З запісных кніжак — 1984
«Аб сэнсе жыцця. Аб бессэнсоўнасці войнаў у ракурсе вечнасці. Аб параўнальных магчымасцях зла і дабра. Аб іх проціборстве — у грамадстве і ў душы чалавека. Аб любові і каханні. Аб гераізме. Аб подзвігу. Аб смерці. Аб бессмяротнасці. Пытанні, якія юнацтва ўсіх стагоддзяў задае сабе і навакольным. І чым дольш і настойлівей задае іх, тым долей не робіцца старасцю».
8 чэрвеня. Пятніца.
Цэлы дзень рыхтаваўся, канчаў складацца, даводзіў да ладу будучыя лісты. Перад ад’ездам Лена схадзіла па крэветкі. Выехалі недзе ў 17 г. і толькі ў 18 вырваліся з горада. Жудасныя коркі ў раёне аўтазавода. Пахмуры дзень, здавалася, восень. Дарога мала пазнаецца. У пазамінулым годзе быў не ў тым стане, каб пазнаваць змены, якія адбываліся на працягу многіх год. Аб’язныя дарогі пакідаюць убаку і Пухавічы і Бабруйск, але, як раней, шалёна цвітуць званочкі. І пейзаж («Achtung, Banditten», як я яго называў і называю) той самы. Вёска перад Рагачовам. Заможнасць. Арэлі. Прыехалі недзе ў (…) гадзін і яшчэ было светла, бо за Бабруйскам развіднела, і нават сонца пачало праглядаць.
Радасць. Змены ў двары. Рала пад буслянку на таполі ўсё пустое (а як аглядалі месца буслы калісь), разросся каштан, што яго калісьці мы прывезлі з Сяргеем маленькім пабегам з Кісцянёў. Парнікі і вінаград.
Выгрузіў карціны і іншае. Халодны вечар. Надвор’е, як і належыць на сёмуху: пахаладанне, і не ведаю, як у самое свята, а зараз дажджу хапае. Яно і лепей. Зямля тут усё яшчэ сухаватая. Размовы. Спаць леглі недзе ў гадзіну.
Сёння, 9-га, у суботу
Сёння, 9-га, у суботу, жанчыны ўсселі на хлопцаў, хлопцы на машыны — і ў горад. І, ясна, чакалі іх і выехалі недзе толькі каля дванаццаці. На месцы саду — [...] завод. Я ехаў з Васілём і дзядзькам. Астатнія — у джыпе Сяргеевым. Сады. Пустыя і нікому не патрэбныя. Восенню каровы выбіраюць салодкія яблыкі, да астатніх нікому няма справы.
Змянілася ўсё — часам няма як пазнаць. Мадора. Стары Кірэйшын ехаў на кані — мы з дзядзькам яго не пазналі.
Змены ў Кісцянях. Парк зусім заглух. Ад мамінай альтанкі-яліны ўжо зусім нічога не засталося, але так велічна ўзносіць свае магутныя стаўбуры векавая з вялікім гакам таполя.
Кісцянёўскі пан калісь купіў маёнтак Грынкевіча ў Тошчыцы. І адразу ягоны кісцянёўскі дом узяўся свячой.
А маці было тут добра кожнае лета. Цяпер ад саду толькі страшна здзічэлыя ад буянай гушчыні яблыні і ігрушы. Тое ж і на хутары Малчанава-Крыцкага. Было дваццаць год назад два дубы, цяпер — адзін, і той крыху сохне. І зарасло ўсё маладым, а сям-там і старым лесам. Дзікія зараслі і дзікае цвіценне ліловых смолак, у гушчары светлалістыя яблыні, а над смолкамі і рознакаляроўем мора шыпшыны, здзічэлых ружаў, а ў гэтым моры белымі астравамі хвошча ўгору і ўтрапёна цвіце язмін (ніхто яго не абломіць, бо не лезе праз калючы шыпшыннік), цвіце аж дрэвамі на два паверхі. І шыпшына цвіце. І Дняпра амаль не відаць за зарасцямі. Студня пад гарой, Вышчын-гара, урвішчы. Памятаю яе ўпершыню, з Дняпра, з чаўна. Пасля дажджу крывава-чырвоную. Дзіва.
