Цыганскі кароль — Частка I

Палявыя гваздзікі пахлі ваніллю, як святочны пірог. Міхал Яноўскі ўздыхнуў, зрабіўшы такое адкрыццё, бо любіў хатнія пірагі, а ўжо два дні, як еў хлеб з халодным мясам і не ведаў, ці давядзецца яму яшчэ калі-небудзь пакаштаваць цудоўных праглаў і перапечак. Нават печка, дзе іх звычайна пяклі, больш не належала яму. Яноўшчыну разрабавалі, загонавая шляхта Ваўчанецкага зжэрла ўсё, аж да зялёных, цвёрдых, як палка, груш, а сам ён, Яноўскі, — злачынец, якога, напэўна, шукаюць. Трэба хутчэй ехаць да незнаёмага дзядзькі па маці Якуба Знамяроўскага. Ён, кажуць, моцны чалавек, не пабаіцца Ваўчанецкага, ён абароніць. Дзядзька павінен сустрэць яго ветліва, паспачуваць, а там — хто ведае — можа, адбярэ ў Ваўчанецкага запаскуджаную Яноўшчыну і зганьбаваныя магілы продкаў. Ён гэта зробіць! Ён сіла, а сіла — усё на зямлі.

Цікава толькі, чаму сустрэчныя ў адказ на запытанні Міхала стрымана ўсміхаюцца (Ого! Паспрабавалі б яны ўсміхнуцца нахабна!) і кажуць:

— А-а, цыганскі кароль. Вам трэба па гэтай дарозе, пане.

Па маладосці год і легкадумнасці Міхал не звяртаў увагі на «важлівыя дробязі», і ўсё яму было хоць бы што. У сіле ён звыкнуў бачыць дабрадзейнасць, хоць скончыў школу пры калегіуме і павінен быў ведаць на прыкладах з Катула, што не заўжды дабрачынны Цэзар і што курульнае1 крэсла часта займае вадзянка. Бацька, чалавек, настроены па-старасвецку, таксама выбіваў з яго такія думкі цытатамі з Сымона Буднага. Гэта не дапамагала. Свет быў няўстойлівы, моцныя пагражалі адусюль, кароль не мог абараніць, схізматаў не крыўдзіў толькі лянотны. Катул быў паганец, а Буднага яшчэ дзвесце год назад абвінавацілі ў амярзіцельнай швейцарскай ерасі, і таму ён не меў рацыі. Сіла, і толькі сіла!

Ён не ведаў яшчэ, чым канчае кожная грубая сіла, і таму амаль весела падганяў каня ў напрамку да Знамяроўшчыны. Надзея калыхала яго.

Як добра, як прамудра ўсё на божым свеце!

Каля самай дарогі стаяў нацэлены кудысьці аглоблямі воз без каня. Абады колаў былі збітыя, і воз стаяў як быццам на чатырох сонцах, бо спіцы нагадвалі праменні.

Каля воза хадзіў, скрабучы патыліцу, чорны кучаравы чалавек. Срэбная, паўмесяцам, завушніца. Вопратка, як з сабачага вяселля. Цыган.

— Што гэта ты робіш, чалавеча?

— Рапарую воз. Да заўтра пасяджу.

— А потым?

— А потым павязу на сабе дадому. — Цыган павярнуў да Яноўскага нядобры чарнабровы твар.

— Што ж гэта ты так… забаўляешся? — іранічна спытаў Яноўскі.

Цыган пакалупаў пальцам у цыбуку і раптам выбухнуў:

— Конь, бачыце, яму спадабаўся. Даём яму ад кожнага здабытага дзесятка аднаго каня. Ад катлоў таксама… Па закону… Мала. Я спрачаўся. Ну і вось. Гэта ж ганьба цыгану так цяжка працаваць за сваю ж маетнасць. Абады з колаў пазбівалі… Каб яго везлі на такіх колах, калі ён атрымае па заслугах рану ў жывот: са спіцы на спіцу, з байрака на байрак.

— Хто гэта? — спытаў непаразумела Міхал.

— Хто?! Знамяроўскі! Кароль наш, каб яму кадук… Я казаў: жывіце вольна, роме. Не, пасадзілі на сваю галаву шляхцюка. Ён быў голы як бізун, а цяпер ён кароль. Дзівуйцеся на цыганскую дурасць: першы раз такое дзіва бачыце… Каровін праснак!

Яноўскі слухаў, здзіўляючыся з бясконцых перыядаў, аж пакуль не абрыдла. Уласна кажучы, варта было правучыць нахабніка за непачцівыя словы пра шляхту, але цыган так гаротна і тужліва стагнаў, што Міхалу стала шкада яго.

І ён паехаў далей на сваёй шкапе, якая бразгала напалову адарванай падковай.

Шлях збочыў ад пушчы. Ля рачулкі, пад дубамі, паказаліся шатры — нешта каля сотні, — агні каля іх, зграбныя постаці цыганак і куцапыя — цыганоў. Чуліся крыкі дзяцей, стук молата па кавадле, брэх сабак.

