Лісце каштанаў — Частка 8

Цяпер мы маглі хадзіць паўсюль нават паасобку. Хлопцы з варожых вуліц — хай сабе ты ішоў бы і адзін, а іх было тры — пры сустрэчы рабілі выгляд, што не пазнаюць цябе, і праходзілі, ненатуральна жвава абмяркоўваючы нешта. I гэта было чароўна: ісці, куды хочаш, і нічога не асцерагацца, і ведаць, што ні за рогам, ні ў пад’ездзе, нідзе не чакае цябе ніякая засада. Лета свабоды ўрэшце сапраўды стала летам свабоды. Поўнай.

Ясна, што й мы не чапалі іх, нават калі яны ішлі нашымі завулкамі, нашым дваром. На наш гонар трэба сказаць, што ніхто з нас і не падумаў скарыстацца з гэтага новага становішча.

Гнат тыдні праз два з’ехаў. Казалі, некуды ў Васількоў да ўдовай цёткі. Дабіўся ад маткі. Ясна, няма чаго яму тут было болей рабіць. Штопраўда, на яго месцы я так лёгка не здаўся б, пайшоў бы чорт ведае на што, нават на недазволенае, абы вярнуць сабе хаця крыху павагі. Але ён заўсёды быў тхаром.

Мы толькі плячыма паціснулі. Што ж, хай цяпер, калі здолее дабіцца, мучыць іншых і панявярае чужымі — тут мы нічога не маглі зрабіць. Толькі спадзяваліся ад усяго сэрца, што свет паўсюль не без добрых людзей, што і там знойдуцца вартыя, добрыя хлопцы.

I тут перад самымі нашымі ўцёкамі, калі мы ўрэшце расслабіліся, і зірнулі вакол, і ўбачылі, якая прыгажосць у сумных, ціхіх дворыках, і ва ўвяданні каштанаў, і ў зорных, ужо амаль па-асенняму зорных, начах над Дняпром, звалілася на нашу кампанію новая бяда, новае злашчасце, новая напасць.

Усе нібы пашалелі на глебе дружбы. Не той, вядома, дружбы, якая вязала, скажам, мяне з Ролікам ці Карлам, а дружбы зусім у іншым сэнсе.

Не ведаю, ці так гэта зараз, але тады ва ўсіх падлеткаў існаваў на такі выпадак цалкам дурацкі моўны зварот. Замест таго каб сказаць дзяўчыне «я кахаю цябе», «я цябе люблю», «я жыць без цябе не магу», «я цябе абажаю, абожнюю, любая ты мая, дарагая», мы бубнелі тупую, бязладную, пачварную фразу: «давай з табой дружыць». Урэшце гэта вяло да таго ж самага, але маё цяперашняе эстэтычнае пачуццё літаральна стае дубам пры адным успаміне аб гэтым сказе, які абражаў здаровы сэнс і самае пачуццё.

Дык вось, мы як быццам адурэлі, страцілі галовы, ачумелі з гэтай «дружбай». Быццам толькі зараз заўважылі, што дзяўчаты — ну, хаця б тая ж Нонка — гэта зусім не тое і што даць ёй дыхту зусім не так лёгка, як, скажам, Карлу ці мне.

Гэта было цалкам не тое, што потым. Пасля мы, хто дажыў, шмат чаго разумелі, а тады гэта было так, як быццам перад чалавекам, які дагэтуль бачыў толькі ноч, заднела, засвяцілася зусім яшчэ невядомая яму, незразумелая, але ад гэтага яшчэ больш прывабная заранка.

Божа мой, якія мы былі маладыя, якія да святасці дурныя і якія бязглузда, па-боску чыстыя!

Годам пазней, напярэдадні той злашчаснай сутычкі з бандай Боўбута (памятаеце, я расказваў вам пра хлопца і яго вавёрку) я, лежачы без сну ў палатцы, выпадкова падслухаў ціхую начную размову двух хлопцаў з майго аддзялення. Мужных хлопцаў, добрых ваякаў, на рахунку якіх ужо было па некалькі заўзятых бандзюг.

— Дык ты што, так Агнешку кахаеш?

— Ага. Дужа. Толькі ўсё гэта дзіўна неяк.

— А як дзіўна? Ну вось, што ты, напрыклад, адчуваеш, калі бачыш яе ці на мосце з ёй сядзіш?

