Сівая легенда — Частка II

Ох і жорсткі быў наш татачка, мужыцкі цар.
Ён баяр ды князёў павыважываў.
Песня

Мне не ўдалося праспаць да ранiцы.

Была яшчэ ноч, калі мяне разбудзіў сам Кізгайла. Я запаліў свечку і, нацягваючы вопратку, кінуў на яго позірк. Твар быў бледны, спатнелы, перакрыўлены. І ў вачніцах ад свечкі цені.

«Баіцца? — падумаў я. — Не. Ненавідзіць? Не. Баіцца і ненавідзіць больш баязлівасці, вось што. Але чаму?»

Урэшце, думаць пра гэта не было калi. Я спяшаўся.

— На муры, — сказаў гаспадар.

Праз некалькі імгненняў мы беглі ўжо да Жабінай вежы, што выходзіла на Княгініна поле.

Трывогі пакуль што яшчэ не было чуваць ні сярод прыслугі, ні сярод салдат. На забрале ля вежы стаяў вартаўнік брамы і з ім яшчэ чалавек, жанчына, як я пазней даведаўся, яго дачка, удава Дар’я. Абое маўчалі і глядзелі кудысьці ў ноч. Мы сталі поруч з імі.

Месяц, ужо нізкі і барвовы, хіліўся да далёкага лесу. Ад усіх, нават ад самых маленькіх, узгорачкаў леглі вялізныя трывожныя цені. І толькі лапікі, малюсенькія кавалачкі поля, былі азораны няпэўным аранжавым святлом.

— Што там? — чамусьцi цiхiм голасам спытаў я.

Дар’я моўчкі ўзняла руку, паказваючы ёю ўдалячынь.

Але ноч была спакойнай, толькі дзесьці чулася песня драча.

— Яна і ўчула, — сказаў вартаўнік, — я сам глухаваты стаў.

— Ды што такое? — зноў спытаў я.

— Вішчыць, — сказала Дар’я.

— Драч? — як бы пытаючы, сказаў гаспадар.

— Не. Вішчыць, — сказала яна.

— Хочаш сказаць «рыпіць»? — спытаў Кізгайла.

— Вішчыць.

Я ведаў, што мясцовыя людзі часам не знаходзяць слоў, што не перашкаджае ім быць някепскімі людзьмі. Адна дзеўка, тлумачачы мне колер сукна, сказала: «Кармазынавы, зеляненькі, як васілёчак». Але цяпер не час быў чапляцца да слоў, і я стаў слухаць, што ж такое «вішчыць».

Песня драчоў стала як быццам галаснейшай. У полі ставала ўсё больш ценю: пранізліва-чырвоны месяц ужо напалову схаваўся за пушчу. Спяваў ужо не адзін драч, а некалькі. А цемра ўсё агортвала поле, і ў гэтай цемры ўсё нарастала птушыная песня.

І раптам я зразумеў: гэта не драч, гэта рыпяць… вазы. Так, гэта рыпелі вазы. Многа, магчыма, сотні вазоў. І гэтая песня нарастала і ўжо рабілася пранізлівай, заглушаючы ўсё.

Я не ведаў, хто гэта едзе ў такой нямой цішыні, калі нічога не чуваць, акрамя песні колаў, але я адчуў, што ў мяне мурашкі пабеглі па спіне.

— Ён, — сказаў Кізгайла, і я зразумеў, хто гэта «ён».

А вазы рыпелі і рыпелі ўначы, і ўжо не заставалася нічога, акрамя гэтага рыпення.

— З’явіўся, варажына, — сказаў гаспадар праз зубы, — што ж, рыхтуйся, Цхакен, заўтра будзем біцца. Насмерць.

Я баяўся за гаспадара, але цяпер мой страх мінуўся. Ён проста быў з той пароды, для якой чакаць небяспекі горш за самую небяспеку.

Я цяпер ведаў, што ён будзе і баяцца, і ненавідзець, але будзе трымацца і не дасць зразумець гэтага. Гэта дрэнна, але ўсё ж гэта лепей, чым відовішча дрыготкай жывёліны.

— Што ж, — сказаў я, — біцца дык біцца. Я доўгі час атрымліваў вашу плату дарма. Праўда, лепей было б мне, як таму ўрачу, усё жыццё атрымліваць яе дарэмна. Але калі так ужо сталася — не трэба непакоіцца, пане.

Я вырашыў не турбаваць людзей i даць iм выспацца. Толькi падвоiў каравул i паставiў каля спячых аднаго хлопца, каб па першым трывожным сiгнале падняў усiх. А сам я, захiнуўшыся ў плашч, сеў на забрале каля вартаўнiка i яго дачкi i стаў драмаць, штохвiлiнна прачынаючыся. Гэтыя ночы, калi спiна прыхiлена да дрэва цi каменя, былi мне вельмi знаёмыя. Засынаеш i раптам падаеш кудысь. Такiя сны, напэўна, бачаць малпы на сваiх дрэвах. Але чым лепшы за малпу салдат-наёмнiк? Дурное, агiднае рамяство — вайна.

Такія думкі прыходзілі да мяне за апошні час усё часцей: відаць, я пачаў старэць. Я засынаў і прачынаўся, глядзеў на гэтую жанчыну, якую ніхто не прымушаў сядзець на муры, і бачыў яе закураны белы твар пад хусткаю, вачніцы ў ценях.

Нічога няма прыгажэй за жаночы твар у прыцемку. Таму, напэўна, і кахаюць у гэты час.

У адно з такіх абуджэнняў я ўбачыў, што ўжо не толькі светла, але вось-вось узыдзе сонца. За намі быў блакітны туманны Дняпро. Перад намі — роў, невялікае, ледзь узгорыстае поле, а далей — лясістыя ўзгоркі і сярод іх ружавеючая роўнядзь Святога возера.

Сонца ўжо выкінула з-за лесу тысячы чырвоных дзід, заліло расплаўленым золатам маленькія воблачкі ля далягляду. Але я пазіраў не на яго.

Поле за гэтую ноч, здавалася, абрасло маладым лесам. Па абодвух баках вялікай лагчыны сядзелі, хадзілі, ляжалі тысячы людзей. Дзіды, уторкнутыя ў зямлю, рацішчы1, адагнутыя ў шыйцы косы. Далей, каля лесу, сотні вазоў выставілі да неба свае аглоблі.

Падымаўся ў бязвоблачную вышыню дым вогнішчаў. Мы бачылі як на далоні ўсё поле, акрамя шырокай лагчыны. Але, напэўна, і там былі дюдзі.

На адным з недалёкіх узгоркаў стаяла кучка людзей. І гэтыя людзі былі не ў белай вопратцы, значыць, не мужыкі.

У мяне добрая падзорная труба са шкельцамі галандскай ручной шліфоўкі. Я навёў яе на ўзгорак і ўбачыў трох чалавек.

