У снягах драмае вясна — Частка I
Зявязку гэтай маленькай і даволі сумнай гісторыі трэба шукаць у тых снягах, што даўно сплылі весняй вадою ў раку, а потым, з ракою, у сіняе мора. Выпадалі і потым снягі, — і яны сплывалі вадой. Былі пасля гэтага сінія марозныя ночы, шмат разоў пускаліся ў скокі аўсянікі над летняй ракой — але ў сэрцы тых, хто перажыў гэта, жыве яшчэ ўспамін.
Карацей кажучы, пачалося гэта ў канцы лютага тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят другога года ў вялікім горадзе, дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала гарластая і хударлявая, дасціпная і яхідная парода людзей, якіх завуць студэнтамі.
Быў канец лютага, але небывала ранняя прыйшла ў той год вясна: гарадскі асфальт быў сухі і цёплы, той-сёй хадзіў ужо ў адным пінжаку і на тратуарах дзеці гулялі ў «класы».
За горадам яшчэ ляжалі снягі і былі праталіны, што пахнулі зямлёю, але тут здавалася, што зіма сканала, што вось-вось заквітнеюць чаромха і бэз, што ўсе глядзяць на цябе закаханымі вачымі.
Уладзіславу Берасневічу, чалавеку легкадумнаму і, па маладосці год, трошкі самаўпэўненаму, таксама здавалася, што свет і жыццё існуюць толькі для яго. Было яму дваццаць два гады, вучыўся ён на чацвёртым курсе універсітэта, ніколі яшчэ не кахаў па-сапраўднаму, быў моцны, глытаў кнігі, жыў амаль толькі на адну стыпендыю і лічыў, што пераважная большасць дзяўчат глядзіць на яго з прыхільнасцю.
Таму ён крочыў вуліцай як гаспадар, мімаволі ўсміхаўся і паскараў крок, як толькі бачыў наперадзе маладога прадстаўніка прыгожай паловы роду чалавечага.
І, пытаюся я ў вас, хто не рабіў бы таго ж самага на яго месцы?
Што яшчэ магчыма было сказаць пра яго? Нічога. Звычайны хлопец, звычайны нос, звычайныя вусны. Хіба што толькі вочы былі надзвычайныя, сінія-сінія, з доўгімі вейкамі, вельмі вялікія і задуменныя (абакраў нейкую дзяўчыну). Ды яшчэ ў постаці, зграбнай і стройнай, было шмат той маладой, прыгожай сілы, што здаецца некаторым лепшай за грацыю. А валасы здаваліся самому Берасневічу не падыходзячымі для хлопца: вельмі ўжо мяккія, вельмі залацістыя.
Аднак і з гэтым можна было мірыцца, абы было за плячыма кароткае і яснае жыццё, бацька, стары камуніст-пенсіянер, маці, клапатлівая і падобная на квактуху жанчына, універсітэт, вясна і, галоўнае, усё жыццё ў будучым: праца на вакацыі, невядомыя, але вялікія ўчынкі пасля універсітэта, тая адзіная, якую ён абавязкова стрэне ў жыцці.
Сёння, калі ён выходзіў з інтэрната, яго сябра, Паўлюк, сказаў:
— Ранняя вясна. Значыцца, абавязкова будуць марцавы санеты.
— Ты пра што гэта? — не зразумеў Берасневіч.
— Калі пасля такой ранняй вясны зноў ідуць снягі, гэта ў нас, у Страшыне, завецца «марцавымі санетамі».
Берасневіч не зразумеў гатага сумна-сімвалічнага папярэджання (яму здавалася, што раз вясна і шчасце, дык гэта назаўсёды) і сказаў толькі:
— Прыгожая назва.
— Тым больш прыгожая, — сказаў Паўлюк, — што яе далі сакавіцкім снягам тыя, што ніколі не чулі такога слова, як «санет».
— Не, братка, — усміхнуўся Берасневіч, — няхай нават снягі, усё адно — вясна, усё адно нічога сумнага ў жыцці не будзе і ўсё будзе вельмі-вельмі добра. За што мне дрэннае? Эх, дай я цябе пацалую.
— Ну-у, мазунчык, — сказаў Паўлюк, але ўсё ж абняў яго.
… Куды ж ісці? Можна ў кіно, дык няма грошай. Вечар заняты разам з сябрам, Жэнькам Ядлінскім. А можа, проста пасядзець недзе з гадзіну і пасля папрамаваць да Жэнькі на кватэру? Там можна будзе і паабедаць.
