Быў. Ёсць. Буду… — Арнольд Мак-Мілін
Гісторыя i культура як тэмы паэзіі Ўладзіміра Караткевіча
Заўчасная смерць Уладзіміра Караткевіа 25 ліпеня 1984 г. пазбавіла беларускую літаратуру аднаго з самых буйных талентаў. Пісьменнік найшырокага дыяпазону, найбольш вядомы сваімі раманамі, ён быў таксама таленавітым драматургам, сцэнарыстам, крытыкам, гісторыкам, перакладчыкам, мастаком i, пэўна ж, вялікім паэтам. У лепшых яго мастацкіх творах адчуваецца глыбокая любоў да беларускай гісторыі i мовы. Займальнасць сюжэтаў i рамантычнае ўяўленне Караткевіча — адметныя з’явы, не так частыя ў беларускай літаратуры другой паловы XX ст. Яшчэ пры яго жыцці крытыкі часта скоса глядзелі на экстравагантнасць яго твораў, але пасля смерці ён стаў амаль што святым. I без усякага сумнення яго дзейнасць вельмі дапамагла росту беларускай нацыянальнай самасвядомасці, а яго нязменнае сцвярджэнне кардынальнага значэння мовы для разумення гісторыі было вялікім натхненнем для многіх, асабліва сярод інтэлігенцыі, да праблем якой часцей за ўсё звяртаўся ён у сваёй прозе i паэзіі.
Караткевіч славіцца галоўным чынам сваёй прозай, якую ён, як i Васіль Быкаў, пісаў пераважна па-беларуску, сам перакладаючы многія творы на рускую мову; ён меў вялікую папулярнасць не толькі ў Беларусі, але таксама за яе межамі. Некаторыя крытыкі лічаць, што п’есы Караткевіча з’яўляюцца самай важнай часткай яго творчасці. Аднак, калі б ён нават i не напісаў ні раманаў, нi п’ес, ён, тым не менш, лічыўся б адным з самых буйных паэтаў свайго часу. Як пісьменнік, так i чалавек, Караткевіч уяўляў сабой выключны феномен: вялікі асветнік, які ўмеў адначасова i зацікавіць, i забавіць. Як мала дзе, смерць Караткевіча была ўспрынята як усенароднае гора.
Уладзімір Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у сям’і рускамоўнага чыноўніка ў горадзе Орша. У час вайны ён быў эвакуіраваны спачатку ў Перм i потым у Арэнбург. Сярэднюю адукацыю ён атрымаў у Оршы i затым скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага універсітэта, свабодна гаворачы па-ўкраінску, i нават з дзіўнай рэпутацыяй «украінскага нацыяналіста». Ужо ў гэты час Караткевіч адрозніваўся надзвычайнай дапытлівасцю, якая разам з адкрытасцю яго поглядаў стала прычынай варожасці многіх, хто аддаваў перавагу канфармізму i ціхаму жыццю. У 1954 — 1956 гг. ён быў настаўнікам у вясковай школе недалёка ад Кіева i з 1956 да 1958 г. выкладаў у родным горадзе Орша.
Потым ён вучыўся на Вышэйшых літаратурных i сцэнарных курсах у Маскве, авалодаўшы ўжо да гэтага часу польскай i нямецкай мовамі. 3 1962 г. i да сваёй заўчаснай смерці Караткевіч жыў у Мінску.
Першай яго публікацыяй былі вершы ў аршанскай газеце ў 1955 г. Варта адзначыць, што са шматлікіх магчымасцей пісьменнік свядома выбраў родную мову, а не мову свайго выхавання або адукацыі, бо ён быў глыбока перакананы, што без моцнай нацыянальнай мовы не будзе ніякай будучыні для беларускай культуры. У 1955 г. ён апублікаваў у часопісе «Полымя» невялікую баладу аб легендарным беларускім разбойніку Машэку, за якой з’явіліся чатыры зборнікі вершаў (апошні пасмяротна): «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969) і «Быў. Ёсць. Буду.» (1986). Вершы Караткевіча, як i яго творчасць у цэлым, здзіўляюць сваей разнастайнасцю, але ўсе яны насычаны абаяльнасцю гісторыі i, у прыватнасці, сувязямі між мінулым i сучаснасцю; у ix таксама выяўляецца вялікая любоў да мовы i культуры Беларусі, якія паэт разглядае ў найшырокім кантэксце сусветнай цывілізацыі. Варта таксама адзначыць, што вершы Караткевіча часта каменціруюць i дапаўняюць яго раманы i п’есы.