Сярэдні быў высокі і тонкі ў касці. На ім — барвяны плашч, што падаў амаль да зямлі. Доўгія, да плячэй, валасы, ладная пастава, вельмі вузкія клубы. Гэты чалавек нешта казаў двум другім, паказваючы рукою на муры. Поруч з ім стаяў юнак ці малады мужчына, крыху падобны да сярэдняга. На ім былі светлыя латы і таксама плашч, толькі блакітны. А з другога боку стаяў каржакаваты чалавек, ніжэйшы за іх ростам і моцна сутулы. Ён быў без барады і вусоў, хоць па гадах мог быць бацькам маладому. На бязвусым латы былі цёмныя, а плашч зялёны з чорным.

— Дай, — сказаў мне Кізгайла, які зноў выйшаў на мур.

Ён прынік да трубы, аж падаўся наперад.

— Яны, — сказаў ён пасля нядоўгага маўчання. — Той, што ў барвяным, — сам Раман, ваўчына драпежная. Ну, пападзіся ты мне — я табе пакажу, як гэта быдла ўзнімаць.

— А астатнія?

— У светлых латах — Лаўр, з Раманавай варты. Байструк.

— Яны чамусьці падобныя.

— Баюць, што там не абышлося без Якуба, якога я на той свет адправіў. А чорны — Пятро, таксама брат Раманаў. Родны… Адроддзе дэйноўскае! Здохлага зубра запалявалі…

Лаянка Кізгайлы мне здалася непрыстойнай. Усякае нараджэнне законнае, калі ад яго нараджаецца добры воін ці дзеўка, створаная для радасці і кахання.

А лаяцца тым, што людзі родам з былога Дэйноўскага княства, краіны лясоў і балот, і зусім бязглузда.

Яны не пасылалі да нас вяшчальніка, не марнавалі часу. Кожны разумеў, што адзін не адмовіцца ад аблогі, а другі не здасца.

— Ану, майстра, — сказаў я пушкару, — даўбані па гэтых, на пагорку.

Гармата вырыгнула полымя і рэзка адкацілася назад.

Я ў падзорную трубу бачыў, як дасланы намі чыгунны мяч ударыў у схіл узгорка, ніжэй военачальнікаў. Там узнялося лёгкае таючае воблачка. Заржаў і стаў на дыбкі гожы белы конь, якога трымаў за повад хлопец у белай кашулі.

Раман стаяў усё так жа спакойна, не зрабіўшы і кроку ўбок. Потым ён махнуў рукою і стаў спускацца з узгорка. За ім — два астатнія. Мы так на іх заглядзеліся, што не заўважылі, як з лагчыны, зусім блізка ад нас, пачалі, быццам самі сабою, выпаўзаць вазы. Адзін, другі, дзесяты, дваццаты.

На іх было навалена нейкае дзіўнае рыжае сена, і яны паўзлі лугам, а людзі, якія штурхалі іх, хаваліся за гэтым сенам.

Я доўга не разумеў, у чым справа, аж датуль, пакуль яны не падзяліліся на два патокі. І гэтыя дзве змяі павольна паўзлі да драўляных брам у нашым вале.

— Бі па вазах! — крыкнуў я.

Мур расцвіў клубамі парахавога дыму. Але было позна ўжо. Вазы паспелі ўпрытык падваліць да абедзвюх брам, і раптам, амаль адначасова, да неба ўзняліся вялізныя, рудыя, як хвост лісіцы, палаючыя языкі агню. Палала сена, аблітае нечым гаручым, палала сама зямля вакол. Пад прыкрыццём агню беглі да пагорка мужыкі.

Цяпер мне стала ясна, чаму Ракутовіч спусціўся з узгорка, чаму адзін з мужыцкіх атрадаў пайшоў за ім: яны рыхтаваліся бараніць вазы, калі б нам уздумалася зрабіць вылазку.

У нас не было сілы на абарону вала: занадта нечакана ўстала пагроза. Мы свядома абмежавалі сябе мурамі замка. Але ўсё адно гэты пажар быў непрыемны. Вал перастаў існаваць як перашкода. Цяпер ужо нішто не перашкаджала паднесці да муроў лесвіцы або падкаціць таран, каб ён у іх быў.

Мы зрабілі першую памылку.

Затое тыя, што рыхтаваліся абараняць вазы, і сам Раман былі цяпер амаль у нашых руках. Я паставіў на мур сотню сваіх хлопцаў з мушкетамі і стаў падаваць каманду:

— Ступі! Стой! Мушкет да бока! Фіціль — з курка! Фіціль — на месца! Мушкет да рота! З брамкі здзьмухай! Набой бяры! Мушкет уніз! Порах на брамку — сып! Утрасі! Брамку зачыні! Страсі! Здзьмухай! Мушкет да левага бока! Порах і кульку — у мушкет! Клак — на брамку! Забойнік бяры! Кульку і клак дабі! Забойнік на месца ўсунь! Правай рукой мушкет падымі! Левай падсошак рыхтуй! Мушкет на вілкі! Гатоўся!

Я ведаў гэтыя каманды на памяць ужо дваццаць восем год. А мае хлопцы былі лепшыя стралкі з усіх, якіх я ведаў. Не мінула і дзесятай часткі гадзіны, як мур ашчацініўся гатовымі да стральбы ручніцамі.

— Палі! — крыкнуў я.

Зубцы завалакло едкім парахавым дымам. Я праз яго бачыў, як падалі, круціліся ў віхуры, мітусіліся людзі ў белай вопратцы.

І яшчэ бачыў я чалавека ў барвяным плашчы. Ён крычаў нешта жахлівым голасам, узнімаючы адной рукою старадаўні двухручны меч.

Сашчэраны рот і грыва валасоў, што ўстала дыбарам, — ад іх нельга было адарваць вачэй. Калі дым разышоўся, на траве засталося дзесяткі тры нерухомых белых цел.

І яшчэ я пабачыў, што на лініі ўзгоркаў стаіць надзіва роўны строй мужыкоў. Я не ведаў, нашто ім спатрэбілася стаяць там. За іхнімі спінамі былі толькі вазы. Другі атрад — іначай не назавеш, бо гэта было войска, а не бязладны мужыцкі натоўп — набліжаўся здалёк строем у тры плутонгі. Ён стаў значна лявей Жабінай вежы. І пад маўклівай аховай гэтых людзей натоўп мужыкоў, узброеных чым папала, цягнуў ад пагоркаў дзесятак доўгіх асадных лесвіц.

Чорт бы пабраў гэтага мужыцкага караля! Ён ваяваў зусім не па правілах. Праўдзівей, не па тых правілах, па якіх ваююць ва ўсім свеце. І незразумела па якіх. Я глядзеў на яго вялізную постаць, што махала мячом. Мы далі другі залп па натоўпе з лесвіцамі і па ім. Але ён быў цэлы і здаровы, быццам і агонь яго літаваў.

Я ўбачыў перакошаны твар Кізгайлы. Ён кідаўся па забралу, лаяў пушкароў самымі чорнымі словамі. Схапіў ядро, паляпаў, быццам кавун, па крутых баках і заштурхнуў у жарало «Маркабруна», гарматы французскага ліцця, самай вялікай з тых, што стаялі на мурах. Потым затрос кулакамі ў паветры:

— Палі!!!