У нас існаваў дзіўны звычай. Калі нам хацелася пагаварыць з дзяўчынай з вока на вока, мы ішлі гуляць па маршруце, канчатковай кропкай якога быў мост. Там дзяўчына сядала на парэнчы, а хлопец, абхапіўшы і нібы трымаючы яе, вёў размовы пра што хочаш, абы не пра тое, дзеля чаго яны выбраліся на гэтую прагулянку. Гаварылі, злёгку пагойдваючыся, а ўнізе шумела, бегла вада, і ўрэшце пачынала здавацца, што пагойдваецца ўвесь мост, увесь сусвет, разам з зорамі, што ты сам плывеш некуды, бязмежна заспакоены і бессаромна шчаслівы.

— Разумееш, мне яе заўсёды шкада. Хаця б як ёй добра ні было, а мне ўсё здаецца, што нехта яе крыўдзіць. I мне хочацца яе абараніць, супакоіць, суцешыць. Ты толькі не смейся, мне часам нават легчы з ёй хочацца, прыціснуць да сябе, шчыльна-шчыльна. I па галаве гладзіць. Каб ніколі не плакала. Толькі…

— Што?

— Толькі, разумееш, адно мяне бянтэжыць і нібы хвалюе, і сорамна мне і няёмка. Перашкаджае мне, калі яе грудзі між ёй і мною. Няёмка, разумееш. Лепей бы не трэба гэтага. Ну, як гэта на самай справе?

— Та-ак, браце, гэта і сапраўды ўжо неяк ні да чаго.

Назаўтра абодва загінулі. I я, між іншым, дагэтуль больш за ўсё не магу дараваць усяму, што свядома сее варожасць, усёй хлусні і подласці свету, — той ціхай начной размовы.

Але пра гэта я, магчыма, раскажу яшчэ неяк пасля.

Прыблізна такое ж адбывалася з намі і тады. I калі дагэтуль мы былі занятыя «вайной», то цяпер, з такой самай нястрыманасцю, як на скрут галавы, заняліся «каханнем».

Грэх і сорам прызнацца, але паклаў пачатак гэтаму вельмі пахвальнаму занятку я. Стаў, так бы мовіць, «дзядулем ніжнядворскай закаханасці».

Здарылася так, што мы з Нонкай выпадкова сустрэліся недзе ў раёне «Арсенала». Яна ішла ад сваякоў, я проста брындаў па горадзе і цяпер збіраўся ісці дадому. Агульная наша дарога была доўгая, і я раптам да сардэчнага замірання ўзрадаваўся гэтаму, узяў у Нонкі яе лёгенькі, вельмі пацёрты і нават сям-там дзіравы пляцак, закінуў яго на плечы, і мы пайшлі, зрэдку беручы адзін аднаго за рукі.

Яна ўзрадавалася спадарожніку, я гатовы быў паклясціся ў гэтым. I я не думаў, што для гэтай радасці могуць быць і іншыя прычыны. Скажам, тое, што не так страшна будзе ісці адной па начным пустым горадзе або што дарога пад размову пройдзе весялей і хутчэй. Я не хацеў думаць пра гэта.

Таму што я раптам зразумеў, што кахаю гэтае дзяўчо. Подаўна ўжо і вельмі моцна кахаю. Кахаю гэтыя цыганскія вясёлыя і дзёрзкія вочы, кахаю тонкія моцныя рукі, цяжкія валасы, вечна падрапаныя каленкі. I — хаця я яшчэ нічога такога толкам не разумеў — кахаю ўсю яе пад гэтай чырвонай у чорныя гарохі, ужо трохі вылінялай, паркалёвай сукенкай.

Кахаю яе, калі яна смяецца, калі яна гаворыць, калі задуменна маўчыць.

I кахаў заўсёды. Кахаў, калі яна, прытанцоўваючы, спявала нахабныя куплеты пра нас. I калі ўцякала, як лань, робячы вялізныя скачкі. I калі скакала з быкоў моста, бліскуча-шакаладная пад час лёту ў паветры, серабрыста-блакітная, як рыбка, пад вадой. Кахаў тады, калі яна, пад час бойкі, верашчала, і лупіла, і брыкалася гэтымі доўгімі нагамі. Заўсёды.

