У снягах драмае вясна — Частка XX. Эпілог
Снегапад быў такі, быццам маленькія белыя ружы ляцелі і плаўна апускаліся на зямлю. Усё пабялела: навакольныя пушчы, стрэхі хат, нябачны пад ільдом ручай. Снег, як белы флёр, няспынна варушыўся паміж небам і зямлёй і асабліва прыкметны быў у слабых конусах святла, якія клаліся наўскос з акон. Поркаліся яшчэ там-сям ля хлявоў бабы, з аўчарні даляталі кволыя, слабенькія галасы ягнят. Снег ператварыў у казачных волатаў вербы ля дарогі, снег схаваў у пуховыя падушкі аранжавыя вокны, снег абляпіў грэблю і вялізнае кола млына.
I такой дзіўнай, такой казачнай была вёска Вавуліцкі Млын праз гэты вясельны вэлюм, што Берасневічу, які апошнія дні перабываў у дрэнным гуморы, не захацелася сядзець у хаце. Нешта лёгкае, радаснае, светлае, як у дзяцінстве пад Новы год, ахапіла душу, калі здавалася, што толькі выйдзі зараз з хаты — і абавязкова стрэне цябе шчасце. Але ён ведаў, што гэты настрой няпрочны, як пылок на крыльцах мятлушкі: выйдзеш, пацягне кудысьці, а ісці няма куды. Можна ў раён за шэсць кіламетраў — не хочацца. У клубе (старой папоўскай хаце: новага зрабіць не ўдасужыліся) кіно няма, выступаюць нейкія артысты — таксама ісці не хочацца, ніхто добры не прыедзе, у гэтым ён пераканаўся за чатыры гады. Пойдзеш да сяброў — абавязкова справа скончыцца гарэлкаю, а яму сёння не хацелася і думаць пра зялёныя шклянкі, скупое святло газніцы, вечныя размовы пра тое, што час яму ажаніцца, што вось яны зараз толькі вып’юць чарку, возьмуць паўлітэрку і бохан хлеба і накіруюцца да той дзяўчыны, да якой ён скажа, што такіх дзяўчат, як у Вавуліцкім Млыне, нідзе няма, што талакою яму пабудуюць хату. Ён не імкнуўся адсюль (занадта многа працы ён уклаў у школу, клуб, сад), не імкнуўся ад гэтых хат, халоднага клуба з рухавічком, ад млына, ад школы на адхоне, ад невялічкай крамы, дзе гандлююць фруктовым чаем і гарэлкаю, але думаць пра жонку таксама не мог. Пачытаць нешта? Да бібліятэкі, якая была ў клубе, не хочацца ісці таксама.
I Берасневіч лёг на ложак, закінуў пад галаву рукі.
Сцяна была цёплая ад печкі, падаў і падаў за акном снег.
Папрасіў у гаспадыні чаю (ён стаў за апошні час сібарытам і палюбіў кейфаваць у цяпле). Ціха ўсё. Заўтра нядзеля, сшыткаў няма.
Настаўніцкае шчасце!
Не, не такім ён уяўляў яго сабе чатыры гады таму, хоць і тут ён шчаслівы, хоць палова школы — плён яго працы, хоць ён адзін з самых карысных у вёсцы людзей. Але ўсё ж…
Чатыры гады мінула, адбыліся вялізныя змены ў дзяржаве, і з кожнай зменай Берасневіч адчуваў, што гэта яго думка, што робіцца яго справа і сама дзяржава робіцца ўсё больш і больш роднай яму, без ранейшых непаразуменняў. I маркічаў ставала ўсё менш, бо новае патрабавала, каб кіраўнік проста працаваў і займаўся гаспадаркай, а не мянціў языком на зборах. Стала спакайней на сэрцы.
Шмат сплыло вады, зацягнуліся старыя раны, і толькі часам недзе пад сэрцам варушыўся калішні, напаўзабыты боль. Так, былое мінула, але якую глыбокую рану пакінула яно!
Пра Алёнку Берасневіч нічога не чуў і не ведаў: быў чалавек — і няма яго…
Не, ляжаць так было немагчыма. Успаміны наплывалі, наплывалі. Усё адно, хоць і ў бібліятэку. Абы рухацца, абы не думаць. А тут яшчэ на двары пачуўся голас гаспадара, які з’явіўся трохі падпіты і зараз трымаў прамову да сабакі:
— Малімончык ты, лабідуда. Намачыў акурат на дарозе. У будку трэба мачыць, у будку.
Берасневіч хутка ўстаў, апрануўся, праскочыў паўз гаспадара і пайшоў да клуба.
Які чароўны, які нявінны падаў снег! Вербы ля дарогі, пушыстыя сады, саламяныя стрэхі — усё такое белае. I клуб за вішнёвым садам так прыязна міргае акенцамі.
Берасневіч спыніўся ля клуба, каб пакурыць. Цёмная постаць у кажусе і вялікай шапцы высунулася на яго з цемры.
— Дзядзька Нічыпар, вы? — спытаў Берасневіч.
— А-а, Уладзік. Дай,браце, закурыць, а то ў мазгах цёмна.
Закурылі. Дзве агністыя кропкі то разгараліся, то згасалі.
— Што гэта вы, дзядзька, з пугаю?
— Трэба будзе сёння адпакутаваць, браце. Нічога, гэта для вёскі свята, добрыя артысты, а свята без мучаніка не бывае, як казаў нябожчык бацька, калі яго на вялікдзень паб’юць. Ну вось, значыцца, і не пасплю якую ноч.
— Хіба яны адсюль у горад?