Адным з тыповых ранніх вопытаў у вершах Караткевіча быў «Паўлюк Багрым» (1956), расказ аб сялянскім хлопчыку, які напісаў верш, што лічыцца першым, створаным на сучаснай беларускай мове. Потым ён быў зданы ў салдаты (1828) у пакаранне за ўдзел у Крошынскім бунце. У сваім вершы Караткевіч узнаўляе абураны плач па паэту-брату, знішчанаму ўладай. Як гэта ўвогуле характэрна для гэтага пісьменніка, ён уводзіць некалькі гістарычных фігур (князь Усяслаў i князь Ягайла) у свае паэтычныя роздумы аб краіне, дзе так цяжка развівацца маладому таленту. I таксама характэрна тое, што плач пераўтвараецца ў сваеасаблівую малітву надзеі, якая заканчваецца заклікам Багрыма да свайго народа прачнуцца i патрабаваць свабоды:
Беларусь, прачынайся!
Я цябе абуджаю!
Ты павінна прачнуцца,
Не праспі сваё шчасце ўначы,
Я гукаю цябе,
Дарагая, святая!
Адкажы ж, мая родная.
Не маўчы!..
Паміраю i веру:
Калісьці над светлымі водамі,
Над свабоднай зямлёю
I над Белаю Руссю маёй
Шчасце сонцам заззяе,
I слова нашчадка свабоднага
Мае раны загоіць
Гаючай жывою вадой. (I, 30 — 31)
Другім блізкім па духу Караткевічу паэтам быў Максім Багдановіч, які падобна яму выхоўваўся ў рускамоўным асяроддзі, але, тым не менш, стаў адным з танчэйшых майстроў беларускага паэтычнага слова. Важным для Караткевіча, аднак, было не толькі тэхнічнае майстэрства Багдановіча, але ў яшчэ большай ступені — яго глыбокі патрыятызм, бачны ў гэтым урыўку з верша «Багдановічу» (1966):
Ты сказаў нам:
«Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц i краса?
Ёсць i ў вас, як у іншых, святыня.
Не давайце святыні псам!
Не давайце з яе глуміцца,
Бо праспіць яна ясну зару,
Бо святы ізумруд заімгліцца
У пярсцёнку тваім, Беларусь». (I, 227 — 228)
Гэты цудоўны верш заканчваецца наступнымі радкамі: «Бо як ёсць у народа такія — Не загіне давеку народ».
Амаль уся вершаваная творчасць Караткевіча нясе багаты багаж літаратурных, гістарычных i іншых культурных рэмінісцэнцый, i форма кароткай балады аказалася вельмі зручнай для ўпадабанага аўтарам уваскрашэння гістарычных дзеячаў i падзей. «Балада пра паўстанца Ваўкалаку» (1956), напрыклад, поўная таго ж катэгарычнага духу змагання, як «Машэка», i апісвае, як у апошнія хвіліны свайго жыцця герой акрыяў духам, назіраючы за аленем, што падбірае лісце; аптымістычным рэфрэнам становяцца наступныя словы: «Лісце аб’еш, алень!» (І, 38 —3 9). У вершы «Сырцовыя цагліны» (1957) з кнiгi «Матчына душа» Караткевіч апісвае, як больш дзесяці стагоддзяў назад будаваўся замак, i што паэт гатовы плакаць ад думкі пра тое, як маленькі сын будаўніка паставіў сваю босую ножку на сырую цэглу, пакінуўшы там адбітак, што, як гаворыцца ў канцы верша, перажыў усе зменлівасці гісторыі:
I адбітак маладой дзіцячай нaгі
У аснову крэпасці лёг.
