Цыганскі кароль — Частка VI

— Пане, уставайце. Ой, пане, уставайце!

— Што, што такое?

— Ой, пане, дрэннае нешта робіцца за агароджаю.

Яноўскі ўсхапіўся на ногі. Перад ім стаяў адзін з гайдукоў караля, спуджаны ледзь не да смерці. Міхал, здзіўлены, чаму ён спіць на падлозе, нарэшце ўсё ўспомніў і спытаў:

— А дзяўчына дзе?

— Якая дзяўчына? А, гэтая, што тут? — І гайдук ашчэрыўся. — Мы іх раніцою не трымаем. Пайшла дахаты.

— Ну і добра.

З дзённым святлом, хоць і вельмі саслабелыя, вярнуліся забабоны і правілы маралі дзён былых. Яноўскаму было пякельна сорамна за падзеі гэтай ночы. Так, гэтая Аглая цудоўная дзеўка, так, суддзя не чалавек, а брудная свіння, і ён не шкадуе, што ўчора набіў яго. Але суцяшаць, як быццам поруч з табою няшчасная княгіня, але спаць ля дзвярэй, як быццам ты ў спальні каралевы. Бязглуздзіца!

Ён хутка апрануўся, прычапіў шаблю і пабег да дзвярэй. У замку было пуста. На ганку Міхал убачыў натоўп гайдукоў, якія завіхаліся ля гарматы, наводзячы яе на зачыненую браму. Бязладныя крыкі. Нехта сыпле ў жарало порах з картузоў. Мітусяцца, крычаць.

Яноўскі расштурхаў людзей, выбег на двор.

— Што такое?

— Паглядзі сам, — змрочна кінуў нейкі шляхцюк, жоўты з перапою.

Яго вачам адкрыўся жахлівы малюнак: выган перад частаколам быў чорны ад цыганоў. Задзёртыя засмаглыя твары, разяўленыя зяпы. Суцэльны крык. У паветры калы, сякеры, пугі.

Кажухі расхрысталіся на грудзях. У вачах лютасць.

Медыкус стаў поруч з Міхалам. Вочы яго ззялі незразумелым захапленнем.

— Сёння мы, здаецца, загінем.

Міхал кінуў на яго бліскавічны злосны позірк:

— Яны загінуць. Забыліся, на каго ўзнялі меч. Мы п’янюгі, але мы ўмеем ваяваць.

І скінуў шапку.

— Дзякуй табе, божа. Ты яшчэ раз дасі мне перад смерцю пабачыць, як замест віна льецца блакітная кроў.

Медыкус іранічна глядзеў на яго:

— Божа, якія героі!

— Дзе кароль? Дзе госці? — замест адказу спытаў Міхал.

— Дрыхнуць.

— Ну што ж, тым лепей.

І ён спусціўся ўніз. Яму ўдалося згуртаваць атрад з дваццацёх цвярозых шляхцюкоў. Ён паставіў іх трохі воддаль ад гарматы, злева ад брамы, каб ударыць, калі пачнуць прабірацца на двор.

«Каронны суддзя» выбег з дзвярэй, пабачыў, што шляхту ўзначальвае Міхал, і пачаў аддаваць загады гайдукам:

— Смялей, дзецюкі. Радзіма глядзіць на нас. Яна дарагая, яна вялікая. Хто памрэ, таго бог адзясную сябе пасадзіць. За радзіму, за караля!

— На злом! На злом! — раўлі тыя, што асаджалі. — Смерць уладарам!

У браму пачалі біць чымсьці цяжкім. Паляцелі гнілыя трэскі. І тут Яноўскі ўбачыў караля. Апрануты, як на баль, ён махаў у паветры шабляй, стоячы сярод захмялелых гасцей.

— Неба! Радзіма! Кароль! Валі, браткі! Сякерай іх! Друком!

Сэрца Яноўскага палала нябесным ярасным захапленнем. Не, жывая была адвага сотні пакаленняў, жывая была слава! Вось яна, сонная, ля віннай бочкі, убачыла небяспеку, разгарнула крылы і ляціць над галовамі людзей.

Форткі брамы разляцеліся. На двор рынуў натоўп інсургентаў.

— Святы Юры і Русь! Памром! — дзікім голасам закрычаў Яноўскі і кінуўся з шабляю насустрач. Адначасова ён пачуў крык Якуба і ўбачыў яго ўзнесеную шаблю. Не памятаючы сябе, у дзікім захапленні бою, ён урэзаўся ў натоўп, скрыжаваў з кімсьці шаблю, чакаючы, што зараз поруч стануць яшчэ і яшчэ людзі, Гарацыі, героі Плутарха.