Дзесяткі два гэтых сабак, жоўтых, са стаячымі вушамі, абкружылі конніка з відавочным намерам зжэрці. Гледзячы на іх рэбры і чырвоныя зяпы, Яноўскі падумаў, што гэта можа здарыцца, але ад вогнішча наблізілася чацвёра цыганоў. Сабак адагналі. Чорныя, як д’яблы, худыя, у калматых кажушках, з чырвонымі павязкамі вакол галавы, з ражнамі ў руках, цыганы вельмі нагадвалі разбойнікаў.

— Куды едзеш, бацю? — спытаў паважны, прыкметна сівы цыган.

— Прапусці, — замест адказу з гонарам сказаў Яноўскі. — Я беларускі шляхціц.

Гэта гучала, як «не руш мяне, я рымскі грамадзянін».

Цыган павольна агледзеў Яноўскага ад высокіх кабцяў, пацёртых ля стрэмяў, ад скураных нагавіц, пацямнелых ад конскага поту, і аж да звычайнай, зусім не панскай магеркі з абламаным пяром. Пасля плюнуў на зямлю і спаважна паказаў Міхалу на слуп, ля якога яны стаялі. Слуп быў упрыгожаны дошкай з сілуэтам каня з надпісам:

Знамяроўскае каралеўства, бог хай літуе яго. Душ русінскіх два ста, егіпецкага племя — ад зямлі ўсёй весі. Халупы. Жыдзішкі, Чэрнеў брод. Пры іх зямля ворная і пасавіска. Урочышчы Альховы востраў і Княгініна, а таксама тэж балота Недабыліха. Не торкайся з табунамі, калі гонар беражэш і не хочаш на смерць прыправіцца.

Яноўскі прачытаў варварскі надпіс, і ў яго пачала пацепвацца шчака.

— Я не з табунамі? — спытаў ён з жудасным спакоем.

Цыган у адказ пачухаў грудзі пад кажухом.

— Вяртайся, бацю, або давай грошы за праезд крэса. Тут табе не задрыпанца якога зямля, а яго крулеўскае мосці пана Якуба Знамяроўскага з Ліды. Наша, цыганскае, царства! Калі грошай няма, дык прызнавай яго за караля, злазь са сваёй спірэпы і шыбуй пешака да палаца. Не — атрымай дубцы і гэн хоць да д’ябла! Дзевяць год мы тут гаспадары, прывілею зацвердзіў кароль польскі, хоць мы ім платы падпіраць можам, калі захочам.

— Я табе паразмаўляю, цыганская храпа! — Яноўскі выцягнуў шаблю, хоць добра бачыў, што ражны ў цыганоў даўжэйшыя.

Цыган у адказ флегматычна сунуў амаль пад нос конніку кулак, падобны на валасаты гарбуз, і… атрымаў плазам удар па галаве.

— На калені, хлопы!!!

У той самы момант яго атакавалі. Ён закруціўся, адмахваючыся шабляй і атрымліваючы адчувальныя штуршкі ражноў. Адзін з нападаючых спрытным ударам ражна па падкаленных жылах каню прымусіў жывёліну спатыкнуцца. Яноўскі прыпомніў, што цыганы мастакі адным такім ударам зваліць быка, які імчыць «на поўны намёт», і таму, не чакаючы ганебнага фіналу, сцёбнуў каня карбачом пад пах і так пусціўся дарогаю, што толькі пыл закурэў.

Каня ўдалося стрымаць толькі тады, калі за павароткаю дарогі ўстаў ва ўсёй прыгажосці «стальны град» цыганскага каралеўства. Злева была рэчка, справа, з-за далёкіх узгоркаў, выглядалі стрэхі вёскі, а паміж ракою і вёскай, бліжэй да ракі, размясціўся «град». З трох бакоў абкружаў яго ці то вельмі запаскуджаны і запушчаны сад, ці то ліставы лес, сярод якога сям-там узнімаліся ў неба чорна-зялёныя конусы ялін. З чацвёртага боку быў выган з атрутна-зялёнай травой і мноствам каровіных праснакоў. Дарога, па якой ехаў Яноўскі, ішла выганам і пераходзіла бліжэй да «града» ў змрочную і вільготную, як нара, алею з пакручаных, хворых ад вільгаці, нізкарослых ялін, алешніку, абламаных кустоў туі, карычкі і хмелю, які буйна абкручваў усё гэта багацце. Нізкія берагі, мярзота пустэчы вакол, глухая крапіва, няўцешны выган.

