Дарэчы, фюрэр яго любіць, і, да таго ж, прыгожа, эпас.
Адлерберг. Гм… Цябе замясілі на ружовай вадзе… Ах-ах, нібелунгі! Ах, бойка ў палаючай зале!.. Гаген п’е кроў!.. Скарб Рэйна! А я не спадзяюся на лешпае. Рухаемся мы дрэнна, сустрэліся з самым дзіўным народам на свеце… I я яшчэ болей пераканаўся ў гэтым, калі пабачыў тутэйшых мужыкоў. Прымітыўныя і жахлівыя, як вандэйцы. Я не ўпэўнены ў тым, што наш эпас, музыку, філасофію трэба было, як ты кажаш, насаджаць тут. Ды яшчэ зброяй. Пфуй!
Ільзенвельдэ. Ну і што ж рабіць?
Адлерберг. Што? Вешаць. Нарэшце, людзі паўсюль аднолькавыя. Аднолькавае ўгнаенне пад ідэі, а якія з ідэй верныя, і сам бог не разбярэцца. Сёння буду я вешаць, а заўтра, калі ласка, вешайце мяне, я не пакрыўджуся.
Ільзенвельдэ. Не жартуй, Паўль. Я ведаю, ты не такі. Іначай чаго б ты даваў салют па таму рускаму пілоту.
Адлерберг. А што ж ты мне прыкажаш, рабіць як гэты парвеню Швальбе? Страляць людзей? У мяне для гэтага занадта тонкія нервы, я ўсё ж інтэлігент. Гвалтаваць, паліць, у ямы закопваць — не мой профіль. Але і зрабіць што-небудзь з гэтым паскуднікам я не магу і, праўду кажучы, не жадаю. Людзі — цвіль на нашай планеце. I я, і гэтыя тутэйшыя мужыкі аднолькава не ведаем, нашто з’явіліся, чаго жывём, куды знікаем. Так што ўсё адно… Вось толькі цябе я яшчэ люблю, мой малады, прыгожы, гарачы, сумленны нават у памылках, друг. Ты думай, можа, і выдумаеш нешта вартае, а я так ужо неяк пражыву, сузіральнікам. Спакайней будзе.
Ільзенвельдэ. Каб цябе ставілі на адну дошку са Швальбе? I не страшна? Ён з тых людзей, што, калі б перад ім Хрыста раскрыжоўвалі, ён бы сядзеў і аршад піў з асалодаю, бо Хрысту піць хацелася б.
Адлерберг. Ну і што? Не ўсё адно, калі наперадзе мне і яму тая ж яма. (Пазяхае.) У венскім паноптыкуме паказвалі чэрап высакароднага рыцара, а пасля выявілася, што пераблыталі экспанаты і гэта не рыцар, а вядомы гільяцінаваны злодзей. Аднак без паперкі адрозніць чарапы нельга было.
Ільзенвельдэ. Ты не дражні мяне, Паўль. Такія, як Швальбе, псуюць справу германскай культуры на гэтых землях.
Адлерберг. Я ўжо сказаў, што не лічу патрэбным, каб тут была наша культура. У іх свая культура, свая музыка, свае сагі, свае балады, свая ідэалогія — гэты марксізм. Яны трымаліся за яго сорак год і, відаць, не вельмі жадаюць яго пакінуць. I, зрэшты, калі ўжо на тое павялося, яны лепшыя, чым мы. Просты, вялікі, чыстасардэчны народ. Я захапляюся іхнімі саматужнымі вырабамі, у іх вялікая будучыня, хоць няма, пакуль што, свайго Гётэ. Яны шчырыя, гасцінныя, мужныя людзі. Што, дабіўся ад мяне дыфірамбаў? А я іх дзесяць год як не спяваў, і вось яшчэ, пакуль я зноў не пачаў гаварыць жартамі — на гэты раз ужо да канца дзён сваіх, — я раю табе сур’ёзна над гэтым падумаць, вызначыць свае адносіны да гэтай вайны, і да нямецкага поступу, і да твайго шаноўна-паважанага фюрэра… Пакуль не позна. I ведаеш яшчэ чаму? Гэта іхняя новая ідэалогія, як бы мы яе ні лаялі, робіць іх у сто разоў мацнейшымі. Гэтага не трэба забываць.
Ільзенвельдэ. Ты — і раптам сур’ёзнасць… Добра… я… падумаю.