— Ды не, не ўсе. Іх дванаццаць чалавек. Адзін жартуе ўсё, другі на цымбалах грае, трэці скрыпач, дзве дзяўчыны танцуюць, шосты хлопец чытае апавяданні і вершы надта ўжо смешна, яшчэ дзве — жартаўлівыя і народныя песні спяваюць… ну і яшчэ адна спявачка ёсць. Спявае добра, хоць зусім непрыгожая, худая, як матыль. Якраз яна зараз спявае, можа, яшчэ паспееш. Вось яе сёння і трэба будзе адвезці на станцыю за дваццаць восем кіламетраў. О-о-хо-хо, грахі нашы! Тыя паедуць далей, у Наваселіцу, а гэта дамовілася з старшынёю, справы ў яе. Усё добра, а я матляйся. А спявае яна добра, нават шкода новасельчан, бо не пачуюць… А што, браце, ці хутка вы ўжо «Пінскую шляхту» паставіце?
— Хутка, дзядзька.
— Ну то й добра. Я люблю.
Берасневіч пайшоў у клуб, дзе ў перадпакоі было чыста выбелена. Нават і не заўважыш, што старая хата, толькі што тоўсты слуп падпірае столь. А чатыры гады таму жах было глядзець, чысты свінух.
Народ стаіць і тут, дзверы ў бібліятэку адчыненыя. Колькі яна каштавала здароўя Берасневічу і бібліятэкару, колькі давялося лаяцца, прасіць грошай, ездзіць за кнігамі, разбіраць старыя, зваленыя ў вільготную купу, рамантаваць пакой, рабіць паліцы. Затое зараз хоць у горад! З залы гучэлі воплескі. Берасневіч накіраваўся ў бібліятэку, бо ў перадпакоі было даволі халодна. Не, усё ж гэты будынак не натопіш як трэба. Новы патрэбен, але да яго яшчэ як да неба.
Дзеці скінулі шапкі, заўсміхаліся. Берасневіч адказаў «вечар добры» і ўжо амаль праскочыў у бібліятэку, як раптам стаў і аслупянеў. У зале спяваў жаночы голас. I было ў гэтым голасе нешта ніколі не чуванае і разам з тым знаёмае-знаёмае.
Што гэта? Што? Голас кліча, голас заве. Што гэта і дзе ён? I дзе ён чуў гэты надзвычайны, такі глыбокі і прыгожы голас? Маладосць, страсць, туга! Дзе гэта было? Можа, тады, калі квітнелі каштаны чатыры гады таму? Які ён быў тады малады, закаханы і чысты!
В ясный день желанный
Пройдет и наше горе,
Мы увидим в дали туманной
Дымок вон там, на море.
Вот корабль весь белый
В порт входит плавно.
Маладосць, каханне! Нашто кліча яго гэты, даўно забыты голас? Нашто так трывожыць?
Я не бегу навстречу,
О нет, я стану здесь на склоне в сторонке
Н долго стою притаившись,
Жду милой речи
В минуту встречи.
Кто идет, кто идет?
Судзуки, угадай.
Кто зовет, кто зовет:
«Баттерфляй! Баттерфляй!»
Я ж притаилась,
Не говорю ни слова,
Обнять его готова.
Арыя Батэрфляй, маладосць, радасць, каханне спявалі да яго. Голас!
Как сердце бьется!
Не выдержит оно
Такого счастья…
Берасневіч кінуўся да залы. Па галерэі бліжэй да сцэны. Няўжо гэта яна? Сэрца яго захлыналася ад радасці, ад бязмежнага шчаслівага болю: мора нарэшце прабіла грэблю крыўды і несправядлівасці і рынула, знішчаючы ўсё на сваім шляху. Не, ён ніколі, ніколі не забываў яе.
Маладосць… бязмежнае каханне… бессмяротная каханая. Кулачкі каштанаў. «Глядзіце, Уладзік, якія яны даверлівыя…» Гукі «Манфрэда»… «Я б жадала плысці з табою да сіняга мора…» Мудрыя і старыя словы казкі пра вужыную каралеву, вада пад месячным сяйвам. Як ён мог падумаць, як ён мог уявіць на хвіліну, што можа забыць яе! Не, няхай яна не зверне на яго ўвагі, няхай яны не пабачацца, няхай яна ніколі не працягне яму рукі — яна ўсё ж адзіная для яго, і іншай яму не трэба.
У поўцемры сцэны, цьмяна асветленай газоўкамі, стаяла тое, чаго ён не забыў, не мог забыць, стаяла яна.
Ён не заўважаў яе сукні, яе рук. Ён бачыў толькі трошкі пасталелую постаць, вялікія вочы, нейкую вельмі складаную і прыгожую прычоску, яе вусны, яе тыя самыя, дзіцячыя і горкія вусны.
А он меня с тревогой все зовет, все зовет:
«Цветок мой ароматный,
Малютка дорогая», -
Как прежде, называл он меня, лаская.
Гэта была тая самая арыя, але таксама і іншая, як і яна была той самай і іншай. Яна спявала зараз з не вядомым раней пачуццём, з вялікай страсцю. Яна перажывала. Яна ведала. I новым быў яе позірк, такі дзіцячы і наіўны раней. Зараз ён быў глыбокім, чыстым, абазнаным.
I гучэла, гучэла арыя:
Верь мне, моя Судзуки,
Пройдут и наши мукн.
Я знаю.
Горкае, светлае, напаўзабытае ахапіла яго душу, слёзы прасіліся з вачэй.
