З запісных кніжак — 1970
1970, 10.VІІ.
Сляпуча-бяздоннае Пінскае неба з раніцы яшчэ аддавала дымнай смугою спёкі…
Паездка ў касцёл Пафранцысканскі. Дачакаліся канца імшы. Размова са Свёнтакам.
— Кого я вижу?
Агляд, размова, на 10 заўтра.
Пыл. Спёка. 10 тысяч людзей расстраляны ў Пінскім раёне.
Гарачая кроў дзяўбе ў скроні: Расстраляны! Расстраляны! Расстраляны!
Школа, у якой у 1912 — 1915 гг. працаваў Я.Колас. Сціплая, на два паверхі, жоўценькая. Тут жа, за цагляным плотам, пакгаузы, рэйкі, вагоны з кантэйнерамі, гудкі цягнікоў. Вучні ў матацыклетных шлемах. Новае племя. А мовы няма. Ні пінскай, ні беларускай. Адна сапсутая руская.
Дом, дзе жыў. Бураваты колер, блакітныя яліны і ліпы пад вокнамі. Віецца вінаград, чырвоныя вішні. Не скудзее зямля такімі сынамі. І не аскудзее ніколі.
12.VІІ.70.
Раніца. Грукат на булыжніку.
Прысады ў белых колцах на стаўбурах дрэў. І ўвесь час праследуе нас і спадарожнічае нам пяшчотны, бы ў жалейку з вадой, крык горліцы.
Помнік у Малоткавічах. Бездань густу… Дурнога. Пятро і Паўла.
Царква ў Бярозавічах.
Сёння прынялі за амерыканцаў.
— Пакажэтэ амерыканцам, а нашы познають.
Не хацелі паверыць, што мы не амерыканцы.
— То ж нашы батькы туды повыизжалы. То издять. Там усе біларусы ў Амерыцы.
— А мы хіба падобныя.
— А яны што, не людэ. Там, у Амерыцы, другіх і няма, усе біларусы.
Могілкі, зарослыя бярвенападобнымі старымі вішнямі, ліпамі. Бярозы звесілі косы. Ажына запляла старыя крыжы. Добра, што ёсць яшчэ такія куткі. Анёлападобныя стогны пеўчых.
Дзяўчынка прыбірае дзве магілы.
— Хто тут у цябе?
— То майго дзіда і быбы. Маёй мамы тато і мамо.
І дзве даты. 1964. 1965.
Маці божая. Яшчэ уніяц[кая] рыса твару азызла-журботная. Прабоіна ад шведскай кулі.
Спёка над старымі ліпамі. Лётаюць спараныя стракозы.
Спрэчка з бабаю з-за ручнікоў…
Помнік.
«Хто зарыты — той не вылізе. Беда тому, што пісок на яму. То жыть стало добре. Людэ сталі гладкія».
«Та нягодяшыя».
Рудымент старых калод.
Дата на магіле.
Магілы 1838 г. і г.д.
Жанчыны над урнай. Ззелянелы камень. Адпаліраваныя пліты Твардоўскіх. Мо тых? Мірна ляжаць побач. Забылі сваркі і скандалы.
Граковае пер’е і курка ў падтынніку.
Курка з куранятамі таксама пайшлі ў царкву. Дзелавіта. Проста з нетраў.
Магілы дзяцей Крашэўскага.
Ту лежы Петр сын Ігнацэга Крашевский. Змарл лят 14. 1833…
Пясок ці тарфянік. Піраміды ядлоўцу. Лясы глухія. Дарога на Дастоева.
Каплічка на могілках пры ўездзе, каляровыя шкелцы. Магутныя прысады, р. Стуга, прыток Ясельды.
Палескі гарызонт з лясамі. Двароў 350. Зламаная ў пятніцу царква. Разбіты купал. Перапісваюцца з пляменнікам Дастаеўскага ў Маскве.
9-га ў 22 г.
Над туманным, здалёк, высокім лесам расхрыстаныя шапкі 500-гадовых дубоў…
На закінутай буслянцы, што вянчала старую пуню, вырасла шапкай і парудзела высачэзная трава.
Успомнілася вайна з пустымі гнёздамі буслоў.
Смяльчак. Гусь зашыпеў на машыну.
Кашавічы. Драўляная, сціплая цэркаўка. Спераду бярозы, з астатніх 3 бакоў — ліпы. Асуджаная. Не сёння-заўтра знясуць.
Маналог пра разбой.