Адлерберг. Можа, я і памыляюся. Але скажу адно, хай фюрэр будзе хоць тройчы геніем у справах палітыкі і вайны, але ж ён такі — дрэнны мастак. Дапусціць, каб дзяржавай кіраваў бяздарны мастак — гэта ў духу немцаў. А я не магу так — і таму я не немец, не афіцэр, не камендант, я проста скептык, якому да таго ж вельмі хочацца спаць і які не дачакаецца сустрэчы са Швальбе, каб пасля адправіць яго да д’ябла, пачытаць штосьці вясёлае з твораў тутэйшых паэтаў (раю, мова паходзіць на рускую). I пайсці ў абдоймы Марфея.
Гудок аўтамашыны.
Здаецца, Швальбе, уласнай персонай. Не ўставай, Зігфрыд, замнога гонару.
Адчыняюцца дзверы, уваходзіць Швальбе, за ім Ранцоў, Штаркенфауст, Ламсдорф і Эверт.
Швальбе. Зіг хайль!
Ільзенвельдэ.
Адлерберг. — Зіг хайль!
Швальбе. Зачакаліся мяне? А я з таго ёлупа, што вы прывезлі, Адлерберг, здабыў тое-сёе цікавае. Ён чакае ў прыёмнай… Ну што ж, не будзем дарэмна ганяць час, нам яшчэ трэба дагаварыцца пра ўзаемаадносіны ў аперацыі.
Адлерберг. Сядайце, панове. Зігфрыд, адкрыйце карту. У вас, Швальбе, дзіўная страсць усё прыкрываць літарамі і нават асенізацыйныя работы на вадакачцы называць вытанчана, нешта накшталт «Эдэльвейсы квітнеюць», як быццам справа ідзе пра чарговы наступ арміі. Мы з вамі невялікія палітыкі, абыдземся простымі словамі: «Аперацыя супраць партызанскай брыгады нейкага Дубоўскага».
Швальбе. Пазнаёмцеся… Камендант Адлерберг… гаўптман Ільзенвельдэ… маёр Ранцоў, нязломнасць, старанны афіцэр: …Штаркенфауст, розум і моц. …Фердынанд Эверт, «свой» хлопец. Ламсдорф. Лічу, што далейшая частка збораў пасля такога знаёмства будзе праходзіць нявымушана.
Адлерберг (да Ільзенвельдэ). Амікашонства нейкае. Штучная «свойскасць». А сам проста жывёла. (Уголас.) Сядайце, панове.
Швальбе. Дык вось, Ранцоў, Штаркенфауст, Ламсдорф, Эверт прыбылі з карным загонам. Загад — камандавання — засцерагчы ад небяспекі тры чыгункі, што праходзяць у наваколлі горада. Зараз справы дрэнь. Справы трагічныя. Рух — ад выпадку да выпадку. У дапамогу Ранцоў вылучылі частку сілы каменданта горада. Загад: аб’яднанымі сіламі прыкончыць загон Дубоўскага.
Ранцоў. Выканаем.
Швальбе. І я думаю. Але дзе яны? Разведкі няма, звестак ніякіх.
Штаркенфауст. Дазвольце мне. Хаця мы і не ведаем, але мне здаецца, што перш за ўсё іх трэба шукаць у самым вялікім масіве: Звініцкіх пушчах.
Адлерберг. Р-разумная прамова. Але вы не ведаеце гэтага народа. У іх тут у кожнай страсе арсенал, у кожнай хаце інсургент. I, можа, не пушча, а любая вёска з’яўляецца месцазнаходжаннем гэтых людзей.
Ранцоў. Выселім.
Швальбе. Не маем пакуль што магчымасці. Рэпрэсіі супраць мясцовых жыхароў — пасля. Але Штаркенфауст таксама мае рацыю. Пушчу трэба блакіраваць.
Штаркенфауст. Пакуль возьмемся за блакаду — нядрэнна было б узяцца за тыя вёскі, якія ляжаць у раёне пушчы. Якая вёска лічыцца тут самай глухой?
Швальбе. Чарнабогі.
Штаркенфауст. Заняць яе, направіць загон у лясніцтва, якое я тут бачу, у хаты палясоўшчыкаў. Жыхароў хат расстраляць, хаты спаліць.