Шмат разоў прыходзілі варагі
На краіны лясной парог,
Шмат разоў стагнала зямля ад тугі
I ўзрастаў на рутах палын…
Але быў непарушны адбітак нагі
На паверхні сырцовых цаглін. (І, 23)
Сярод іншых выдатных вершаў аб старажытай беларускай гісторыі можна назваць «Скарына пакідае радзіму» (1959) i «Бекеш, або Ода epaci (Балада 1555 года)» (1970).
Паэзія Караткевіча вельмі разнастайная, хоць i нескладаная па форме. Шырокі дыяпазон тэм i вершавых жанраў разам з адносна простай, прамой манерай садзейнічалі любові i цёпламу прыняццю яго творчасці ў чытачоў, якія з задавальненнем яго цытавалі i цытуюць дасюль.
Другі зборнік вершаў «Вячэрнія ветразі» па зместу не менш шырокі, чым першы, складаецца з пейзажнай лірыкі, балад пра вайну, аднаго вядомага верша аб царкве Пакрава на Нерлі, вершаў аб арганаўтах i прарочым трыпціху Іераніма Босха, у якім мастак як бы прадбачыць сучасныя ваенныя сродкі.
Асабліва важная ў тэматычным кантэксце ўсёй яго творчасці напаўдраматычная паэма «Слова пра чалавечнасць» (1960). Каліноўcкi быў для Караткевіча заўсёднаю крыніцаю натхнення, асабліва ў яго прозе i драме i, у прыватнасці, у эпічным рамане «Каласы пад сярпом тваім» (1965) i ў п’есе «Кастусь Каліноўскі: смерць i неўміручасць» (1963). У сваіх вершах Караткевіч таксама не раз звяртаўся да асобы Каліноўскага прама i апасродкавана: у познім вершы «Смяротная страта (1 сакавіка 1881 г.)» ён нагадвае аб другім змоўшчыку — Ігнату Грынявіцкім, які ўзарваў бомбаю цара Аляксандра II, ненавіснага ў Беларусі душыцеля паўстання 1862 — 1863 гг.; у «Нявесце Каліноўскага» (1962) аплаквае лёс няшчаснай жанчыны i ёй падобных; верш «На пачатак „Каласоў над сярпом тваім“…» (1967) выяўляе радасны наплыў энeprii ў сувязі з тым, што Караткевіч думае, што гэты раман можа стаць яго самым значным творам; у «Павешаным 1863 года» сцвярджае бяссмерце ўcix тых, хто змагаўся за сацыяльнае i палітычнае вызваленне Беларусі. Самае важнае з гэтых вершаў — «Прарок», маналог Кастуся з 3 акта трагедыі «Кастусь Каліноускі» (1965), які з’яўляецца не толькі часткаю п’есы, але i значным вершам:
Далёкія-далёкія дарогі
Пад хмарнай лебядзінай чарадой…
Іду… Не веру ў д’ябла, ані ў Бога.
Былі б — дык не паднеслі чары той:
Пакутваць цяжка гневам i журбою,
Ў пустыні марна да пяскоў гукаць
За край, даўно адвучаны ад бою,
Ад мовы, гонару i языка.
I жыць, як тыя, што вось-вось сканалі,
Але яшчэ не ўпалі ў вечны смерч:
Мозг шле навокал клічы i сігналы,
А цела — ў мёртвы лёд закула Смерць. (I, 292)
Немагчыма перабольшыць найшырокі дыяпазон культурных інтарэсаў Караткевіча. Адным з цікавых прыкладаў таго, як ён звяртаецца да сусветнай мастацкай спадчыны, з’яуляецца яго цудоўны верш пра Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Трызненне мужыцкага Брэйгеля» (1960), дзе ён перадае свае ўражанні ад розных карцін Брэйгеля, нібы папракаючы ў канцы мастака за жорсткі паказ сляпых, якія вядуць сляпых:
…Мужыцкі Брэйгель трызніць.