На горад спускалася сутонне. Апошнія залацістыя адбіткі клаліся на муры дамоў. Вокны таямніча міргалі насустрач захаду: нібы тлелі, згасалі і зноў тлелі ў гусцеючым прысмерку тысячы жаўтавата-зялёных кашэчых зрэнак. 3 паркаў па правым баку пачало павяваць вільготнай прахалодай. Танюткі галасок нейкай птушкі далятаў адтуль, нібы настойліва і журботна скардзіўся на нешта.

— Ціў-ціў-ціў-ці-і-іуў.

Я даткнуўся да яе рукі і адчуў, што яна пайшла гусінай скурай, адчуў нават, што валосікі ля лакцявых сугібаў натапырыліся ад холаду. I страшэннае шкадаванне ахапіла мяне (як я потым разумеў таго хлопца ў палатцы!). Я зняў з сябе футболку.

— Чакай.

Калі яна ўзняла рукі, нібы здаючыся, а я пачаў надзяваць на яе маю выгаралую, мабыць, здорава прапыленую транціну, калі я міжволі кранаўся яе рук і, прасоўваючы галаву, правёў рукамі па чорна-бурых цяжкіх валасах, па плячах, па спіне — пачуццё найглыбейшага замілавання і шчасця ахапіла мяне з такою сілай, што я ледзь не заплакаў. Рукі ў мяне дрыжалі, глотка перасохла. Каб мне ў той момант сказалі: «памры за яе» — я памёр бы, не думаючы аніводнага імгнення, і не лічыў бы гэта ахвярай, а лічыў бы, наадварот, найвялікшым на свеце шчасцем. Бо я нічога не баяўся.

I адначасова баяўся. Страшэнна, несамавіта баяўся. Баяўся гэтай дзяўчынкі, баяўся поўнай сваёй нявопытнасці перад лікам чагосьці амаль цалкам мне невядомага, таго, што я толькі прадчуваў нейкімі глыбінямі душы, аб чым толькі цьмяна здагадваўся нечым такім, што ляжала нават глыбей падсвядомасці. Баяўся гэтага раптоўнага пачуцця, ад якога я паміраў на кожным кроку, і свайго няведання, што з ім рабіць, і неабходнасці рашыцца, скочыць у невядомае, як з разбуранага моста ў Дняпроўскую плынь.

Я ведаў, што не здолею сказаць пра гэта, і ведаў, што мне абавязкова, конча трэба гэта сказаць. Іначай трэба памерці.

I я баяўся.

I з таго часу я ніколі не ўсміхаюся, калі ўбачу каханне шаснаццацігадовых. Можа, нехта і не перажыў такога, але я перажыў, я ведаю, якое яно…

Верце мне, яно бывае стократ больш моцнае, і заўсёды куды больш безнадзейнае, і горкае, чым у нас. Верце мне, дарослыя людзі.

Я баяўся, і я адчуваў неабходнасць і наканаванасць так моцна, што ведаў, я скажу і памру. Абавязкова. Толькі яшчэ не зараз. Толькі пачакаю крыху. Скажу вось ля гэтага слупа. Не, ля гэтага. Не, як толькі дойдзем унь да таго.

Сцямнела. Запаліліся ліхтары. Светамаскіроўка ў Кіеве была даўно адменена, немцам было не да налётаў. Але ўсё адно рэдкія, вельмі рэдкія і слабыя лямпачкі над праезджай часткай вуліцы былі схаваны ў самай глыбіні дужа вузкіх і доўгіх бляшаных варонак і кідалі на брук толькі цьмяныя жаўтаватыя кругі.

Зняволенае святло.

— Зоры якія, — сказала Нонка. — Нібы ў вёсцы. У Кіеве да вайны столькі святла было, што зор не відаць.

— Будзе яшчэ тое святло. Столькі святла, што зорак не ўбачыш. А паглядзець зоры будзем на вёску ездзіць. Станем там ля пералаза і глядзець будзем. I ціха-ціха, анідзе ані страляніны, ані выбухаў. Толькі сабакі брэшуць.

— Ты добры парубак, Васілько, — нечакана глыбокім, грудным, не сваім нейкім голасам сказала яна.

I я заўважыў, як блішчаць у цемры яе вочы, яе любыя смяшлівыя вочы. I гэта быў першы ў маім жыцці выпадак, калі мне захацелася гэтыя вочы пацалаваць. Першы раз, калі мне ўвогуле захацелася пацалаваць дзявочыя вочы.