Горшыя, чым на правінцыі, дарогі на ўскр[аіне?] Пінска.
13.VІІ.70.
Шата тады спаруджана.
Пакроў маці божай.
У алтары 1 ікона — яшчэ уніяцкая. Міхаіл з крыжам і сцягам. Шлем з султанскіх пер’яў. І другая, мабыць, таксама ХVІІІ ст. — (Суздаль?) Скурчаныя пальцы трохперсція.
Перад алтаром — злева — Тройца. Тры анёлы. Сляды уніяцкай манеры. 18 ст. — магчыма, пачатак. Нацюрморт.
І, урэшце, шэдэўр, жамчужына царквы: прабітая асколам у 1939 г. (батарэя выпусціла па саборы некалькі снарадаў) маці божая.
1970 — 1673 — 297-гадовая царква.
Лілова-карычневая накідка з апельсінавай падкладкай. Цёмна-зялёны, высакародных таноў хітон. Зялёны, ледзь святлейшы хітон младзенца. Ды не, ужо й падлетка нібы. І зялёная яго накідка. І звернутая да яго з невымоўнаю пяшчотаю рука маці. І другая, якая трымала яго без напругі, як трымаюць паветра.
Вялікія журботныя вочы. Нос не кратак. І далонь дзіцяці ў двуперсці.
І за ўсім гэтым залацістае ззянне згасаючага — і ніколі нязгаснага — візантыйскага, беларускага неба.
Царква на праваслаўных могілках.
14 ліпеня 70 г.
Фонды музея: вярэнькі, грэбні для часання лёну, лазбень-лубянка і каробка пад соль, брылі, кошыкі, карабцы дзеля жыта (у некаторыя хаця й мне залезці ды стаць), бароны…, калаўрот, плеценая з лубу калыска.
Аб калыханках.
Архітэктар Жалтоўскі Іван Уладзіслававіч тут нарадзіўся ў 1887 г. Тут і гімназію скончыў, заснаваная як сярэдняя школа ў 1858 г. Ленін даручыў яму план рэканструкцыі Масквы.
І Пракапч[ук] А.Я., правадзейны член Акадэміі ў 1919 — 1920 г., працаваў тут.
І Якаў Давыдавіч Машкоўскі, што лётаў з Вадап’янавым М.В. на Паўночны полюс у якасці 2-га пілота ў 1937 г. і загінуў трагічна ў 1939 г.
Дый ці мала яшчэ хто.
Музей… Зарубініцкая культура. Вярэмічы. Псеўдавушкі. Точна раннеславянскія VІІ — ХІІ ст. Хатомельскае гарадзішча. Стрэлы, пласціны панцыра, скроневыя кольцы. Чашуйчаты (лускаваты) шлем. Пасярэдзіне кожнай лускі залатая кветка.
Пліта пінскага ювеліра (пач. ХVІІ ст.).
1600 г. Ту лежи Ждан Злотарь Пинский.
15 ліпеня — выезд з Пінска…
Жабчыцы. Цвіце бульбяное поле. Быццам тысячы белых і зрэдку бэзавых матылёў селі на яго. І лётаюць над полем белыя і бэзавыя матылі, быццам кветкі, што сарваліся са сцяблін. Вызваліліся і пархаюць. Ніколі проста, а ўсё рыўцамі, бокам, часам назад.
Думкі аб колькасным складзе экспедыцыі.
Стараста і ксёндз у 2-х месцах:
— А што, гэта таксама вашы?
Шпана. Хапае свечнікі, мацае, лезе ў алтар.
Вёска Дамашыцы, што аж патанае ў старых вішнёвых садах. І вялізныя дзічкі, аж цёмна ад іх у хатах.
Вёска Дубае. Царква 1812 г.
Ложнае акно.
І пры гэтым будынку, прыўкрасным, але ўсё ж наносным, чужым дзеля сялянскага вока, як суцяшэнне і як памяць аб мінулым, родным, драўляная званічка, адна са старэйшых на Беларусі…
Ноч. Вогнішча. Хвоі, якія ходзяць між зор.
15.VІІ.70.
Возера Завішча. Тры астравы. Хатка і павільён. Сітняг перакрэслівае ваду, як на Свіцязі. Але вада не свіцязянская, а палеская, бурая. І на пяску смецце.
Ловы рыбы. Хвалі пад ногі. Пярэстыя акуні.
16.VІІ.70.