Любая! Любая! Вечна каханая! Цёплы агеньчык! Іскра ўначы! Кліча, кліча твой голас. Я іду, іду. Я ніколі не дайду да цябе, я чужы табе і невядомы, я ніколі не кіну і слова, ты нават не пазнаеш, што я тут. Але я іду.
Калі песня скончылася, Берасневіч хутка выйшаў з клуба і падышоў да дзядзькі Нічыпара.
— Дзядзька, давайце кажух, шапку, пугу. Спіце гэтую ноч спакойна, ідзіце слухаць канцэрт. Толькі нікому не кажыце, што я паеду замест вас. Добра?
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Берасневiч, загорнуты ў кажух i падобны да мядзведзя, у валёнках клубнага вартаўнiка, закруцiў амаль увесь твар шарфам, насунуў шапку на вочы. Ён цвёрда вырашыў, яна не пазнае яго. Ён давязе яе да станцыi, праедзе з ёю гэтых тры дзесяткi кiламетраў, пагрэецца ля свайго вечнага агню, а пасля хоць на ўсё жыццё зноў халодная дарога, праца i мары аб ёй, поўнае ўсведамленне таго, што яна — адзiная i што ён яе нiколi не пабачыць.
У сані ён намасціў сена, паклаў кілімок і яшчэ два кажухі. На шчасце, усе сядзелі ў клубе, і ніхто не бачыў яго ў новай ролі.
Яна выйшла, захутала цёплай хусткаю рот. Сказала, гледзячы на неба, якое вызарыла пасля снегападу:
— Ну й мароз!!!
Ён спрытна пасадзіў яе ў сані, зрабіў з вялізных кажухоў цёплае гняздо, паклаў больш сена ў ногі, захінуў яе, пакінуў толькі вочы, а сам, непазнаны, сеў на козлы.
Коні спора ўзялі з месца.
Пабеглі назад вярбовыя прысады, снежныя гурбы, масткі, загубіліся далёка ззаду скупыя вясковыя агні. I пайшла дзіч, пайшлі нетры. Дарога! Дальняя дарога. Ці то агеньчыкі блішчаць у далёкіх хатах, ці то ззяюць далёкія ваўчыныя вочы? Месяц закуўся ў вясёлкавы пярсцёнак. Трохі марозіць, белы і чысты ляжыць снег. Плывуць па гурбах сані, як човен па хвалях.
Яна маўчыць, беражэ голас. Што ж, маўчы і ты, слухай яе маўчанне, сядзі непазнаны, самы вядомы ёй хлопец на зямлі, а зараз самы далёкі і чужы. Спляліся на хвіліну і хутка зноў разыдуцца вашы шляхі, але сядзі, слухай яе маўчанне. Гэта шчасце, апошняе твае шчасце, будзе цягнуцца яшчэ цэлыя вякі, дваццаць шэсць кіламетраў. Яна не ведае, што ён тут, ён не скажа. I ўсё ж гэта шчасце! Можна ўяўляць, што ён вязе яе да сябе, што іх чакае светлы пакой і кнігі, — і ўсё жыццё яшчэ ў будучым. Можна думаць і пра іншае. Гэта было б шчасцем ведаць, што яна раптам можа нахіліцца і ціха спытаць: «Не халодна табе?»
А потым блізкія агні, сані спыняюцца, ён нясе яе па гурбах у хату. Нічога. Яны маўчаць, сані бягуць, ёкае селязёнка ў каня. Ён вязе яе ў апошні шлях ад сябе, непазнаны, і нікому, нікому ад гэтага не крыўдна. Ён чамусьці не падумаў, што яна можа загаварыць. I сапраўды, першыя кіламетраў пяць яна маўчала, і толькі калі ўстаў на дарозе цень пушчы, засыпанай снегам, спытала ціха:
— I ваўкi тут бываюць, таварыш?
Берасневіч, не ведаючы, што рабіць, адказаў сцісла:
— Так.
Відаць, няпраўду кажуць, што голас забываецца хутчэй за ўсё, бо яна трошкі занепакоілася. Берасневіч спіною адчуваў, як яна ўглядаецца ў яго, імкнецца пазнаць у гэтай фігуры, захутанай у футры, нешта даўно знаёмае. Пасля яна яшчэ раз паспрабавала загаварыць:
— Ці далёка яшчэ да станцыі?
Берасневіч адчуваў, што ён зрабіў вялікае глупства, калі задумаў гэту паездку. Не кажучы ўжо пра патрэбу размаўляць, — як ён будзе трымацца, калі трэба будзе пасадзіць яе на станцыі ў цягнік. Там будзе святло, ліхтары. Дарэмна ён ублытаўся ў гэта. Блазенскі выбрык!
Але рабіць было няма чаго, і ён з мужнасцю адчаю захрыпеў, як басэтля, і адказаў сцісла:
— Яшчэ кіламетраў дваццаць.
Яна відавочна заспакоілася. Дый сапраўды, адкуль яна магла ведаць, дзе ён, калі ніхто, акрамя Паўлюка і Янкі, не ведаў месца яго прыстанку. Ну й добра.
Пушча ахінула іх, як цёплы кажух, калі яна раптам упэўнена сказала:
— Берасневіч, вы…
I пасля гэтага (ён не адказаў) сказала рэзка:
— Спыніце коні, я пайду.
Маўчаць больш не было прычыны. Берасневіч павярнуўся да яе і сказаў:
— Прабачце, я зрабіў, як хлапчук. Не трэба. Я не перашкаджаю вам, маўчу. Маўчыце і вы.
— Спыніце коні, — патрабавала яна такім голасам, якога Берасневіч раней ніколі ў яе не заўважаў, халодным і цвёрдым.
Замест адказу ён пагнаў іх яшчэ хутчэй.
