Горад паўстае (1863 – 1864 гг.)
Паўстанне 1863-1864 гг. у Беларусі было разрозненым, складалася з соцень асобных выступленняў, выбухаў, сутычак і сапраўдных бітваў. Быў паўстанцкі ўрад, быў генеральны план паўстання, але практычна на тэрыторыі Беларусі існавалі дзесяткі цэнтраў, якія праводзілі сваю палітыку і сваё кіраўніцтва. Гэта адбывалася часткова таму, што паўстанне пачалося раней прызначанага тэрміну і план не мог быць распрацаваны да тонкасцей, часткова таму, што некаторыя сувязі не паспелі наладзіцца або губляліся ў працэсе самога паўстання. Многія гарады вымушаны былі дзейнічаць самі па сабе. І толькі гэта дае нам права гаварыць аб выступленні Мінска і Міншчыны ў адрыве ад агульнага польска-беларуска-літоўскага выступлення. Па гэтай жа прычыне наш расказ пра паўстанне на Міншчыне немінуча будзе фрагментарны. Колькі атрадаў, колькі значных людзей — столькі і фрагментаў.
Сілаю, якая несла паўстанне на сваіх плячах, была дробная шляхта, разначынцы, інтэлігенцыя, студэнты, гімназісты і часткова рамеснікі.
…Што такое быў Мінск у сярэдзіне мінулага стагоддзя?
У той час ён налічваў ужо за сваімі плячыма восемсот год гісторыі. Быў калісьці багаты і слаўны, але за апошнія дзвесце год падупаў і ператварыўся ў вельмі правінцыяльны губернскі горад. Некалькі дзесяткаў вуліц, дзесяткі тры палацаў, з сотню добрых дамоў, кляштараў, цэркваў і касцёлаў, 35 — 40 тысяч насельніцтва. На месцы цяперашняга паштамта — поле, па Свіслачы — гарадская мяжа, на месцы тэатра імя Янкі Купалы і далей — яр, куды скідалі смецце, падпісчыкаў газет было мала, гасцініц не было.
І, аднак, гэты невялікі горад ніколі не быў горадам вернападданых, а ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя настрой яго жыхароў зрабіўся ўжо рэзка антыўрадавы. Ідыёцкая палітыка ўлад, ганебная для айчыны, сацыяльны і нацыянальны ўціск, бяздарнасць і грубасць усёй дзяржаўнай машыны не маглі не выклікаць у душах сумленных людзей гневу і пагарды. Спела рэвалюцыйная сітуацыя.
На працягу цэлых дзесяцігоддзяў рассаднікам крамолы ў горадзе была гімназія. Нягледзячы на рэжым, на аблюбаваныя начальствам розгт і стаўленні на калені (а можа, менавіта і дзякуючы гэтаму), вучні яе ненавідзелі самаўладства. Увесь час узнікалі інцыдэнты.
Тадэуш Корзан, мінчанін, удзельнік паўстанцкага руху на Ковеншчыне, супрацоўнік герцэнаўскага «Колокола», пазней успамінаў, што аднаго вучня білі розгамі за патрыятычныя непадцэнзурныя вершы, а другога, які парэзаў нажом партрэт Мікалая І, здалі ў салдаты. Апалінарый Свентажэцкі, выпускнік Пецярбургскай медыцынскай акадэміі, знаёмы Каліноўскага, у сваёй кнізе «З успамінаў ссыльнага 1863 года» таксама сцвярджае, што самыя моцныя кадры паўстання далі гімназія ды яшчэ Пецярбургскі і Маскоўскі універсітэты, дзе вучыліся многія мінчане. Апошняе, урэшце, справядліва не толькі для Мінска, але і для ўсёй Беларусі.
