Млын на Сініх Вірах — Карціна пятая
Антыкварная крама пана Дзюбкі на Рыначнай плошчы. Усю левую частку сцэны займае крама Дзюбкі. На шыльдзе велікапышны надпіс, але самая крама простая. Дзверы шырокія, расчынены наўсцяж, відны паліцы, на іх ляжыць «тавар». Крама адгароджана ад плошчы нізенькім штыкетным парканам. Фортка расчынена. Ля крамы вялікае дрэва, лісце яго пажоўкла, пад дрэвам лава. На драўляным тратуары старая круглая афішная тумба. Усю правую палову сцэны і далей, за краму, займае рынак, аддзелены ад крамы вузкай палоскай бруку. За кірмашом сілуэт вельмі разруйнаванага будынка, лявей яго — старая царква. У краме фацэтны Дзюбка. У пачатку карціны прыходзяць з інтэрвалам Лаўрановіч — бацька і Андрэй. Кажуць нешта гаспадару і праходзяць у краму. На плошчы праходзяць розныя людзі. Тут баба Ерэтычка, гандляры, інтэлігентная жанчына з галодным тварам і старым капялюшыкам у руках, бабы, Высакародны злодзей, нейкія другія цёмныя фігуры.
Бязладны гоман, вырываюцца з яго асобныя галасы.
— А вось сахарын, каму сахарын? — Добрыя шворкі! Гітлера можна павесіць.
— Што-о? — А ты не чапляйся, чалавеча, бо атрымаеш па зубах.
— Капялюшык, добры яшчэ капялюшык. Можа, каму трэба?
— Ты мне, чалавеча, гэтага барашна ў нос не торкай, яно з пяском, з яго кулагі не зварыш.
— Кулага не блага. А толькі калі табе, чалавеча, з пяском не трэба, дык ты б памёр лепей год таму. Зараз іншай няма, хаця ў каго спытай.
— Ты, Пятро, плюнь яму ў вочы, ды не кажы, што я паслаў.
— Дрэнна, сябра, над намі яны смяюцца, зневажаюць. — Нічога, дай час, будуць яны кутна смяяцца.
— Як так кутна?
— А так, як на стале чалавек смяецца, калі памрэ, кутамі рота.
— Чаго ты да мяне прывязаўся, душахват?!
— Не, ты паўтары, што казаў.
— Я табе паўтару, — ногі ў зад улезуць!
— Што ты з ім размаўляеш? Хлопні яго па галаве, і я дапамагу.
— Куды ты прэшся, любы? Не штурхайся, не спяшайся, паспееш яшчэ на шыбеніцу.
— Дар-рагія браты і сёстры, падайце міласцінку сляпому.
Дзюбка (пакупцу, немцу ў мундзіры гаўптмана). Што ж патрэбна пану? Можа, яму паказаць чароўную старую фібулу. Глядзіце, які тонкі візерунак. Не? Тады я прапаную пану гаўптману каштоўную рэч. Пан казаў, што ён гісторык, і, вядома, толькі яго адукаваны густ можа ацаніць гэта. Вось масляная лямпа, з кургана пад Рагачовам, у выглядзе жаночай галавы. Унікальная рэч, другая такая толькі ў Гнёздаўскім магільніку была. I каштуе глупства, толькі 1500 марак, як для вас, для калегі. Не? Ну добра, я бачу, што пану патрэбныя толькі рэчы, як кажуць, «прыма». Гм… хіба што толькі для вас, для знаўцы. Вось тут у мяне ёсць рэч, якую б не аддаў нікому, якую можна хоць зараз аддаць у нямецкі нацыянальны музеум, як рэліквію. Гэта стары меч, які, як сведчыць надпіс, належаў князю Юрыю Мсціслаўскаму. Памятаеце, ён ваяваў з вашымі продкамі пад Грунвальдам, у 1410 годзе. Гэта вы абавязкова павінны купіць. Падумайце, які фурор! Вы скажаце гасцям: «А гэта меч чалавека, які разграміў тэўтонскі ордэн. Мы змылі з сябе гэту ганьбу, і я прывёз гэты меч з сэрца гэтай краіны, што тады перамагла нас». Падумайце, як на вас будуць глядзець. Нашчадак Альбрахта Мядзведзя, рыцар! Ах, якім поспехам будзе пан карыстацца, дзякуючы гэтаму надзвычайнаму трафею! Цана ўсяго пяць тысяч марак. Не-не, не адмаўляйцеся. Пан — патрыёт, ён не захоча, каб я прадаў гэты меч у рукі — якому-небудзь беларусу. I, магчыма, пан пашкадуе, калі я пашлю гэту рэч у Берлінскі гістарычны музеум. Там ёй будзе месца, там ацэняць яе пікантнасць. «Меч заваёўніка зараз у нас. Нацыя змыла з сябе даўнюю пляму». Запакаваць? Ну і добра, я ведаў, пан разбіраецца ў старажытнасцях. Якія ўпрыгожванні, якая сталь! Ах, я б і сам сабе пакінуў яго, ды не магу. Гандляру патрэбен капітал.