— Я выкінуся.
— Тут нельга гэтага зрабіць. Бачыце, пушча, гурбы, вы ў лёгкіх ботах. Замерзнеце. Што я вам, перашкаджаю, ці што?
— I ўсё ж я пайду.
— Паспрабуйце толькі, — жорстка сказаў Берасневіч. — Пакуль вы разблытаеце гэты кажух, я паспею спавіць вас так, што вы не зможаце рухацца. I наогул, хопіць гэтага, чуеце вы? Тут вам не горад, тут жывуць простыя, грубыя людзі, якія не разбіраюцца ў гэтых вашых псіхалагічных тонкасцях. Я затрымаю вас.
— Я…
— Калі хочаце, можаце пасля, на станцыі, паскардзіцца міліцыянеру на тое, што я затрымаў вас і давёз, куды трэба. Я не ўцяку, буду чакаць мяча Немезіды. Прозвішча маё вы, напэўна, памятаеце. I наогул, я просты вознік, мне даручылі давезці вас да станцыі. Нашто гэты залішні крык? Вы паспяхова дасягнеце мэты, калі дасцё мне на станцыі пяць рублёў на шклянку гарэлкі.
Напэўна, у голасе яго было акрамя жорсткасці і іроніі яшчэ тое, што ён дарэмна імкнуўся прыхаваць, затоены боль, бо яна раптам змоўкла. Берасневіч збіў шарф з рота, і твар яго напаўпавароту быў бачны ёй, нейкі новы, цвёрды, зусім мужчынскі твар. На веях голкі шэрані, касмыль валасоў, якія ўпалі на лоб, таксама сівы, твар абсівераны, грубы ад ветру. I такі жорсткі цвёрды рот. Толькі вочы ранейшыя, з усмешкай. I ўсё-такі гэта трэба было пакараць.
— Пазнаю, — сказала яна з іроніяй. — Вы заўсёды размаўлялі з дзяўчатамі такім абураючым тонам ці толькі сёння?
— Я ведаю, з кім мне трэба так размаўляць, — уладна сказаў Берасневіч. — Не, я размаўляў так яшчэ толькі раз, у канцы лютага пяцьдзесят другога года. Пасля гэтага я быў шчанюком, блазнам. Праўда, зараз я, здаецца, выправіўся.
Алёнка раптам схілілася тварам на далоні. Ён зразумеў, гэта быў занадта жорсткі ўрок, і таму прыбавіў з нечаканым сумам:
— Кіньце гэта. Вы ведаеце, мой голас мае і іншыя адценні. Але не трэба, не трэба гэтага зараз. Вы ведаеце, гэта ўсё скончылася, я чужы для вас. Сядзіце спакойна, размаўляйце са мною як са старым, напаўзабытым сябрам.
Ён зусім не чакаў гэтага, але плечы Алёнкі раптам затрэсліся. Ведаючы, што ў такіх выпадках лепей за ўсё дапамагае роўны, сухаваты тон, сказаў:
— Вы не ведалі, што я жыву тут, у гэтай вёсцы?
— Не.
— Веру вам. Я таксама кажу шчырую праўду: я ведаў, што паедзеце вы, і назнарок папрасіўся вознікам. А зараз бярыце хустачку, тут нічога няма страшнага. Глядзіце, усё добра на свеце. Месяц над раўнінаю, снягі.
— Дзякую, мой настрой не вельмі сапсаваўся, — ціха сказала яна. — Што казаць, я думала, што вы наогул дзесьці зніклі, хоць пасля да мяне дайшлі невыразныя чуткі, што Паўлюк з вамі перапісваецца. Як вашы справы?
Берасневіч сцісла расказаў пра сваё жыццё за апошнія чатыры гады. Яму здавалася, што нічога асаблівага ў ім не было: скончыў завочна універсітэт, працуе тут, шмат паспеў зрабіць для вёскі і для сябе. Але ёй усё гэта здалося надзвычайным:
— Які вы дзіўны чалавек. Такая энергія! I не сумавалі па горадзе?
— Спачатку вельмі. Але калі ў чалавека справы, ён не сумуе. Бачыце, стаў сапраўдным гіпербарэйцам, слухаюць мяне не адны дзеці, але й коні. Аднойчы на піліпаўку мяне і адну настаўніцу тут ледзь ваўкі не заелі. Давялося два кілометры, да вёскі, паліць па частках кнігі, якія неслі з сабою. Пасля столькі смеху было.
— Жах які!
— Нічога жахлівага. Такіх выпадкаў тут год семдзесят не было. Праз некалькі дзён я згуртаваў паляўнічую каманду, і мы ўвесь гэты вывадак знішчылі: маці, мацёрага, прыбылых. Паглядзелі б зараз, якая шкура ў мяне ў пакоі, ля ложка, ляжыць. Толькі кніжак шкода.
— I ўсё ж гэта жахліва! Я б на месцы той настаўніцы памерла. А як яна?
— Нічога. Яна ўжо два гады, як паехала дадому, не працуе тут. А як у вас справы?
— Таксама нічога. Кансерваторыя хадайнічала, каб пакінулі мяне ў горадзе. Скончыла і кансерваторыю, зараз выступаю. Даводзіцца трошкі ездзіць. Вось і сёння таксама. Здаецца, карыстаюся поспехам.
Берасневіч глянуў на яе з-пад калматай шапкі насцярожана:
— Вам не трэба размаўляць. Холадна. Давайце я вам аддам свой шарф.
— Ат, — усміхнулася яна, — спяваць мне яшчэ колькі год, а з вамі размаўляць толькі гэты вечар.
