З запісных кніжак — 1960
Дзіця чалавечае
Маленькая дзяўчынка заснула ў лесе:
Ружовыя ручкі на мяккім зялёным імху.
Вакол салатныя крыжыкі заечай капусты
І глянцавіта зялёны, падкоўкамі,
падалешнік
Дзяўчынка спіць на жывоціку. І мне,
як малому, здаецца,
Што дзяцей сапраўды знаходзяць
заўсёды ў капусце,
Ў зялёнай заечай капусце, ў вячэрнім
дрымотным бары.
Дзяўчынка спіць. Ёй сняцца
гасцінныя жывыя мядзведзі.
Стаяць вакол добрыя лясныя волаты.
У шатах прысмерак. Ружовыя вячэрнія
цені.
Хай ёй будзе абаронай самая кволасць,
Самая безабароннасць чалавечага дзіцяці.