Швальбе. А пасля гэтага пачнём метадычнае прачосванне пушчы. Пачнём з поўдня і з поўначы, ад лініі чыгункі.
Штаркенфауст. Іх трэба паступова адцясняць у мяшок паміж гэтымі рэкамі. Вакол — дрыгва. Яны пападуцца там, як мышы ў пастку.
Швальбе. А зараз і я парадую вас. У мяне ёсць чалавек, які сёе-тое ведае, хоць вельмі мала.
Націскае званок, у пакой салдат уводзіць Трубайлу.
Адлерберг. А, гэты бандзюк.
Швальбе. Шляхціц Трубайла паведаміў, што ў апошнія гадзіны горада, яго, Трубайлу, прывялі да старшыні гарвыканкома Каляды. Што вы чулі там?
Трубайла. Прашу дараваць мне, панове, але я чуў мала. Мяне амаль адразу загадалі падвергнуць страце цераз расстралянне. Я паспеў зразумець, што справа вялася пра ўстаткаванне млына недзе ў пушчы. Размову вялі Каляда і Сміхальскі, адзін з іхніх начальнікаў. Казалі, што млын павінен абслугоўваць вялікую колькасць людзей. Казалі яны і пра месца, але я забыў. Я быў у такім становішчы… Але я абавязкова ўспомню.
Швальбе. Добра. Пойдзеце разам са мною і маёрам Ранцоў. Выведзіце яго.
Трубайлу выводзяць.
Я, здаецца, прадчуваю той момант, калі яны заскачуць у паветры. I дай бог, каб я быў добрым прарокам. Я задам ім лазню.
Штаркенфауст. Ну што ж, нядрэнна. Мы ведаем зараз, што яны ў пушчах, што Чарнабогі належыць узяць за глотку, што там недзе ёсць нават млын, значыцца, гаспадарка нядрэнная. Нам трэба шукаць перш за ўсё гэты млын. Заняўшы або спаліўшы яго і блакіраваўшы пушчу, мы задушым іх голадам.
Штаркенфауст. І я схільны да таго, каб млын, калі адшукаем, не паліць. Заняць яго невялікім гарнізонам. Гэта будзе нядрэнная прынада для галодных.
Ільзенвельдэ. Але гэта не ёсць метад сумленнай вайны.
Штаркенфауст. Вы ідэаліст. Якая можа быць з імі сумленная вайна. Гэта дзікуны, і гэтыя дзікуны знішчылі, за апошні час, сем нашых вайсковых гарнізонаў. Я ўжо не кажу пра дыверсіі і сабатаж на чыгунцы. I яны становяцца ўсё больш нахабнымі. Нельга выйсці ўначы з хаты. Дол для мёртвых, пекла для жывых — вось адзіны метад з імі.
Швальбе. Ну вось і кароткі план. Вы, Адлерберг, трымаеце, згодна загаду камандавання, наваколле горада і паўночную ветку чыгункі. Я бяруся за лясніцтва. Ранцоў і вы, паны афіцэры, займаеце Чарнабогі і прачосваеце паўночную частку пушчы. Гаўптман ідзе з вамі. Пасля мы ў згодзе з паўднёвымі часцямі пачынаем блакаду. Гэта складаная і не хуткая справа, але я пастаўлю гэта пытанне перад камандаваннем. Адсунуць іх у балотны мяшок і знішчыць голадам і зброяй. Вось здаецца і ўсё. Падрабязна — заўтра. Аперацыя пачнецца праз тыдзень. Я лічу, што ўсё ясна? Можна разыходзіцца, панове.
Афіцэры развітваюцца, выходзяць. Швальбе выходзіць апошнім, ціха размаўляючы пра нешта з Адлербергам. Нарэшце ўсе пайшлі. Засталіся Адлерберг і Ільзенвельдэ. Ільзенвельдэ круціць радыёпрыёмнік, чуваць гукі 5-й сімфоніі Бетховена.
Ільзенвельдэ. Гэта, вядома, вайна, але гэта не вайна рыцараў. Гэта не нямецкая вайна. I гэта жахліва, жахліва, душыць людзей голадам, няхай яны і ворагі.
Адлерберг. Ты што, не бачыў рускіх палонных? I наогул, хоць людзі і цвіль, але жахлівым будзе лёс гэтых хлопцаў. Дзіўна, аднак, бывае: лёс тысяч людзей залежыць ад памяці аднаго прахвоста.
Заслона