І невядома як занеслі Берасневіча ногі на цвінтар старой царквы, што амаль над самай ракою.
Тут быў зацішак і можна было сесці на камень ля старога, дрэнна атынкаванага мура і глядзець на Зарэчча, дзе яшчэ ляжалі снягі і лёд на межытоках узняўся і пасінеў.
Стрэлкамі лезла паміж камянёў зялёная трава, вільготны, пругкі вецер часам штурхаў у твар, сука лізала ля вартоўні тоўстага, як качулка, шчанюка.
І чамусьці Берасневічу стала сумна і нейкая вясенняя знямога ахапіла сэрца, і захацелася ці то пайсці кудысьці далёка, ці то яшчэ што. І быццам чакала чагосьці сэрца, і быццам жадала кудысьці. Больш бы гора, больш бы радасці, толькі б не гэты непакой, не гэтая знямога. Што было ў жыцці, ці бачыў ён тое, вялікае, пра што марыць чалавек? Аднойчы толькі падмануў сам сябе, пераканаў у тым, што кахае. Можа, не дано? Не, нешта павінна адбыцца, хутчэй за ўсё нядобрае, бурлівае, неспакойнае.
Нельга! Нельга так! Хутчэй да людзей! Да Жэнькі!
Ледзь толькі выйшаў ён старой брамаю на вуліцу, як горад ахінуў яго звонам трамваяў, спевамі рэпрадуктараў. Імкнуўся вузкім міжгор’ем вуліцы шалёны натоўп. Але на людзях толькі яшчэ больш узмацнела ў сэрцы адчуванне, што нешта павінна было адбыцца.
Хутчэй за ўсё сэрца проста гатова было прыняць тое насенне, што рана ці позна кіне ў яго вясна, але ўсё адно наступнае было падобна на цуд.
Цесная кватэра, у якой жыў Жэнька, была застаўлена рэчамі колькі мажліва, а сам Жэнька ляжаў на канапе, задраўшы доўгія ногі кудысьці пад столь, і чытаў канспекты.
Берасневіч ляснуў яго далонню па мяккаму месцу, якога ў Жэнькі, уласна кажучы, не было (быў вельмі хударлявы), і толькі тут заўважыў, што сябра глядзіць на яго дзікімі вачыма.
І не толькі ён. Ля дзвярэй на балконе сядзела худзенькая дзяўчына, і вочы яе былі вялікімі ад здзіўлення.
«Добра яшчэ, што не вылаяўся», — падумаў Берасневіч і пачырванеў.
— Знаёмцеся, — зухвала сказаў Жэнька. — Вось гэты чалавек — а зваць яго Уладзіслаў Берасневіч — адбярэ лаўры ў Шахматава, Булахоўскага альбо ў Петраркі (ён сам яшчэ не ведае, у каго). А гэта Алёнка. Мы дружым з дзяцінства, і яна фліртуе з гэтай… ну як яе… Мельпаменай, Кліо, Мегерай… ну, той самай асобай, што заведуе спевамі. Карацей кажучы, вы паразмаўляйце тут хвілін пятнаццаць, а я тым часам дачытаю канспект.
І ён зноў лёг на жывот.
Але Берасневіч амаль не чуў яго слоў. Алёнка падала яму цёплую маленькую далонь, якая патанула ў яго руцэ, і зноў села. Ён толькі і паспеў пабачыць пушыстыя валасы над чыстым ілбом, міндалевідныя сінія вочы, маленькі прамы нос, трошкі велікаватую ніжнюю губку, тонкую, дзіцячую яшчэ, шыю, агульны выраз чагосьці дзіцячага, нясмелага і, разам з тым, хітрага.
Гарачая хваля пракацілася ў яго грудзях.
«Якая цудоўная дзяўчына! Дзе гэта я яе бачыў? — урыўкам думкі падумаў ён. — Ага, у мастака Сарта ёсць карціна „Мадонна з гарпіямі“. Непадобная, і ўсё ж надзіва агульны з ёю твар».
Ён першы пасмяяўся б гадзіну таму над тым, хто сказаў бы яму, што гэта можа зваліцца так нечакана. Ён не любіў сантыментаў.
Зрэшты, ён зусім не ведае яе, яна назвала толькі імя, і, можа, яна… Але раздумваць не было часу. Неверагодна, але яму спачатку стала радасна, а пасля ён неяк падсвядома і толькі на хвіліну зразумеў, што, здаецца, ён загінуў, прапаў, памёр і гэтай дзяўчыне толькі і застаецца, што кінуць жменю зямлі на яго труну.
