Чазенія — Частка 3

КАРОТКАЯ ПЕСНЯ ПРА СНЫ, АБУДЖЭННЕ I ШТОРМ

Тыя два дні, што заставаліся да нядзелі, ён правёў, бы ў тумане. Ён сам не чакаў, што выпадковая сустрэча народзіць у ім такую шчаслівую, напятую, як струна, трывогу, такое хвалюючае, дзіўнае чаканне. I гэта было, вядома, не таму, што чакала жанчына (яна яго не чакала, ды і не магла чакаць), а таму, што наперадзе былі шляхі, змены, нетры джунгляў і спадзяванне на тое, што яму стане лягчэй.

Нават страшныя начныя кашмары не так катавалі яго: тое, што адбывалася ўдзень, таксама было падобна на сон. Ён адчуваў прыблізна тое, што, відаць, адчувае рыба-поўня.

Ёсць такая. Сапраўды круглая, як поўня. Плысці сама, з гэтай прычыны, амаль не ўмее. Марскія цёплыя плыні нясуць яе то пад сонцам, то пад зорамі, і яна лянотна марыць аб нейкіх невядомых залатых краінах. Часам яна адчувае, што ўзнік менавіта той вецер, што аднясе яе ў гэтыя краіны. Тады яна выстаўляе з вады вялізны, як ветразь, плаўнік, ловіць ім вецер, і той нясе яе да пальмавых астравоў, да вясёлкавых каралавых рыфаў, у шчасце. I ласкава цалуе, песціць яе добрая плынь.

I Севярын адчуваў, што і ён, як рыба-поўня, марыць аб незвычайным, аб крывавых захадах, аб хатках, уваход у якія заплялі ліяны, аб вячэрнім дыме ачага, аб кімсьці, з кім можна глядзець на агонь.

Акіян жыцця нёс яго невядома куды.

Абуджэнне было кепскае. У нядзелю Будрыс напхаў цяжкі рукзак, рушыў на трэці прычал і даведаўся там, што катэра з Падзі сёння не было і не будзе, а іншым чынам дабрацца туды нельга.

Чакаць яшчэ тыдзень — гэта было нясцерпна. Ён пераконваў сябе, што гэта ён проста настроіўся на сённяшняе падарожжа. I ён нізавошта не прызнаўся б, нават сабе, у сапраўднай прычыне свайго адчаю.

А прычына была тая, што ён абяцаў прыехаць, прычына была тая, што за гэты тыдзень жанчына магла перабрацца некуды ў другое месца.

Яна не цікавіла яго, але нетры, куды ён хацеў забрацца, шмат страцілі б у ягоных вачах без яе. Душу. Водар. Радасць. Святло.

«Усё ж знаёмы чалавек. Шмат ведае. Добра было б хадзіць з ёю па тайзе, слухаць, глядзець. А там прыедзеш — чорт яго ведае, што яшчэ там за людзі! Ці захочацца ісці з імі? Ды і ці захочуць яны?»

Будрыс у апошні час цяжка сыходзіўся з людзьмі. I таму, не ведаючы, як памагчы сабе ў сваёй бядзе, Севярын пайшоў на сліп шукаць Паўлава: а раптам нешта параіць…

Васіль, сапраўды, быў у «пуні» (так ён называў зімовае памяшканне для яхт). Стаяў ля сваёй шафы і пераапранаўся ў чорны вячэрні гарнітур. «Пуня» была для яго другім домам.

Агледзеў грубыя чорныя Севярынавы нагавіцы, каменнай цвёрдасці марскія чаравікі, клятчастую, чырвоную з чорным, каўбойку, рукзак. Свіснуў.

— Кліча муза вандраванняў. Севярын Баўтрук выправіўся шукаць экспедыцыю Лівінгстона… «Из дальних странствий возвратясь, какой-то дворянин, а может быть и князь…»

— Не паяснічай, — стомлена сказаў Будрыс.

— У ваенторгу купіў?