«Ля таго слупа… Не, унь ля таго».

— Што ж ты маўчыш, Васілько, даражэнькі? — Голас быў такі мяккі і глыбокі, што ў мяне нібы соладка абарвалася ўсё ўнутры.

I я рашыўся.

Цяпер-то я ўпэўнены: яна ўсё ведала, прадчувала, знала так цвёрда, нібы я ўсё гэта, так, здавалася, надзейна схаванае ў душы, сказаў уголас. I з міжвольным, ужо зусім жаночым какецтвам нібы правакавала мяне, прымушала выказацца, адкрыцца, сказаць урэшце аб усім. Правакавала і маўчаннем, і гэтай загадкавай у змроку ўсмешкай, і гэтымі — скосу — чакаючымі і крыху спалоханымі позіркамі, вільготна-бліскучымі ў цемры. Дзяўчаты-равесніцы ў гэтым узросце куды больш разумныя, абазнаныя, сталыя і дарослыя, чым хлопцы. I калі я быў дурны шчанюк, то яна была ўжо дзяўчына, амаль падрыхтаваная да вялікай сваёй місіі на Зямлі. I няхай нават я і не падабаўся ёй — усё адно ёй было прыемна лішні раз пачуць гэтыя словы, гэтае пацвярджэнне сваёй прыгажосці, сталасці, якая абуджалася, прывабнасці, годнага месца сярод дачок Евы на гэтым улонні зямным.

Мне здавалася, што зараз я скажу ёй самыя прыгожыя словы на свеце, словы, ад якіх плачуць, пасля якіх цалуюць і, пачуўшы іх, ніколі-ніколі не йдуць да іншага. Словы, якіх ніколі не чуў ні гэты цьмяны начны Дняпро, ні гэты старажытны, зачараваны ноччу горад, ні вечныя зоры над ім. Замест гэтага я, як то і належала сыну свайго часу, ляпнуў ідыёцкае, грубае, як бурчанне ў жываце, усё тое ж, крэцінскае:

— Нонка, давай дружыць.

На большае ў мяне не хапіла ні таленту, ні розуму, ні красамоўства.

Відаць, і яна была расчараваная. Сярод нас лічылася, што я «адукаваны, начытаны і гаварыць умею». I — нa табе. Яна паціснула плячамі. Ясна, каму ахвота бавіць час у бяседзе з гэткім ёлупам хвашчоўскім?

— А мы хіба што, не дружым? — з наіўнымі вачамі спытала яна. — Мы дружым. Усе.

Я разумеў, што ўсё скончана, што яна чакала ад мяне зусім іншых, незвычайных слоў. Але ўсё ж я безнадзейна паспрабаваў вярнуць беспаваротна страчанае. Толькі тут, ад адчаю, прарэзалася ў мяне слова:

— Я не пра тое, Нонка. Я пра тую дружбу, калі для мяне ёсць толькі ты. Пра тую, калі абараняць цябе хаця й да смерці, дзяліцца апошнім, заўсёды быці з табою. I на Дняпры, і на гэтых вуліцах ноччу, і ў доме, і ў дождж, і ў агні. Таму што я цябе кахаю, Нонка. I калі б’ешся, і калі нарадная, і калі ў латанай сукенцы акно мыеш, і калі здзеклівае спяваеш. Усякую, паўсюль цябе люблю. Я дзеля цябе ўсё зраблю. Хочаш — чэмпіёнам стану ці адны пяцёркі хапаць буду? Або па поручнях мост перакідны ля «Дынама» прайду. Або навучуся і напішу такія вершы, што ўсе здзівяцца. Я табе слова гонару даю, што зраблю ўсё гэта. Таму што ты мне і сонца, і старарэчышча на Труханавым, і таполі, і ўся Украіна, і ўся мая Беларусь. Таму што без цябе мне ні Дняпро, ні гэты найпрыгажэйшы горад, ні зоры — нічога гэтага не трэба.

Я гаварыў гэта глуха, бо нехта моцна і балюча сціскаў мне глотку — аж шчымела — і душыў. Я гаварыў гэта амаль шэптам і разумеў толькі адно. Спазніўся. Позна.