Пасля зразалі дарогу лесам. У Старое Сяло «паказваць маладзіцу». Выявілася — ласянятка. Падабралі на полі ледзь жывую сірату Люську. Жыве з цёлачкай у пуньцы, ходзе па двары і лашчыцца да паляўнічых сабак. І больш свойскае, чым цялё, пальцы смокча, просіць малака. Выдзьмула тры чвэрці літра з соскі і хацела яшчэ. Худаватая, каровіна малако не ласінае. І якая бездань ласкавасці, бездапаможнасці і дабрыні. І адказ на яе ў чалавечым сэрцы. Дамоў, паўз могілкі, якія я памятаю колькі сябе, з такімі ж векавымі хвоямі.
Рыбы дасталі. Прыехалі — дождж пайшоў. І холадна так, што вырашылі прапаліць кацёл. Сёй-той у лазню хадзіў. Я — не. Сядзеў ля агню. Дождж і холадна, і абяцаюць назаўтра ўсяго дзесяць градусаў.
Не, ужо сягоння, дзесятага, у нядзелю. На сёмуху. Цікава, ці будзе заўтра абавязковы на сёмуху кароткі дождж.
Сонца і 15 градусаў у ценю з самай раніцы. Ноччу дождж быў. А раніцай выпала вялізная раса і такімі буянымі кроплямі гарыць на вінаградзе, півонях, ружах, нават на апошнім лісціку лебяды, робячы з яго твор мастацтва. Неба — як сіні гладкі фарфор. Але хмаркі ўсё ж пакрысе збіваюцца. Кучавыя, невялікія.
Зноў ездзілі ў Старое Сяло. Люську толькі што кармілі, яна выпіла толькі палову 0,75-літровай бутэлькі і пайшла блукаць, нават фатаграфавацца не хацела. Бычуля па мянушцы Беня брыкаў і бегаў па дворыку. Я суцешыўся, што ласяня ўсё ж бывае сытае, а тое аж страшна, так мацаліся яе рэбрынкі.
Такая ўсё ж яшчэ свежая лістота, такія далячыні на Дняпры пад самім Рагачовам.
Фатаграфаваў панадворак, але, пэўна, сапсуў плёнку. Паглядзім, што будзе.
Сонца было. Паабедаўшы, праехалі па мосце цераз Дняпро — і дамоў. 27.057 — 27.267 [км]. Выехалі 15.50 — прыехалі 19.20. Ад дому да дому — 210 кіламетраў. Сёмуха. Народ на траўцы, на лавачках, на арэлях. Бабкі прытанцоўваюць.
А пасля надвор’е пачало псавацца, і дождж спачатку крапаў, а пасля Бабруйска паліў усур’ёз.
Зрабілася паныла. І за Рагачоў, і за памятныя з дзяцінства месцы, зараз зусім іншыя, і за дзядзькаву старасць, і за схіл сваіх дзён.
Прыехалі, расклаліся. І так вось скончылася яшчэ некалькі дзён гэтага лета, якое хутка скончыцца, а там зноў імжа, хлюпа, слата, халады.
19-га купіў плакетку «Леў» кіеўскага майстра Шумакова.
Прыпяць, ліпень 84 г.
Трох на ўратавальным плыту.
Учора 12 ліпеня. Чацвер.
Выехалі ў 6 гадзін. Прыехалі ў К. у 16 г. (да гэтага рынак, хлеб). Спусцілі і надзьмулі плыт, нагрузіліся. Тлум. Памылка. Бакеншчык Валодзя, сімпатычны чарнявы… Юра Гарбутовіч стаяў пад мастом, кандыдат навук, выкладчык БПІ. Шпакі на вярбе. Лунь. Сава нада мною. Вогнішча. Поўня.
Сёння 13 ліпеня. Пятніца.
У без трох адзінаццаць былі на шостым км ад Пінска. Усё яшчэ маячыць. Берагі. Раніцай ідуць касцы, Канева.
Дзень сонечны, але са смугою.
Матрос Ждановіч.
Капітан Драчоў.
І адмірал Караткевіч, толку ад якога было, шчыра кажучы, пэўна, столькі, колькі ад адмірала Раждзественскага пад Цусімай.
Валодзя папярэдзіў, што ля берага нельга. Вострыя таплякі.
Ужо свая муха.
Пейзаж Пінска з вады. Свята, шмат народу на дзюнах. Порт. Краны. Рудавозы і баржы з дрывамі. Іх такое мноства, што вада здаецца чырванаватай.
Ноччу галасы барж, свецяць фарамі на наша вогнішча. Задуха, камары (а ўдзень сляпні). Сава вылецела да агню, цікаўнасць, нырае ў паветры. Уначы над Пінскам нізкія здалёк гроны чырвоных ракет. Нехта сваволіць. Гэта дзень Пётры і Паўла. У дзень, калі змаўкаюць усе зязюлі.