Ды і палац стаў перад Міхалам ва ўсёй сваёй несамавітай галізне. У той сваёй часціне, што была бліжэй да рэчкі, гэта былі астанкі нейкага храма. Без званіцы, падобны на княжацкі старадаўні саркафаг, храм гэты быў пабудаваны з плоскіх каменных плітак, і на франтоне ледзь выступалі збітыя літары «Anno Domini 1550». І тут была пустэча, толькі вітражы ў вокнах блішчалі ўмыта і радасна пад праменнямі нізкага вячэрняга сонца. Будынак, як бачна, адыгрываў ролю камяніцы («Што гэта за магнат, калі поруч з новым замкам няма старой вежы? Яны-то, праўда, не дапамагаюць, але ж гонар»).

З камяніцы цягнулася над пушчай з лопухаў і здзічэлых жоўтых вяргінь «галдарэя» да астатняй часткі палаца.

Гэта была вялізная драўляная хата, складзеная не з бярвенняў, а з чатырохгранных дубовых брусоў. Шалёўка збераглася толькі сям-там, але магутна падтрымлівалі сцены бэлькі, пакладзеныя крыж-накрыж. Дах з пачарнелага дору, галерэя вакол хаты на драўляных слупках. Акенцы малюсенькія, затое ганак на каменных калонах раскошны, хоць і самому каралю сядзець. Ад камяніцы падаў шэры адбітак на хату, сад, на ўсё вакол.

Каля ганка, поруч з пазелянелай гарматай, спаў вартаўнік, адклаўшы ўбок павязку з пер’ямі, голым жыватом да зямлі. У валасах вартаўніка была салома.

Яноўскі спешыўся і крануў яго нагою пад рэбры. Пасля трэцяй спробы вартаўнік ачмурэла ўскочыў, схапіў тлеўшы ў збане фіціль… і як пярун гахнуў над палацам. Грукаючы, пакацілася кудысьці рэха, чорнай хмарай зляцелі з дрэў вароны. У доме пачаўся сапраўдны «аларм» — мітусяніна, крыкі.

І тут адбылося такое, што ў Яноўскага вочы палезлі на лоб.

Зарыпелі дзверы, і на ганак выплыў, як павіч, чалавек у звычайным, але празмерна яркім уборы паюка: залатым цюрбанам з пяром, шаўковым жупане — на голае цела, з яркім шалем замест пояса.

Чалавек узнёс жазло і абвясціў:

— Літасцю бога кароль Якуб Першы. Кароль цыганскі, вялікі намеснік Ліды, уладар Мацыевіцкі і Беларускі, гаспадар усіх мясцін, дзе ступаў капыт цыганскага каня, гаспадар егіпцян беларускіх, падляшскіх, абедзвюх Украін і Егіпта, Якуб — кароль. На калені!

За спіною ў Яноўскага заспявала труба. Трубіў надоешні сонны вартаўнік.

А цырымоніймайстар цягнуў далей:

— Сіла і моц, апора бога, уладар вандроўных сцежак і аброці, за ўсё вышэй — шляхціц!

Зноў заспявала труба. У трубача вісела пад носам вялізная кропля і вочы былі чырвоныя, як у трусіка.

Не паспеў ён скончыць, як у дзвярах з’явіўся чалавек, які аніяк не мог быць уладаром вандроўных сцежак, бо насіў манашую расу. У чалавека была голая галава, патройны падбародак і валасатыя рукі. Яго не паспелі затрымаць, і ён, хістаючыся на нагах, раўнуў:

— Пудзіла першы, гарлачагаловы, рызмананосны, цар белай рэпы, вялікіх і малых гуркоў, вераб’інае пасмешышча і вышэй за ўсё — дурань.

І з размаху, як дзіця сеў задам на падлогу.

— Дзень добры!

Гайдукі схапілі яго за рукі, але ён, упіраючыся, крычаў на ўсё горла:

— Ізыдзіце, грэшнікі! Пакаянне накладу. Блукаеце самі, акі сабакі, шлях свой згубіўшы, пастыраў ганьбіце. Акі Елісей, мядзведзіц на вас напушчу, патрушчу вас аслінай сківіцай!

Елісея гайдукі спалохаліся. А чалавек шчасна спяваў, седзячы на ганку:

Як была я малада.

Як была я нежна…

І адразу з гэтым, цалкам лагічна:

Хоць з мядзведзем у бярлог,

Абы не ў бацькі………………….

За гэтым відовішчам Міхал не заўважыў, што ў дзвярах ужо стаяў сам кароль, заспаны, азызлы, і моцна соп носам. На ім была кашуля да пупа, і на галаве срэбны абруч. Якуб нагадваў Апалона, калі богу было пад сорак год і ён густа зарос дрымучымі валасамі.

Ніводнай сівінкі ў патлах, нізкі лоб, шырокія грудзі, доўгія магутныя рукі, караткаватыя для тулава ногі, што моцна стаялі на зямлі. І твар гэты быў вельмі азызлы ў шчоках.

— Ты хто такі?

— Ізыдзі, сатана! — раптам залямантаваў манах. — Няўдобанасімы ты кураед, мясаед, яйкаед!

— Замаўчы, мітрапаліт, — сказаў кароль. — Адцягніце яго куды ў адпаведнае сану месца.