Штосьці ўразіла яго. Ён азірнуўся. На пляцоўцы нікога не было, акрамя Якуба і яго. Дзе падзеліся астатнія, цяжка было сказаць. Міхалу здалося толькі, што пад ганкам, у лебядзе, варушыліся чыесьці ногі. Аднак ён біўся.

— Зараз ахне гармата. Вы заскачыце яшчэ.

Страшэнны пярун прагучаў над сечай. Калі дым разышоўся, Міхал убачыў ствол гарматы, амаль раздзёрты на закручаныя палосы, падобны на жоўтую лілею. Поруч з гарматай ляжаў, задёршы дагары зад, «кароння суддзя».

У тую ж хвіліну шалёны натоўп закруціў Міхала і караля і панёс ад ганка. Іх схапілі, абяззброілі, паставілі воддаль адзін ад другога, скруцілі рукі.

Цыган, што атрымаў тады поўху, узлез на ганак:

— Роме, мы скінулі ярмо, што давіла нас. Цыганская рэспубліка, жыві! Прэч дэспатаў!

Натоўп адказаў крыкамі. Шапкі ўзляталі над галовамі людзей.

— Мы будзем судзіць караля. А ўсіх, што лютавалі, баронячы яго, аддаю ў твае рукі, народ цыганскі. Скончыліся паборы, скончыўся прыгнёт.

— Ура, Ян! Жыві! На шчасце цыганам!

Караля павялі ў палац. На ганку ён крыкнуў:

— Кароль у кайданах — усё роўна кароль!

Яноўскі кусаў вусны ад ганьбы. І гэта былі людзі, гэта былі героі! Лепей было памерці… Адны беглі на гармату — і гэта была быдлячая чарада з пугамі. Другія — узброеныя, магутныя, моцныя! Божа, божа! Засталася смерць. Толькі яна.

Ян падышоў да Міхала:

— Гэты вёў супраць нас шляхту. Ён адзін кінуўся на нас. Войска яго знікла. Праўда гэта, былы пан?

Яноўскі ўскінуў галаву:

— Праўда. І я пагарджаю вамі. Забіце мяне.

Натоўп зароў, замільгалі ў паветры друкі.

— Смерць яму, смерць!

Яноўскі глянуў на неба, якое было сведкам яго смяротнай ганьбы.

— Забівайце. Я хачу смерці. Мне нельга жыць.

Ён узвысіў голас:

— Калі тут не было сёння шляхты, калі тут былі адны свінні, хай хоць адзін памрэ за ўсіх. — І дадаў хрыпла: — Гонар, жыві!

Лаючыся, расштурхаў натоўп нехта калматы і вялізны. Узнёс самаробную дзіду. Яшчэ! Яшчэ! Ударылі злёгку па галаве.

І раптам нешта адбылося. Яноўскі, што закрыў вочы, адчуў, як нешта цёплае прынікла да яго.

— Не дам яго! Чуеце, не дам! Забівайце разам!

Ён зірнуў. Прыціснуўшыся да яго спіною, распасцёршы рукі, стаяла і глядзела проста ў вочы натоўпу Аглая. Глядзела белымі ад ярасці вачыма.

— Вы што, здурэлі?! Тых, што мучылі вас, тых, што здзекаваліся, не чапаць толькі таму, што сёння яны ўцяклі. А гэтага, які нікога не чапаў, які сястру і мяне абараніў, — забіць толькі таму, што смелы, што не спалохаўся адзін на ўсіх кінуцца? Вы баязліўцы, вы, вы, вы…

— Адыдзі, дзяўчына, — пагрозліва сказаў калматы. — Гэты — наш…

І тут Аглая ляснула яго па шчацэ.

— Твой! Хто гэта твой? Ён, можа? Твае толькі блохі ў кажусе ды крадзеныя коні. Ах ты, халера, казалуп чорны, страшны, рыбак па чужых стайнях. Твой ён? Не! Мой ён, мой! Я тут кожнаму з вас за яго… за яго… за яго…

Цыган з апаскаю адступаў.

— Ён і не пан зусім. Пан не абараняе ад бізуноў прыгонную, пан не будзе біцца з другім панам за дзявочую цноту, не абароніць яе ад усіх, не ляжа на парозе, каб абараніць спакой прыгоннай.

— І ўсё ж я шляхціц, — з гонарам сказаў Яноўскі. — Няма жыцця. Дзякуй табе, харошая, але сёння мне хочацца смерці.

— Сёння яму хочацца… Можа, заўтра табе яе зусім не захочацца, ды позна будзе. Цыганы, родненькія вы мае, не чапайце вы яго, гэтага дурня! Гэта не ён, гэта гонар дурны гаворыць.

