У снягах драмае вясна — Частка XI
Трэба было рыхтавацца да апошняга семінара па марксізму. Берасневіч сядзеў у акадэмічнай чытальні, абклаўшыся канспектамі, філасофскімі слоўнікамі, сшыткамі, і адчуваў, што падгатаваўся ён, здаецца, горш, чым заўсёды. У зале было ціха, толькі пройдзе нехта на месца з новымі кнігамі, чыркне хтосьці кніжным нажом — і зноў цішыня.
На вокнах у вазонах папірус, у зашклёных шафах кнігі ў цяжкіх скураных вокладках. Добра сядзець! Перашкаджае толькі Янка: часта курыць і абавязкова цягае з сабою і яго, Берасневіча. Гэта таксама добра, у курыльным пакоі спрыяючае асяроддзе для спрэчак і «рэжуцца» часта да пены на губах.
Але зараз Янка не спрачаецца. Ён робіць з муштука папяросы гармонік і, апусціўшы вочы, рэзка кажа Берасневічу:
— Прабач, але мне хацелася б паразмаўляць з табою на… ну, словам, на непрыемную тэму. Брыдка, ведаеш, як быццам у п’яным выглядзе фунт курынага памёту з’еў, але іначай нельга.
— А што такое? — спытаў Берасневіч.
— Не падабаецца мне Сяляўка, браце.
— Сяляўка? А што ён мне можа зрабіць?
— Даверлівы ты занадта. Сам з чыстым сэрцам, дык думаеш, што і іншыя таксама. А так нельга. Трэба быць мудрым, акі змій. Прытрымаў бы ты язык. Мы-то цябе ведаем, але з слоў чалавека, павінен сам разумець, можна зрабіць такое, пра што сам чалавек і не думаў.
— Ці не Сяляўка зробіць?
— Не трэба, браце, іроніі. Ты заўважаеш, Сяляўка вельмі пасябраваў з Маркічам? А Маркіч з яго можа зрабіць усё, што хоча, а Сяляўка цябе добра ведае. Глядзі, хлопча, шкадаваць будзеш. Прыпячэ табе Маркіч такое…
— Я, аднак, не разумею, што ён можа трымаць на мяне за пазухай? I, галоўнае, за што?
— Сляпы ты. Чуеш? Сля-пы! — захваляваўся Янка.— Ад кар’ерыста, ды яшчэ няшчасна закаханага, чакаеш добрага.
— У каго «няшчасна закаханага»?
— Сам разбярыся. Павінен мець вочы, не маленькі.
— Не веру. Маркіч непрыемны чалавек, але ён не падлец, — упэўнена сказаў Уладзіслаў. — І ты мне не кажы больш пра гэта.
— Ну і дурань, — плюнуў Янка. — Скажыце, які дон-кішот палескі, «кавалье дэ мезон руж». Вось падкладуць табе свінню — будзеш тады сябе за ўласны скальп цягнуць, а скальпа ўжо не будзе. Сяляўка гэта проста нявінная мятуліца, нават нядрэнны хлопец, а Маркіч — гэта воўк добры. Ён адзіны закон прызнае — закон доўбні і клыка. У яго, брат, валасатыя грудзі пітэкантрапа пад гальштукам. І рукі таксама валасатыя. І жыццё ён лічыць чымсьці накшталт сваёй палюбоўніцы, якую ён можа абдымаць гэтымі рукамі заўсёды, калі захоча. Давядзецца, відаць, раскрыць у парткоме некаторым людзям вочы на гэтага чалавека.
Берасневіч задумаўся, пасля скалануў галавою:
— Не, не веру.
— Ну што ж, відаць, давядзецца мне за цябе падумаць, калі ў цябе ў галаве замест мазгоў свіная тушонка. Я разбяруся ў гэтым пытанні і, на ўсякі выпадак, падгатую сістэму абароны і зброю.
— Не трэба… І наогул, хопіць пра гэта. Я пайшоў на семінар, — трохі раззлавана сказаў Берасневіч і пайшоў.
Янка дакурыў папяросу, сплюнуў і сказаў ціха:
— Як, бач, яго… Не трэ-эба. Так я цябе і паслухаў. Так я табе і даў галаву скруціць па ўласнаму жаданню, ёлуп хвашчоўскі. Я гэтую справу разведаю.
………………………………………………………………….