Гайдукі падхапілі манаха і пацягнулі, але ён яшчэ некаторы час упіраўся, напінаўся і пры гэтым роў, пляваўся і вытвараў усякія іншыя дзеянні.

— Ты хто такі? — уладна спытаў Знамяроўскі.

І тут Яноўскі, нечакана для сябе, нізка пакланіўся і сказаў:

— Паслом да цябе, вялікі кароль.

Знамяроўскі ані словам не выявіў здзіўлення.

— Ад каго?

— Ад роду Яноўскіх… Дзядзечка, гэта я , ваш пляменнік, сын вашай траюраднай сястры.

— Гм… яе звалі, здаецца, Ганнай?

— Алёнай, вялікі кароль.

— Так-так, ну да, ну да. Каралі павінны мець добрую памяць, гэта іх дабрачыннасць. Ганна, Алёна — усё адзіна. Чаго ты тут?

— Здарылася жахлівае, вялікі гаспадар. Падступны замах на маетнасць і шляхецкі гонар вашай сястры. Ведаю, што кароль дапаможа, і звяртаюся да вашай літасці.

Знамяроўскаму такая сітуацыя, здаецца, спадабалася.

— Што ж здарылася?.. Э-э… мой малады і неабазнаны друг.

Яноўскі ўпаў на адно калена. З гарачым благаннем у голасе кінуў:

— Сусед наш, Ваўчанецкі, нечакана напаў на наш маёнтак. Мы спалі, у нас было толькі тры гайдукі, не як у вашай літасці. Ён выгнаў нас.

Знамяроўскі пагардліва ўсміхнуўся:

— Чаго ж вы пайшлі?

— У нас не было сілы. Ён спаіў сяброў нашых, і яны не абаранілі нас. Калі нас выгналі, я ўдарыў нахабнага драпежніка нажом.

— Ого, — пажвавеў Знамяроўскі, — мая кроў! Пазнаю! Тыгра! Добра, што нажом, а не сумленнай шабляй. Чаго ж ты просіш?

Яноўскі вырашыў прасіць больш. Тады, можа, дадуць хоць частку.

— Да ног прыпадаю сваяку, якім ганарымся! Да ног каралеўскай крыві! Прашу пакараць захопніка, вярнуць Яноўшчыну. Пасля мы ў братнім падначаленні вашым хочам быць.

Знамяроўскі пачухаў патыліцу, паглядзеў на прыгожага юнака з падвітымі валасамі і буркнуў:

— Добра. Каралі павінны дапамагаць сваякам. Клікну цыганскае рушэнне, і калі будзе маё жаданне, магчыма, і ашчасліўлю цябе, мой бедны, але мужны сваяк. Толькі маёнтак твой… Прыпішаш яго назву да маіх тытулаў. Пажыві, пакуль тое, месяц-другі.

— Дзядзечка, вялікі кароль, — пачаў маліць «пасол», — мае бедныя бацькі памруць з гора.

— Ну! — раптам грозна, але ціха сказаў Знамяроўскі. — Ты робак2 ля ног маіх. Жыві і прасякайся ўсведамленнем маёй велічы. А пасля паглядзім. І не лямантуй, падобна як шакал і стравус… Ад майго настрою залежыць свет, а ты хто?.. Адпачывай. Пазнаёмся з маім мітрапалітам. Ён годны чалавек і калісьці ахрысціць усіх тваіх язычнікаў. Уласна кажучы, маім дбаннем гэтыя карычневыя д’яблы ўжо ахрышчаны, але сапраўднае схіленне да веры дзядоў закладваецца, бо мітрапаліт мае частыя спатканні з зялёным зміем.

— Добра, — дрыжачым ад крыўды голасам сказаў Яноўскі.

Яму хацелася секануць шабляй гэтага вар’ята, але куды пойдзеш потым, што рабіць самотнаму і слабаму на гэтай грэшнай апалячанай беларускай зямлі?

А Знамяроўскі ўжо дабрадушна ўсміхнуўся:

— Ну-ну. Можа, заўтра ў паход пойдзем, можа, годам пазней, а можа, і ўсё жыццё тут праседзіш, і я табе ў спадчыну каралеўства пакіну, бо я яшчэ ў дзяўкох. Мая свентая воля. Я — кароль. Хачу — плюю, хачу — голым шпацырую, вось, як цяпер.

— Дзякуй вам, ваша вялікасць, — ціха адказаў Яноўскі, — Хай будзе так.

І тады кароль яшчэ раз павысіў голас, звярнуўшыся да слуг:

— Бачыце, як далёка дайшла слава мая, вялікага караля цыганскага. Дастаўныя мы на свеце ўсім, адусюль прыбягаюць пад нашу руку, бо моцныя мы больш, ніж кароль, і бог за нас. І хто памышленне займее парушыць святую манархію нашу, таго сакрушу, знішчу, на каленях прымушу маліць літасці. Вось яна, шыбеніца!