Раніца на возеры Завішча. Пачынаўся дождж. Скакалі бурбалкі. Выпаўз са спальнага мяшка. Шэры дзень. Пясчаныя водмелі…
Бясконцыя дажджлівыя дарогі. Вёска Кончыцы. І сапраўды, здаецца, канец свету. Вецер гне залатыя дзіды (бэрлы) царскага бэрла.
Муж[ык?] загінуў. 4-ра дзяцей. «Места не ўпознаць було».
Кіцяшкі — (шалянец). «Шчоб мужык гарэлкі многа не ўпотрэбляў. 3 літры трэба адвару».
Парк у Дубае. І дагэтуль — ідылія і сляды парадку, ранейшай гармоніі. Так кавалкі разбітай статуі даюць уяўленне аб вялікім, калісьці цэлым.
Ставы, укрытыя зялёнай раскай. На ёй сляды ад качак і жукоў-плывунцоў. І чорныя гэтыя сляды з кругамі ад кропель паступова заплываюць.
Бездань велічэзных, ледзь не з кулак, слімакоў высоўваюць рожкі. Не бачыў бы, каб адзін не хрумснуў пад Валькавай нагой. Сотні іх. Зашыфр[аваў?] бы.
Над ставамі шасцігранная лялечка касцёла з купалком і шпілем. У ценю старажытных клёнаў, каштанаў, яшчэ больш, чым звычайна, абвіслых лістоўніц. Паляны, вільгаць, цень. У касцёле радыёвузел. Размова.
17.VІІ.70 г.
Раніца. Дождж стукае па бураках…
І помнік той вайны, калі яшчэ магчымая была павага да ворага.
«Воздвиженъ въ память погибшихъ съ честью за отечество. 1917 г.»
Грубая агароджа. Прыступкі па схіле. Белыя акацыі. Бубніць аб ільсняныя лопухі дождж.
Друзья и враги смертью соединены.
Факел і вянок.
Палі пад дажджом. Вада сплывае з кветак. Жыткавічы пад дажджом.
Пінск.
Царква драўляная ў Стаўку. 1851 г.
Праехалі 1392 км.
Піянерскі лагер у Гардзішчы. Некалькі домікаў у ценю таполяў на самым беразе возера. Чаўны на вадзе. Дзеці гуляюць у бадмінтон.
Ноччу навальніца. Маланкі палыхнулі над глухім, абмытым дажджом садам. У кожным лісце — па іскры, па маланцы, па ўспышцы. І перуны над возерам.
18.VІІ.70.
Раніцаю куп[анне?] з чаўна. Уставала замглёнае сонца. Рыба біла ў парной вадзе. Праносіліся над чаратамі чыркі, а яшчэ бліжэй гартанна крычалі чайкі.
Пошукі гарадзішча ў Гарадзішчы.
Не знайшлі. Побаль прыняў жадаемае за дзейснае. Басейн Ясельды лічыўся безгарадзішчанскай краінай. Вось і мог, раз ёсць назва, «знайсці». Можа, яно і было, раз назва ёсць, але даўно забудавана ці зарыта. І над гэтай ідыліяй дом вар[тавога? ятаў?], дом журбы.
Сюжэт «Тры ночы». 2 чалавекі і ўцякач.
Вялізныя белыя лілеі ў вадзе пры дарозе. На 2 кулакі. Спачатку падумаў: чайкі паснулі.
І дзюны градою жоўтай,
І ядловец на высыпях лысых.
Беларускія піраміды,
Беларускія кіпарысы.
На гэтым месцы ў чэрвені 1943 г. было знішчана нямецка-фашысцкімі захопнікамі 140 савецкіх грамадзян і спалена вёска Любель-Поль.
А зараз дамы і садкі і бусел на кожнай хаце.
І другі, больш чапляе, бо больш асабісты: «1943 здесь покоятся от ига Гитлера Жилевичи, убиты и спалены. Адам Елизавета и вся семя».
Пахіленая каплічка пад таполямі. Крыжы, пара харугваў. Галіны лезуць у выбітыя вокны.
Над вёскаю буслоў ляскоткі.
Суха сакоча паветра.
Вёска Вылазы. Цудоўнай зграбнасці драўляная царква з двума купалкамі і адна з прыгажэйшых драўляных званіц беларускіх, якія я бачыў. 1787 [г.].
Забралі рэчы ў Парахонск.
Кранштэйны пад дахам на шыпах. Камяні маг[ільныя] пач. ХІХ ст. падкл[алі]… замест фундамента.