«Маркабрун» раўнуў. І зноў, як заварожаны, стаяў на месцы чалавек у плашчы. Ядро вырвала з рук хлапчыны, што стаяў поруч з ім, прапар і ў трэскі разбіла адну з лесвіц.

Астатнія лесвіцы паўзлі далей у атачэнні кос, сякер і віл. Кізгайла і я адначасова зразумелі, што, калі лесвіцы ўкрыюць за валам, паблізу ад спаленай брамы (ад яе засталіся ўжо толькі вуголлі і палаючыя бэлькі), наша справа пагоршыцца. Тады атрад маўклівых вартаўнікоў кінецца да іх, і ніхто не ўратуе муроў ад штурму.

Унізе, ля брамы, стаяла напагатове кірасірская сотня.

— Капітан, — крыкнуў Кізгайла, — падрыхтуйся! Зламі іх, знішчы лесвіцы, пастарайся ўзяць Рамана.

— Добра, — глухім голасам адказаў з-пад забрала капітан.

Форткі брамы разышліся з цяжкім рыпам, упаў пад’ёмны мост, і адразу ўсё запаланіў трывожны нарастаючы грукат капытоў па жалезе моста.

Кірасіры рынуліся ў атаку.

Усе на вараных конях, усе ў чорных латах і шаломах, увянчаных чорнымі пер’ямі, яны імчалі выцягнутым клінам, і я не ведаю, што здолела б устаяць перад іхнім імклівым ударам. Сам Аляксандр не адмовіўся б камандаваць такой сотняй.

Абаронцы на мурах праводзілі іх лямантам захаплення, і нават мая халодная кроў ускіпела, як у першым баі, калі мне было пятнаццаць год.

— Сячы іх! Хапай!

Мужыччо каля лесвіц замітусілася, але не стала ўцякаць. Яны, праўда, кінулі лесвіцы, але не ўцякалі, а адступалі. І апошнімі падаваліся задам людзі з косамі ў руках.

Капітан, яка скакаў наперадзе, падаў знак рукою ў жалезнай пальчатцы. І адразу, як зладжаны хітравумны механізм, жалезны клін пачаў мяняць строй: дваццаць ці трыццаць латнікаў аддзяліліся ад лятучага атрада і паскакалі да тых маўклівых, што стаялі на схіле строем у тры плутонгі.

Астатнія на хаду ператварылі кінутыя лесвіцы ў кучу ашчэпкаў. Яны падазрона лёгка ламаліся, і я ўжо ў той момант западозрыў няладнае. Але думаць не было калі. Я наогул не ведаў, на каго глядзець, на тых, што ляцелі да маўклівай аховы, ці на тых, што спасцігалі атрад уцекачоў.

Я паспеў толькі заўважыць, што першая плутонга мужыцкага атрада раптоўна апусцілася на калені, выставіўшы наперад доўгія дзіды, а другая, стоячы, пачала весці беглы агонь паўзверх яе галоў. Адзін коннік пакаціўся цераз галаву каня, другі, трэці. Гэта было жахліва! Трапнасць стральбы можна было растлумачыць толькі так: Ракутовіч паставіў у гэты атрад паляўнічых. Але як ён мог за тыдзень навучыць людзей так спрытна арудаваць дзідамі?

Поўны трыумфу лямант перарваў мае думкі. Я ўбачыў, што кірасіры дагналі ўцекачоў і ўрэзаліся ў іх усім цяжарам сямідзесяці закутых у жалеза коннікаў, усім цяжарам сямідзесяці конскіх цел. Мужыкі яшчэ спрабавалі супраціўляцца, яны з размахам секлі косамі ля самай зямлі, спадзеючыся падрэзаць коням сухажыллі ля бабак. Але гэта была безнадзейная справа.

Ракутовічу — краем вока заўважыў гэта — падвялі каня, і ён памчаў да тых, каго забівалі: толькі барвяніца запаласкалася на ветры. Ён, напэўна, хацеў біцца разам з гэтымі асуджанымі на смерць.

Цяпер яго аддзяляла ад чорнага коннага атрада толькі вузкая палоса людзей у белым адзенні. І тая палоса радзела на вачах.

Калі кірасіры адкінулі вісклівы натоўп сажняў на сорак, на вызваленай прасторы калаціліся ў сутаргах шэсцьдзесят коней і бялела не менш трыццаці мужыцкіх цел. Ракутовіч, размахваючы мячом, крычаў нешта, але ўсё ўжо было скончана: мяцежнікі рассеяліся ў розныя бакі, кінуліся ўрассыпную.

Ён быў храбрым, але дурным военачальнікам, гэты чалавек у барвяніцы. Ён рушыў лесвіцы да муроў без прыкрыцця, без гарматнай пальбы, нават без конніцы, пад аховай дрэнна ўзброенага зброду.

Між тым меншаму атраду, значна парадзеламу, удалося ўсё ж пацясніць мужыцкі атрад з узгорка. На гэтым яны супакоіліся і кінуліся даганяць астатніх. Але тым і самім не было чаго рабіць: не гнацца ж за мужыкамі, што разбягаліся па адным.

Чалавек у барвяніцы ўсё яшчэ гойсаў ля перадавых кірасіраў. Скінуў з каня аднаго, выбіў цяжкі палаш з рук у другога. Смерці мо хацеў ці шукаў выпадку, каб вызначыцца? Крычаў нешта — відаць, здзеклівае.

Чырвонае так і развявалася на ветры. І толькі калі кінулася за ім уся сотня, раптам крыкнуў страшным голасам і прыпусціў каня да сваіх.

Чорны атрад ляцеў за ім, і адлегласць паміж чорнай плямай і чырвонай іскрай павольна скарачалася.

Коннік ляцеў да таго строю, што прыкрываў вазы. І гэта было дарэмна. Капітан казаў праўду: адзін латнік варты трыццацёх, нават храбрых, нават тых, што не ўцякаюць. Раскіданы па ўсім полі мужыцкі натоўп, што адчайна ўцякаў, быў прыкладам гэтаму. Зараз і ад тых, што наперадзе, не застанецца мокрага месца.

Чалавек у барвяніцы прышпорыў каня і стаў лёгка адрывацца ад спасцігачоў. Звярнуў направа, нябачным скачком паслаў каня цераз шырокую канаву і праваліўся за ўзгоркам, толькі яго і бачылі.

А маўклівы чорны касяк з ходу ўрэзаўся ў мужыкоў, што абаранялі вазы.

… Не, не ўрэзаўся. У апошняе імгненне тыя кінуліся бегчы хто куды. Большасць знікла пад коламі вазоў. Нейкіх дзіўных высокіх вазоў…

Сляза набегла на вочы. Я змахнуў яе далонню, зноў прынік да трубы і…

— Назад! — закрычаў я такім голасам, што сам спалохаўся.