— Я не магу, Васілько. Так не магу. Толькі ты не пабівайся, толькі ты не мучайся, любенькі.

I гэта была задзірыстая калючая Нонка? Не, гэта была дзяўчына ва ўсёй мяккасці і бязмернай ласкавасці першай сапраўднай сваёй вясны, чыстая, цёплая, добрая, з голасам, поўным музыкі, пакоры і шкадавання. Уся нібы са святла.

— Нехта яшчэ? — спытаў. — Што, Раланд? Карл?

Яна была добрая дзяўчына, ёй было, відавочна, шкада мяне, яна належала да таго самага гатунку людзей, што і я. Людзей, якім не так моцна баліць, калі іх адштурхнуць, і якім куды больш нясцерпная пакута — адштурхнуць руку, працягнутую да цябе ў маленні аб тваёй любві.

Мне гэта заўсёды кранала сэрца. Лепей ужо няхай заб’юць маё каханне, чым самому забіць чужое. Відаць, вось гэтак пакутавала і яна, але нічога, зусім нічога не магла з сабою зрабіць.

— Ах, божа мой! — Праз падслуханыя, дарослыя інтанацыі прабіваўся сапраўдны боль.— Ды хіба я ведаю? Хіба я нешта ведаю?

Мы падышлі да дома. Ля свайго пад’езда яна здзівіла мяне. Стала на дыбачкі, абхапіла далонямі маю галаву, нахіліла яе і тройчы пацалавала мяне ў вусны. Няўмела, горача, з раскаяннем.

— Васілько, любы. Ты толькі не пакутуй. Не варта. Я знаю, я дрэнная, нядобрая. Але я шкадую цябе, у мяне сэрца разрываецца… Даруй мне… Даруй мне, калі ласка.

I кінулася ў пад’езд. А я стаяў, увесь разбіты, нібы разгрузіў два вагоны бульбы. Сэрца маё скавытала, як забыты ў зімнім начным пад’ездзе шчанюк. Сэрца маё плакала.

Я адчуваў, што ёй, мабыць, падабаюцца абодва. Я ведаў, што яна адмовіла мне, але што ёй зараз вельмі-вельмі кепска, што яна мучыцца ўсім гэтым. Але ад таго мне не было лягчэй.

Шчыра кажучы, рэдка мне пасля бывала так паскудна.

Так гэта ўсё і пачалося. I ледзь не скончылася развалам нашага сяброўства, развалам кампаніі і крахам нашага плана.

А можа, і лепей было б, каб гэты план пацярпеў крах?

Хілілася да восені. Ужо моцна хілілася. Жаўцелі каштаны. Халодна сінела вада ў Дняпры. Першае лісце злятала ў густа-сінія лужыны на асфальце, і галубы з вераб’ямі пілі з гэтых лужын блакіт. Начамі — ужо разы два — кветнікі, у якіх дагаралі настурцыі, бывалі нібы прысыпаныя бязважкай саляной пудрай, але ўзыходзіла сонца, пудра таяла, клумбы былі ўжо проста мокрыя, потым высыхалі. I цэлы дзень песціліся ў гарачым дзённым святле бэзавыя з жоўтай плешынкай астры і раскошныя вяргіні.

У адзін з такіх дзён я палез на гару флігеля, адвязаў ад бэлек дзве торбы, вылез з імі на дах і высыпаў на гарачае жалеза сухары і сушаную шаўковіцу. Іх трэба было праветрыць і падсушыць.

I раптам пачуў унізе галасы.

— Вы яшчэ пабіцеся, — сказала Нонка. — Ну што за глупствы. Дарослыя бэйбасы, а, скажы ты, як ашалелі. Ну што я вам скажу? Каго з вас мне загадаеце пакрыўдзіць, з іншымі пасварыць? Каго?

— А ты не ўнікай адказу, то ўсё будзе ў парадку, — сказаў Ролік. — Табе што, прыемна нас абодвух за нос вадзіць? Абодвух пры сабе трымаць?

— Ну-у. Ну-у. Не думала я.

— А што ты ўвогуле думала? — спытаў Карл.

— Я думала, што кіяўляне ўсе чыста разумныя.

— Канчай, — сказаў Раланд. — Не даводзь ты нас, не выводзь з сябе. Зберажы сяброўства, не сей сваркі. Скажы, хто з нас табе лепшы друг, — і справа з канцом. Не круці! Не гуляй намі! Скажы!