Працяг 13 ліпеня.
Чайкі. Маторкі паварочваюць. Цікаўныя. Кіламетр прайшлі за 15 хвілін. Заточкі, пляжыкі, зарослы правы бераг.
Што бачыў Пеця ў прадонні пратокі. Стаўбуры, зарасці бадзягі (?), па іх мора рогазу і сітнягу.
Адміральскае бэрла. Лунь, нейкія сінія высокія суквецці. Як мала мы ведаем!
— Пясочак як манко (манка). На 8-м кіламетры на левым беразе ля прыгажэйшай купы дрэў чародка каноэ, аранжавая палатка і сцяг над ёю.
— Яшчэ байдаркі, — кажа Валя, — гэта сёння тут уся пінская шляхта паплыла.
Трыснёг у два чалавечыя росты.
— Як кукуруза.
— А гэта гледзячы ў якім саўгасе.
Варушыцца бясконцае мора трыснягоў. Трэнеры ў чаўнах ля берага, пакармілі моладзь і пусцілі іх наперад. Сабака руды спіць на носе аднаго чаўна. Нуль увагі.
— Здалёк плывяцё?
— З вашай сталіцы, — адк[азаў] Валька.
— А ў вас там, дзе напісана «ўваход», заходзіць можна? — белазубае пытанне.
10 км — у 13.00. На 11 км Пеця — бурлак па вадзе. І адразу сустрэча з «Маякоўскім». 15 гадоў споўнілася, поўненькіх. В. Церабень, вялікай прыгажосці, з такімі вялізнымі купамі лістоўных раскошных дрэў. Пунька бакеншчыка. На 13 км 13 чысла ледзь не прыц[ерлі] рудавозам, відаць, са спрэнтам.
Вёска Крывічы, 14 км, км 5 прайшлі.
Матрос зблытаў пачкі запалак, і яны з адміралам прыкурвалі ад аваднёў. На востраве.
Крывічы, вёска бусляная і чарацяная. Дзядзька сказаў, што вада харошая і яе часта хларыруюць.
— Бо прыязджаюць будаўнічыя студэнцкія атрады і штоб оны не заболелі і добрэ косылы. Нет кіно, няма хлебнага магазіна, клуба. Танцы е… Зараз нікого нема. Усе людзі в болоті. І муж[ыкі] і бабы ўсе чыста ў балоце.
«Малака выпілі і Прыпяць па калена», — сказала каманда.
Буслы апанавалі стажок, 4 вакол, адзін на вяршыні. Сенажаць, пудзяць жаб, конікаў.
Лясны бераг з палаткамі. Мядзяна-бурштынавыя хвоі.
Цяжкае бэрла (а яшчэ тут кажуць каравяк) вышынёю сантыметраў 180. Залаты, у тры ярусы. Нібы і не беларускі, а аднекуль з краін дзівосаў.
Паром на 18,7 км. Будка. І карова-манумент з кургана глядзіць на яго.
Курадава ў вялікіх кронах дрэў. У намёт коннік з узятым з табуна канём. Коні пад Курадавай. Вербы на пясчаным узгорку.
На гэтыя вербы вечарам села такая чарада маладых шпакоў, якой мне дагэтуль не даводзілася бачыць. Спачатку яны доўга і ўпарта ганялі над берагам, дзе мы спыніліся (луг, балотцы, зарасці вярбоўніку), вялізнага коршака. Міла было, з якім гвалтам, як упарта і ў канцы з якім трыумфам.
Пасля пацягнуліся на начлег, а за імі зляталіся новыя, новыя, новыя. Валя папрасіў мяне, і я пайшоў пад высозныя вербы (не дужа, па вядомай прычыне, блізка і гукнуў). Неба пацямнела і пачарнела. Ён фатаграфаваў, але святла мала было — можа і не атрымаецца.
Сонца сядала ў хмары. Камароў было — !!! Выкурвалі іх з пантона, а пасля заснулі. Было не так задушна — прызнак не з лепшых.
14 ліпеня. Субота.
Прыкметы збыліся. Калі я выйшаў з пантона на золку — сонца ўзыходзіла, перакрэсленае хмаркамі. Пеці не было — на рыбе. Зноў прыгрэўся і заснуў. Прачнуўся ад барабаннага пошчаку дажджу па верху пантона. І тут пачалося. Зваліўся адзін са стаякоў, прыйшлося паддзімаць. Пасля — на практыцы — пачалася барацьба з вадой. Высеклі стаякі пад уваходы. Пасля праз адзін шланг пачала ліцца вада.