Гэта былi не простыя вазы. Гэта былi вазы, акутыя меддзю па градках i на сажань вышэй градкi. I нават унiз, прыкрываючы колы, спускалася медная «спаднiца» з выразамi, i раптам гэтыя вазы ўсе ашчацiнiлiся: зверху дзiдамi i нечым незразумелым, а знiзу, з-пад «спаднiцы», бусакамi.

— Назад! — роў я.

Куды там! Хто б мог пачуць? Ды яны і не маглі стрымацца, з ходу наляцеўшы на вазы.

І раптам бусакі знізу сталі прагна шнарыць у паветры, хапаць прыцёртых упрытык коннікаў за што папала, сцягваць іх з коней ці прыгінаць да меднай абшыўкі. А зверху пачалі рытмічна ўзлятаць і апускацца на галовы людзей — я цяпер зразумеў, што гэта, — мужыцкія, акутыя на такі выпадак жалезам, цапы.

Так, гэтыя людзі ўмелі арудаваць бусакамі і малаціць — гэта ж была іх штодзённая праца. І яны малацілі, малацілі адчайна. У іх было мала мушкетаў, і яны ведалі, што страла, ці каса, ці меч не возьмуць міланскіх і нюрнбергскіх латаў, што чалавека, закутага ў іх, можна толькі аглушыць.

Яны малацілі. Нават да нашых муроў даляцелі немыя крыкі тых, каго забівалі, і дзікае гігатанне спалоханых коней.

Божа! Цяпер я зразумеў усё. Зараз і ад тых, што наперадзе, не застанецца мокрага месца. Гэтыя падазрона слабыя лесвіцы, гэты натоўп, што загадзя асудзіў сябе на смерць, гэты коннік, якога наганяе сотня, — усё гэта было падсадкай, усё гэта было прыманкай. І капітан, як пячкур, папаўся на гэтую вуду, на хітрыкі гэтага азіята і варвара. Варвар мог цяпер быць спакойны наконт конных вылазак.

— Дык прападай жа, дурань, — плюнуў я са злосці.

Парадзелая больш чам напалову сотня адхлынула нарэшце ад дзівоснай спаруды і пачала адступаць да муроў, спадзеючыся, як сказаў нейкі пісака, «больш на шпоры, чым на мячы».

Iх падбадзёрваў роў з муроў, але я ўжо ведаў, з кiм мы маем справу, ведаў, што гэты не выпусцiць iх так проста са сваiх рук.

Я здзівіўся толькі аднаму: што магло прымусіць гэтых, з лесвіцамі, пайсці на справу, якая не абяцала жыцця, а толькі смерць? Напэўна, нясцерпным стала жыццё.

Рэшткі атрадаў кірасіраў скакалі на ўсю моц, а я ўсё паўтараў сам сабе:

— Не спадзявайцеся, гэты не выпусціць, гэты не з тых.

І я не здзівіўся, калі з лагчыны, напярэймы адступаючым, вылецела конніца. На чале яе імчаў чалавек у барвяным плашчы са сваімі двума спадарожнікамі. І было гэтых конных людзей не больш за дзве сотні, але я пазнаў па шэрых ваўчыных шапках з заломам на левае вуха, што гэта за людзі.

Так носяць шапкі толькі конныя пастухі, што вандруюць з панскімі чародамі па ўсіх пясчаных і вапняковых пустэчах гэтай зямлі.

Божа, умяшаліся ў бойку нават гэтыя людзі, што ўдарам канца карбача2 па носе забіваюць ваўка! Каго ж ты не пакрыўдзіла, панства гэтай зямлі?!.

Я ўжо амаль не глядзеў, як яны дагналі кірасіраў, урэзаліся ім ва фланг, змялі і адрэзалі ад замка. Я толькі глядзеў, як гэты барвяны д’ябал арудаваў двухручным мячом — па-даўнейшаму.

І яшчэ бачыў я, як чорна-зялёны, быццам тванню запэцканы, галаморды Пятро — у яго, як у многіх дэйноўцаў, кепска расла барада — збіў сваім канём цяжкага каня капітана, на хаду выхапіў кірасіра са страмёнаў, перакінуў яго цераз сядло і загікаў, засвістаў разбойніцкім посвістам, памчаў прэч ад месца сутычкі — каб не адбілі.

Не ўцёк ні адзін кірасір, яны расправіліся з імі хутка, як галодны швейцарац з засмажаным трусом. Частка засталася ляжаць на зямлі, і з іх на месцы здзіралі латы, частку пагналі на вяроўках у бок лясістых узгоркаў.

А гэтыя прыскакалі амаль да самых муроў і пачалі нахабна гарцаваць пад імі. Пасля я ўжо і сам не мог разабрацца, хто каго лае — такія праклёныя сыпаліся з муроў і з поля:

— Зямлянікі, рыдлёўшчыкі!

— Воўчая сыць! Недаедкі!

— Студні салілі!

— Шклоўскія іспанцы!

— Недасекі! Сабаку з’елі!

— Хамаўшчына чарнаногая!

— Гудзі, дуброва, едзе князь па дровы! Матку на суку-харта змянялі! Польская косць, ды сабачам мясам абрасла!

Я загадаў страляць, але тыя так і пырснулі на ўсе бакі. Чалавекі тры звалілася, ды і тых яны падхапілі на ляту, забралі.

Цяпер мы маглі страляць без апаскі. І мы стралялі з гадзіну па асобных кучках людзей. Трымаліся яны нахабна. Два праехалі пад самымі мурамі на кірасірскіх конях і ў латах. Адзін — на кані, пакрытым замест падкладкі ксяндзоўскай рызай (з Рагачыка, відаць, узялі).

Я супакоіўся, нават перамаргнуўся з Дар’яй, што блукала па двары. Усміхнулася і яна мне.

Тыя таксама, відаць, адпачывалі.

А потым стала не да адпачынку. Таму што вазы, тыя самыя, акутыя, пачалі паўзці з-пад лесу да цытадэльных муроў. Іх кацілі надзейна прыкрытыя мужыкі.

Зноў з’явілася конніца і замаячыла па ўзгорках. Так, з вазамі яны прыдумалі хітра, амаль як чэшскія ерэтыкі калісьці. Праўда, «Вагенбург» Ракутовіча быў лягчэйшы і, відаць, больш рухомы. Калі ён прапоўз палову адлегласці да крапасных муроў — мы пачалі паліць па ім з гармат. Пару разоў трапілі. Але праз імгненне адтуль таксама грукнулі гарматы, шэсць штук, роўна столькі, колькі было на мурах у Рагачыку.

Пырснулі каменныя асколкі ля самага майго твару, паваліўся і застагнаў адзін з маіх хлопцаў.

А яны палілі, пасоўваючыся бліжэй і бліжэй. Абваліліся два-тры зубцы на сцяне.

Пятро, які нешта гарланіў пушкарам, раптам шалёным намётам памчаў да Жабінай Вежы. Асадзіў каня і, прымушаючы яго гарачыцца, закрычаў дурным матам:

— Здавайцеся, штурмаваць будзем!

Кізгайла вырваў у пушкара, што наводзіў гармату, фіціль, вылаяўся, сунуў яго ў запальнік. Пашча гарматы вырыгнула агонь.