Сэрца ў Берасневіча зашчымела, але ён прыняў абыякавы выгляд і сказаў як мага роўным голасам:
— Чаму? Можа, калі-небудзь і сустрэнемся. Мне здаецца, у гэтым зараз для нас няма небяспекі. Калі магчымы такія размовы, значыцца, людзі астылі. Бярыце, бярыце шарф.
I з чароўнай мужчынскай дурасцю, якая лічыць, што яна хітрэйшая за ўсіх на зямлі, спытаў занадта абыякавым тонам:
— Спадзяюся, што раўнаваць за гэта ваш муж не будзе?
Алёнка строга паглядзела на яго з-пад белых махнатых веек.
— Не, не будзе.
Толькі на адно імгненне ў яго вачах праслізнула нешта незразумелае, каб адразу згаснуць.
— Ну вось і добра, — сказаў ён. — Як кажуць, віншую. Вазьміце шарф.
I ён уклаў яго ў яе маленькую цёплую руку, якая раптам здрыганулася, адчуўшы дотык яго пальцаў.
— Які цёплы, мяккі, — сказала яна. — Дзякуй вам.
— Ну вось і добра, вось і добра… Н-но-о, каб вы здаровыя былі!
Сані пабеглі хутчэй. Чорная пушча стаяла з бакоў, засыпаная снегам. Рухаўся злева над верхавінамі дрэў самотны, халодны месяц. Лясныя яры, волаты-дрэвы над галавой, сагнутыя цяжкім снегам у арку маладыя бярозкі. Дзіч!
Ён зноў глянуў на яе. Яна сядзела моўчкі, прыгожая і халодная.
— Вось і скончылася гэта маленькая гісторыя, — з сумам прамовіў ён. — Гэта нічога. Мяне турбуе тут толькі тое, што вы маглі пакрыўдзіцца на мяне. Гэтага я не жадаў бы. Усё-такі тыя дні назаўсёды застануцца самымі святымі днямі майго жыцця… I падумаць толькі, што ўсё магло быць зусім, зусім інакшым, каб не подласць гэтага брыдкага чалавека (спадзяюся, што не ён ваш муж, хаця з-за ўласцівай мне далікатнасці і не жадаю распытваць). Што б нам варта было паступіць ва універсітэт на чатыры гады пазней. Але, зрэшты, гэта позняе шкадаванне.
Добра, што ён адвярнуўся ад Алёнкі. Тая глядзела на яго расшыранымі, поўнымі слёз вачыма, і прайшло хвілін пяць, пакуль яна саўладала са сваім хваляваннем.
Ён саскочыў з саней і пайшоў поруч, па гурбах, вялікі і нязграбны, як мядзведзь.
— Я не шкадую, — сказаў ён такім дзіўным голасам, што яму не паверыў бы нават мужчына, — бачыце, гэта мая краіна забыцця. Толькі замест лотасаў тут яліны, а я сам падобны на золаташукальніка з Кландайка.
— Пакіньце гэта, — з пакутаю ў голасе сказала яна. — Скажыце, Уладзік, дарагі, я ў той час не вельмі вас абразіла? Маглі б вы дараваць мне?
— Дараваць? За што? I на каго абразіцца? На вас? — шчыра спытаў Берасневіч. — Хіба вы вінны ў тым, што вас падманулі, пераканалі ў тым, што я лгун? Або ў тым, што… Ну добра, пра гэта не буду. Я не належу да пароды тых людзей, што як кахаюць дзяўчыну, дык кажуць, гатовы яе ў рай пасадзіць, а калі яна пакахае каго іншага, дык кажуць, што й пекла для яе замала. Яна, бачыце, перавагу перад ім, такім добрым, іншаму аддала…
Алёнка задумалася, прыкладаючы да губ ягоны шарф.
— Я не аддавала перавагі іншаму.
— Э, што казаць. Вы лепей скажыце мне, дзеці ёсць?
— Выслухайце ж і вы мяне. Я скажу вам шчырую праўду, хоць гэта мне і цяжка, хоць я, можа, і не павінна казаць яе. Бачыце, мы простыя, звычайныя людзі. I мы трапілі ў віруючы кацёл, не ведаючы нічога, нічога не разумеючы. I сваю слепату мы зрабілі зрокам і лічылі, што мы не памыляемся. Здарылася так, што знайшоўся мярзотнік, які выкарыстаў нашу слепату. I мне, і… табе, чуеш, табе гэта каштавала многіх бяссонных начэй і многіх пакут. Я вельмі, вельмі кахала цябе, бачыла ў табе вышэйшую істоту, верыла да апошняга слова. I менавіта таму, а не таму, што цябе зрынулі, адышла ад цябе, вырвала з сэрца з крывёю, амаль з жыццём, калі мне здалося, што ты здрадзіў праўдзе. Як магла я, простая дзяўчына, ведаць, што праўда, калі яна з нячыстага рота, калі яе прыстасаваў да кішэні нягоднік, гэта не зусім сапраўдная, папсаваная праўда, што ў такіх выпадках праўду трэба ратаваць. I вось такое пакаранне. Божа… божа… божа…
Заплакала. Берасневіч даткнуўся да яе пляча. Шкода было яе больш, чым сябе. Толькі і сказаў:
— Не плач, не плач.
Так кажуць маленькай дзяўчынцы.
Але вось яна ўжо справілася, зноў ганарыстым і прыгожым стаў навекі любы твар.