І кароткі палец караля торкнуў у бок гэтай няхітрай прылады ля камяніцы.

— Ідзі пакуль што з маім лейб-медыкусам, — сказаў кароль Яноўскаму. — А пасля мой сейм (бо мы кароль добры і памяркоўны) адобрыць мой вырак.

Ён затупаў быў валасатымі нагамі да дзвярэй, пасля павярнуўся да медыка:

— Паглядзі яго каня, ці не завёз ён у маю дзяржаву з мэтай падрыву яе дабрабыту конскай хваробы.

Гайдукі ўзнялі ў неба стрэльбы і, калі кароль знік за парогам, далі залп. Вароны зноў сарваліся з камяніцы і, непаразумела каркаючы, памчаліся кудысць.

Лейб-медыкус павёў Яноўскага ў маленькі флігель за домам, які тануў у лопухах. Амаль адразу ля стаўка прагучаў стрэл.

— Што гэта? — таргануўся Яноўскі.

— Пужаюць жаб, каб ліхадзейскім кумканнем сваім не перашкаджалі спаць іх каралеўскай мосці, — з’едліва сказаў медык.

Яноўскаму здавалася, што ён трызніць. І таму ён толькі тады разгледзеў медыкуса, калі яны апынуліся ў маленькім пакоі флігеля, дзе сцены былі амаль заслонены кнігамі на паліцах і вісеў вялікі аркуш пергаменту, выдраны, відаць, з кнігі «Здароўя шлях верны». На аркушы намалёваны чалавек, які стаіць спіною да гледача. На яго голым целе былі намечаны тыя пункты, на якія трэба ставіць банькі.

Медыкус меў год пад пяцьдзесят, быў худы і жоўты. Вочы, якія надта блізка сядзелі адно ад другога, глядзелі разумна і іранічна з-пад калматай чупрыны; нос быў аж празрысты ад бледнасці; на кашчавых плячах вісела чорная мантыя, а на ёй, ля пляча, быў вытканы герб Знамяроўскага і ніжэй, як знак прафесіі, гіпакратаў змей, што абвіў клісцірную трубку.

Выпілі па чарцы дагцыгскай залацістай гарэлкі, селі закусіць, і толькі тут Яноўскага прарвала:

— Слухайце, пан медыкус, гэта ж вар’яцтва нейкае. Мне няма куды падзецца, але нашто вы тут, чаму носіце гэты ганебны шыфр?

Медыкус сумна паглядзеў на Яноўскага разумнымі шэрымі вачыма:

— А ў мяне, пан думае, ёсць выхад? На нашай зямлі дрэнна жывецца вучоным, асабліва калі яны беларусы. І яшчэ… калі яны занадта цікаўныя і хочуць ведаць пра чалавечы трыбух значна больш, чым іншыя. Мяне засудзілі на баніцыю, бо я даставаў з магіл трупы і рабіў забароненае анатаміраванне іх.

Яноўскага перасмыкнула.

— І як вы маглі рабіць такое? Вы што, хацелі б, каб і з вамі так зрабілі пасля смерці?

Медыкус усміхнуўся:

— Калі ласка. Што я буду тады? Тло і смурод.

— Але ж бессмяротная душа… Яна пакутуе…

Субяседнік Міхала выпіў яшчэ чарку гарэлкі і раптам спакойна сказаў:

— А вы ўпэўнены, што… душа ёсць?

— Ну вас, — спалохаўся Яноўскі, — гэтак і да кастра нядоўга.

— Нічога, у нас цяпер цывілізацыя, зацны пане. Не паляць, а вешаюць… Зразумейце, што нават пачуцці не сведчаць пра бессмяротнасць душы. Пачуццяў няма, усё ад току крыві. Кінецца яна ў галаву — чалавек адчувае гнеў, кінецца яшчэ куды — іншы вынік. Так што глупства ўсё! Чалавек менавіта такая самая худоба, як свіння, і адрозніваецца ад яе толькі здатнасцю размаўляць, складаць вершы ды яшчэ тым, што ён бывае горшы за самую горшую свінню.

Ён адклаў убок двухзубы відэлец.

— Вось і засудзілі мяне. А я не магу жыць без маёй зямлі, яна мне дарагая (яшчэ адно глупства чалавечай натуры). Тут я ў бяспецы, і тут іншая дзяржава. Пакіну яе межы — застаецца шыбеніца. А тут мяне абароняць.

— Знамяроўскі моцны чалавек?

— Чалавек не можа быць моцным. Але ён можа выставіць шэсцьсот коннікаў цыганскага рушэння, ды яшчэ ён лідскі шляхціц, у яго сябры. Тут ракою льецца гарэлка, і ўсе гэтыя п’янічкі за яго хоць у агонь. Ды яшчэ сяляне. Так што, калі хто ў гэтай мясцовасці кароль, дык гэта ён… Пракляты богам край вар’ятаў і ёлупаў.