Мы пачулі глухі ўдар. Потым на тым самым месцы, дзе куражыўся Пятро, устаў косы, завіты, як гляйсар, слуп дыму. Конь узняўся на дыбкі і перакуліўся на спіну, прыціснуўшы сабою седака.

Муры завылі трыумфуючы.

Я не бачыў, як яго падхапілі, — агонь стаяў жахлівым. «Вагенбург» усё набліжаўся, і поле за ім варушылася: ішоў народ. Зноў неслі лесвіцы.

… Прыйшла наша чарга. Я загадаў Аўгусту Тухеру, адзінаму сярод нас немцу, стаць на маё месца, сачыць за боем і падаваць мне сігналы гукамі ражка, а сам спусціўся да брамы. Вылазка стала неабходная бо мая абарона — гэта напад. «Вагенбург» трэба было знішчыць. Трэба было пазбавіць іх гармат.

Мы выйшлi з крэпасцi i рушылi на iх трыма плутонгамi, па чарзе страляючы цераз галовы пярэднiх.

Яны кінуліся на нас утрапёна, але швейцарца цяжка збянтэжыць. Мы вялі свой беглы агонь і ішлі.

Нядобра выхваляцца сваімі дзеяннямі, і я скажу толькі, што мы прымусілі да ўцёкаў пярэднія гурты, праніклі да «Вагенбурга» і закляпалі тры гарматы з шасці.

А потым прыйшла расплата.

З дыму, што, як коўдра, укрываў поле, паказаліся раптоўна конныя і пешыя гурты ў белым. Іх было многа. І наперадзе ішоў чалавек, які трос двухручным мячом. І яны ішлі не спяшаючыся, а над іхнімі галовамі лунаў дзікі і суровы харал:

Пан бог цвярдыня,
Цвярдыня мая,
Узняў ён длань маю.
Як Давiд на Галiяфа —
Узняў.
Вось мой народ,
Як ільвіца, устае.
Пан бог над намi,
З намi ў гневе,
З намі ў гневе
Наш народ.

І раптам яны кінуліся наперад. Гэта была нібы лавіна.

— Святы Юры! Русь! — крыкнуў Ракутовіч, і конь Лаўра шарахнуўся ў бок ад гэтага страшнага голасу.

Яны сутыкнуліся з намі, і нас не выручылі нашы дзіды, абцяжараныя целамі, абсечаныя кароткімі кордамі мужыкоў.

Ракутовіч сек двухручным мячом. І яго атрад не адступаў ад яго. А мы падаваліся задам, захлынаючыся сваёй і чужой крывёю. Падаваліся занадта паспешліва, каб гэта можна было назваць адступленнем.

Хутка за намі, патрапанымі і зраненымі, з трэскам зачыніліся форткі брамы. Я ўцякаў другі раз: першы раз пры Брэйтэнфельдзе3 — я быў тады ў імператарскай арміі, і намі камандаваў Цілі, а супраць нас быў шалёны швед — і тут, ад мужыкоў.

І я не стыдаюся гэтага. Калі б гэтаму варвару даць тых самых утрапёных мужыкоў, але закутых у латы і ўзброеных сталлю, ад яго ўцякаў бы і сам Густаў4. На наша шчасце, у іх былі мяккія шапкі з вяровачным шаломам паўзверх. Гэта ратавала іх ад удару шаблі, але не ад дзіды і свінцу.

А потым пачалося пекла аблогі: лесвіцы, што паўзуць уверх, агнявыя патокі смалы, каменні.

Мы кідалі таксама гліняныя збаны з чалавечым калам. Гэта прыдумаў Кізгайла, і гэта была добрая выдумка, бо я не бачыў людзей больш ахайных, чым русіны. Яны тройчы ў тыдзень мыюцца ў сваёй лазні, змываючы з сябе выпарэнні. А па суботах яны ператвараюць гэта ў свяшчэннадзейства, хвошчуць адзін аднаго венікамі, п’юць ягадныя воды і качаюцца ў снезе. Таму яны заўжды моцныя і здаровыя, і, кажуць, гэта вельмі спрыяе добрым паводзінам у ложку. Аднойчы я паспрабаваў залезці на гэты іхні «палок» і скажу вам, што свінец і агонь, якімі асыпалі нас пры Бургштале паблізу Вольмірштэта, дзе нас упершыню адлупцаваў швед, — дзіцячыя забаўкі ў параўнанні з той лазняй. Я адчуваў сябе, як у пекле.

Але не было выдумкі горш за гэту, бо, скажу я вам, гэтыя людзі надта адчувальныя да абразы. Іх не так абражала унія і зняслаўленыя цэрквы, як тое, што іхніх праваслаўных нябожчыкаў не дазвалялі вывозіць з горада іначай, як праз тую браму, праз якую вывозілі нечыстоты і іншы бруд.

Гэты штурм! Я радаваўся толькі таму, што, як заўсёды падчас бойкі, думаў на мове маёй радзімы. Гэта добра.

Але ўсё адно жахлівей не было нічога. Падалі лесвіцы, а яны лезлі і лезлі, як чэрці, і хутка сеча закіпела на мурах.

Кізгайла, я і мае людзі секліся адчайна, але яны цяснілі нас, а наперадзе іх выў і крыўляўся сівы і маленькі, як кобальд5, чалавечак у рыззі — іхні святы.

І яшчэ бачыў я, як сек двухручным мячом дэман у барвяніцы. Яго скінулі ўніз разам з лесвіцай, але яна зачапілася за рог вежы і спаўзла ўніз, і ніхто, здаецца, не загінуў.

Мужыкі з навакольных вёсак сцякаліся на ўзгоркі і глядзелі на пабоішча, як на бойку ля шынка.

— Зляцелася груганнё, — хрыпеў Кізгайла, гледзячы на іх і з нянавісцю адбіваючыся ад тых, што нападалі.

Потым ён кудысьці знік.

А нас адцяснілі да сцяны глухой Саляной вежы, і тут мы, сорак швейцарцаў, стаялі, ашчацініўшыся зброяй, і рыкалі на абкружаўшых нас ворагаў.

Гэта было ўжо толькі справай гонару, таму што абараняць не было чаго.

Замак быў узяты.

Дзіды абкружалі нас з усіх бакоў, нават зверху, з забрала сцяны. Варта было нам вякнуць — і з нас зрабілі б вожыкаў. Нас засталося сорак. Астатніх забілі альбо ўзялі ў палон. Вачыма, затуманенымі стомай, я ўбачыў, як перад намі з’явіўся Лаўр у светлых латах, у блакітным плашчы, у блакітных саф’янавых чаравіках, усмешлівы, млява-зняможаны, быццам не з сечы, а са спаткання. Ён крыху нагадваў архангела Гаўрыіла, і гэты архангел кінуў нам словы, поўныя лянівай паблажлівасці:

— Кідайце зброю, ці што.

— Не, сынок, — адказаў я, — не ты нам гэтую зброю даў, не табе і загадваць.

— Не строй дурня, бацька, пашкадуй хлопцаў.