Хто вы такія, як назваць вас, людзі?
Куды краіна з вамі забрыдзе?
Сляпыя! Мёртвыя! Яны ідуць,
Паклаўшы рукі на плячо пярэдніх,
I іх вядзе сляпы. І проста ў яму
Ён падае. А заднія не бачаць,
I, як раней, застыў на іхніх тварах
Самаздаволены па-свінску гонар.
Што ж ты пракінуўся, мужыцкі Брэйгель?
Шпурляй у твар ім горкія палотны,
Дражні, як бугая, чырвонай хусткай,
Паказвай ім, сляпым, канец Ікара, —
Яны ж усе адно не зразумеюць.
Хіба нашчадкі, можа? (I, 94)
Маленькай, але значнай i цалкам тыповаю рысаю гэтага верша з’яўляецца тoe, што Караткевіч карыстаецца зноў i зноў беларускімі дыялeктызмaмi, нават апісваючы шэдэўр сусветнага мастацтва. Гэта служыць прыкладам аднаго са спосабаў, якімі паэт на кожным кроку сцвярджае месца Беларусі ў свеце. Для яго гісторыя i культура непарыўна звязаны адна з другой.
Трэці зборнік вершаў Караткевіча «Мая Іліяда» з’явіўся напрыканцы шасцідзесятых гадоў, калі ён паспеў выдаць чатыры з самых вядомых сваіх твораў у прозе i калі ён ужо быў вядомы як спрэчны i вельмі арыгінальны раманіст. Зразумела, што для яго не зменшылася значэнне вершаў як сродку выяўлення самых інтымных думак, нягледзячы на велізарную папулярнасць i поспех яго вялікіх раманаў. Сказаць, што тэматычны i формавы дыяпазон гэтага зборніка аналагічны папярэднім, зусім не азначае, што Kapaткевіч таптаўся на месцы. Ад самых першых вершаў ён выявіў зачароўваючую знаходлівасць i арыгінальнасць — якасці, што відны ва ўсёй яго творчасці, як ранняй, так i позняй, хоць можна заўважыць павелічэнне канкрэтнасці вобразаў у яго вершах на інтымныя тэмы, таксама як i ў яго гістарычных творах.
Хоць Караткевіч пicaў хутка i лёгка, ён заўсёды імкнуўся паліраваць i ўдасканальваць сваю творчасць i, як было ўжо сказана, адчуваў вялікую прыхільнасць i блізкасць да самага выдатнага майстра сярод сваіх папярэднікаў у беларускай паэзіі — Максіма Багдановіча. Трэба адзначыць між тым, што Караткевіч быў далёкі ад Багдановічавай схільнасці да «мастацтва дзеля мастацтва». Напрыклад, у вершы, што напачатку здаецца чыста лірычным, «Дзяўчына пад дажджом» (1960), Караткевіч aпicвae, як маладая дзяўчына выходзіць пад дождж, рамантычна цешыцца залатымі кроплямі. Але паэт заканчвае свой твор рэзкай кодай, якая, нібы прадбачачы сучасную трагедыю постчарнобыльскай Беларусі, гаворыць аб жорсткай спадчыне свету новым пакаленням.
Наступныя радкі — прапусцім першую частку гэтага ўражальнага верша — раскрываюць яго сутнасць:
Кроплі яе цалавалі
Пылка, пяшчотна, да слёз,
Вусны дзяўчыны хапалі
Срэбра з ясных нябёс.
Дожджык зрабіў сваё цуда,
Ён абляпіў, як мог,
Плечы, маленькія грудзі,
Гнуткія лініі ног.
Бэзам з садоў павявала,
Вечна хацелася жыць.