— I вось змянілася ўсё. Іншыя надышлі часы, я ведаю. I я яшчэ больш ганаруся табою, калі бачу, што ты інстынктам, сумленным сэрцам прадбачыў гэта наперад. Але што мне з гэтага? Застаецца толькі вінаваціць сябе. А цяпер якое мне можа быць апраўданне. Не паверыла табе, кінула аднаго ў самы жахлівы, самы цяжкі момант. Даруй жа мне… I маўчы, маўчы. Ты думаеш, што мне лёгка прызнавацца ў гэтым? Мне было сорамна, таму я і жадала саскочыць. Я стала дарослай, я добра зараз бачу цябе. Я стала відушчай, але пасля таго, як згубіла цябе. Нашто мне зараз гэты здабыты зрок? I горш за ўсё, што я нават звыкла да гэтага. Колькі гора было! Я мёртвай хадзіла два гады. Маці бачыла гэта — думаеш, яна не пашкадавала тысячу разоў, што зрабіла так, што не падтрымала цябе ў той час. Яна не ведала, што гэта было так сур’ёзна, што ў нашы дні таксама ўмеюць кахаць. А татка не пашкадаваў нас. Адзін толькі раз, але сказаў адверта, што мы нарабілі і што ён прадчуваў гэта сваім прасцецкім сэрцам… А мне толькі хацелася памерці.
Берасневіч быў шчырым і простым хлопцам. Таму ён проста сеў поруч з Алёнкаю на задняе сядзенне і ўзяў яе за руку, зняўшы пальчатку:
— Не трэба, Алёнка, не трэба. Ты заўтра ж зненавідзіш сябе за гэту хвіліну слабасці… Так здарылася. Ты не вінаватая, я вінаваты значна больш… Зразумей, ты для мяне і зараз засталася лепшай на зямлі.
I ён прыпаў вуснамі, усім тварам да яе далоні:
— Гэтым болем ты дачыняла мне такую радасць, і такім шчасцем было кахаць цябе, што я толькі гэта і памятаю зараз, толькі гэта. Забыліся пакуты, а сэрца тваё засталося, і гэта — лепшае. Над усім на свеце яно. I за гэта дзякуй табе.
Ён адчуваў, што яе рука дрыжыць, адчуваў, што яна зноў можа заплакаць. Ён думаў, што яна шкадуе яго, мучыцца тым, што яна знайшла сваё шчасце, а ён застаўся адзін, што ёй балюча за яго, што яна саромеецца зараз сябе, што трэба выратаваць яе хаця ад гэтага, а таму вырашыў зманіць, сказаць тое, чаго не адчувала яго сэрца, чаго не было:
— Не пакутуй сумленнем за мяне, Алёнка. Не думай, я шчаслівы, я вельмі шчаслівы. Прайшоў боль, у сэрцы засталося толькі добрае…
Ён неймаверным намаганнем прымушаў сябе казаць далей гэтыя словы, у якіх была самая бессаромная хлусня, якую калі б там ні было вымаўлялі яго вусны.
— Тваё каханне прайшло, мінула і маё таксама. Магчыма, і я хутка адшукаю сваё шчасце, як адшукала яго ты. Не пакутвай за мяне, я шчаслівы. I шчасця жадаю і табе таксама, як самаму лепшаму, што было ў маім жыцці.
I сапраўды, гэта, здаецца, дапамагло. Алёнка адабрала руку, уздыхнула і сказала:
— Ну вось, зараз і я магу табе сказаць тое, чаго б ты не пачуў, каб не гэтыя словы твае. Ты шчаслівы, значыцца, можаш выслухаць гэта, і мне не будзе сорамна.
— Што гэта такое? — Берасневіч паглядзеў на твар Алёнкі, блакітны пад месячным сяйвам. На твары была глыбокая, сумная ўсмешка.
— Справа ў тым, што ты недачуў… Я не замужам.. I, напэўна, ніколі не буду.
— А-а, як гэта муж… не раўнуе?
— Муж не раўнуе толькі таму, што яго няма… Вось мы і дамовіліся, і зараз у нас абаіх лёгка на сэрцы. Не вінаватая я, не вінаваты і ты. Дарогі ляжаць перад намі ў розныя бакі — будзем шчаслівымі.
Каб пярун ударыў зараз з зімняга зорнага неба — Берасневіч не быў бы такі прыгаломшаны. Вочы яго сталі такімі вялікімі, непаразумелымі і дурнымі, што здзівілася б і трохмесячнае немаўля.
— То-бок, як гэта?
— Вельмі проста, — строга сказала Алёнка.
Абое сціхлі. Зорная чыстая ноч плыла над снягамі. Коні як быццам зразумелі іх і цягнуліся павольна-павольна. I ў пушчы рабіўся цуд, такія блакітныя, такія сінія пад ценем, казачныя вежы і гарады ўставалі з занесеных снегам вялікіх дрэў. Зрэдку ўставаў у гэтых вежах жоўты агеньчык лясной вартоўні, ветліва і прыязна мігаў ім і знікаў далёка ззаду.
Берасневіч першы не вытрымаў маўчання. Ён выпрастаўся, сціснуў лейцы ў задубелай руцэ:
— Ты, вядома, не кахаеш мяне. Тваё добрае сэрца памёрла для мяне — і я чужы. Я ведаю, я не варты гэтага…
Алёнка раптам упала вачыма ў далонь. Голас яе трапятаў, быў перарывісты і гучэў роспаччу:
— Уладзік! Уладзік! Мы гордыя, мы трымаемся, мы нават можам разысціся, не сказаць галоўнага, самага важлівага… Я маўчу… Але пашкадуй і ты мяне, пашкадуй хоць трошкі. Не прымушай зрабіць апошні крок. Вядома, я заснула навекі, але ж і такіх можа абудзіць нехта!