Пакупец, узяўшы пакунак, пайшоў. Дзюбка ціха смяецца яму ўслед.
А трасцы ты не хочаш замест мяча Юрыя Мсціслаўскага? Атрымаў дзесяць фунтаў іржавага жалеза і ідзе, як паніч, толькі што ў адным месце пяра няма.
Лаўрановіч. Ходзіце па лязу мяча, Дзюбка. Нашто ты іх дражніш? Знойдзецца калі-небудзь нейкі знаўца — і тады…
Дзюбка. Такіх знаўцаў, як яны, я б і швейцарамі ў свой музей не ўзяў. I, да таго ж, гэта вельмі смешна. Няма чалавека, якога б я не абдурыў. Яны нясуць ад мяне стары брухт, вышыванае рыззё, каўчэгі, у якіх, замест мошчаў, костка з маёй катлеты. Ганьба! А яшчэ культура! Не, калі ўжо вы мяне зрабілі камерсантам, дык цярпіце, калі я хачу пазабаўляцца. У мяне ў такіх выпадках па цэламу сабаку з рота скача.
Лаўрановіч. Як гандлюецца? Лягчэй цяпер?
Дзюбка. Палегчала бацьку к смерці. Раней крычаў, а зараз толькі глядзіць. Нічога, кармлю сябе, і ёсць грошы на абарот. Праўда, хапае толькі на хлеб. Я ж казаў, я няўдачнік.
Лаўрановіч. Дык вось, Дзюбка, адносна хлеба. Калі прыйдзе чалавек з Асінаўскага раёна, скажы яму, што хлеб патрэбен неадкладна. Млын можа стаць. Няхай вязе, у яго ёсць. I яшчэ, ты сабраў звесткі пра гарнізон? I пра чыгункі? Давай сюды.
Дзюбка дае Лаўрановічу шматок згорнутай паперы.
Дзюбка. Вось так заўсёды са мною. Вы ваюеце, а я гандлюю. Прыватны капіталіст, з Адлербергам дружбу завёў. А свае людзі не так даўно ноччу забіць хацелі, як здрадніка. Гэта мне ўжо з дзяцінства так не шанцуе. Поп пасварыўся з бацькамі і даў імя не Пятро, не Паўлюк, а Елпідзіфор. Прозвішча ў мяне таксама: Дзюбка! Я родам з вёскі Мазурыкі. Уявіце, Елпідзіфор Дзюбка з вёскі Мазурыкі!!! Якая, я пытаюся, можа быць павага такому чалавеку? Калісьці Мазурыцкі пан, яшчэ пры прыгоне, гарэзаваў, даў сялянам прозвішчы саромныя. Адзін — Швайка, другі — Распусны, трэці — Сіняпуп, а чацвёрты — Кур’ян, а майму продку — Дзюбка. I гэта яшчэ нічога, хоць уся ваколіца над намі смяецца, а вось быў у нас адзін па прозвішчу Сямізад. Дык той пасля 1861 года зрабіўся сальнікам, тысячнікам і захацеў жаніцца. А нявеста і кажа: «Змяні прозвішча, інакш не пайду». А каб змяніць прозвішча, тады трэба было падаваць прашэнне на высачайшае імя. Ну, ён і падаў яго Аляксандру Трэцяму. Той паглядзеў і налажыў рэзалюцыю: «Калі яму многа, дык зменшыце на два». Ну і стаў чалавек замест Сямізада — Пяцізадам, як быццам ад гэтага лягчэй.