Дзяўчына ад шчасця спявала
…………
Стронцый быў у дажджы. (I, 138)
Гэты верш, які падкрэслівае зло сучаснасці, належыць да цыкла «Зямля журбы». У творчасці Караткевіча, як у паэзіі, так i ў прозе, надзвычай шмат рэмінісцэнцый, i назва гэтага цыкла не можа не нагадаць аб назве ранняга цыкла Якуба Коласа «Песні-жальбы» (1910), так, як назва першага яго зборніка вершаў нагадвае назву адзінай кнігі вершаў Алеся Гаруна, бліскучага сучасніка Багдановіча i Коласа.І на самой справе, вершы ў трэцім цыкле Караткевіча раскрываюць гістарычную трагедыю Беларусі ў трагічным свеце, улічваючы i беларускія ахвяры ў вайне, i ўскрытыя магілы ў старажытнай Грэцыі.
«Балада плахі» (1968), якая адкрываецца ўражлівым чынам: «Кожны дзень гінуць мужнасць i святасць», аплаквае ўcix, хто памёр гвалтоўнай смерцю, асабліва маладых, ледзь саспелых мужчын:
У зыркіх ранах, крывавыя, голыя,
Што ні дзень павісаюць яны
На крыжах з бамбука, магноліі
I суровай паўночнай сасны.
Не паспеўшы зрабіцца мужчынамі,
Сустракаюць са зброяй бяду.
Галаву не на грудзі дзяўчынам,
А на слізкую плаху кладуць. (I, 141)
Пасля цэлага шэрагу прыкладаў жорсткасці i прыгнёту верш заканчваецца так:
Толькі час вам уздасць поўнай мераю.
Але ўсё ж — пакуль прыйдзе той час, —
Калі ёсць на зямлі гэтай вера,
Калі варта жыць — то для вас.
Любоў Караткевіча да пераацэнак i новых падыходаў да гістарычных i сучасных пытанняў выклікала шмат спрэчак, лічачыся аднымі арыгінальнасцю, а другімі — цягаю да экзатычных эфектаў. Як бы там нi было, яркім прыкладам гэтай тэндэнцыі служыць яго «Балада аб трыццаць першым сярэбраніку» (1965), дзе лішні сярэбранік Іуды разглядаецца як ключ да багацця i поспеху гэтага кананічнага ўвасаблення здрадніцтва:
Той дынар быў шчаслівай манетай, і хцівец смярдзючы
З дапамогай яго заграбаў сабе золата, срэбра i медзь,
І разжыўся, i стаў неўміручы. Ну так, неўміручы,
Бо каб вешацца — трэба таксама сумленне займець. (I, 142 — 143)
Тэма верша пашыраецца ў перасцярогу аб лёгкасці, з якой здрадніцтва i хлусня могуць хавацца за рэспектабельнай знешнасцю ў сучасным свеце. Просты, дамашні характар некаторых вобразаў ніколькі не змяншае сілу сведчання Караткевіча:
Быў фіскалам. Усюды пралазіў i бокам i нізам,
Па гестапах служыў, па засценках, ад стогнаў глyxix,
Па ахранках… А зараз ваюе за «наш гуманізм».
Не здзіўляйцеся, добрыя людзі, бо гэны з такіх.
З дзён пачатку мільёны сапраўдных ён вырак на мукі.
I жыве. Ўсё жыве. Вось наведвае госцем ваш дом…
Вось сядзіць… Вось ідзе…
Вось бярэ вашых дзетак на рукі…
Пнецца ў неба з трыбун… П’е гарэлку за вашым сталом.
Але выпадак дай — распаўзецца чумою па свеце,
Закладзе цалаваных сяброў i ўчарашных багоў… (I, 143)
Ліквідацыі гэтага зла, увасобленага ў трыццаць першым срэбраніку, — неабходнасць:
А іначай — няшчасце Зямлі. А іначай — канец.
Тыпова для балад Караткевіча ў цэлым тое, што ён бярэ гістарычную (часам фальклорную) тэму i перадае яе сутнасць маляўніча, драматычна, адначасова выразна падкрэсліваючы яе сучасную рэлевантнасць. У гэтых адносінах сярод беларускіх паэтаў ён найбліжэй да Янкі Сіпакова.