І раптам аднекуль з вышыні, з балюстрады, пачуўся безжыццёвы голас:

— Складзі зброю, Канрад, я дазваляю. Ты зрабіў усё, што мог.

Гэта быў голас Кізгайлы. І я ўбачыў пана на балюстрадзе. А за ім стаяў Дамінік з дзідай. І Дамінік кінуў зверху да ног Лаўра ключ і крыкнуў:

— Трымайце. Я замкнуў дзверы ў кутні пакой.

— Які пакой? — узняў бровы Лаўр.

— У той, адкуль падземны лаз.

Я апусціў галаву. Дзіўнае чынілася тут. Гаспадар хацеў уцячы, пакінуўшы нас на ярасць мужыкоў. А схілены ім да каталіцтва мужык, яго апора, не даў яму гэтага зрабіць. І тады я наступіў нагою на свой клінок і зламаў яго, а кавалкі кінуў да Лаўравых ног. Нас абяззброілі. А Кізгайлу, напэўна, разарвалі б на месцы, каб не зарыпелі форткі брамы і не заляскалі ланцугі моста, які апусціўся. Я ўбачыў проста перад сабою дарогу, гурмы людзей па абодва бакі і конніка на белым кані, што ехаў да брамы. Твар яго быў запэцканы сажай, барвяны плашч раздзёрты, але вочы палалі агнём, што ўсяляў жах.

Народ выў. Я бачыў змардаваныя твары, па якіх цяклі слёзы, і іншыя твары, ярасныя. Але і на тыя і на другія было страшна глядзець.

— Раман! Нарог божы! — Роў рабіўся нязносны. — Ратуй! Дай зброю! Рай будуюць на нашым пекле! Ратуй нас! Ратуй!

Я ўбачыў, як некалькі чалавек кінуліся цалаваць сляды капытоў яго каня, і, слова гонару, гэта не было смешна.

А ён крычаў у адказ сваім страшным трубным голасам:

— Праваслаўныя, усё бярыце! Зямля — ваша, хлеб — ваш, вера — ваша! І доўбні — вашы! А гэтым нечасціўцам — меч!

Але нават яго голас заглушыў роў і крыкі «ратуй!». Калі ён мінуў арку брамы і ўехаў у двор — да ног яго каня сталі шпурляць скручаных шляхціцаў, усіх, хто ўцалеў пасля бітвы на мурах.

А народ усё роў, і тут я ўпершыню пачуў, як выгукнулі тое яго імя, якое праз месяц стала крылатым:

— Барвяны ўладар! Барвяны ваяўнік!

Конь мерна ступаў паміж целамі, і капыты звонка білі аб камень. Белы конь з залацістымі вачыма. А гэты сядзеў на ім як уліты. Бачыў я грыву непаслухмяных і бліскучых попельных валасоў, што адлівалі золатам, ёмісты чэрап з вялікім ілбом, цвёрда сціснуты вялікі рот, жорсткія жаўлакі на шчоках, прамы і крыху кірпаты нос.

Аблічча, што наганяе жах. Але жахлівей за ўсё былі вочы, незразумелыя па колеру, то шэрыя, то сталёвыя. То залацістае ў ім прамільгне, то нават трохі зялёнае, раз’юшанае. Доўгія, светлыя, незразумелыя вочы.

І гэта галава была закінутая назад, бы ў нязмернай гардыні, а жылістая рука ўладна сціскала павады. І конь адчуваў гэтую руку і ішоў палухмяна, дрыжучы кожнай жылкай, касавурачы шалёным вокам і стрыгучы вушамі.

Потым я даведаўся, што такая пасадка галавы ад нараджэння, а позiрк ад неастылага яшчэ ап’янення бiтвай, але тады ён здаўся мне такiм жахлiвым, што я жахнуўся за кожнага, кiнутага да яго ног.

Конь стаў пасярод распластаных цел. А ён сядзеў і глядзеў на мяне.

— Найміт, — усміхнуўся ён. — Але ты добра біўся. Развяжыце іх.

Народ кінуўся выконваць яго загад.

— Хочаш служыць мне?

— Не, пане.

— Называй па iменi.

— Не, Раман.

— Правільна, сорам ад аднаго гаспадара адразу пераходзіць да пераможцы. Ты эшчэ не да канца запрадаў душу. Вось табе загад: вартуй пакоі…

І ўзвысіў голас:

— Рабунку не будзе, людзі. Лаўр, падлічы хлеб, срэбра, худобу. Падзялі на дзве паловы. Адну няхай бяруць мужыкі і раздзеляць па беднасці. Ад другой паловы трэцюю частку — на зброю і харч, а дзве трэці — падзяліць паміж сем’ямі тых, хто браў замак. Па храбрасці. І не забудзь тых, што загінулі ля фальшывых лесвіц.

Змоўк на імгненне.

— А замак не ўзрывай. Ён нам яшчэ можа спатрэбіцца.

Народ адказаў радасным ровам. Паляцелі ўгору магеркі і ваўчыныя шапкі.

— А з гэтымі што рабіць, Раман? — спытаў мужык з рацішчам.

— Шляхта, — быццам упершыню заўважыўшы, сказаў ваяўнік. — Паглядзіце, што ў іх на шыі. З праваслаўным крыжам — пакіньце заложнікамі. У каго рымскі агнусек6

Ён замяўся:

— Хай мужыкі і сярод праваслаўных, і сярод католікаў адшукаюць злых. Аддаю іх у вашы рукі. Добрых — пусціце на ўсе чатыры вятры і адбярыце слова не чыніць шкоды. Няхай крыж цалуюць. Астатніх — у заложнікі.

Пачалася сумятня. Хутка меншую частку палонных павялі за браму — далей ад граху. Засталося чалавек сорак, і сярод іх Крот.

— Пастаўце на калені, — сказаў Ракутовіч, — няхай і яны на мужыкоў знізу паглядзяць.

Крот супраціўляўся як мог. Твар яго быў наліты крывёй і, калі выбарнага ўсё ж паставілі на калені, стаў жахлівым.

— Сволач, прадажнік, блакітнай крыві здрадзіў! Ну, трымайся, Раман! Забыў, хто ў краіне станавы хрыбет? Нобілі, баярства, дваране! Яны табе даруюць, думаеш?

— Ваша дараванне — сабаку пад хвост, — загрымеў Ракутовіч. — Мужык — станавы хрыбет усяму. А вы яго ў пекла ўвергнулі.

Крот выгінаўся ў дужых руках, спрабуючы ўстаць. Ён ужо не крычаў, а хрыпеў:

— Юда! Ці не мужыцкая зязюля пабывала ў тваім гняздзе? Юда!