Лаўрановіч. Язык твой добра прывешаны, таму ніхто цябе тут не заменіць.
Дзюбка. Я ведаю, але чорта з два вы б мяне тут бачылі, каб я не ведаў, што гэта ўсё для народа. Беларусы, я зразумеў гэта вельмі добра цяпер, — беларусы гэта не проста белыя валасы, блакітныя вочы, сем коп лапцей, «Лявоніха» і паўстанне Мурашкі, як гэта той-сёй з вучоных кажа. Беларусы гэта вельмі-вельмі складана. Мяне бярэ жах, калі я пачынаю ўглядацца ў гэту глыбіню — і не бачу дна. Вось я гляджу на чорнавалосага гродзенца і думаю: «Семсот год таму ты быў ятвягам, еў дзічыну, хадзіў у шкурах і размаўляў незразумелай гаворкаю. Але цяпер ты такі самы беларус, як і я, ты разам са мною выпакутаваў Каліноўскага і Купалу… Разам біўся на барыкадах 1905 года. Я гляджу на жыхара Смілавіч, бачу яго мігдалевідныя, раскосыя і, як ні дзіўна, блакітныя вочы і думаю: ты нашчадак татар, якіх пабралі ў палон ля Крутагор’я і пад Азовам, але ты і продкі твае з дзіцячых год бачылі тыя ж пушчы, паплавы і балоты, яны дарагія нам. Тваё прозвішча Асановіч, але зваць цябе Янкам, і ты яшчэ трыста год таму чытаў свой каран на беларускай мове, і мы разам, не гледзячы на форму вачэй, біліся з ворагамі і рабілі рэвалюцыю, нам аднолькава стралялі ў спіну кулакі. Мы адно цэлае да канца… Я гляджу на яго і кажу: «Брат». Гэта найвялікшая таямніца на зямлі, — таямніца народа. На нас разам прэлі ад працы кашулі, мы елі аднолькавы хлеб, мы, беларусы, уваходзілі ў адно і тое ж брацтва, чыталі біблію Скарыны, а пасля вершы Купалы. А ёсць жа такія, што забылі гэта! Іншы раз я закрываю вочы і бачу прапрашчура. Профіль, падобны да профіля горнай птушкі, магутныя плечы, полымя вогнішча. Невядома, ці прыйшоў ён скуль, ці быў аўтахтонам на гэтай зямлі. Але мне дастаткова ведаць, што нашчадкі яго з гэтай зямлі не пойдуць. Не дарэмна яны ссяклі тут першае дрэва і насыпалі першы курган і здабылі 24 гады таму бязмежную волю. Будаваліся гарады, кахалі людзі, раджалі стагоддзямі на адным ложку. I каб цяпер на гэтым ложку раджала жонка чужынца? Даруйце, маёй дачцэ і самой на ім зручна. Стагоддзямі мы раслі, мацнелі, пісалі дзівосныя кнігі, плылі да нас ятвяжскія, чарнарускія, татарскія, дэйноўскія рэкі, каб адліцца ў адно, у дзесяць мільёнаў, у мой народ. Я гляджу і бачу ў ім добрую ятвяжскую памяць на Дабро і Зло, дэйноўскую ўпартасць і нашу, славянскую, бязмежную дабрыню. А калі прыходзіць вораг — я ў вачах майго народа бачу татарскае вераломства — з дрэнню няхай іншыя будуць высакароднымі… Мы добрыя, жаласлівыя, вельмі ціхмяны, гасцінны народ, але няхай паспрабуюць прыціснуць нас, задраць за жывое — з пекла дастанем.
Лаўрановіч. Так, і зараз народ праходзіць праз вогненную купель.
Дзюбка. I колькі раз яшчэ давядзецца яму прайсці праз яе. Але я веру, ён выстаіць.