— Ну…

— А я хацеў цябе з сабою запрасіць. У Верачкі танцы «Шарыкі за ролікі — усё наадварот…» Ды што з табой?

— А што?

Паўлаў начапляў «лінкольн».

— Ды выгляд такі, нібы ты… А ну, расказвай.

Севярын расказаў.

— Ясна, — сказаў Паўлаў. — Севярын Бахрым мелі ласку закахацца. «Ты, што мора трымаеш і сушу нерухома тонкай рукой…»

— Кінь! Слова гонару даю. Якое там каханне! Нязручна. Слова дзяўчыне даў. Палічыць за хлуса…

— А мне якая справа, калі мяне выпадковая знаёмая за хлуса палічыць?

Празрыстыя, наіўна-сінія вочы глядзелі ўбок: Паўлаў думаў. Але язык яго мянціў нібыта незалежна ад мазгоў:

— Аэліта джунгляў. Сын неба імкнецца. «Я цалую зяніцы твае, каб мяне не забыла ніколі…» Міжзорны вандроўнік занадта лёгка згаджаецца на «хао». Па-марсіянску азначае: «Сыход». I асуджае на яго сваю каханую.

— Даю табе слова гонару, што ні аб якім такім і не думаў.

Голас у Севярына затрымцеў. Васіль уважліва глянуў на сябра, уздыхнуў і пачаў здымаць «лінкольн».

— Распранайся. Загортвай транты ў брызент. Паплывём.

— Ты што? Казалі, шторм можа быць.

— Ну і штармяга! — сказаў Паўлаў.— «Друг заўжды саступіць гатоў месца ў шлюпцы і круг…»

— Я не паеду.

— Тады я дастаўлю замест цябе рукзак. Ёй нават цікавей будзе…

— А Вера? Я ж ведаю…

— Нічога ты не ведаеш. Вера побач. Не бачыў я гэтых танцаў… Слухай, сук-кін ты кот, ты будзеш рыхтавацца? Нам нельга марудзіць. Сапраўды, трапім у шторм, і… «стане плакаць мая маладая любоў…»

Яны спусцілі яхту на ваду. Васіль прытрымаў яе ля прычала, каб сябар мог скочыць. I толькі ўжо калі яны адчалілі, сказаў:

— Гэта больш важліва.

Сур’ёзнасці ў яго хапіла толькі на гэтыя словы.

— Не, не загінула яшчэ каханне! «Гарачэй і мацней, чым Рамэа Джульету». Пры такой справе цікава, чаму нашы ВНУ пастаўляюць спецыялістаў, а не сыравіну для могілак?.. Я разумею вас, я, праўнук жандарскага палкоўніка, сасланага за каханне. «Праз буры і змрок на кахання агонь». «Клоцікаў трэск і кітоў плеск».

— Балаболка ты, — сказаў Будрыс. — Ты проста звычайны паршывы балабон…

Вецер напоўніў ветразь. Яхта паляцела, нібы пушчаная з цецівы страла.

— Слухай каманду, — сказаў Паўлаў, — ты, дохлы васьміног, якога выкінула цунамі! Ану, на борт!

— Ёсць!

— …сэр.

— Ёсць, сэр.

— Калючую жывародку акулу табе ў зад! Усе сто дваццаць пяць сантыметраў яе калючак, пратухлая марская капуста!.. А шторм будзе… Добра, калі паспеем схавацца за востраў Рагвольд.

— Але ж адтуль яшчэ…

— Я не павязу вас далей, вы, сіні краб… Тапіцца разам — маё сяброўства не заходзіць так далёка… Адкінься!

— Ёсць.

— …сэр.

Сапраўды, было падобна, што збіраецца на шторм.

— Я завязу вас на Рагвольд і выкіну там, як сапсуты ўлоў. Сёння ў мяне быў капітан малога рыбалоўнага сейнера Іван Няпіпіва… Запарожскі казак.

Сінія бясстрашныя вочы глядзелі на пагрозлівы захад, што абяцаў небяспеку.