Яноўскі быў згодны з медыкусам: свет звар’яцеў менавіта ў той самы дзень, калі загонавая шляхта Ваўчанецкага адабрала ў Міхала маёнтак. Таму ён адсунуў ад сябе місу, наліў у кубак піва і зручна сеў у глыбокае мяккае крэсла. Медыкус сеў у другое крэсла, побач, і закурыў люльку.

— Дарэчы, як прозвішча пана? — спытаў распешчаны Міхал. — Я быў такі непачцівы… Як вас завуць?

— Ніхто, — раўнадушна сказаў эскулап. — Мяне завуць «Ніхто».

Яноўскі, як выявілася, яшчэ не перастаў здзіўляцца:

— То бок…

— А нашто вам трэба ведаць гэта? Хіба не я сам поруч з вамі, хіба нельга мяне называць проста медыкус? Або, можа, вы лічыце, што імёны адпавядаюць сутнасці рэчы або чалавека, што іх носіць? Я ведаў магната Кішку, і ён зусім не быў падобны на кішку. Нават для прамой кішкі ён быў занадта тоўсты і брудны. Паўстанец Дубіна быў адзіным на свеце разумным беларусам у свой час. Леў Сапега хутчэй падобны на лісіцу, і я ніколі не бачыў ніводнага Язэпа, які мог бы насіць тытул «прыўкраснага». Называйце мяне проста медыкусам.

Ён ахутаўся хмарамі тытунёвага дыму, і нечакана з-пад цяжкіх павек бліснулі яго вочы. Сказаў нечакана проста і сумна:

— І нашто гэта каму ведаць, хто абараніў мяне, слабага ў свой час. Людзям не было справы да таго, як памерлі два самыя дарагія мне чалавекі, памерлі з голаду. А я стаяў тады ў клетцы ля муроў нясвіжскага палаца… Дзень, другі, трэці… І няхай яны здыхаюць цяпер, бо гэта я, чалавек, пра імя якога ніхто ніколі не даведаецца, першы на свеце ачысціў аднаму чалавеку мозг ад кавалкаў раструшчанай чарапной косці і наклаў на дзірку ў чэрапе лапік з залатой пласцінкі. І гэты чалавек застаўся жыць.

Яноўскі толькі тут пабачыў, што пляшка з гарэлкай амаль пустая. Медыкус быў відавочна п’яны: зрэнкі яго вачэй зрабіліся чорныя, вялікія і трапяталі, як у атручанага. І аднак Яноўскі не спудзіўся: медыкус валодаў сваім мозгам, і мова яго рабілася ўсё больш рэзкай.

— Не думайце, што я рабіў гэта і многае іншае для людзей. Я не шкадаваў іх, не адчуваў іхняга болю, і, відаць, таму мне ўсё ўдавалася, за што шкадаваць чалавека? Вось ён набудавў дзівосных палацаў, насаджаў дрэў, вырасціў паэтаў і дойлідаў. А заўтра знойдзецца вар’ят і пачне перапальваць на вапну статуі, разбураць палацы, паліць гарады. І паэта, якога абвясціў ерэтыкам, спальваюць, і з яго праху робяць клісцір сабаку зваёўніка, бо сабака нячыстая жывёліна, і ёй дапамагае клісцір з праху ерэтыка, як хрысціяніну — клісцір з мошчаў святога. Дзікуны і варвары заўжды такімі будуць па прычыне натуры сваёй… Мёртвае дрэва дае прытулак кузуркам, мёртвыя кветкі салодка вянуць, мёртвы чалавек — смярдзіць. Смярдзіць ён, праўда, і жывы…

— Даволі, — сказаў Яноўскі. — Я шляхціц, мне непрыстойна такое слухаць. Але ж вы таксама чалавек. І тыя, што будавалі, былі таксама людзі…

Абодва маўчалі. Потым, калі гэта стала нясцерпна, Міхал спытаў:

— Лепей скажыце мне, як гэта мой дзядзька стаў каралём цыганоў беларускай зямлі?

— Не толькі беларускай, — сказаў медыкус. — І Польшчы, і Літвы, і нават Украіны.

— Як жа ж гэта атрымалася?

