Уладзімір Караткевіч i сучасная беларуская мастацкая культура — Аркадзь Русецкі

Перш за ўсё трэба спыніцца на тым, што мы разумеем пад мастацкай культурай. I вось чаму. Даволі часта мастацкую культуру ўспрымаюць як мастацтва, як творчасць, як мастацкую дзейнасць і г. д. Адбываецца падмена паняццяў, якая, часцей за ўсё, адводзіць у бок ад разумення сутнасці з’явы ці прымушае засяроджваць увагу на другасных, важных, але не галоўных элементах.

Па нашаму разуменню, мастацкая культура — гэта, з аднаго боку, сукупны прадукт мастацкай дзейнасці людзей у канкрэтную гістарычную эпоху і, з другога, поліфункцыянальная сістэма вытворчасці, захавання, размеркавання і спажывання духоўных каштоўнасцей, дзе сутнаснай з’явай выступае мастацтва, яго ўзаемасувязь і ўзаемадзеянне з іншымі сацыяльнымі працэсамі і інстытутамі ў мэтах абнаўлення духоўнага жыцця грамадства і стварэння ўмоў для фарміравання развітай асобы.

У дадзеным выпадку для нас вызначальным выступае паняцце «сукупны прадукт», якое сведчыць, што мастацкая культура ахоплівае ўсе віды мастацкай дзейнасці — славесную, музычную, тэатральную, выяўленчую і г. д., і ўсе віды мастацтва — як прафесійнага, так і народнага, самадзейнага. Паняцце «сістэма», у сваю чаргу, уключае ў сябе ўсе працэсы, звязаныя з функцыянаваннем мастацтва ў грамадстве (стварэнне, захаванне, распаўсюджанне, успрыманне, ацэнку, вывучэнне), а таксама тое, што забяспечвае яго далейшае жыццё — выхаванне мастакоў, публікі, сацыялагічныя замеры існавання і спажывання мастацтва і г. д. У выніку адбываецца зварот не да аднаго ці некалькіх відаў мастацтва, а да ўсёй мастацкай культуры — айчыннай і сусветнай, да той духоўнай атмасферы, у якой адбываецца яе фарміраванне і развіццё.

Менавіта вызначэнне мастацкай культуры як «сукупнасці-сістэмы» больш за ўсё актуальна ў адносінах да творчасці Уладзіміра Караткевіча. I вось чаму. З аднаго боку, гэтая творчасць паўстае не толькі перад даследчыкам, але і перад чытачом як пэўная сукупнасць літаратурных жанраў (прозы, паэзіі, драматургіі, эсэ і

г. д.), цесна ўзаемазвязаных і ўзаемадапаўняючых адзін аднаго. З другога, тая ж творчасць не замыкаецца толькі ў межах літаратурнай (хоць і шматпланавай, «сукупнай») дзейнасці. Яна стала з’явай настолькі адметнай, што, па сутнасці, не пакінула некранутай амаль што ніводнай сферы мастацкай культуры Беларусі (ды і не толькі Беларусі). Як канцэнтраванае выражэнне, як згустак, квінтэсэнцыя агульначалавечых ідэй і каштоўнасцей, чалавечых характараў і гістарычных падзей творчасць Уладзіміра Караткевіча не проста прыцягнула да сябе ўвагу творцаў іншых відаў мастацтва, але ўзбагаціла іх, стала добрым імпульсам для новых адметных мастацкіх твораў (напрыклад, у кіно, тэатры, песеннай і выяўленчай дзейнасці).

Калі мы падыходзім да разгляду мастацкай культуры не як да нейкай раз і назаўсёды вызначанай дадзенасці, а як да жывога арганізма, што бесперапынна развіваецца, вырашаючы сваю галоўную задачу стварэння мастацкай гісторыі чалавецтва, то ўбачым, што творчасць Уладзіміра Караткевіча поўнасцю карэлюецца з такім падыходам. Пры гэтым галоўным у такім узаемадзеянні, на наш погляд, з’яўляецца мастацкае асэнсаванне дыялектычных суадносін паміж гісторыяй і сучаснасцю, глыбокае разуменне гістарычнага працэсу і стварэнне на гэтай аснове мастацка-гістарычнага летапісу жыцця і лёсу беларусаў. Сродкаў, якімі карыстаецца Уладзімір Караткевіч пры вырашэнні такой звышзадачы, мноства. Гэта — тонкі лірызм і глыбокі псіхалагізм у стварэнні характараў, здольнасць бачыць жыццё ў маштабных вымярэннях і ўменне адслаіць заканамернае ад выпадковага, вечнае ад часовага, шырокае выкарыстанне нечаканых асацыяцый, ідэйна-эстэтычнага багацця фальклору, этнаграфіі і гістарычных дакументаў і моўнае багацце твораў.

Адзначым, што ў мастацкай «рэканструкцыі» гістарычнай мінуўшчыны Уладзімір Караткевіч ішоў ад легендарна-фальклорнага матэрыялу да ўсё больш і больш глыбокага разгляду канкрэтных гістарычных фактаў, многія з якіх упершыню сталі аб’ектамі мастацкага аналізу.