— I не падумаю. I дурных размоў падтрымліваць не буду. I ты, Карл, харошы, добры хлопец. I ты мілы і смелы. I няма тут чаго.

Я падпоўз на край даху. Яны аддаляліся, і спрэчка, відаць, набірала сілы, бо галасы падымаліся ў тоне, а жэсты рабіліся ўсё больш рэзкія і размашыстыя. Пасля да мяне даляцелі словы Карла:

— Праўду кажуць, што ўкраінец пасля абеду — дурань.

— Угм, — сказаў Ролік, — гэта святая праўда. I ўся розніца паміж украінцам і немцам у тым, што ўкраінец дурань толькі пасля абеду.

Яны пачалі здымаць курткі. Пасля паглядзелі адзін на аднаго, амаль аднолькавым жэстам махнулі рукой і пайшлі ў розныя бакі.

— Ролік! Карл! — пачуў я адчайдушны голас. :

У адказ маўчанне.

Я паціснуў плячамі і плюнуў. Ідыёты паршывыя! 3-за дзяўча перасабачыцца. «Верная, скупая мужчынская дружба». Таксама мне яшчэ, Рамэа з Хацэпетаўкі, Ленскія з Канатопа. Цьфу!

Пахі восені, гарачая бляха, па брандмаўэры гуляе кот. Кацяры клятыя, каб іх да нагі выкаціла. Не ўжо, як звяжашся з бабай, то дабра не чакай. Нездарма іх у Сеч не пускалі. Бо каб пусцілі, то запарожцаў самы зацюканы татарын голымі рукамі ўзяў бы.

Пад нечымі крокамі заракатала бляха. Я ўзняў галаву. Ролік ішоў да мяне, і выраз на ягоным твары быў збянтэжаны і засаромлены. Не хацеў глядзець мне ў вочы.

— Так я і думаў, што ты тут, — хрыпата сказаў ён. — Бачыў? Чуў?

— Бачыў. Чуў. Дурынды.

— А чаго яна намі гуляе? I аднаго трымае, і другога. Чаму не скажа.

— Абалдуі. Якога д’ябла ёй казаць? Ёй з абодвума весялей. I мордамі вас сутыкнуць можна, пенцюхоў, і ў дурні пашыць, і ў фофаны паставіць…

— I Васямі зрабіць, — з’едліва сказаў Ролік.

— А чаго Васямі. Я сам — Вася. Але хаця я й Вася, а ўсё не такі дурны, як вашых бацькоў дзеці.

Ролік збянтэжана ўсміхнуўся:

— Я і сам не ведаю, чаго мяне тузанула. Глупства ўсё. I дзеўкі — лухта. I размовы з імі — крэцінства. I сяброўства гэта — дурасць… Вось… Абазваў яго нямецкім фрыцам.

— Што ж, вельмі дасціпна. А ён цябе?

— А ён мяне тумаком, і мякіннай галавою, і чумацкай дурындай.

Мне заставался толькі плячыма паціснуць.

— М-так-к, пагаварылі. Абодва вы фофаны і фалалеі, медныя лбы і петыя дурні, вось што. Як жа вы так уцякаць сабраліся? Пры гэткай моцнай дружбе?

— Цяпер аб уцёках і мовы быць не можа.

— То, можа, і лепей.

I тут Ролік ускочыў. Ноздры ў яго дрыжалі. 3 чароўнай паслядоўнасцю сказаў:

— Ты што? — Схапіў мяне загрудкі і патрос.— Нашто ж тады мы?.. Нашто ж тады мы жылі?! Фрыц гэты хаця страляў, а мы? Што ж мы, горшыя за яго? Там жа ўсё скора кончыцца, нудзяры гэтыя, дарослыя, усе ўчынкі смелыя разбяруць і нам нічога не пакінуць. Ды яшчэ пасля за кожную шыбу, якую мы мячом высадзім, за кожны «кол» папікаць будуць: «мы за вас кроў мяхамі пралівалі, а вы?.. Вы што тады рабілі? Ага, у кубікі, у класы гулялі. Ясна. То вось спачатку пастраляйце з нашае, а тады і атрымлівайце права на „калы“, тады і лезьце са сваім мячом у чужыя шыбы. Др-раць вас трэба». Вось чьм яны ў вочы нам тыцкаць будуць. Па пра-аву! Цьху!