— Вельмі проста. — Медыкус як быццам ачуняў ад ап’янення, бо выраз жаху знік у яго вачах і змяніўся галантнай і трошкі з’едлівай усмешачкай. — Прыблізна ў 1779 годзе Знамяроўскі быў звычайным дробным лідскім шляхціцам. Вы ведаеце, цяпер цяпер шляхціцу стаць багатым — гэта ўсё адно што дачакацца справядлівасці ад пана. Але са Знамяроўскім атрымалася так… У яго вёсачцы было не больш як сорак халуп, а на стайні стаялі дзве кабылы-свірэпы ды дрыкгант каралеўскі, якога вясной ражнамі на ногі ставілі. За лета коні трохі сыцелі, і, відаць, гэта было прычынай, што на іх паквапіўся нейкі цыганскі табар. Коней укралі. Тут Якуб выявіў сапраўдную адвагу. І не дзіва, іначай давялося б здыхаць з голаду, макам сесці і на месяц брахаць. Ён узяў двух сяброў, сеў на сялянскіх коней і пагнаўся за табарам. Дагналі яго ўночы. Іншы, можа, падумаў бы, а яны ўтрох напалі на цэлы табар, і пачалася бойка. Змялі мужчын, адсцябалі тых, хто супраціўляўся, адабралі ўсіх коней з табара і адлупцавалі ўсіх цыганоў, што ў гэты час там былі. З багатай здабычай рушылі яны дадому, а іх суправаджаў лямант абрабаваных. Нават пярыны цыганскія ўзялі для слуг. Паб’еш чалавека — ён пачынае цябе паважаць. Праз некалькі дзён з’яўляецца да Знамяроўскага дэлегацыя цыганоў Лідскага павета і просіць прыняць іх пад сваю высокую руку — за мужнасць. Пасля з’явіліся з Гародні, Трок, Вільні. Ён усіх літасціва прыняў. Нашто ім было патрэбна галаву торкаць у хамут? Яны не мелі права голасу ў сейме і палічылі, што такі моцны чалавек будзе іх там добра абараняць падчас сеймавых спрэчак. Словам, 17 жніўня 1780 года кароль Станіслаў-Аўгуст зацвердзіў шляхціца Якуба Знамяроўскага каралём над усімі цыганамі яго зямлі і даў яму адпаведны прывілей. Загадана мець цыганскую сталіцу ў Эйшышках, але Знамяроўскі не любіць там жыць. Да таго ж, загадай яму мець сталіцу ў раі, ён пабудуе яе ў пекле, бо не хоча падначальвацца нікому, нават каралю. І вось дзевяць год ён трымае пад моцнай уладай усіх цыганоў. Ён стаў багаты: кожны дзесяты конь, кацёл, талер, усё, што належыць цыганам, усё яго. Ён адбірае і больш, калі захоча. За гэта ён абараняе правы сваіх васалаў у сейме, чыніць там знешнюю палітыку сваёй вялікай дзяржавы.

— Якую? Што ён, войны вядзе, ці што? — здзівіўся Яноўскі.

— А чаму не. Збіраецца ж ён памагчы вам. Чым гэта не вайна? Мы цяпер, літасцю нашай шляхты і добранькага пана бога, зрабіліся такім народам, што ў нас цыганскае каралеўства — вялікая дзяржава, а бойка на палявой мяжы — знешняя палітыка…

— Не абражайце беларускай шляхты, — сказаў Яноўскі. — Яна — соль зямлі.

— Любы мой юнача, — мякка сказаў медыкус. — Я сам быў калісьці шляхціцам і дзякую богу, што я цяпер стаў проста чалавекам. Я добра бачу, што вы сніце пра згубленую веліч, якой у шляхты нашай ніколі не было. Быў вялікі наш народ. Ён быў такім пад Крутагор’ем, Піленамі, Грунвальдам, падчас вялікай мужыцкай вайны семнаццатага стагоддзя. І што шляхта зрабіла для яго? Мы спудзіліся яго сілы, калі ён разбіў татар. У той час мы прадалі нашы вольныя княствы Літве: яна, маўляў, падтрымае нас супраць нашых сярмяжных братоў. Добра, мы асімілявалі Літву, мы пачалі набіраць сілы дзякуючы народу. І тады мы пайшлі на другую здраду: прадалі свой край палякам, адракліся ад веры, мовы, самастойнасці, шчасця, першародства дзеля чачавічнай поліўкі, дзеля ўлады, дзеля ганебных грошай. Злоснаму ворагу прадалі. Soaequdtio iurium — ураўнаванне правоў Літвы і Беларусі з каронаю — гэта было ўраўнаванне ўсіх перад тварам галоднай смерці.

Яноўскі спалохаўся — такі злосны твар стаў у медыкуса. Вочы наліліся крывёй, вусны крывіліся. З невымоўна з’едлівым, гідлівым выразам на твары ён сказаў:

— А pisarz ziemskiego sady po polsku, a nie po rusku pisac powinien ledzie. Мова наша мілая, паўнагучная, плаўная, дарагая. Як поплаў блакітны! Куды мы яе кінулі, пад чые ногі мы яе затаўклі?

Яноўскі не знайшоў што сказаць.