Беларуская мастацкая культура яшчэ да прыходу Уладзіміра Караткевіча валодала пэўнымі сродкамі фарміравання гістарычнай самасвядомасці грамадства і асобы. Былі напісаны творы, якія дазвалялі сучасніку дакрануцца да гісторыі беларусаў, убачыць нашых продкаў у тых ці іншых далёкіх і блізкіх месцах і падзеях. Але ўсё гэта, у рэшце рэшт, быдо выпадковым, стракатым, непераканаўчым. Не было той стрыжнявой лініі, якая вызначыла б ролю беларусаў у гістарычным працэсе як з’яву аб’ектыўную і заканамерную. Нам здаецца, што менавіта творчасць Уладзіміра Караткевіча дазволіла ліквідаваць гэты прагал. Як гэта адбылося? Па-першае, пісьменнік валодаў вялізнымі ведамі ў галіне тэарэтычных праблем гістарычнай навукі, стварыў сваю філасофію гісторыі. Прыгадаем, напрыклад, яго вызначэнне эпохі Рэнесансу ў Беларусі. Па-другое, Уладзімір Караткевіч разумеў гісторыю як працэс, які дазваляе звязаць у адно мінулае і будучае (гістарычны сюжэт, на яго думку, — гэта матрыца будучага) і ў якім кожнаму народу адведзена свая роля і месца. Па-трэцяе, пісьменнік валодаў вялізнай працаздольнасцю, нейкім, пэўна, толькі яму ўласцівым уменнем «прадзірацца» праз тоўшчу разрозненых гістарычных фактаў, каб стварыць шырокае, панарамнае гістарычнае палатно. Таму меў рацыю Серафім Андраюк, які аднойчы заўважыў, што Уладзімір Караткевіч рабіў у нашай літаратуры тое, што ў свой час у англійскай літаратуры зрабіў Вальтэр Скот, у польскай — Юзаф Крашэўскі, у чэшскай — Алоіс Ірасек.

Праз мастацкае асэнсаванне гісторыі (гістарычную самасвядомасць) Уладзімір Караткевіч аказаў значны ўплыў на светапоглядную парадыгму сучаснай беларускай мастацкай культуры.

Нельга абысці ўвагай і той кірунак творчасці Уладзіміра Караткевіча, які з’арыентаваны не на «высокую» або прафесійную частку мастацкай культуры, а на народнае мастацтва, менавіта, фальклор. Пісьменнік быў цвёрда перакананы, што толькі спасціжэнне вытокаў духоўнай жыццёвасці народа, пранікненне ў сутнасць народнай творчасці, яе паэтычны пачатак дазваляе стварыць сапраўды мастацкі твор, варты той зямлі, на якой вырас аўтар. Мабыць, таму любоў да казак і паданняў, легенд і сказаў, загадак і былін, майстэрскае ўзнаўленне народнай мудрасці з’явіліся стрыжнявым пачаткам і адной з важнейшых асаблівасцей усёй творчасці Уладзіміра Караткевіча, у першую чаргу, яго паэзіі. Менавіта фальклорны элемент прыдае баладам, паэмам, песням, вершам стылёвую адметнасць, рамантычную ўзнёсласць, рэалістычную народнасць і праўдзівасць. Менавіта праз іх сучасны чытач пранікае ў духоўна-інтэлектуальную атмасферу далёкіх і блізкіх часоў, спасцігае працэс духоўнага развіцця беларусаў, адчувае яго накіраванасць у будучыню, веру народа ў свае стваральныя сілы. Бадай што няма ніводнага фальклорнага жанру, які не знайшоў бы свайго выкарыстання ў Караткевічавых творах. Таксама, як няма ніводнага паэтычнага зборніка, у якім бы чытачы не знайшлі б, не ўбачылі б уплыву вуснай народнай творчасці як у тэматыцы ці сюжэце, так і ў творчых матывах, глыбока прасякнутых нацыянальнай і народнай традыцыяй.

Нарэшце, некалькі слоў аб праблеме ўзаемадзеяння творчасці Уладзіміра Караткевіча з іншымі відамі і жанрамі беларускага мастацтва. Менавіта ўзаемадзеяння, а не толькі, скажам, уплыву. Так, шматлікія творы пісьменніка (напрыклад, гістарычныя драматычныя хронікі) сваёй неардынарнасцю «прымусілі» іншых творцаў узяць іх у якасці зыходнага матэрыялу для сваіх твораў. Напрыклад, амаль усе буйныя (і не толькі) празаічныя, а таксама драматычныя творы сталі асновай для кінафільмаў, драматычных і оперных спектакляў, пастановак у народных тэатрах. На кінастудыі «Беларусьфільм» зняты і атрымалі шырокую папулярнасць у гледачоў мастацкія стужкі «Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», «Маці Урагану». Доўгі час у Віцебскім акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа ішлі спектаклі «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі». Арыгінальнасцю рашэнняў і дынамізмам дзеяння вылучаецца опера «Дзікае паляванне караля Стаха» ў Дзяржаўным акадэмічным тэатры оперы і балета і г. д. Праўда, не заўсёды новыя творы адпавядалі ісціннаму Караткевічу. Але ў цэлым, дзякуючы гэтым новым творам, героі Уладзіміра Караткевіча, іх гуманізм, урэшце сама асоба пісьменніка выйшлі на такую шырокую чытацкую і глядацкую аўдыторыю, аб якой сучасны мастак можа толькі марыць.

Такім чынам, сувязь творчасці Уладзіміра Караткевіча і сучаснай мастацкай культуры Беларусі паўстае перад намі як з’ява дыялектычная і па-свойму унікальная, дзе кожны з бакоў, няхай і не зусім суразмерных па сваёй маштабнасці, так цесна звязаны між сабой, што згуба ці ігнараванне аднаго з іх можа парушыць цэлае, прывесці да разбурэння яго сутнасці.

1. Апублікавана ў кн.: УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ І ЯГО ТВОРЧАСЦЬ У ЕЎРАПЕЙСКІМ КУЛЬТУРНЫМ КАНТЭКСЦЕ: НАВУК. ЗБОР. / Рэдкал. А. Мальдзіс (гал рэд.) і інш. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 40 — 43.

Яндекс.Метрика