У снягах драмае вясна — Частка II
Гэта быў пакой на другім паверсе, які зваўся «дваццатым інтэрнацыяналам». Калісьці вялікі пакой інтэрната перагарадзілі на дзве паловы, але збераглі старую нумарацыю: пакой нумар дваццаць «А» і нумар дваццаць «Б».
Берасневіч таргануў дзверы — замкнёныя.
— Хто? Ат, чорт. Заходзь хутчэй.
Яшчэ больш дзіўна. Скуль такія меры засцярогі?
Ён зразумеў усё, калі яго пусцілі. У пакоі адбывалася «піраванніца, пачэсцен пір», і сябры замкнуліся ад каменданта. Перад вачыма яго паўстаў малюнак: стол, на якім стаялі тры бутэлькі з віном і батарэя піўных бутэлек. Тут жа ляжалі хатняе сала і каўбаса, хлеб, нарэзаны на газеце, патэльня з бульбай.
За сталом сядзеў увесь «інтэрнацыянал». Перш за усё сябры Уладзіслава па пакою, Паўлюк Матусевіч і Янка Галавень (трэцяга, Рыгора Сяляўкі, не было), і таварышы з пакоя «20 Б», «дэмакраты»: албанец Коча Біхіку, палякі Юрась Бжэжэк і Ян Уважны, карэец Се Ман (або проста «Сымон»), украінец і рускі.
Частку бутэлек, відаць, паспелі прыбраць, бо сябры былі «пад чаркаю», а Бжэжэк нават даволі моцна п’яны.
Берасневічу налілі «разгонную», і Уважны, сухі і жоўты хлопец «з гураляў», сказаў яму, праціраючы акуляры (вочы без іх былі вялікія і дзіўна добрыя):
— Намучыліся з ім. Толькі што спяваў арыю Галькі і збіраўся скокнуць у бездань, то-бо ў акно. Павялі было гуляць, дык ён, халера, пачаў уяўляць, што ён «штукач»: раскінуў рукі, як крыллі, бурчыць і ўсё намагаецца пікіраваць галавою на брук.
— Do jasnej cholery! — лямантаваў між тым Бжэжэк.
— Сёрт, хлёпцы, вядзіце вы яго спаць, — сказаў Се Ман.
Бжэжэку стала шкода сябе, віно было «сумнае», і ён заплакаў.
Берасневіч цыкнуў на гуляк і падсеў да яго:
— Ну кінь, кінь. Я ведаю, ты зусім не п’яны. Кладзіся, хлопча, вось тут, давай з тобою паразмаўляем. А гэтым падшывальцам мы заўтра галаву скруцім. А ты ведаеш што? Раскажы ты мне лепей вершы. Ты ж ведаеш…
— Ведаю. Я ўсё ведаю.
І Бжэжэк пачаў качаваць ад «Кветак Польшчы» Тувіма да вершаў Галчынскага, мімаходам чытаючы розную лухту і намагаючыся час ад часу спяваць на танцавальны матыў макабрычную змрочную песню, якая ў перакладзе на беларускую мову гучэла прыблізна так:
У магіле цёмнай у-ся, сю-ся
Спачыў навекі оля-ля,
Вяцягнуў ногі ў-ся, сю-ся,
Закрыў павекі тру-ля-ля.
Паступова голас ягоны стаў заміраць, і хутка ён ужо спаў, зусім як дзіцёнак, падклаўшы пад шчаку далонь.
Берасневіч падсеў да стала.
— Зараз да наступнага дня праспіць, — сказаў Уважны. — Мы яго перацягнем.
— Не трэба, — сказаў Берасневіч. — Гэта мой ложак, а я сёння не буду, не магу спаць. І вы, хлопцы, таксама добрыя. Ведаеце, што ў яго арганізм слабы, а дражніцеся. Вам нічога, вы унь якія здаровыя кабаны.
І ў пакоі з аскетычна голымі сценамі і манастырскімі ложкамі, прыдатнымі толькі для ўтаймавання плоці, зноў пачалася вясёлая гулянка.
Цэнтрам увагі стаў памалу Янка. Круталобы, вельмі сухарлявы, ён меў талент вялікага коміка і мог лёгка імправізаваць вершы. Твар яго, жывы і рухавы, мяняўся на вачах, і кожны выраз яго прымушаў смяяцца.
Смяяліся усе, толькі Паўлюк сядзеў апусціўшы галаву. Ён наогул рэдка смяяўся, гэты Паўлюк, хіба што ў кутках рота з’яўляліся дзве коскі, і тады ўсё можна было аддаць у адказ на гэтую мілую, трошкі вінаватую ўхмылку. Ён быў моцны, хаця тонкі, але фігура яго чамусьці пакідала ўражанне вытанчанай, прыгожай кволасці. На стройнай шыі сядзела галава, з якой нават лепшаму мастаку не сорамна было б пісаць партрэт. Бровы чорныя, рэзкія, чысты лоб перарэзаны ад пераносся зморшчынкаю. І вочы, вочы былі надзвычайныя, цёмныя і прыгожыя, як у каровы.
— Увага! — раптам сказаў Янка. — Вы ведаеце, чаму Уладзік сёння не будзе спаць? Ён закахаўся! Платанічна! Неадказна!