А медыкус раптам як абмякнуў. Стомлена апусціў плечы:

— Я нічога не маю супруць палякаў. Нягоднікаў там не больш і не менш, як у іншых народаў. Але я нідзе не ведаю горшых паноў, чым там. З такой пагардай да мужыка, з такой насякомай зласлівасцю, з такім адчуваннем сваёй вышэйшасці. Яны і нас заразілі гэтым. І, галоўнае, ніхто не бачыць, што дзяржава коціцца да прорвы. Гандлююць ёй напрапалую, п’юць, гуляюць, як перад гібеллю, раздзіраюць, катуюць народ. І загінуць хутка. Ужо смярдзяць нават. Што ж, нам не будзе лепей ні пад цяжкім нямецкім задам, ні пад уладай дзяржаўнай шлюхі. Там дазволілі ссылаць сялян на катаргу і забаранілі ім скардзіцца на памешчыкаў. Там адсеклі галаву адзінаму сапраўднаму чалавеку нашага стагоддзя — Пугачову. Яму трэба было пасылаць людзей да нас і прасіць дапамогі. І я першы ўзяў бы вілы.

— Слухайце, — перабіў яго Яноўскі, — калі вы будзеце так абражаць шляхту, я вас шабляю ўдару. Я паскарджуся каралю.

— А чаго ад вас і чакаць, — спакойна і вельмі ціха сказаў стары, гледзячы на юнака дапытлівымі вачыма. — Ударыць старога, забыць рыцарства і сумленне, выдаць… Але я скажу вам, што гэта не атрымаецца. Бачыце?

І ён спакойна сагнуў кашчавай рукою срэбны талер, які дастаў з кішэні.

— Да таго ж, Знамяроўскі не памірае кожны месяц ад абжорства і гарэлкі толькі таму, што я мастак сваёй справы. Улічыце. Ён не аддаў мяне Радзівілу, а Яноўскаму не аддасць і пагатоў.

І раптам ласкава паклаў руку на Міхалава плячо:

— Хлопчык вы мой, мне, магчыма, нават радасна бачыць ваш запал і свежую кроў у жылах. Але вы, даруйце мне, вельмі яшчэ дурненькі. Вы сутыкнуліся з нашым правам сілы, вас выкінулі з уласнай хаты. Вось вы сутыкнецеся з уладай, з дэспатызмам паноў — і тады вы зразумееце мяне, калі сэрца ваша баліць за радзіму. Зразумейце, аснова ўсяму — мужык. А мы, як кажа Вальтэр, даём яму выбар: або тры тысячы палак, або тры кулі ў галаву.

— Хто гэта, Вальтэр? — змрочна спытаў Яноўскі.

— Адзін вельмі разумны француз. І няхай мне бог заб’е ў зад самы тоўсты малітоўнік з бібліятэкі Радзівіла, калі Вальтэраў пасеў не зарунее калісьці на зямлі. Можа, нават хутка. І тады нашы дурныя, як слуп, паны пойдуць на кажамякін шасток. Хрэнам ім сядзе ў горле сённяшняя гарэлка… Я вам дам пачытаць ягонага «Кандыда». Сам пераклаў.

І тут раптам заўсміхаліся. Лядок растаў. Яноўскі вырашыў нічога больш не казаць медыкусу. Непрыемна, вядома, што ён так лае ўсё дарагое яму, Яноўскаму, але рота яму не замажаш. Прынамсі, лае цікава…

Увечары іх паклікалі на гулянку ў «палац» Знамяроўскага. Адмовіцца было нельга, хоць Міхал вельмі стаміўся: па іх прыйшоў узброены гайдук, апрануты на польскі манер, у чыкчыры з вялікімі вызалачанымі гаплікамі і ў жоўтых паўбоціках. Доўгія валасы гайдука былі сабраны ў касу, а дзве невялічкія коскі звісалі на скронях, як яўрэйскія пэйсы.

— Бачыце, — іранічна сказаў медыкус, — вопратка нязручная, шыць яе цяжка. Таму выбіраюць ёлупа з добрай фігурай. І вось здаровы мужык, якому зямлю араць трэба, ходзіць скрозь, як індык, смярдзючка такая.

— Загадана адвесці паноў, — сказала «смярдзючка» густым басам.

— Ну, пакажы ж ты мне свой шчыры беларускі нос, — ласкава сказаў медыкус. — Бачыце, Яноўскі, якая кірпа: за тры сажні курнай хатай тхне, а спытайце яго, што ён павінен рабіць.

Гайдук радасна выцягнуўся і затарабаніў:

— За ксяндзом Геронімам Капуцынам сачыць, каб мёд, што пану варыў, не атруціў; хлопаў брудных карбачамі сцябаць за падступныя, значыцца, намеры; трымаць шаблю панскую. А таксама жыдоў, калі арэнды не заплацяць, біць і бахуроў іхніх браць на пана-караля, прымушаючы ў веру хрысціянскую пераходзіць.

— А дзеці твае дзе?

— Па літасці панскай у школцы вучацца.

— На каго?

— На па-ны!!! — гаркнуў гайдук, вырачыўшы вочы.

— А да маткі ў вёску ходзіш?

Гайдук засаромеўся:

— А чорт яе ведае, і дзе яна там жыве.

Медыкуса перасмыкнула:

— Г… ты, братка.

  1. Сенецкае.
  2. Чарвяк.
Яндекс.Метрика