Пасля зграбалі яе міскамі з правіслага верху палаткі. Ледзь не патанулі на сушы.
І вось, «во субботу, день ненастный». Лье і малоціць па тканіне. Шэрая рака, туманныя далечы.
Сядзім.
Раптам распагодзілася.
Адплылі ў 13.15. Надвор’е ўсё ж няўстойлівае, берагоўкі лётаюць нізка. Дзень — як не ведае, ці ўсміхнуцца, ці заплакаць. Але за сёння трэба — хоць душа вон — прайсці шлюз і як мага наблізіцца да наступнага.
22 км прайшлі ў 13.27.
Валы, што кідаюцца на берагі. Дрэвы стырчаць з вады вострымі мордамі, як кракадзілы.
Не абазначаны ў лоцыі паром перад самым шлюзам. Абсаджаны дрэвамі шлюзавы канал.
Шлюз. — Рабочы нап’ецца, ну дык нап’ецца, а начальнік нап’ецца, то, як свіння, колькі ні падсцілай — усюды гразко.
Гэта Валянцін пайшоў на шлюз гаварыць наконт праходу, то швартоўшчык, шлюзаўшчык лаяўся страшнымі словамі: убачыў плыве ? бохана хлеба. Кінулі з рудавоза.
— Ужо хлиба наилыся.
Гэта гідравузел № 11, пабудаваны ў 1953 годзе.
Прыйшлі мы недзе ў 2 г., Валянцін дамовіўся за 15 хвілін.
Вада пайшла ўніз.
— 700-800 назваў праходзіць праз шлюз.
Шлюзаваліся роўна 17 хвілін. Зараз 3.03 (15 г. 03 хв.).
За шлюзам статак. Там сабака — першы сабака, які нас аблаяў.
Тут доўгі пляж, і на ім выгульвае пантон, як сабачку, Пеця. Выгляд шлюза здалёк прыгожы. Дзюны з руінамі «старажытнай крэпасці» з пяску. Гэта насыпалі, калі рыхтавалі выемку пад плаціну.
Вусце Ясельды. Уліваецца ў Прыпяць крыштальна-чыстая вада, піць можна.
А яшчэ ніжэй па правым, паўдзённым беразе Прыпяці рака зрабіла «наглядны дапаможнік па аграноміі» (такі звычайна робяць штучна), «што такое глеба». Над ярам спелае жоўтае жыта, ніжэй пласт чорнай глебы, яшчэ ніжэй жоўценькі, аж белы, пясочак, яшчэ ніжэй — вада.
Прайшлі 26 км у 17.02.
Зрабілі толькі 5 км. Гэтаму дапамаглі дождж і шлюз.
Перакаты і перакаты. Ля слупа 27 км. У трыснягу палескі стажок на беразе. Мне здалёк здалося — хата. І купа трыснягу на беразе, як бамбук, а далей на правабярэжжы дзіўны горб урвішча.
Перакус на водмелі цыбуляй, памідорамі і хлебам.
Прыгожы бераг. У урвішчы рака выламала пячоры, гроты, аркі.
Нас даганяе хмара, і сонца пускае стрэлы прамянёў: абяцае дождж.
30 км — у 18.26.
Сёння субота, свята ў Пінску. Рыбак пінскі, што спяшаў у горад на свята, а адпачываў у Курадаве, казаў гэта. Усе спяшаюць туды, а то пінчукі гойсаюць па рацэ на маторках, як шалёныя. Ды й далёка мы ад’ехалі ад Пінска, сюды ўжо заязджаюць не так. Толькі куды падзеліся параходы і рудавозы? Загулялі з поваду суботы?
31-ы км — зноў паром (занядбаны і высокі, відаць да высокай вады) і бакенны пост пад высокімі таполямі. Бакенны пост Асобавічы.
33 км — у 19.21.
Недзе пасля 35 км — начлег. Перад гэтым гісторыя з ракетай. І здалёк бачылі, як рудавоз завярнуў баржу ледзь не ля самага берага. Трапілі б між ёю і ім — расціснула б, як арэх у клешчах.
Узгорак. На ім вербы, спавітыя ажыннікам, хмызы парэчкі. За намі азерца, дзе кумкаюць жабы, і хмызы густыя, што аж гудуць ад камарынага звону.
Не ведаю, што гэта за камары, бледныя, не кусаюцца, даўжэйшыя за ляціцу.
Кепска з жыватом, асабліва калі паясі.
Звычайная праца. Вогнішча, праўда, удалае, і дужа многа дроваў, агню і дыму.