Ён на хвіліну змоўкнуў, але потым зноў завёўся. 3 паўабароту.

— А помсціць? Помсціць хто будзе? За сябе яны расплацяцца! А за нас расплаціцца хто? За тваіх братоў? За майго? За соль на ранах? За тое, што Кіеў недаядае і ўвесь унь які? За твае мясціны? За тое, што яны нам лепшыя гады знявечылі, нас знявечылі?!

Ролік цяжка соп. Потым неяк каламутна абвёў вачамі двор, як быццам бачыў праз муры і брандмаўэры мёртвае царства недалёкіх руін:

— Раз ужо так здарылася… Тады давай уцякаць удвух.

— Давай, — сказаў я.

— I каб такога не паўтарылася ніколі — давай клятву адзін аднаму дамо.

Клятву, якую мы далі на знак таго, што ніхто ніколі нас не разлучыць, Раланд, відавочна, прыдумаў сам. Я зараз не памятаю яе слова ў слова, але ў ёй гаварылася аб тым, што нас не развядзе нішто: ні бой, ні турма, ні чума, ні смерць, ні дзяўчаты. А калі нехта з нас забудзе, што мы больш чым браты — той няхай стане вядомы як здраднік аж да таго часу, пакуль людзі ёсць на зямлі.

Смешныя напаўдзіцячыя словы з тых старых, з яцем, кніжак, дзе пад малюнкамі стаяць подпісы, накшталт: «I ён убачыў, што разбойнікі ўвайшлі ў алтар закінутай царквы». Нам, аднак, яны не здаваліся смешнымі. Проста таму, што мы гаварылі іх са шчырай верай.

…Мы ляглі на спіны. Плылі над намі ў сінім сляпучым небе снежныя аблокі, тоўстыя, поўныя, як налітыя малаком. Вось-вось лопнуць. I праз некалькі хвілін нам здалося, што мы плывём недзе пад імі, паміж небам і зямлёй, якраз там, дзе лунаў на нерухомых крылах шуляк.

— Вось мы іх дапаможам узгрэць, аддубасім, каб яны і праўнукам забаранілі, а пасля вернемся. Сумленне ў нас тады ўжо да самага канца будзе спакойнае. I мы гэты спакой страшэнна будзем берагчы. Аніразу ў жыцці не збрэшам.

— I другім не дамо, — сказаў я.

— А ўжэ ж. Несправядлівасці ніводнай не пацерпім. Каб гэта каму было цяжка, каб нехта заплакаў ці, крый божа, з моста галавой кінуўся — гэта ані. Толькі, як мы, па сваёй ахвоце. Друз гэты расцягнем. Гарадоў такіх набудуем — усе дзівіцца будуць.

— I ў кожнага чалавека тысячы кніг.

— Ага. А каб у каго ў жываце бурчала — не. Усе будуць сытыя, добра апранутыя. У кожнага свой пакой, каб іншыя да яго не лезлі, як не захоча. Хочаш — чытай, хочаш — сталярнічай ці караблі выразай. I ніякі задавака, ніякі нудзяр да цябе не палезе з вышыні загадваць: «рабі тое, не рабі гэтага». I на кожным кроку — хочаш — сасіскі з хлебам, хочаш — каўбаса. А мы ідзём і толькі: «Сёння мне гэтага не хочацца, давай лепей вады возьмем, з сіропам, і піражкоў з павідлам». I кіно паўсюль добрае ідзе, цікавае, кепскага проста не робяць, як зараз.

— Ну. I людзі ўсе прыгожыя, моцныя. Бо няма чаго ім баяцца. Ні табе аблаў, ні стрэлаў, ні мін, ні свалоты. Ніводнай сволачы на свеце — гэта ж здорава, Ролік, га?

— Так здорава, што аж не верыцца, — Ролік часам злоўжываў іроніяй, як многія ўкраінцы. — Але ж будзе. Нашто ж тады столькі крывішчы пралілося?.. I як цудоўна мы зажывём! Дзяўчаты якія з намі дружыць будуць!

Схаваў сплеценыя пальцы рук між каленяў.

— Як добра мы будзем жыць! I жыццё будзе якое цудоўнае! Якое жыццё!

Яндекс.Метрика