Вялікая паўза.
Той, хто столькі зрабіў на шляху да праўды, той прыгоннікам не будзе. Я памятаю, калісьці, да рэвалюцыі, я быў яшчэ малы, маці пашыла нам са сваёй старой зялёнай спадніцы нагавіцы, а нас было тры хлопцы. Мае нагавіцы атрымаліся ўжо вельмі вузенькія, але я быў такі шчаслівы: на вялікдзень у мяне будуць сапраўдныя крамныя порткі, не кужэльныя, не шарачковыя. А яны, браце, луснулі ў першы ж дзень свята, і зашываць іх нельга было, — грэх. А зараз у маіх дзяцей добрыя гарнітуры. Так што няхай яны наш лад хоць пяць год лаюць, усё адно не паверу. Сам пакаштаваў старое, на ўласных баках. I новае бачу, не сляпы. Нават, як беларус, на нямецкае панаванне не згадзіўся б, а ўжо як чалавек новай краіны — сто разоў не згаджуся.
Лаўрановіч. Цяжка. Людзей шкода.
Дзюбка. …Столькі мы пабудавалі. Заводы, будынкі — і ўсё ў руінах… Нічога, рукі ў нас моцныя, адбудуем. Цікава будзе жыць, хлопча, у 2000 годзе, жадаў бы я дажыць. Тут табе камунізм, тут табе кожнаму па патрэбе. Ты мяне тады будзеш кожны год дэманстраваць піянерам: «А вось, дзеткі, перад вамі музейны экспанат, стары хрэн Дзюбка, апошні прыватны гандляр нашай краіны. Добра запамятайце. Бліжэй, ён не кусаецца. Дзецям будзеце расказваць — не павераць».
Лаўрановіч. Цябе дзецям паказваць? Апамятайся. Мы з табою тады такія ўжо будзем, што з дзеткамі ад жаху радзімчык можа прыкінуцца.
Дзюбка. Ты што, думаеш, я не варты нават, каб мяне паказвалі? Ого! Нічога, яны дастаткова моцныя будуць, каб без шкоды для псіхікі паглядзець нават на старую малпу. Я-то, праўда, тады нядрэнны буду, я прыгожы, а вось ты — не ведаю.
Паўза.
Вось што, Лаўрановіч, хоць ты і камандзір атрада, але на сына звярні ўвагу. Хлопец марнее, цяжка яму.
Лаўрановіч. Я і сам хацеў пагаварыць з ім. Пашлі яго сюды, я на лаўцы пачакаю. (Дзюбка пайшоў, выходзіць з крамы Андрэй.) Сядай, сынок. Ды смялей. Добра ўсё ж, што нас у горадзе тут не ведаюць. Каляда вось так не можа прыйсці і сесці. Ты з Віктарам знаёмы па вобласці?
Андрэй. Так. Па інстытуту. Цікава, як там зараз?
Лаўрановіч. Штосьці ты мне, сынок, не падабаешся. Што з табою сталася?
Андрэй. Цяжка мне, адпусці ты мяне з млына, дай цяжкую справу. Іншыя хлопцы б’юцца, падрыўнікамі работаюць, адзін я…
Лаўрановіч. Ты ведаеш, Каляда не хоча. Ён кажа, што млын, калі ты там, у добрых руках. Ён табе верыць. Ды і ў камсамол ты менавіта дзеля такой справы паступаў, а не дзеля таго, каб на зборах алоўкам па графіну лупіць. Так што будзь мужным.
Андрэй. Усё ж я не магу. Ты ведаеш, я нікому не скажу, але цяжка мне там…
Лаўрановіч. А я лічу, што тут не справа. Ты такі, што паўсюль будзеш рабіць так, што лепей нельга. Тут іншае. Табе цяжка глядзець на Віктара і Марысю, сынок? Ты яе кахаеш?
Андрэй (ціха). Так.