Старыя ўказы ў царкве.
Хаваюць: стаячы крыж і ляжачы на магіле. Хвоі ў пяску.
Гарагляд Грыгорый Майсеевіч 1899 — 1969. «Спи дорогой от жены и детей мир праху твоему».
Цэлы дзень выў на пяску матор, які бесчалавечна ісцязалі.
Група з 5 курганоў у ядлоўцы, крушыне, малінніку… Або V ст. н.э., або Х — ХІ.
Станцыя Парахонск. Грады, труба вадзянога насоса.
І сам Парахонск. Вясёлы магазіншчык з сінімі вачыма. Сіне-белая царква 1888 г. На ўзгорку між досыць маляваных клёнаў, вязаў, ліп і бяроз. Самотна між іх адзінай сасне.
19.VІІ.70.
Раніцай зноў возера. Купаўся. Вада цёплая, але настолькі халодны вецер, што калі, вылезшы з вады, стаў на човен, як ціскамі сціснула галаву. Затое як здорава, хораша, свежа. То цень, то святло прабягаюць па моры сітнягоў. Ад рабізны і аблокаў вада здаецца глыбокай, бяздоннай, свінцова-сіняй, як восенню, а гусі на ёй, у дробных бліскаўцах сонца, асабліва белыя. Нібы чайкі, што заблыталіся ў залатой сетцы.
На беразе, ля валейбольнай сеткі, цэлая нізка белагрудых ластавак…
І зноў будзе дарога. А там яшчэ поўдзень. Як хораша!
Кані — кі — ві? «Чые вы?» «Пі-іць!» Легенда.
Тры чаўны на Гарадзішча. А зарaз 50, мабыць. Гэта б нічога. Прыязд[ныя] чыноў[нікі] з драбнаватых — камбінезоны. Сеці, павукі, жакі. Нявінныя побач з гэтым таптухі з галапупымі дзеткамі. Банкі з негашонай вапнай. Ваенныя з выбухам…
— Ребята, остаўце гэто!
— Убирайтесь, пока целы.
Людзі выехалі (тут разваж[ыць?] аб тых, што ў Польшчу + і — : Артыкул). І чаму ехалі. Націск дзікі і неабгрунтаваны. У такія саўгасы, як зараз, нікога кіем гнаць не трэба было. Не «Пятра» вялікага так званага часы (звязаць з «Зарой»).
Страцілі людзей. Магчыма, цвет раёнаў…
Ні катал[іцызм], ні праваслаўе, ні нацыянальная прыналежнасць не шкодзяць, калі няма на тое — ну, скажам, эканамічных прычын. Будзем, урэшце, гаспадарамі, будзем марксістамі ў першапачатковым разуменні гэтага слова.
Пінкавічы. Надзіва элег[антная] царква. Як лазілі па ўсіх гарышчах. Зняццё ікон на гары. Блукаючая пляма ліхтарыка. Абліччы, якія я праціраў выпрашанай цыбуляй.
Фальшывыя вокны званіцы. Уласна аканіцы. І каб снегам не наносіла і каб, зачыненыя, не псавалі выгляду, не рабілі званіцу сляпой.
Сухія дрэвы, а за імі празрыстая, як знятае малако, налітае на крынічную ваду, далячынь. Празрыстае бела-блакітнае.
Пакрова маці Боскай 1867 на сродкі Скірмунта і парафіян парапаваная.
«У гэтай школе ў 1902 г. працаваў настаўнікам народны паэт БССР Якуб Колас ( Міцкевіч К.М.)».
Насоўв[алася?] навальніца. Белыя хусткі галубоў на чорным небе над жоўтым полем. І дзяўчына ў чырвоным і сінім, што нясе на закарку дзіця, сіне-чырвонае.
Дарога з люстрамі вады. Люстры ў аправе з чорнага аксаміту. Місяцічы. 1-я званіца, якую бачыў добра пафарбаванай. Салатавая, а дах блякла-зялёны, як твань. Нібы мохам укрыўся.
20.VІІ.70.
Лапоча на страсе дробны дожджык. Памыцца ля студні.
Чайная ў Плотніцы.
Дарога на Стахаў. Аднолькавага ўзросту старыя крыжы (эпідэмія?). Але і старыя такія самыя, у зарасцях шалянцу.
Ох і дарогі!
І лунаюць па ветры рушнікі. Вось дзе здымаць «Цераз могілкі».