Ужо бачныя былі пад гарою ласкавыя агеньчыкі станцыі, чакаць далей было нельга, расступаліся і радзелі дрэвы пушчы. Яшчэ якіх-небудзь тры кіламетры да гэтых начных, здалёк бачных агеньчыкаў, і ўсё будзе скончана.
Берасневіч спыніў коні, павярнуўся да яе, прыўзняўся ў санках. На фоне зорак вялізным здаваўся яго заінелы сілуэт.
— Можа, я здолею зрабіць гэта? Я зманіў табе. Я ніколі не быў шчаслівы з тых дзён і без цябе — не буду. Я хлусіў, каб ты была спакойнай. Боль у сэрцы не прайшоў. Ён жыве і стаў яшчэ мацнейшым.
Яна маўчала.
— Можа, і для нас яшчэ ёсць шчасце? — зноў спытаў Берасневіч, прыбліжаючы свае вочы да яе вачэй. Спытаў уладна, як быццам сцвярджаў гэта.
Зноў маўчанне. Ён бачыў толькі, як хілілася яе галава.
— Ну?
I, не атрымаўшы адказу, ён узяў яе за рукі, прыцягнуў да сябе і пацалаваў у лоб.
З кароткім уздыхам, амаль стогнам, яна схілілася да яго на грудзі:
— Я не магу больш. Я столькі трымалася. Няхай я дрэнная, няхай гэта несумленна, але я не магу страціць цябе, забіць цябе… I сябе таксама.
— Я так знудзіўся па табе, — шчасліва сказаў Берасневіч, схаваўшы ў яе валасах свой твар.
Яна маўчала. Цяклі хвіліны, схіляліся да гарьь зонту горы. Лес, бураломныя хвоі, снег.
Далёкі гудок цягніка абудзіў іх. Берасневіч сілком адарваўся ад яе, павярнуў да сябе і ўзяў у далоні яе твар:
— Слухай, Алёнка, далёкая мая, блізкая. Я не хачу карыстацца гэтымі надзвычаннымі хвілінамі. Я ведаю, гэта ўспаміны, гэта даўні боль, гэта водгулле далёкіх дзён. Я амаль веру табе, але мы прайшлі столькі пакут, што для мяне было б смерцю памыліцца яшчэ раз. А ты не можаш верыць мне. Праўда?
— Не ведаю… магчыма, і так.
— Дык слухай. Заўтра прыйдзе роздум і мяне не будзе поруч. Ты паедзеш і добра падумаеш, верыш ты мне ці не. Падумаю і я. Праз два тыдні я буду ў горадзе. Адносна мяне ўсё ясна, я не змянюся. Я прыйду да цябе і дам сваю руку. Ад цябе будзе залежаць, возьмеш ты яе альбо не возьмеш. Паразмаўляй з маці… А я буду абавязкова.
Коні рвануліся, узялі з месца і памчалі да далёкіх агнёў. Закурыўся снегавы пыл, срэбра таяла на конскіх спінах. Лейцы вольна ляжалі ў адной руцэ Берасневіча, а другой руцэ было цёпла ад тонкага нават праз кажух Алёнчынага пляча.
Як мужна б’е ў твар вецер, якія прыгожыя вясёлкавыя слёзы навярнуліся, дзякуючы яму, на вачах. Якая бязмежная, сіняя, якая шчаслівая далячынь.
Старэнькі вакзал, перад дзвярыма натрусілі ля конавязі сена. У зале цеплыня, коней глядзіць стары дзед, які чакае ранішняе пошты. I, галоўнае, ёсць час пасядзець, адпачыць ад неверагоднага, спозненага і горкага шчасця: цягнік пайшоў хвілін сорак таму, а наступны будзе толькі праз гадзіну.
Ёсць і білеты. Якім цёплым паветрам патыхае з дзвярэй буфета, які ён бедны і мілы! I можна разбудзіць буфетчыка, які драмае ля стойкі, і папрасіць чаю.
На доўгі час, на ўсё жыццё запамятаецца гэты смешны, аблезлы буфет, азызлы добры твар буфетчыка, халодныя рукі Алёнкі, якія трэба расціраць і якімі яна так смешна сціскае шклянку з чаем. Надоўга! I шчаслівы той, у каго ёсць такі ўспамін. У далёкія-далёкія будучыя гады пранясе ён яго, і калісьці, на схіле дзён, варта будзе толькі сказаць: «А памятаеш?» — і зноў памяць узрушыць усю істоту чалавека, пакажа гэты буфет, у якім яны адны, станцыю, загубленую ў снягах, штучную пальму ля акна, ноч над лясамі.
— Ого, глядзі, Алёнка, крымскі мускат, масандра. А ў гарадах ламаюць шыі, каб дастаць. Што б вы думалі наконт бутэлечкі?
— Уладзік, ты стаў сапраўдным мужчынам, цябе цягне на выпіўку. Вядома, я згодная, калі ты хочаш.
Буфетчык глядзіць на іх і ўсміхаецца. Вядома, і ў яго ёсць жонка, напэўна, ужо ў гадах. Яна зараз спіць. Магчыма, яны і лаюцца часам — у іх не можа быць такога, як у Берасневіча з Алёнкай. Але ён здалёк глядзіць на іх з такой зайздроснай і добрай усмешкаю, так яму цёпла каля іх маленькага агню, што ён будзе некалькі дзён асабліва добры з жонкаю, магчыма, нават пяшчотна, як раней, пацалуе яе, вярнуўшыся з дзяжурства.
Віно налілі ў звычайныя шклянкі (келіхаў тут не водзіцца). Слава тым, хто збярог для іх, для гэтай ночы сярод снягоў, сонечныя цеплыню і святло!