«Камароў» на дровах — мірыяды. Шалёна ходзіць з гэтай прычыны рыба, бо й над вадой яны.
Начны сход. Ці, як гэта сказаць, «злёг» у спальніках у палатцы.
Адмірал, спасылаючыся на свой стан, просіць каманду аб крайняй разважлівасці, спайцы і дысцыпліне. Прапановы.
15 ліпеня. Нядзеля.
Пад раніцу туман і холад. Бледны месяц. Праспаў, бо пад раніцу душна. Пеця наторгаў рыбы. Душна.
Каровы і Пеця-бурлак у каровіну чараду, выганяе з вады.
— Дарогу, начальства едзе!
Паром. Ідзе рудавозам мікашэвіцкі граніт.
Дояць у вадзе.
Пастух конны. Выгляд. 120 кароў і дзве сабакі, Шарык і Жучок (Жучышча!). Вялізны, калматы, з белым канцом хваста. — Але грызе суседскіх пастухоў. Абганяюць. — Без іх на звалку. — Настаўнік. (Загайдала на хвалі, такі і почырк!)
Там іх некалькі чарод, кароў.
Адплылі мы ў 12.15.
37 км. Прайшлі ў 12.50.
Учора і сёння на рацэ амаль пустынна. Але заўтра пачнецца. Ды й сёння давяраць рацэ нельга — праўдзівей, людской тэхніцы на рацэ.
Парыць. «Ярыла!»
В.: — А навальнічка збіраецца.
П.: — Раз просіш — значыць, будзе.
Беражкі. Хлопцы ідуць туды «маімі вачамі», так няважна мне яшчэ. Я на варце. Хлопцы швартуюць, бяруць біклагу для вады. І — гайда!
Вярнуліся скора. У Беражках пуста, усе «ў балоце». А прыезджыя сонныя і, як укушаныя, злыя. Будынкаў шмат новых, нават здалёк відаць. Але наглядная агітацыя чамусьці на старых хатах пад замшэлым сітнягом і з плятнямі. Не заўсёды яна на месцы, наглядная агітацыя.
39 км — Беражкі. Адышлі ў 15.03.
40 км а палове чацвёртай.
Часам вербы сядзяць на берагах такія акуратна круглыя і такімі правільнымі шэрагамі, што нагадваюць сады.
Рака стала аднастайная. Здымаць няма чаго.
42 км — у 16.08.
Перад шлюзам кіламетраў на 7 нават лоцыя нічога не азначае. Плёса — і толькі на вёслах.
Плёса і першы людскі дуб на Прыпяці, з борцю. 42 км. Знізу выгараў, грамабойны дуб.
Плаціна адпірае, і 7 км нібы ў затоне.
43 км — у 16.26.
Лаза настолькі абвітая павоем, што здаецца белай і ружовай. У адным месцы на малым узвышшы нейкія дробныя градкі, сухі мох, нават крушына. Наводдаль рэдкія вялікія дрэвы. Мабыць, безліч дзікоў.
Купальшчыкі-дзеці:
— Палатка плыве!
— Ётка, ётка едзе!
Вялізная, вялізная затока (ці мо прытока, што агінае востраў). Высотны сітняг, жоўтыя гарлачыкі і белыя лілеі.
Слуп, 44 км. 5 г. 04 хв.
Трыснёг злева нізкі, тут яго касілі, бралі на стрэхі.
Павольна-павольна ўздоўж сцяны трыснягоў. Павольна-павольна, як плаваў тут і першародны славянін.
Здымалі сцяну сітнягоў. Плыт павольна плыве паўз яе, а В., звесіўшы ногі, водзіць сваім «Асахі».
А хораша здымаць з гэтай штукі. Праўда, на хвалі або пры ветры для такіх здымкаў чорта ўтрымаў бы.
Між 46 і 47 км. У гушчары стагі. Чамусьці заўсёды па 7. Чаўны, а [ў] іх баба і мужык, гэтыя і дзіця.
І бакенны пункт пад вялікімі дрэвамі. Вялізная гаспадарка, нейкія там акрамя хаты павільёны, часовыя будыніны, пяць стагоў, мноства чаўноў рознага калібру, нібыта бакеншчыкі на фэст з’ехаліся.
48 км, а шлюз, па-мойму, ужо відаць. Ідзем волакам. Вялізная купа вялізных дрэў. Сакавіта-зялёныя дрэвы. Дакладна шлюз — такая ж шпакоўня, як і на першым.
Перад шлюзам памяняліся месцамі. Я з Пецем.
П.: — Ты не скінуў мае штаны ў ваду?