Шмат любоўнай лірыкі Караткевіча знаходзіцца ў двух цыклах у кнізе «Мая Іляда»: «Калі памірае каханне» i «Інга i Марыя». Нават тут паэт умее прышчапіць гістарычны пункт погляду, нават у самых інтымных вершах, дзе лірычны герой зведвае няшчасце ў любові (як з ім часта бывае): у вершы «Фантазія» (1964) паэт згадвае аб такіх вядомых людзях мінулага з неспакойнымі любоўнымі лёсамі, як Дантэ, Петрарка, Катул, Бетховен, Лермантаў i Багдановіч.
Другі цудоўны цыкл з «Маёй Іліяды» называецца «Таўрыда» i апісвае, як можна было б чакаць, розныя аспекты Крыма. Хаця i без выключнай вытанчанасці «Крымскіх санетаў» свайго журботнага земляка Адама Міцкевіча, Караткевіч, тым не менш, чуйна адносіцца да лёсу старажытных жыхароў гэтага краю, звязваючы ix знікненне з магчымай аналагічнай доляй свайго ўласнага прыгнечанага народа, як гэта відаць у другой палове верша «Таўры» (1967 — 1968):
Дрэмле Кошка-гара,
Дрэмлюць таўраў руіны.
Я стаю i ўяўляю,
Што я не ізгой,
Не паэт з беларускіх узгоркаў cінix,
А апошні таўр
Народа свайго.
О, якая ганебнасць у гэтых згадках!
О, які атрутны бяспамяцтва дым!..
Крый нас Божа, калі на нас
Нашчадкі
Паглядзяць,
Як мы
На таўраў
Глядзім. (I, 205)
Пастаяннай тэмаю ў вершах Караткевіча побач з сусветнай культураю з’яўляецца беларускі патрыятызм. I «Беларуская песня» (1968), першы верш у кнізе «Мая Іліяда», пасля падрабязных i рамантычна прыгожых адказаў на пытанне «Дзе мой край?» заканчваецца характэрным экспрэсіяністычным прызнаннем у вечнай вернасці Беларусіі:
Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі
I апошняй раллёй, на якую ўпадзем у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Hіколi,
Ніколі,
Так,
Ніколі не кінем,
Не кінем,
Не кінем цябе. (I, 137)
Чацвёртая, i апошняя, кніга вершаў Караткевіча, выдадзеная пасмяротна, і ў 1986 г., была ўспрынята вельмі эмацыянальна. Як яго тэстамент. Прынамсі, «Быу. Ёсць. Буду» можна разглядаць як яго крэда, што выяўляе яго думкі аб ролі i прызванні паэта. Аб яго адказнасці перад радзімай. Ужо за некалькі гадоў да сваёй заўчаснай смерці Караткевіч адчуваў глыбокую боязь пры думцы аб ёй. I ў пэўнай ступені гэты страх выяўляецца ў кароткім вершы 1979 г.: «Радок бяззбройны i бясспрэчны…». У ім ён як бы параўноўвае сябе з традыцыйнымі паэтамі-канфармістамі ў той час, калі сам павінен хутка пакінуць гэту «юдоль слёз», ведаючы, што ён будзе вядомы пасля сваёй смерці. Калі не ў цэлым свеце, дык, прынамсі, у Беларусі — i ўжо гэтага для яго зусім дастаткова. Свой лёс Караткевіч трактуе непасрэдна ў другім вершы, напісаным у 1976 г. Першая страфа выказвае яго душэўны стан i яго самую глыбокую карэнную веру:
Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх. (I, 239)
Адзін з самых аптымістычных i адначасова двухсэнсоўных вершаў у гэтым зборніку мае незвычайную назву: «Амаль хрысціянскі тост за ворагаў» (1968). Заявіўшы, што ён i яго сябры — не баязлівыя гіены, не сабакі, што выюць, не свінні, што валяюцца ва ўласнай гразі, Караткевіч выбірае льва як аб’ект параўнання, сцвярджаючы, што ён i яго сябры маюць «сапраўдную кроў». Можна толькі здагадвацца аб тым, хто менавіта гэты добра ўладкаваны i ўкормлены вораг, які не разумее ні сваёй слабасці, ні сілы тых, хто п’е за яго здароўе. У вершы «Паэт» (1984) Караткевіч звяртаецца да вобраза тачыльнага бруска — бруска, неабходнага пад час вайны для заточвання зброі, які, урэшце, таксама з’яўляецца зброяй. Ёсць велізарны кантраст паміж першым радком «Брусок спявае ціхую малітву» i цалкам размоўнай канцоўкай:
I пойдзе гнеў да эшафотных стром,
I зломіцца аб сталь кінжал апошні, —
Ну што ж?