Берасневічу здаецца на хвіліну, што гэта ў іх вяселле, і чырвань залівае яго шчокі. Яна глядзіць на яго і таксама чырванее. У зале цёпла. Вакол, за вокнамі, ляжаць снягі. Рука Алёнкі, тонкая і цёплая, ляжыць на стале.
Якое шчасце, што былі гэтыя гады выпрабаванняў. Без іх не было б гэтай самотнай ночы, гэтага старэнькага вакзала, гэтых снягоў. Як хутка бяжыць час! Вось ужо хутка трэба ісці. Але, можа, не было б так добра, калі б не ляжала наперадзе гэтая кароткая разлука. О, гэты асаблівы сум, непадзельны ад радасці!
…Зноў зоры над галавою. Яна стаіць ля яго на пуцях.
— Чуеш, Алёнка, думай. Я прыеду, я вельмі хутка прыеду. Былі выпрабаванні, былі гады пакут, я веру ў цябе. Думай.
Чырвонае вока цягніка. Алёнка глядзіць у вочы Берасневіча з мілай, сарамлівай усмешкаю, уздыхае.
— Не ведаю, можа, я i… паверу табе.
I зноў ён нахіляецца і цалуе яе ў лоб. Яна прыпадае да яго, вагаецца хвіліну і ўсміхаецца:
— Ведаеш, што сказаў бы пры такой нагодзе Янка? Ён сказаў бы, што высокія абцасы выдумалі дзяўчаты, якіх занадта часта цалавалі ў лоб.
I хоча ісці.
— Алёнка! — з дакорам кажа ён, пасля схіляецца і цалуе яе ў вусны.
Зноў гудок! Ах, гэты гудок!
— Бывай!
— Бывай і ты.
— Я вельмі-вельмі чакаю.
— А я буду імкнуцца да цябе. Я не магу больш…
— Прыязджай. Бацька будзе вельмі шчаслівы, маці, я думаю, таксама… і я буду вельмі рада, кажу загадзя… I даруй мне…
— Я думаю ў аспiрантуру. Маркевiч пiсаў…
Спудзілася:
— Хай яе ліха. Не трэба, не трэба! Столькі гора! Я лепей…
— А я ўсё ж прыеду. Сядай, сядай хутчэй! Да акна, да акна!
Цягнік рушыў, набіраючы ход. Алёнка засмяялася ад шчасця і прыпала вуснамі да халоднага шкла, пасля пацерлася аб яго шчакою. Бачыла, як махаў ён рукою, як ішоў пасля з перона, хістаючыся ад шчасця, як п’яны. Зноў падумала з тым шчасцем, якое бывае толькі ў дзяцінстве, калі кладзешся спаць:
— Мой! Мой! Цёплы! Жывы! Назаўсёды мой, родны чалавек!
Вось цягнік набірае ход, знік асветлены вакзал. Цемра з рэдкімі агнямі вакол. Якое шчасце!
А Берасневіч між тым ішоў сапраўды як п’яны. Твар яго гарэў, дзіўныя здані ўставалі перад вачыма.
Стаў ля вакзальнага скверыка на плошчы, падумаў, засмяяўся і раптам зняў з рук пальчаткі і з усвядомленым, разумным выглядам зашпурнуў іх у гурбу, спачатку адну, а пасля другую, як быццам рабіў невядома якую важлівую і разумнаю справу. Вось і коні. Любыя коні, як ім цёпла пад кажухамі! Плылі ў яго галаве ўрыўкі Алёнчыных слоў:
«Прыязджай… Бацька будзе рады». Любая-любая Алёнка… любы бацька.. любая маці!
I ён пацалаваў каня ў мяккі шэры нос, такі цёплы, з рэдкімі чорнымі валосікамі.
Нейкі хлопец спыніўся непадалёку, паглядзеў на яго непаразумела, усміхнуўся і заўважыў:
— Хільнуў дзядзя. Бач ты, што гарэлка з нашым братам робіць.
Але Берасневічу было ўсё аднолькава. Ён ускочыў у сані, закруціў канцамі лейцаў і, калі коні ўзялі наўскач, крыкнуў:
— Хільнуў! Хільнуў!
Імчаліся насустрач хаты, пасля заскакалі яліны ў бары, а ён усё яшчэ крычаў:
— Гэ-эй! Людзі! Людзі! Чуеце, людзі!
Пасля раптам супакоіўся, зручна сеў і закруціў кажухом ногі.
Коні адпачылі, беглі вясёлым трушком, праз шэрань на вейках дзіўным, вясёлкавым здаваўся лес, ныраў у хвоях вясёлы, п’яны месяц.
Усё-ўсё будзе добра. Ён верыць, ён ведае. I парукай таму гэтая шэрань, што ляціць з галін, казачны месяц, што заблытаўся ў дрэвах, далёкі, шчаслівы шлях.
Не затопіць, не знішчыць нішто сапраўднага кахання. Якая цёплая зіма, якая бадзёрасць у грудзях! Сколькі светлага абяцаюць снягі! Мо таму, што сэрца пасля доўгай, чатырохгадовай зімы адтайвае, пускае парасткі новага кахання, знішчае апошні на зямлі след старога?
I калі прынюхацца, як адчуваецца будучая вясна, хоць бы ў тым як пахне свежасцю, як мякаць сланечнікавага сцябла, снег!
Коні беглі шпарка!
Рукі былі моцнымі, грудзі вольна дыхалі.
I ўсё-ўсё жыццё яшчэ было ў будучым.
У снягах драмала вясна.