В.: — Скінуў. Даўно ўжо.
П.: — Дасі новыя. Панасіць.
«Ракета» ў шлюзе ў 19.10.
А першы ў шэрагу дрэў старажытны каравы дуб. Застаўся пры працах. Злітаваліся. Дрот. Палын. Таполі з адбіткамі ў вячэрняй вадзе, як на карцінах Пісаро. Выпусцілі «Ракету» — 50 лет Октября. Гидроузел (ГУ-12) Стахово. Народ глядзіць. Ён вузейшы. І «Ракета», яшчэ не выйшаўшы, на крылы кідае хваляй.
Зайшлі ў шлюз. А майстар пайшоў, і нас не спяшаюцца выпускаць. Ніводнага чалавека.
Як прапускалі. Чаму пасярэдзіне шлюза (як Гулівер у басейне) — тырчаць крукі. Зачэпіш, і, пакуль адчэпішся — кранты.
Адкрываецца брама шлюза. Як брама ў новы свет.
Прайшлі 2 шлюз у 20.05.
Праскочылі шмат (гал[оўнае], прайшлі шлюз), улічваючы, што выехалі позна, што вецер амаль не дапамагаў, што ўвесь час на руках.
Пеця выбраў начлег «з прычыны прыгожага выгляду на дуб». Дроў няма, бераг травяністы, і В. не можа мыцца. Шчасце — камароў няма. Затока вельмі рыбная, б’е і б’е рыба — аж срэбныя цэпы плотак лятуць у паветра. Затока з лілеямі, якія закрываюцца на ноч, вялікія-вялікія, як на кепскіх рэкламах.
І П., і я ўпершыню бачылі вечарам у паветры гульні маладых чапляў, іх плаванне ў вячэрнім залатым паветры.
Вечарам мне кепска… ледзь магу хадзіць.
Ноччу, гадзіны ў тры, перуны і маланкі, пасля дождж.
Як закаркоўваліся. Уваходы. Задуха вялікая, кепска. Дождж на хвіліну перастаў, зноў ладзяць сетку марлевую.
Дыхаць лягчэй.
16 ліпеня. Панядзелак.
Пяты дзень. Плавання пакуль няма.
Ужо 11.53, а мы ўсё яшчэ стырчым у затоцы, праўда, згрудзіўшыся і закаркаваўшыся. Ужо на вадзе.
«И в воде он будет плавать,
Словно желтый лист осенний,
Словно желтая кувшинка».
І снедалі ж наспех: кавалак хлеба з паштэтам ды кубак чаю з тэрмаса, а вось зараз сядзім і нават гарбаты няма як згатаваць. Закаркаваліся пакуль поліэтыленавым тэнтам, светла, а нічога не відаць.
Як прывязалі якар, як занава распрацавалі сістэму закаркавання, як зрабілі новы канец з рагулькай.
Паглядзеў, што нават нягледзячы на хваробу, які я няўдаліца. Многае ўмею, але каб так віравала работа ў руках і так хутка. Я б тую рагульку рабіў палову гадзіны, В. — за пяць хвілін, і за 5 жа хвілін П. прымацаваў да яе капронавы шнур (канцы абпаліць). Што значыць вялікая практыка падарожжаў, фатаграфавання, рыбалоўства, свае машыны, палаткі, аквалангі.
Нічога гэтага ў мяне не было. Падарожжаў было шмат, але пешшу, на кані, у чаўне. З начлегам у бакеншчыка, палясоўшчыка, у паляўнічай хатцы, проста ля вогнішча ля паддзі, у шалашы. Першабытна. А вось так, як яны, — не сумеў бы. І позна вучыцца.
Мы яшчэ не ў самым горшым становішчы.
Уявіць сабе людзей у акіяне. Набілася 9, а то і 10 чалавек, зашнураваліся, дыхаць няма чым, невялікі НЗ, дажджавая вада і аэрон ад качкі…
Вырашылі ўсё ж кранацца. Вецер змяніўся, і няма чаго, як лебедзю, цэлы дзень паласкаць азадак у вадзе. Прыўзнялі пластыкі, дзень шэры.
У 13.00 адчалілі. Выходзім з гавані лілей. Упершыню начавалі ў гавані.
Заліў Пятра Вялікага, г. зн. Драчова. Ідзем добра. Кожны дзень па-свойму добры, нават учарашні. Хаця напрацаваліся, але прайшлі шмат і, галоўнае, шлюз, а да гэтага, пры выхадзе са шлюза, ракета яшчэ не паспела набіць хвалі, бо толькі ўзяла разбег.
