З запісных кніжак — 1963

Мне заўсёды краяла сэрца нейкая недарэчная прамежкавасць нашага народа (народ-межеумок, сказалі б расіяне). Заўсёды ён за кагосьці. І амаль ніколі ён не бывае сам за сябе. 14 гадоў як я зразумеў гэта, і ўсё гэта стала для мяне адной вечнай крыніцай пакут. І яшчэ трохі — шчасця, падфарбаванага горкім гонарам. Таму што мне нічога і нікога не трэба, акрамя гэтых людзей, якім я непатрэбен і якім непатрэбна іх імя.
І таму я бядн[ейшы] за апошняга жабрака і, адпаведна, самы багаты. Бо я магу дазволіць сабе раскошу любіць усіх.
Пакуль самаасэнсавання няма — калі трэба проста, горда і самотна рабіць сваю справу, не зважаючы ані на якія пляўкі, поўхі, страты. Відаць, пры такім становішчы біць будуць з усіх бакоў. Што ж, і гэта набытак. Такім, па-мойму, пакуль што яшчэ ніхто не мог пахваліцца. Калі вытрымаем — значыць, тытаны і не памрэм. Калі не вытрымаем — туды нам і дарога, шэлег нам кошт і смецце нам магіла. І іншага мы не варты. І хай яны тады здыхаюць, такія ўладары думак і такі народ, не пераводзяць дарма хлеб. Таму што кожны купляе права на жыццё маральнай стойкасцю, веліччу душы, у якую ніхто не мае магчымасці запусціць лапы…
— Так мой бацька між двох хлябоў і памёр… Стары скончыўся, а да новага не дацягнуў.

Яндекс.Метрика