На лбе Ракутовіча набракла жыла. І такога голасу я таксама яшчэ ніколі не чуў. Ціхі, ён узняўся на канец да трубнага:

— Аспід. Васіліск. Выпоўзіна змяіная. Ты ці многа разумееш у гонары? Ваш гонар у Варшаве Жыгімонту пяткі лізаў. Ваш гонар адзінаверцаў маскоўскіх пад Воршай разграміў і пакуты ім чыніў смяротныя. Ваш гонар сваіх беларусцаў на прэнг вешае. Да чаго вы народ русінскі, божы народ, давялі ў подласці сваёй? Дзеў на чужацкі ложак шпурнулі. Краіну ўсю! Слёзы яе вам сэрца не абцяжарваюць?! Веру змянілі, хрыстапрадаўцы! Народ прадалі, гандляры! Сваімі рукамі пятлю на яго звілі ды самі і надзелі. Ва ўніжэнні, ва ўціску ён небу вапіе, а вы лікуеце!

І захрыпеў горлам:

— Я дваран здрадзіў, а ты здрадзіў край. Мне гарэць, а табе пакі. Ды мне, можа, яшчэ і даруе пан бог, бачачы, што скроні ў мяне ад мучэнняў сівеюць. А табе — няма літасці.

— Ды не бядуй ты так, — жаласна сказаў мужык. — Кажы, што рабіць з імі, ды і канцы.

— Твая праўда, — сказац Раман, — вядзіце іх за муры. Пад корань!

Натоўп закіпеў, цягнучы пад арку палонных. Цішу прарэзаў чыйсьці немы лямант. Потым усё сціхла.

Сціхла таму, што пад арку з-за муроў ішло павольнае і маўклівае шэсце. На плячах мужыкоў плылі насілы з вялізным каржакаватым целам Пятра.

Распасцёрты на іх, велічэзны, з закінутым падбароддзем і раскіданымі валасамі, ён павольна плыў нагамі ўперад. Латаў на ім не было. Чорна-зялёны плашч прыкрываў калені, што тырчалі ўгару.

Знялі шапкі. Раман прыдушаным голасам спытаў:

— Панцыр дзе?

— Знялі, бацька.

— Правільна. Жывому жывое. У нас мала.

Пад’ехаў да насіл, схіліўся:

— Прабач, брат. Не ўбярог я цябе. А ты — спі. Усім спаць… Многім — скора.

І, падняўшы галаву, абвёў шляхту вачыма, пасвятлелымі і жорсткімі. Потым слізгануў позіркам па шасцёх чалавеках у шэрых расах, што смірна стаялі каля сцяны, узняўшы вочы ўгору. Поруч з імі стаяў служка з біклагай ля пояса.

— І вы тут? Прыпаўзлі, гaды. Доўга ж вам дазваляе бог сваім імем празывацца.

Калі ён пацалаваў нябожчыка ў лоб, я ўбачыў, як дрыжалі яго вусны.

— Падлу цалуе, — выразна даляцеў голас з натоўпу дваран. — Сам скора падлай будзеш.

Ракутовіч узняў галаву, агледзеў стракаты ад парчы натоўп.

— Плахі сюды, — свісцячым шэптам сказў ён і раптам выбухнуў: — Плахі!!! Спявай памінальную, поп! І вы, шэрыя расы, спявайце. На сваёй д’ябальскай гаворцы.

Іякінф заспяваў. Да неба панесліся гукі памінальнай абедні. А ад сцяны ціхмана і здаўлена загучалі іншыя гукі, нязладжаныя басы:

— Dies irae, dies illa, dies magna et amara valde7.

Мужыкі прыцягнулі ўжо тры сасновыя калоды і кінулі іх перад капытамі белага каня. Але Ракутовіч раптам апусціў галаву.

— Добра, — сказаў ён, — не трэба плах. Не нам пэцкаць сякераю рукi. Гэтая сволач не храбрэйшая за жанчын: Вазьмiце iх, мужыкi.

Дваран пацягнулі далей пад арку. Большасць маўчала, разумеючы, што пажынае свой пасеў.

— А гэтага куды? — спытаў пастух у ваўчынай шапцы, паказваючы на Кізгайлу, якога ўжо звялі з балюстрады.

— Гэтага не чапай.

— Дай мне яго забіць, — сказаў пастух, — з-за яго ў мяне брата павесілі.

— Ведай сваё месца, Іван, — суха сказаў Ракутовіч, — гэта мой вораг, не твой.

Два ворагі глядзелі адзін на аднаго. І ў аднаго не было ў вачах боязі, а ў другога — злосці. Кізгайла стаяў, прыняўшы самавітую паставу, разумеючы, што яго ўжо нішто не ўратуе.

— Ну вось, — сказаў Раман, — ты думаў, я не дабяруся да цябе, Кізгайла? А я тут, і я разграміў тваё гняздо.

Адзін вецер бязважна гуляў каштанавымі валасамі Кізгайлы і грывай Ракутовіча, Кізгайла дыхаў гэтым ветрам і адказаў не адразу:

— Чаму ты не выклікаў і не забіў мяне тады?

— Вас усіх трэба пад корань — вось што я падумаў тады… Дзе Ірына?

— Ты не знойдзеш яе, Раман. Яна цябе ніколі, ніколі на пабачыць. Родам панскім на зямлі клянуся. Я адправіў яе далёка, куды ты не дастанеш.

— Я дастану… Як да цябе дастаў.

— Ты і без гэтага пакараў мяне, — на твары Кізгайлы я ўбачыў тую самую маску, што ўначы, калі Ірына кідала яму праклёны. — Дык забівай ужо да канца. — Усміхнуўся: — Толькі для мяне трох плах зашмат, Рамане. Усіх трох крывёю аднаго не напоіш.

— Я не буду сячы табе галавы. Я проста зраблю тое, чаго не зрабіў тады. Прымай выклік. Лаўр, дай яму каня.

Вочы Кізгайлы загарэліся:

— А калі я цябе звалю?

— Тады ты будзеш вольны. З жонкаю. Чуеце, мужыкі?! Я слова даю.

Кізгайла кінуўся да гнядога каня, якога падвёў яму Лаўр, коршакам узляцеў у сядло.

— Ну, тады трымайся, Ракутовіч! Я табе за дваранскую ганьбу адплачу. Шаблю мне!

— І мне шаблю. Горшую. Каб не выхваляўся потым.

— Мужыкі, — загарланіў Лаўр, трасучы хваляй валасоў, — а ну, лезь куды вышай. Ачышчай месца.

Народ з гаманой і смехам палез на балюстраду, на лесвіцы, на забрала. Адусюль глядзелі зверавата-лагодныя вусатыя морды.

Коней развялi па кутах двара. Кiзгайла, прыгнуўшы галаву, шнарыў вачыма па постацi ворага. Ракутовiч спакойна чакаў.

— Давай, — махнуў рукою Лаўр.

Цішу раздзёр звонкі пошчак капытоў. Ворагі рынуліся адзін на аднаго, сутыкнуліся, скрыжавалі сталь.

Дзве блакітныя палосы затрапяталі ў паветры.

Секлі, выварочваліся з-пад удараў, з запалам хакалі пры кожным удары.

— Трымайся, Рамане, — з экстазам выў Кізгайла, выскаляючы зубы.

— І ты трымайся, — з прытоенай нянавісцю адказаў Раман.

— Блакітную кроў спахабіў.