Гора-маракі.
— Валянцін, што там на беразе, качкі ці карчы?
— Па-мойму, качкі.
— Ды не, карчы.
— Качкі.
— Карчы.
— Точна, карчы. Ясна, што тут пад вадою вялізны корч ляжыць.
— Забірай між ім і берагам.
52 км — 13.40.
На вяршыні гіганта-дрэва — гіганцкае гняздо дзікіх — яны больш асцярожныя за хатніх — буслоў. Проста велічнае дрэва, а гняздо не пляскатае, а як папаха.
Бобрык, вада ледзяная — 13.52.
За Бобрыкам прычалілі на пляж: ішоў рудавоз, а перад вокнамі кубрыка — настурцыі і фасоля. Спіхвалі і не можам. І толькі тады заўважылі, што плыт заякараны — век жыві, век вучыся…
Перад Валянскім масток. Прыпяць бы ў цясніне з высокіх берагоў, а на іх дубы. Дуб упаў у ваду верхавінай. Даўно ўжо мёртвы, на зямлі, што засталася між каранёў (ці, можа, яе нанесла), цвітуць высокія жоўтыя і ліловыя краскі. Прыклад табе, чалавеча.
Зноў дрэвы з дзікімі бусламі, на самым беразе, і знак.
54 км — 14.32.
І адразу Валянскі мост, людзі на фермах маставых. Фарбуюць. Крычыць нехта з маста, ці многа рыбы налавілі (адно на вуме).
І адразу праз мост пасажырскі цягнік, 17 вагонаў.
56 км — 15.03 нейкая турбаза, пустая.
57 км — 15.18.
Зараз 15.57. Хлопцы пайшлі, і чакаць іх трэба пры ўдачы праз паўтары, а палове шостай, пры няўдачы і праз дзве гадзіны. Ды і ўвогуле, ці не давядзецца заначаваць тут. Спадзеючыся на горшае. Справа ў тым, што кепска глядзелі ў лоцыю. Зараз мы ля вёскі Кароб’е (2 км), у якой ёсць магазін (і тое невядома, ці магазіншчыца не на сенажаці), а далей, да самага Турава, прыстані ёсць і паромы ёсць, а вёсак на беразе няма, усе дужа далёка. Да бліжэйшай прыстані Нырча, дзе (зноў жа па лоцыі, а яна састарэла) ёсць тэлефон — 54 км. А да Турава — 110 км. Вёскі ёсць, але дужа далёка. Між тым трох боханаў хлеба нам на іх не хопіць, цукру таксама. І тут мы дылетанты. Ды й цыбулі і, можа, малака варта было б купіць. Мяса і іншага — гэта ёсць. А наконт хлеба мы дылетанты. Заставацца камусьці трэба. Мне ісці цяжэй за ўсіх. Добра, пасядзім. Аднаму таксама добра пабыць, падумаць, можа, перазарадзіць фотаапараты, перапакаваць рукзак і г. д. На беразе ля бакеннага паста дзве кінутыя хаты. Жанчына вязе ў безматорным чаўне з таго берага траву. Ёсць халодны чай у тэрмасе. Пасяджу, паляжу, можа, нават засну.
Здзіўляе багацце краю і неўладкаванасць жыцця ракі. А мо гэта мы разбэшчаныя птушыным малаком горада. Хаця не такое ўжо яно і птушынае. Парашковае, дурное. Хто б кінуў гэты край, каб на змену знішчанага старога побыту (свой хлеб, кумпякі і г. д.) прыйшоў новы. Так, шлюзы, так, «Ракеты», так, каналы (невядома яшчэ, ці карысныя), прыйшоў новы, зручны, не знішчыўшы ані вунцыі гэтай старажытнай прыгажосці людзей, мовы, краявідаў, гэтай вялікай ракі? Я, напрыклад, ніколі, хаця і нарадзіўся далёка адсюль і паколькі дылетант — не мой і няма ў мяне тут роднай душы. Родны мне тут увесь ласкавы народ.
Вярнуліся хлопцы ў 18. Мясцовыя казалі — 2 км. Добрых 4. Станцыя, на якой магазін, завецца Прыпяць. Дарога Лунінец — Сарны. А ўжо адтуль на Адэсу, на Сімферопаль (ходзіць цягнік Рыга — Сімферопаль), на Харкаў. Трапілі ў точку. Днём працуе з 4.30 да 6. Яна злітавалася і дала ім два боханы хлеба. У магазіне пуста. Прынеслі баклажаннай ікры і вафляў, крыху цыбулі. «Не растэ ў гэтых карчах».