Лаўрановіч. Я гэта сэрцам ведаў. Ты, як нябожчыца-маці, адналюб. Што ж паробіш? Віктар бліскучы, на ім рамантычны арэол, а ты ў мяне пакуль што брыдкае качаня, такіх, як ты, адразу не заўважаюць, бо ты паўсюль, нават у цяжкім месцы, толькі са сваёй сціплай усмешкаю. Можа, яно і лепей, не наскочыць на цябе нейкая фіцюлька, ажэнішся на добрай, простай дзяўчыне. Ці мала іх на свеце, прыгажунь, добрых, разумніц?
Андрэй. Мне лягчэй, калі я паразмаўляў з табою, даўно гэтага не было. Але не магу, не магу я яе забыць. Пячэ ў сэрцы.
Лаўрановіч. Та-ак. Значыцца, як у песні:
«I чарка мала,
I гарэлкі няма,
Люба, люба, не цячэ,
Каля сэрца пячэ».
Не паробіш тут нічога, сынок. I лепей за ўсё забыць. Не руш сэрца сваё. Ну, дай я цябе пацалую. Час «да дому». Цыкмуну перадай, што мы за апошнія дзесяць дзён высадзілі на трох чыгунках у паветра чатыры саставы.
Пайшоў.
Андрэй. Марыська, чуеш? Цяжка мне… На плошчы шум. Самагоншчыца, баба Ерэтычка крычыць, махаючы кулакамі.
Баба Ерэтычка. Падла ты, злодзей, паліцайская твая душа!
Дзюбка (падышоў да Андрэя). Баба Ерэтычка разараецца.
Баба Ерэтычка. Людзейкі добрыя, а чаго ж гэта вы глядзіцё, чаго церпіцё? Прыйшла гэта паліцайская харцызяка з сябрамі, немцаў двух прывялі! Самагон палілі чысты, жытні. Выдудлілі нагбом восем кубкаў і пайшлі і грошы не заплацілі. Што ж гэта за парадачкі, якая гэта ўлада! Каб табе той самагон у глотцы стаў, каб цябе ад яго раздула, мерын! Каб цябе стацця схапіла падучая, ляк, звіх, цемяннік, верады абляпілі, лішаі. Каб табе грызь у жывот, каб табе вогнік твар сапсаваў, скула сіняя, каб табе валасень на ўсе твае члены! Каб цябе хінця трусіла! А што ж гэта такое, людзі? Самагон чысты, жытні! Бессаромная твая мыса! Казалуп ты, свіння! Каб з цябе дзеці кроў на старасці год выпілі, як ты той самагон выпіў, каб твая жонка вожыка ўпоперак шэрсці нарадзіла, каб у цябе ўсе твае сабачыя зубы выпалі і застаўся адзін для зубнога болю.
Дзюбка. Канцэрт, дый годзе. Але не ўмее яна клясці. Быў у мяне адзін знаёмы яўрэй. Той быў мастак, куды гэтай бабе. Ён рызман збіраў па вёсках, навучыўся. I свае яўрэйскія пракляцці ў яго былі: «Каб табе на язык села столькі верадаў, сколькі было дзірачак на той мацэ, якую спяклі яўрэі ўсяго свету з дзён Ісходу і да нашых дзён». Добра кляў! (Уздыхнуў.) Забілі яго нядаўна. На вуліцы Энгельса. У гета.
З’яўляецца на плошчы стары лірнік, сядае, пачынае круціць ручку ліры, яго абступаюць бабы.
Лірнік.
Плачамся мы, узрыдаемся,
На апошні час спамышляемся.
Ой як прыйдзе на немцаў апошні час —
Іх паставяць, як грэшнікаў, на левы бок:
Ой і прэч вы пайдзіце, праклятыя,
У тыя пячоры, што агнём гараць,
Забівалі вы дзетак-немаўлятачак,
Кралі хлеба кавалак са старэчых рук.
Ці не вы гэтыя хаты папалілі агнём?
I для вас агні гараць неўгасімыя,
Чэрві сіпяць неўсыпучыя.
Із ныня і да веку
Вам там і быць.
(Людзі стаяць з сухімі, палаючымі вачыма.
Лірнік запявае «Сірацінку».)
Няшчасная ў свеце гадзіна настала.
Бедная сіротка ад маткі засталася.