Ён быў яшчэ вельмі наіўны і, адпаведна ўзросту, улюблівы, але гэта было чымсьці адметным. Можа, пачаткам Сапраўднага?
Берасневіч, трошкі прыгаломшаны, сеў нападалёку ад яе і змоўкнуў, як заўсёды поруч з тымі, хто яму падабаўся. Неяк адразу стала ясна, што ў яго даўно не прасаваны гарнітур, што няма куды падзець рукі і зусім, зусім няма пра што размаўляць. І ён пачаў хутка круціць у пальцах нейкую забаўку, якую ўзяў са століка.
Раптам пачуў яе голас:
— Скажыце, гаспадарам заўсёды трэба хаваць ад вас рэчы, якія могуць пабіцца?
У кутках яе рота была гумарыстычная складка, але Берасневіч не заўважыў гэтага.
— Н-не заўсёды, — збянтэжана буркнуў ён.
— Гэта добра. А чаму вы такі чырвоны? Вам горача?
І тут Берасневіча прарвала:
— Не, мне проста сорамна за тых, якія незнаёмым людзям робяць заўвагі.
Ён адразу ж спудзіўся сваіх слоў, але тут сябра крутануўся на канапе так, што заенчылі спружыны, і, трыумфуючы, крыкнуў:
— Што, Алёнка, з’ела? Я табе казаў, што калі з гэтым хлопцам не пакінеш свайго тону, то атрымаеш феферу. Пераканалася?
І раптам усе зарагаталі. Лядок растапіўся.
— Прабачце, я не думала вас абразіць. Я толькі зберагала маёмасць яго бацькоў.
— Я таксама не думаў вас абражаць. Але вы напомнілі мне майго сябра. Ён заўсёды кажа ўголас тое, пра што звычайна думаюць нішком. Напрыклад, выступае на сцэне яго сябра і пасля, за кулісамі, кажа яму: «Ох, як жа я асароміўся, як дрэнна спяваў!». Звычайна чакае чалавек, што яго суцешаць, скажуць: «Нічога, нічога». А той яму адказвае: «Так, браце, сапраўды абпэцкаўся ты. Так дрэнна спяваў, шо я нават і ад цябе не чакаў такога». Называецца, суцешыў. Ён атаясамлівае такія паводзіны з «камсамольскай адвертасцю».
Зноў засмяяліся. А пасля Алёнка сказала, што дастане білеты на канцэрт Гілельса цераз некалькі дзён і будзе вельмі суцешана, калі Жэнька прывядзе да філармоніі свой «цень».
Жэнька кінуўся цававаць ёй жартам рукі, а Берасневіч, які за гэты час прывык да яе, са здзіўленнем адчуў, што гэта яму не вельмі прыемна. Затое пасля ён быў суцешаны, калі яна працягнула яму, Берасневічу, руку і з нейкай асаблівай, не бачанай яшчэ дагэтуль Берасневічам, усмешкай сказала:
— Я спадзяюся, мы будзем сябрамі. Толькі не лайце мяне так жахліва.
Ён паглядзеў у яе вочы і зноў адчуў тую ж гарачую хвалю замілавання.
— І калі вы не будзеце рабіць мне заўвагі за дрэнныя паводзіны?
Як міла пасур’ёзнелі вочы.
— Мне здаецца, я не буду больш рабіць вам заўваг. Абавязкова прыходзьце.
Сказала і пайшла. І усё. Але і гэтага было дастаткова. У галаве Берасневіча скакалі нейкія маленькія вясёлыя чорцікі, хацелася чамусьці зрабіць нешта надзвычайнае, напрыклад, скочыць зараз з балкона на брук і, вядома, застацца жывым.
І гэты настрой збярогся ў яго сэрцы да самага вечара, калі ён развітаўся з Жэнькам і накіраваўся ў інтэрнат. Разы з два ў трамваі ён спрабаваў напяваць праз адстаўленую скавароднікам ніжнюю губу, але атрымлівалася так голасна, што той-сёй з пасажыраў глядзеў на яго са зразумелай цікавасцю.
А потым, калі ішоў па бруднай вуліцы ўскраіны, быў такі святочны і радасны, што здольны быў, як хлопчык, весці палкай па жалезнай агароджы саду.
Перад інтэрнатам спыніўся. Шапка ў руцэ, паліто на адным плячы, на вуснах шырокая ўсмешка.
«Якая цудоўная, якая слаўная дзяўчына!»