Берасневіч, як пераважная большасць моцных і добрых людзей, злавацца не ўмеў і таму толькі ўхмыляўся.
— Так-так. Закахаўся. Яна, браткі вы мае, дачка загадчыка рынку. А Уладзь мае шатландскія густы, еў усё жыццё адну толькі аўсянку. Ну і ён, значыцца, мяркуе зрабіць на гэтым добры гешэфт. Прыходзіць да яе на кватэру: «Дзень добры, каханая, ці няма кавалачка сыру?» — «Не, кажа, няма. Ёсць, кажа, костка, радзіцель мой яе перад службаю грыз». Сеў ён і, як сабака ў будцы, грызе, а костку гэтую, вядома, лепей было б куды-небудзь забіць. Галодны! Маці нявесты з’явілася, такая дэманічная жанчына, гераіня камунальная кухні. Ён да яе: «Ці няма ў вас хоць трошкі бульбы?» Маці яму: «Які вы забаўны, Уладзік, бульба зараз па чырвонцу пудзік. Купіш — і грошай як не было». А сама думае: «Каб толькі ён сяброў сюды не стаў палкaмі вадзіць». І да яго ветліва: «Як добра, што вы прыйшлі. А то мы зусім было збіраліся тую костку сабаку аддаць».
— Вось сволач, — без злосці сказаў Берасневіч.
Кампанія падвыпіла. Берасневічу чамусьці хацелася самоты, і ён вырашыў «купіць папярос», а сам накіраваўся ў бліжэйшы парк. Глеба пад нагамі была вільготная. Стаялі чорнымі ценямі вакол яго дрэвы. Трамваі ўжо не хадзілі, і таму вакол была цішыня, такая цішыня, што звінела ў вушах. І светлыя плямы ліхтароў заблыталіся ў вільготных, бліскучых галінках дрэў, якія хацелі іх спаймаць. І ад святла галіны блішчэлі канцэнтрычнымі кругамі, блішчэлі, як блішчыць летнім ранкам роснае павуцінне дзе-небудзь у лесе, між дрэў.
Агні далёкага горада амаль усе згаслі; у нейкім вялікім будынку гарэў адзін блакітны агеньчык, і Берасневічу здавалася, што гэты агеньчык — яе агеньчык.
Ён сеў на лаву і паспрабаваў разабрацца.
Што ўсё ж такі здарылася? Ён сустрэў сёння цудоўную дзяўчыну. Ніхто дагэтуль так адразу і моцна не падабаўся яму. У яе чыстыя вочы, якімі яна ясна глядзіць на свет, цёплыя рукі, мілагучны голас, яна трымаецца з нейкай вышэйшай прастатою.
Ці ведае ён яе?
Мозг казаў «не».
Сэрца казала «ведаю да канца».
Гэта быў нейкі беспамылковы, вельмі глыбокі інстынкт, якому няма яшчэ наймення на чалавечай мове, крым двух банальных слоў: «родныя душы».
Было і ў іх усё ж нешта вернае. Як быццам рассеклі чалавека на дзве паловы і пусцілі іх гуляць асобна. Яны сумавалі, цягнуліся адна да адной. І вось нарэшце сустрэліся, адразу пазналі адна адну. І ён пацягнуўся.
Інакш чаму б так радасна было, калі яна была поруч, і чаму так сумна зараз, калі яе няма.
І гэта будзе цягнуцца. Слабы зараз агеньчык — ён адчувае — можа разгарэцца.
— Ох, любая, любая! Мілая і чыстая, як святло! — выдыхнуў ён.
З першай сустрэчы бывае вельмі рэдка, але ў яго напэўна будзе так. Не можа быць, каб гэтая радасць чагосьці не абяцала.
Было ціха, храбусцеў пад нагою няпэўны лядок, і зоры, любыя зоры, падміргвалі яму, як змоўшчыкі, якія адны ведалі яго вялікую таямніцу.
Як магчыма быць сэрцу такім шчаслівым і не разарвацца?
Ён добра прамёрз, пакуль не вырашыў ісці дамоў. Вахцёрша пусціла яго, нягледзячы на позні час, бо Берасневіч заўсёды дзяліўся са старой папяросамі.
Госці доўно пайшлі. У душным пакоі было цёмна і чуўся хроп сяброў. Берасневіч спыніўся над Паўлюком. Святло вулічнага ліхтара падала на падлогу і на твар Паўлюка вялікімі жоўтымі квадратамі. Паўлюк спаў, і такім кранаючым здаўся Берасневічу яго дзіцячы твар, што ён ледзь не расцалаваў сябра.
Як добра, як хораша было жыць!
Было святло ліхтара, але яшчэ святлейшымі былі вочы Алёнкі; былі голыя дрэвы, у якіх пачыналі хадзіць сокі, — і была Алёнка; быў вялікі свет, былі спевы, была радасць — і была Алёнка.
Што ж рабіць? Як не памерці ад такога шчасця?
Паўлюк раптам прачнуўся і сеў на ложку, гледзячы непаразумела на Берасневіча.
І тады Уладзік прысунуўся да сябра і сказаў яму:
— Паўлюк, ведаеш што? Я, здаецца, хутка вельмі закахаюся. Вельмі.