Крыху перакусілі і ідзем далей. Праз гадзіну — «Ракета». Зноў давядзецца чакаць. І цяпер сапраўды «Прощай, любимый город». Ідзем на 100 км без пасяленняў.
І толькі адышлі, у 18.20 ракета «Якуб Колас».
59 км — 18.45 хв.
Адразу за волатам-земснарадам і дэбаркадэрам, на якім вяліцца рыба.
60 км роўна ў 19!!!
61 [км] у 19.19.
Праз такія абставіны спыніцца вырашылі раней, на пясчаным пляжы. Нікому не раю. І есці, і наносіцца пясок у плыт.
Расклаліся. Пеця рабіў новую рамку з дроту, В. вячэру, я ледзь не ракам збіраў дробныя трэскі, выкінутыя вадой (з дровамі кепска), пасля В. прывалок аднекуль, з-пад кінутага буданчыка, лазовых калоў. Вогнішча.
Размова аб атамнай вайне. Што каб упарадкаванне такіх мясцін на зямлі. Апошніх запаведных.
Бакен не гарыць. (Бакеншчыкі праводзяць кампанію барацьбы за эканоміку.) Рудавоз нас асвяціў ля агню, мы памахалі рукамі, ён раўнуў у адказ. Скібка ўзыходзячага месяца.
Ноч. Пад раніцу мне няважна, вылез, бледная пляма поўні праз хмары. І дождж. Наставіліся. Толькі напалохаў.
17 ліпеня. Аўторак.
Шосты дзень плавання, такі самы бяздарны, як і ўчарашні (пакуль што); багаты думкамі, але бедны падзеямі, як і ўчарашні. А я гэтага не люблю.
Усталі рана, але клопаты занялі больш часу. Дзень ветраны (ці гэта мы сталі на ветранай касе), то сонца, то хмары. Словам, лухта.
Учора скончылі на 62 км (прайшлі, значыцца, за дзень 12). Не ведаю, колькі ўдасца сёння.
63 — мінулі ў 12.10.
64 км. Сфінкс з пяску. Матрос імгненна выхапіў камеру, але пранесла хуткай плынню. Вось нязручнасць плыта.
Верш.
— Зноў берагі, завітыя павоем.
66 [км] — 13.11.
Верш «Сфінкс»:
Што сфінкс? Што ўсе яго загадкі?
Палессе нельга разгадаць.
Глядзіць пясчанымі вачыма
Палессю ў твар.
67 [км] — 13.25.
Спаў.
Егіпецкі фараон. Аблокі плывуць хутчэй за берагі, якія праплываюць паўз човен. Здаецца, што плывеш назад. Рэкорд адлегласці хочуць паставіць. Ідзе ходка, плынь хуткая і «па вадзе», як кажуць, ісці добра, вецер у спіну. І спыняцца няма чаго.
Памыліся, пляскатыя берагі, і нічога на іх (гэта перад 80-м км).
На моры не травіў, а на Прыпяці травіў. Спіш, а човен ходзіць, і ўражанне, як у юнацтве, калі напіўся.
А я зараз ад аднаго выгляду бутлі хачу травіць.
Берагі, счасаныя баржамі ў вузкім фарватэры. Нібы рыдлёўкай зрэзалі, ды й прыпляскалі.
Спыніліся перачакаць «Ракету» недзе ў 18 г. Бо далей вузкі фарватэр, абодва бакі, берагі ракі хмызаватыя (адвесна ў ваду), і ну яго, далей ад граху.
Без дваццаці сем прайшла ракета «Янка Купала».
Адзін мужык, якога мы сустрэлі ўдзень дарогаю, спытаў:
— Гэта што ў вас, плаўбаза?
80 км — у 19.19.
А за дзень мінулі 18 км.
Перад 8 км — зноў бурлачыць. Але вельмі плытка.
Нізкі бераг, і на ім рыжы, маладзенькі, гладзенькі косю.
Дзікі начлег, камары, дымар з альховых габлюшак. Дымар самаробны, з дзвюх банак. Урэшце В. ідзе начаваць вонкі на матрас і ў спальніку, і толькі світанкавы дожджык праганяе яго назад.
18 ліпеня. Серада. Сёмы дзень.
Думалі дняваць, але вырашылі змяняць проста месца начлегу. Там — адрэзаныя ад людзей старыкамі з усіх бакоў.
Адплылі ў 16.00.
83 км мінулі ў 16.30.
Апублікавана: Полымя. 1989. № 1, 2, 3.