І раптам яна, расплакаўшыся, села ля яго ног, абхапілі іх рукамі.

— Не дам… Разам са мною…

Яноўскі адчуў, як вяроўкі ўпалі з яго рук.

— Але, — разважліва сказаў нехта. — Трошачкі маленькай памылкі не зрабілі. Бач ты, як яе разбірае.

— Ды бяры ты яго хоць да д’ябла, — буркнуў другі.

І раптам натоўп цыганоў і мужыкоў зарагатаў такім нутраным гучным здаровым смехам, што стала ясна: нікога пасля яго нельга забіваць. Рагаталі да слёз, рагаталі, узяўшыся за бокі, рагаталі да болю ў грудзях.

І Аглая, баючыся, як бы не перадумалі, цягнула саслабелага Міхала праз натоўп, усміхалася, выцірала слёзы:

— Дзякуй вам, дзякуй вам, родныя.

Пад рогат яна адвяла Міхала да брамы і пасадзіла на траву.

Толькі тут, відаць, нехта заўважыў ля гарматы цела суддзі.

— А гэты мёртвы ці жывы? — спытаў нейкі мужык.

Стары цыган падышоў блізка, схіліўся:

— Нават пратухнуць паспеў.

Ян стаў над нерухомым целам, падміргнуў людзям:

— Мёртвы ён ці жывы, чорт яго ведае. Нума, хлопцы, сцягніце з яго жупан. Не можа гэтага быць, каб шляхціц, калі ён жывы і цвярозы, голым ляжаў. Калі жывы — суд, калі мёртвы — выкінем на бераг, хай ляжыць.

Гульню падхапілі.

— Ну вядома ж, не можа. Куды там! — чуліся галасы.

Ян паглядзеў на голага суддзю:

— Мёртвы-такі, напэўна. Ану, хлопцы, прынясіце з той пушчы чаго-небудзь.

Прынеслі некалькі вязак вялізнай старой крапівы.

— Не можа ж, людзі, шляхціц згадзіцца, каб яго без посцілкі, на голай зямлі, лупцавалі. Як вы думаеце?

— Не можа. Не можа, — разважліва загулі галасы.

Пачалі шмагаць. Мёртвае цела пачало ад шыі да пятак узнімацца белымі пухірамі.

Яноўскі закрыў вочы. Яго пачало трэсці. Спуджаныя Аглая пацягнула яго за браму. Але Міхал раптам выпрастаўся. Белы як смерць, ён расштурхаў людзей, ненатуральна прама падышоў да суддзі і плюнуў у яго бок:

— Здраднік ты. Праклён на цябе.

І таксама цвёрда пакрочыў да частаколу.

— Мёртвы, напэўна, — збянтэжана сказаў Ян. — Выцягніце яго, хлопцы, на бераг. Не варта аб яго рукі пэцкаць. Стой… Яшчэ слова. Калі ты, падла, паспрабуеш яшчэ хоць пальцам дзевак зачапіць, як ты гэта сёння паспрабаваў, — з пекла дастанем. Цягніце.

Міхал не чуў усяго гэтага. Ледзь дыхаючы, ён дацягнуўся да рэчкі і там, за хмызамі, упаў на гарачы пясок. Аглая села ля яго.

Не бачыць. Не чуць. Памерці тут і не бачыць, як зламалася ўсё жыццё, вера, смеласць, шчасце.

— Свінні! Ах, якія паршывыя свінні! — стагнаў ён, упіваючыся кіпцямі ў далоні.

А Аглая сядзела поруч і гладзіла яго па галаве, як малога:

— Ну не трэба, не трэба. Гаротны ты мой, няшчасны.

— Цяжка мне, цяжка мне, Аглаечка. Што мне рабіць? З кім жыць зараз?

— З людзьмі, — сказала яна.

— Нашто ты ратавала мяне?

Яна змаўчала, і тут Міхал усхапіўся на калені.

— А сапраўды, чаму? — спытаў ён. — Я ж пан, я вораг ваш…

І ўбачыў яе вочы. Сум трапятаў у іх, радасць, яшчэ нешта незразумелае, але, галоўнае, — гонар. Такі сціплы, але цвёрды гонар, якога яму яшчэ яму не даводзілася бачыць. Зломлены, з раздаўленай душою, ён не мог больш.

Ён здаўся. Ён пацягнуўся да яе, упаў перад ёю, абхапіў рукамі стан, прыпаў галавою да ўлоння:

— Ратуй мяне, родная. Ратуй мяне ад мяне самога, ад іх. Яны страшныя, яны агідныя.

Яна схілілася над ім, прыціснула буяную галаву бліжэй да ўлоння.

— Суцешся, суцешся. Засні. Засні.

Яндекс.Метрика