Тады ўжо можна i бруском. (I, 248)
У творчасці Караткевіча нямала гумару, пра што сведчыць такі верш, як «Хан i табіб» (1984), але большасць вершаў у апошнім зборніку цалкам засяроджана на лёсе Беларусі ў яе розных аспектах. «Стары певень» (1984) пачынаецца драматычнымі словамі «Жабруюць хаты» i потым паказвае разруху, над якой царуе стары певень i пяцёра кур, што абараняюць вёску:
Гэты певень вартуе наш родны край.
А вы? Ці не ганьба вам? (I, 277)
У вершы «На Беларусі Бог жыве» (1980) Караткевіч выкарыстоўвае народную прымаўку, каб пералічыць усе цуды сваей радзімы, i заканчвае яго так:
I пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
«На Беларусі Бог жыве», —
I няхай давеку жыве. (I, 242)
Вершатворчасць Караткевіча з’яўляецца кардынальнай часткай яго літаратурнай спадчыны. У ёй мы сустракаем непасрэдныя i арыгінальныя вобразы, велізарную асабістую захопленасць, што вядзе да гіпербалізацыі, як i да прымяншэння, шырокую палітру фарбаў i пільны, i назіральны да падрабязнасцей i дэталей позірк. Таксама надзвычай прывабліваюць безупынная інтэлектуальная дапытлівасць Караткевіча, яго тонкае адчуванне гісторыі i, больш за ўсё, яго нястомны клопат аб будучай культуры сваёй радзімы.
* * *
У раман «Чорны замак Альшанскі» (1979) Караткевіч уводзіць размову між двума персанажамі, якія робяць розныя заўвагі спачатку пра Васіля Быкава, потым пра творчасць самога Караткевіча: «Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае… Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць». Сапраўды, разнастайнасць жанраў, гэтаксама як i шматзначнасць тэм унутры гэтых жанраў з’яўляюцца адметнымі прыкметамі творчасці Караткевіча; мала хто з сучасных пісьменнікаў валодаў такім плённым i шырокім уяўленнем. Характэрнае для яго таксама змешванне рамантычных i рэалістычных элементаў, чуйнае разуменне гісторыі, культуры i маральнага стану сваёй краіны. Таму яго ўяўленне аб гістарычным мінулым заўсёды арганічна звязана, адкрыта або прыхавана, з сучаснасцю. Сярод іншых элементаў, што прывялі Караткевіча да надзвычайнай папулярнасці, можна выдзеліць яго яркае ўяўленне, жывую i разнастайную мову, здольнасць спалучаць кранальны пафас са злой іроніяй.
Нестандартнасць творчасці Караткевіча раскалола напалам беларускі літаратурны эстэблішмент, але палітычны застой 70-х i ранніх 80-х гг. зусім не паўплываў на лаяльнасць чытачоў Караткевіча, якія заўсёды з нецярпеннем чакалі яго новых публікацый, бадай, галоўным чынам з-за таго святла, якое яны пралівалі на пагарджаную гістарычную i культурную спадчыну яго радзімы. Заўчасная смерць у росквіце сіл ix палкага абаронцы была велізарнейшаю стратаю для беларускай літаратуры i грамадскасці.
Пераклад з англійскай
1. Надрукавана ў кн.: УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ І ЯГО ТВОРЧАСЦЬ У ЕЎРАПЕЙСКІМ КУЛЬТУРНЫМ КАНТЭКСЦЕ: НАВУК. ЗБОР. / Рэдкал. А. Мальдзіс (гал рэд.) і інш. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 208 — 218.