Большы застанецца, у заслугу пойдзе,
Якія маленькія — прапалі навекі.
Стрэў пан бог сіротку: А куды ж ідзеш ты?
— Матульку шукаці!
Вярніся, сіротка, бо далёка зойдзеш.
А ты сваёй маткі давеку не знойдзеш.
Ужо твая маці на гары высокай,
На гары высокай, у труне глыбокай.
Як пайшла сіротка над труной рыдаці,
Тут абазвалася з труны яе маці:
«Як жа мне цябе к сабе ўзяці?
Як цяжка-важка камень узнімаці,
Яшчэ цяжчэй-важчэй цябе к сабе узяці1.
Бабы плачуць.
Лірнік. Кінутых дзяцей шмат ходзіць па нашых дарогах, людзі. Хоць яны нашы, хоць яны яўрэйскія — бярыце іх, выдавайце за сваіх, крэўных. Усе пад богам, усе людзі, А не возьмеце — цяжка вас пакарае сумленне ваша.
Дзюбка. А гэта, Андрэй, прарок. Няхай спявае. Гэта іншы раз мацней за пракламацыю…
На плошчы з’яўляецца Адлерберг з салдатам. Лірніка штурхнулі, ён абарваў слова і заспяваў традыцыйную «Дароту». Гучыць жудасны матыў.
Лірнік.
А Дарота, Дарота
Лепша перлаў і злота.
Як забачыў круль-цыган,
Дык Дароту спадабаў і г. д.
Вялю дробна шкла набіць
I Дароту босу вадзіць.
Адлерберг. О, апошні магікан. Сфатаграфуй яго, Ганс. Якую гэта песню ты спяваеш, стары, і калі яе ў вас спяваюць?
Лірнік. Спяваюць яе, калі зваляцца халера альбо чума на нашу краіну.
Адлерберг зразумеў, пайшоў далей, са сцэны. Раптам цераз паркан сігае да Дзюбкі Віктар і шэпча яму нешта на вуха.
Віктар (голасна). Але я не паспеў забіць Трубайлу, я яго не дагнаў, хоць і бег нацянькі. I тут я даведаўся, што ён пайшоў у камендатуру, але там каменданта не было і ён пайшоў сюды, на рынак, шукаць яго. Загінуць нашы! Што рабіць, пан Дзюбка!
Дзюбка. Адлерберга ён тут не адшукае, ён толькі што быў і пайшоў. Але часу марнаваць нельга. Андрэй, ты ведаеш Трубайлу? Ідзі да гестапа і пільнуй яго там. Пабачыш — забі яго ў маю душу. Лёс атрада на яго языку. (Андрэй пайшоў.) А калі з’явіцца тут? Ты пытаешся, што рабіць? Забіць яго тут жа, на вулцы. I зробіш гэта ты.
Віктар (трохі разгубіўся). На вулцы? Але ж гэта тут, на людзях. Уцячы нельга. Гэта не ўначы, у завулку… Гэта верная смерць!
Дзюбка (з яго твару знікла ўсякая лагоднасць, зніклі адметы дабрадушнага дзівака, зараз гэта зусім другі, жорсткі чалавек). А для тых, што ў лесе, гэта не верная смерць, калі гэты ірад раскажа ўсё? Бяры пісталет.
Віктар. Д-добра. Ой, што гэта? Ой!
Ён пачынае схіляцца на траву і ўпаў бы, каб Дзюбка не падхапіў.
Дзюбка. Што з табою, сынок, што?
Віктар. Сэрца!.. Сэрца нешта… Шпарка бег… Сэрца.
Траціць прытомнасць. Дзюбка асцярожна апускае яго на траву пад дрэвам. Між тым на плошчы з’яўляецца Трубайла, падыходзіць да Высакароднага злодзея.
Трубайла. Можа, пан будзе такі ласкавы і скажа мне, ці не бачыў ён тут каменданта? Мне сказалі, што ён тут, я вельмі спяшаюся.
Высакародны злодзей. Не, я такімі людзьмі не займаюся. Да таго ж, мне здаецца, што там пачынаецца аблава на маіх бліжніх двухногіх. А вы што, прыйшлі за сваімі срэбранікамі?