Семінар адбываўся разам са «славянамі» ў вялізнай халоднай аўдыторыі, былой малой зале універсітэта. Рэзанансу амаль не было, нават калі гаварыў Маркевіч з яго гучным і прыгожым голасам. Але зараз Маркевіча часова замяняў старшы выкладчык Холадаў, вялікі зух і, на жаль, вялікі фармаліст. Пасля Маркевіча было неверагодна цяжка сядзець на семінарах, якія раптам сталі нуднымі, як дажджлівы панядзелак. Форма стала галоўным, слова стала галоўным, а на сэнс забыліся нават лепшыя студэнты, тым больш што Холадаў і сам не вельмі працаваў галавою, ужываючы толькі зазубранае «адсюль-дасюль». Яго і не слухалі. Да дрэннага рэзанансу ў аўдыторыі далучыўся яшчэ дрэнны голас, як быццам чалавек набіў рот кашай з малаком і зараз выпускае словы праз кашу. Лекцыі былі развясёлымі. На задніх лаўках бегалі ў руках некаторых студэнтак не аўтаручкі, а пруткі, хлопцы гулялі ў «марскі бой», азартна вышыбаючы лінейныя караблі напарніка. Той-сёй чытаў.
Карацей кажучы, на лекцыях панавала тое, што паэт Броўка трапна назваў «Абыціхабыло». Нельга было толькі не хадзіць на лекцыі і семінары, выказваць самастойныя думкі, спрачацца і адказваць «сваімі словамі». У гэтых выпадках лектар заўсёды пачынаў хрыпець і налівацца крывёй.
— Зараз яго радзімчык схопіць, — казаў тады Янка.
Яму і Берасневічу з іхнім вечным імкненнем «разабрацца», «падумаць» на семінарах зараз бывала цяжка, і яны за які-небудзь месяц заслужылі з боку Холадава непрыязнае, амаль варожае стаўленне да сябе.
Але ж і не любілі Холадава! Уся прыязнь да Маркевіча ператварылася ў адносінах да Холадава ў дыяметральную процілежнасць. Яму не маглі дараваць бяздарнасці і з жорсткасцю, уласцівай у такіх выпадках маладосці, называлі «адукаваным мясам», «Балалайкіным нашага часу», выдумвалі лухту, што ён некалі нібыта чытаў спецкурс па трацкізму, называлі «ваяўнічым ілжэчалавекам» і, ужо зусім не дасціпна, «вялікай Тадорай». Непапраўны Янка казаў, што гэта менавіта пра яго, Холадава, і пра ягоную шляпу калісьці быццам сказаў Маякоўскі:
Прафесар, падстаўце шляпу-парашу.
Замест даверлівых адносін панавала варожасць. Цікавы, жывы прадмет ператвараўся ў нешта такое, чаму і назву цяжка было падабраць, у схаластыку, у догму.
Нават Маркіч называў лекцыі Холадава «курсам гамілетыкі».
Было ясна, што доўгі час мірнае становішча не пратрымаецца.
На гэтым семінары ішла мова пра перамогу сацыялізма і камунізма ў адной краіне.
— Хадзячая догма чытае пра жывую сутнасць марксізма, — нявесела жартаваў Янка.
Берасневіч сядзеў, не вельмі і паглыбляючыся ў тэму, калі пачуў голас лектара:
— Ну, а як думае Берасневіч… кгм. Якая ўсё ж такі была думка Энгельса адносна перамогі сацыялізма ў адной краіне?
Берасневіч сабраўся з думкамі і пачаў гаварыць:
— Энгельс у сваёй рабоце «Прынцыпы камунізма»…
— Чакайце, — перарваў Холадаў, — гэта работа ёсць у спіску, які я вам даваў?
— Даруйце, — разгублена сказаў Берасневіч, — але ж думка Энгельса з найбольшай яснасцю выказана менавіта тут. Я чытаў гэту работу, і я думаю…
— Не трэба залішне думаць. З Энгельсам усё адно вам не зраўнавацца.
— Я і не раўнуюся, — пакрыўдзіўся Берасневіч. — Гэта было б глупствам. Але чытаць яго работы звыш праграмы…
— Менавіта, менавіта… Але чытаць тыя яго работы, якія прадугледжаныя праграмай для філолагаў толькі пры здачы экзаменаў на кандыдацкі мінімум, — гэтага ад вас ніхто не патрабуе.
Невялічкі шматочак паперы апынуўся пад рукою Берасневіча: «Скажы, што памыліўся. Капасевіч».
Берасневіч адсунуў яго ўбок і ціха сказаў Холадаву:
— Ніхто не патрабуе, але ніхто і не забараняе. За тое, што хочаш глыбей ведаць марксізм, як я думаю, не лаяць трэба, а…
— Ну добра, — супакоіўся раптам Холадаў, адчуваючы, як бачна, што перагнуў палку. — Далей, мой юны дружа.
— Энгельс лічыў, што пабудова сацыялізма ў адной, асобна ўзятай краіне немагчыма. Гэта была, з пункту гледжання сучаснай марксісцкай навукі, памылка, але памылка, абумоўленая агульным узроўнем ведаў таго часу. Ленін, які…
Берасневіч не адразу зразумеў, што здарылася ў аўдыторыі. Студэнты, гледзячы на твар Холадава, адразу прыціхлі.