— Рыбалоўная фірма «Няпіпіва энд карпарэйшн». Калені ў трапангах, дно ў ахоцкіх крабах. Заўтра ён павінен быў ісці якраз на Тыгравую. Я ўспомніў і падумаў, што ён можа даставіць туды і гэты мех з сухапутным смеццем… А я перачакаю на востраве.

…Калі яны выйшлі з заліва ў мора, Будрыс адчуў трывогу. Мора было ўсё грыфельнае, уздыбленае, усё ва ўзвёртах і закалупінах, як кракадзілава скура. I над гэтым графітавым морам далёка ляжалі ліловыя, як слівы на блюдзе, астравы.

У гэтае змрочнае мора сядала трывожнае сонца.

Будрыс нічога не разумеў у мастацтве ваджэння яхтаў. Але тут нават ён адчуў нешта дзіўнае і рызыкоўнае ў паводзінах сябра.

Паўлаў нібы лавіў не дужа спрыяльны вецер, ішоў зігзагамі («галсамі» гэта называецца, ці як?). Часам на гэтых паваротах яхта ледзь не чапляла ветразем за хвалю, і тады яны ўсім цяжарам навальваліся на ўздыблены над пучынаю борт.

Але ж затое яна і ляцела! Такога шалёнага лёту Севярыну ніколі не даводзілася бачыць у жыцці.

У водаваротах, у кіпенні пены, у ветры.

Моцна давала ў дно вада.

— Выціскаеш усё, што магчыма? — спытаў Будрыс.

Паўза.

— Вельмі баюся, — нечакана сказаў Васіль. — Будзе шторм. Вялікі. А нам яшчэ гадзіны тры хады…

— Вярнуцца?

— Вярнуцца — позна… I… сорамна.,

Вада ля бартоў была больш гучная, чым наводдаль. Патокі яе ляцелі на людзей.

— Дзякуй, браце, — сказаў Севярын.

— …сэр, — праз зубы сказаў сябар.

— Дзякуй, сэр.

Дзіўна было бачыць над гэтым узбунтаваным, страшным морам спакойнае неба і далёкія сопкі берага, над якімі вісеў радок бялюткіх хмар. Як паралельна вісячая мантыя з гарнастая. Як стужка, што змяшчалі ля верхняга абрэзу старажытных гравюр. Так і хацелася напісаць на ёй, што менавіта намалявана на гэтым пейзажы.

— Давай, мілая! Давай, любенькая… Ну… ну… — праз зубы цадзіў Васіль. — Кальмары і зубастыя кіты!.. Баўтрамей, цюлень-акіба… Калі не пашанцуе, калі перакуліць — яхты не кідай. Трымайся за яе. Тады знойдуць. Яна — як канаючая чайка. А чалавечая галава на вадзе — тфу! Плявок. Вялікі шкляны кухтыль ад мярэжы. Чуеш?

Сонца ў свінцовым захадзе было ўжо, як чырвоны мазок. I гэты яго апошні позірк быў невымоўна журботны і дзікі.

Спусцілася цемра. Лявей, недзе далёка, міргаў маяк. З роўнымі інтэрваламі. I ў мірганні таксама былі трывога і папярэджанне.

Будрыс не памятаў, як мінулі наступныя гадзіны. Пару разоў іх ледзь не перакуліла. Мокрыя, аслепленыя цемрай і вадой, яны рваліся наперад, амаль толькі па зорах. I страшна было падумаць, што зоры вось-вось заснуе чарада хмар, што напаўзала з поўдня.

Яхта калацілася ў бязмежным моры, як мятуліца-падзёнка, і, здавалася, шансаў на жыццё ў яе не больш, чым у мятуліцы. I ўсё ж яна адчайна змагалася за жыццё.

…Калі вецер раптоўна сціхнуў, Будрыс не адразу зразумеў, што ўсё скончана, што яны ў бяспецы, што гэта востраў Рагвольд прыкрыў іх ад шторму сваім скалістым целам.

Яндекс.Метрика