Трубайла. Но-но, хаме! Жарты? Ты ведаеш, з якою асобаю размаўляеш? Глядзі, як бы цябе не пацягнулі да Кажамякі на шост.
Дзюбка пабачыў Трубайлу. Ён разгублена стаіць над непрытомным Сміхальскім, потым рашуча бярэ ў яго з кішэні пісталет.
Дзюбка. Ах, як недарэчна. Што ж рабіць? Канспірацыя? Якая тут да д’ябла канспірацыя? Канспірацыя тут, вядома, дрэнная, але на кватэры маёй пуста… А там, у лесе, людзі… Што ж, пайду сам.
Павольна ідзе да Трубайлы. У гэты час на рынку пачынаецца гвалт: ідзе аблава. Людзі бягуць па аднаму ў розныя бакі.
Дзюбка. Пан шукае каменданта горада?
Трубайла. Так, па важнай справе.
Дзюбка. Ну што ж, я пакажу.
Карыстаючыся тым, што людзі бягуць, што вакол мітусня, страляе Трубайлу ў грудзі. Той падае, забіты напавал.
Баба Ерэтычка. Ав-вой! А божухна! А што ж гэта робіцца! Самагон папілі чысты, жытні, людзей сярод белага дня на вуліцах страляюць (бяжыць з кошыкам са сцэны).
Дзюбка (стаіць нерухома). Чалавека забіў! Першы раз у жыцці забіў. Як жа ж гэта? (Здзіўлена глядзіць на рукі, — яны чыстыя.)
Высакародны злодзей (кранае Дзюбку за плячо). Месьё… Перметэ ву… унасіць ногі. Тут дрэнна для сумленных людзей. Можа быць аблава. I схавайце ў кішэнь вашу гармату. Можа, мы пойдзем да вас у краму? Не бойцеся мяне, я тады прывёў да таварыша Каляды гэта самае панашэнне чалавекаў, якое зараз ляжыць тут прыгожым і халодным на зямлі.
Асцярожна вядзе Дзюбку праз фортку ў краму.
Дзюбка. Як… я яго бахнуў.
Злодзей. Ну і падумаеш, бахнулі. I на здароўечка! Калі чалавек перастае быць чалавекам, дык смерць для яго толькі сваяродная праява філантропіі.
Пабачыў Сміхальскага, які яшчэ сядзіць на траве, трымаючыся за грудзі.
А гэта што за божая кароўка?
Дзюбка. Ён хворы… А тут мне пашанцавала, бо маглі б і схапіць.
Злодзей. Бож-жа мой, гэта ж таварыш начальнік! Хоць ён і адпусціў вусы, але яму тут зусім не месца. Яго могуць пазнаць.
Падымае Сміхальскага, заводзіць яго ў краму, вяртаецца да Дзюбкі, які стаіць ля дзвярэй у аслупяненні.
Злодзей. Таварыш Дзюбка. Хоць вы і камерсант, але я ведаю, у вас ёсць сувязь з партызанамі. Не пратэстуйце. Паверце сэрцу чалавека, які ніколі, ніколі не падводзіў сваіх. Перапраўце мяне да іх, стаўце якія трэба іспыты — я ўжо болей не магу тут. Перадайце сваім сябрам, што я магу быць карысным. Не адказвайце мне зараз, я ведаю, гэта канспірацыя, проста калі я спатрэблюся, калі ўспомніце маю асобу — прышліце за мной чалавека. Няхай смяюцца з майго мінулага, няхай нават расстраляюць — гэта ўсё ж ад сваёй рукі. Вы ведаеце, пан Дзюбка, Настачку, Настачку маю… Вучыў яе ў вёсцы на злодзеевы грошы… не ведала. Забілі маю Настачку. Цяжка мне!
На плошчы гвалт. Уцякаюць людзі. Недзе пачуліся стрэлы. Злодзей сціскае кулакі.
Сабакі вы! Будзьце вы клятыя… клятыя… клятыя.
Заслона
- Правапіс і словы лірных спеваў не выпраўленыя, сапраўдныя.