— Людажэр. Напіўся дзявочых слёз. Вось табе…

Звон зброі аддаваўся ў мурах і запаўняў увесь двор, як на бяседзе ў таго грэцкага прахвоста, калі даводзілася ганяць птушак.

Раман ужо два разы зачапіў Кізгайлу. Абодва разы мы выразна пачулі трэск лат. Нарэшце Кізгайла злаўчыўся і рассек на Ракутовічу шалом. Рана была, напэўна, неглыбокая, але струменьчык крыві прасачыўся праз падшаломнік і павольна папоўз цераз правае брыво Рамана, закапаў на жалеза нагрудніка.

— Вось табе першая метка, — зарагатаў Кізгайла, — выкласці б цябе, сукінага сына.

І тут Раман, сціснуўшы зубы, кароткім і моцным ударам адбіў правую руку Кізгайлы ўбок.

Яго шабля занеслася і бліскавічна слізганула ўніз.

Мы пачулі Раманаў крык:

— За Ірыну табе, ваўкарэз.

Раздаўся глухі ўдар. Цела Кізгайлы хіснулася ўбок, потым павольна перавярнулася ў паветры і ўдарылася спіной аб пліты.

Шабля вылецела з непаслухмянай рукі і, звонячы, заскакала на каменнях.

Чырвоны, разгарачаны, з валасамі, якія зліпліся на лбе, высіўся над забітым Раман. І я не заўважыў на яго твары радасці, звычайнай для пераможцы. Ён працягнуў руку і здзічэлым хрыплым голасам кінуў адно слова:

— Піць.

Служка, што стаяў побач з шэрымі манахамі, спешна сарваў з пояса біклагу і, усміхаючыся ліслівай і жалкай усмешкай, стаў наліваць з яе віно ў вялікую срэбную чару, якую дастаў з-за пазухі. Потым трушком падбег да Ракутовіча.

Рука Рамана імпэтна схапіла чару.

І тут Лаўр зноў здзівіў мяне. Яго скуласты прыгожы твар стаў раптам грубаваты і халодны. Ён паклаў руку на локаць Ракутовіча:

— Не пі, гаспадар.

— Гэта чаму? — Раман здзiўлена глядзеў у шэрыя доўгiя вочы хлопца.

А ён ужо перавёў упарты позірк на аднаго з манахаў. У таго былі таксама шэрыя халодныя вочы, толькі пад вялікімі верхнімі павекамі, і ён спакойна вытрымаў позірк Лаўра.

— Хлопчык непакоіцца, — з халоднай кплівай усмешкай сказаў езуіт. — Ну што, дайце віно мне. Вып’ю я. Яно такое ж чыстае, як кроў Хрыстова.

— Дурная галава, — з грубаватай пяшчотай працягнуў Раман, — хто ж гэта скурай рызыкаваць будзе? Кеміць трэба.

— Дайце. Дайце мне, — спакойна сказаў езуіт.

— Ну не. Ты не працаваў, табе потым, — і Раман пацягнуўся да віна.

— І ўсё ж не пі, — упарта сказаў Лаўр.

Вочы яго з-пад доўгіх, як стрэлы, вей глядзелі падазрона і пільна.

— Глупства.

— А я кажу — не пі!

І ўзмахам рукі выбіў чару з рук Ракутовіча. Пунсовы, як кроў, цурок слізгануў па беласнежнай скуры каня. Бразнула чара. Расплылася па каменнях чырвоная лужынка.

— Ну і дам я табе зараз лупцоўку, — сказаў Раман.

— І дай. А іхняе віно ўсё адно няможна піць. Ніколі.

— Хлапчыска дурны.

У гэты час вялікая белая хортая Кізгайлы, цемнавокая і дрыжачая, як спружына, пацягнулася падціснутым жыватом, падышла, стукаючы кіпцямі, да конніка і, соладка прыжмурыўшыся, лізнула лужынку языком. Потым лягла, паклала доўгі шчыпец на складзеныя крыжыкам лапы і зажмурылася, уздрыгваючы бровамі.

— Бачыў, — хітнуў галавою Раман, — у пса разумення болей.

Лаўр усё глядзеў на езуіта. Потым падышоў да хортай і штурхнуў яе нагою. Яна бязвольна, як ватная, асунулася набок.

— Бачыў, — перадражніў Лаўр. — У пса разумення болей. Столькі, колькі ў цябе, бацька.

Ракутовіч не звярнуў увагі на дзёрзкасць. Ён глядеў на жывёліну, вокамгненна забітую ядам. Потым перавёў позірк на езуітаў:

— Што ж вы, панотцы, маруднага яду не ўзялі? Каб праз тыдзень забіў. Не знайшлося? Каб ведалі — прыгатавалі б?

Веі-стрэлы Лаўра сярдзіта дрыжалі. Ён, надзьмуўшыся, глядзеў на манахаў. А езуіт усміхнуўся і па-ранейшаму спакойна адказаў:

— Так, трошкі сарвалася. Не пашанцавала збавіць гэты няшчасны край ад лішняй смуты. Але цябе нішто не зберажэ, Раман. Пры жаданні і ў яйка можна пакласці адплату.

І ўсмешка яго была разумнай, з’едліва-хітрай і чымсьці нават прыгожай.

І Раман паглядзеў на яго таксама з усмешкай, якая, аднак, адразу знікла.

— Маладзец.

Я не разумеў, чым можа скончыцца гэтая сцэна, але ў гэты час Дамінік падвёў да ног Раманавага каня пані Любку і капуцына Фелікса.

— Канчай і гэтых адразу, бацька, — змрочна сказаў ён.

— З бабамi не ваюю, — кiнуў Раман.

Любка глядзела на яго нейкім незнаёмым мне шырока адкрытым позіркам.

— А гэты? — сказаў Дамінік, падштурхоўваючы Фелікса.

— А што гэты? — іранічна спытаў Ракутовіч.

— Ты што ж, гаспадар, не бачыш, хто гэта?

— Бачу. Ціхі п’яніца.

Іякінф кінуўся да сабутэльніка і замітусіўся вакол яго. З рук Фелікса ўпалі вяроўкі, і капуцын шырока ўсміхнуўся.

— Ну вось, ну вось, — задыхаючыся, сказаў Іякінф, — літуй мя, божа, ды і на алтар твой цяльцы.

А Раман, ужо не звяртаючы на іх увагі, павярнуўся да Лаўра:

— Ты даруй мне мой грэх.

І паказаў рукою на езуітаў:

— Бяры іх, Лаўр. Ваўка не заўсёды забіваюць, але змяі раструшчваюць галаву заўсёды.

Цвёрда і сурова кінуў:

— На зубцы.

  1. Рагаціны.
  2. Карбач — кароткі бізун.
  3. Месца бітвы ў германа-шведскай вайне.
  4. Густаў-Адальф — шведскі кароль.
  5. Дух лясоў у германскай міфалогіі.
  6. Агнец божы; каталіцкі нашыйны знак.
  7. Дзень гневу, дзень слёз, дзень велічы і горычы.
Яндекс.Метрика