Стала чуць, як на акне білася з натужлівым гудзеннем муха, імкнучыся вылецець з пакоя. Твар у Холадава стаў чырвоным, вусны крывіліся. Рукі раптам сціснуліся і зламалі аловак.
— Што-о-о!!??!!
— Я не разумею, у чым справа?
— Памылка ??!!?? — выціснуў Холадаў з глоткі. — У Энгельса памылка! І хто яго, бясхібнага чалавека, думае крытыкаваць?!
Берасневіч стрымліваўся як мог.
— Прабачце, таварыш лектар, можа, я і памыліўся ў слове. Мы не ведаем, вядома, усяго, што ведаюць выкладчыкі. Таму мы і сядзім тут, на студэнцкіх лавах, а не за сталом выкладчыка. Растлумачце нам, і яшчэ раз прашу дараваць мне.
— Хіба ў Энгельса маглі быць памылкі!!! — не слухаў Холадаў.
— І яшчэ раз даруйце. Але я сказаў «памылка з пункту гледжання сучаснай марксісцкай навукі». Калі б рэвалюцыя адбылася ў той час, калі Энгельс пісаў сваю работу, калі яшчэ не было развітога імперыялізму, тады…
Але гэта было ўжо занадта для Холадава. Не слухаючы слоў Берасневіча, не жадаючы іх слухаць, ён грымнуў з уласцівай яму грубасцю:
— Ч-чорт! У вас што на рамёнах сядзіць, галава альбо… Выходзіць, Энгельс быў дагматык.
Берасневіч адчуваў, што злосць так і кіпіць у яго сэрцы. «I што ён да мяне прычапіўся, прывязка», — падумаў ён. А голасна сказаў:
— Не, але я думаю, што ён пратэставаў бы, калі б быў жывы, супраць тых, што жадаюць зрабіць з яго дагматыка. Гэта быў геній, але гэта быў перш за ўсё Чалавек.
Холадаў, як быццам не жадаючы разумець яго, зноў крыкнуў:
— Значыцца, ён дагматык?
— Не перакручвайце маіх слоў, — не вытрымаў Берасневіч. — Іхні сэнс для ўсіх зусім ясны. А калі для некаторых і не зусім ясны, дык у гэтым ім трэба вінаваціць не мяне, а некаторыя ўласныя асаблівасці.
— Хто вас вучыў так размаўляць!!!
— Вы толькі што ледзь не назвалі мяне дурнем, уласна кажучы, назвалі. Я больш стрыманы. А вучыў мяне Маркевіч. Ён быў, між іншым, выдатны выкладчык і, як усякі сапраўдны камуніст, вельмі памяркоўны чалавек. Ён ведаў, што мы вучымся, што мы не можам ведаць усяго, і не крычаў, а імкнуўся нам усё растлумачыць.
У гэты момант чорт пацягнуў Берасневіча зірнуць на першую лаўку, дзе сядзелі сябры. Гэта было надзвычайнае відовішча: Алёнка была белая з перапуду за яго, Янка жоўты ад жоўці і злосці, Паўлюк чамусьці амаль сіні, Маркіч ружовы ад задавальнення (прадбачыўся скандал).
«Вясёлка!» — прамільгнула ў галаве Берасневіча, і ён усміхнуўся, зусім забыўшыся на тое, як паставіцца да гэтай усмешкі Холадаў.
А Холадаў знайшоў у ёй доўгачаканы выхад.
— Ах, яшчэ і рогат з мяне? Прэч з аўдыторыі! Прэч! Прэч!
Не растлумачваць жа было гэтаму чалавеку прычыну ўсмешкі. Берасневіч выпрастаўся, быццам яго сцебанулі пугай:
— Не крычыце на мяне! На мяне яшчэ ніхто не крычаў. Я не хлопчык, я адказваю за свае ўчынкі. І я не шчанюк, каб мяне выкідвалі за шкірку без усялякай маёй віны.
Зазваніў званок і даў магчымасць з годнасцю разысціся ўдзельнікам сцэны.
Але пад час перапынку дэкан Грушэвіч спыніў Уладзіслава ў калідоры і з дакорам сказаў яму:
— Эх, Берасневіч, Берасневіч! І собіла ж табе ляпнуць такое. Папярэджвалі ж цябе. І як Маркевіч будзе незадаволены, як даведаецца.
Берасневіч апусціў галаву, але сказаў упарта:
— Калі што мяне і трывожыць, дык гэта незадавальненне Маркевіча гэтай справай. Адносна ж Холадава — я не шкадую. Ён абразіў мяне, абражае студэнтаў, не карыстаецца ў іх ніякай павагай. Я не шкадую. І ніколі не буду шкадаваць.