У 1857 годзе ў Мінскай гімназіі было 538 вучняў, перад паўстаннем — 600. Пасля паўстання — 240… І нездарма пры першых прыкметах рэвалюцыйнага выбуху ля дзвярэй гімназіі паставілі варту на чале з маёрам Варанцом. Губернатар ведаў, што робіць! Ва ўсіх атрадах пазней змагаліся мінскія гімназісты. Так, пасля разгрому атрада Карла Свянтолдыча сярод забітых быў вучань сёмага класа Мінскай гімназіі Сулістроўскі, а сярод акрываўленых вязняў, без ніякай лекарскай дапамогі прывезеных у Мінск, хлопчык дзесяці-дванаццаці год, вучань першага класа гімназіі Бароўскі. Нават дзіцячыя сэрцы не цярпелі несправядлівасці!
Адзін з вядучых людзей паўстання на Міншчыне, пазней выдатны дзеяч «Інтэрнацыянала» Антон Трусаў таксама выйшаў з муроў гімназіі. Аб гэтым чалавеку мы будзем расказваць па неабходнасці сцісла, а тых, хто хоча бліжэй пазнаёміцца з выдатнай яго асобай, адсылаем да кнігі Генадзя Кісялёва «Сейбіты вечнага».
І справа была, вядома, не толькі ў гімназіі. Агульны дух большай часткі гараджан у Мінску быў непакорлівы і бунтарскі. Разначынцы, шляхта, гарадская бедната, сярэднія класы ненавідзелі стала і зацята. Холад насельніцтва зразумеў нават Аляксандр ІІ, які наведаў Мінск восенню 1858 года. Дарэчы, цікава, што пасля гэтага візіту імператары ў горадзе больш не бывалі. Не хочам сказаць, што пабойваліся, але, ва ўсякім разе, ведалі, што будуць адчуваць сябе няёмка. Мінск заўсёды быў нязручным для тыранаў горадам.
Агульны дух непаслушэнства і адкрытых маніфестацый валодаў Мінскам у тыя часы. Калі ў 1861 годзе прыйшла звестка пра смерць выдатнага польскага дзеяча і гісторыка Іаахіма Лелевеля, гараджане вырашылі адправіць набажэнства за ягоную душу. Губернатар добра ведаў, што за асоба Іаахім Лелевель, і набажэнства не дазволіў. І тады горад знайшоў выхад. Якраз памёр нікому не вядомы цёзка Лелевеля Іаахім Кудзіновіч. Набажэнства было заказана па ім, балазе і касцёл і царква ў такіх выпадках ужываюць толькі імя. Начальства было ў непаразуменні: такая нязначная асоба, а на набажэнстве — палавіна горада.
У сувязі з расстрэлам дэманстрантаў у Варшаве ўзнікла і другая форма маніфестацый: нашэнне жалобных убораў. Жанчыны насілі чорныя сукні, не ездзілі на балі і не танцавалі. У жалобе быў увесь горад.
Рэвалюцыйная агітацыя працвітала. Агітаваў Трусаў, агітавалі іншыя. Распаўсюджвалася нелегальная літаратура, была створана рэвалюцыйная арганізацыя. Многія людзі на знак дэманстрацыі хадзілі ў народных беларускіх касцюмах, каб нават вонкава паходзіць на мужыкоў.
Душою мінскіх «чырвоных» была Каміла Марцінкевіч, дачка славутага беларускага пісьменніка. Яе гурток, па словах В.Кошчыца, «згуртаваў усё, што было самае патрыятычнае». Інкрымінаваўшы дзяўчыне спяванне ў катэдральным касцёле патрыятычнага гімна і нашэнне жалобных убораў па забітых у Варшаве, улады абвясцілі яе вар’яткай і пасадзілі ў дом для вар’ятаў, пасля вымушаны былі выпусціць (каля дома ўвесь час збіраліся людзі і кідалі да агароджы кветкі), але пазней пасадзілі ў турму і выслалі.
Мінчане сустракалі ссыльных, якіх везлі пасля варшаўскіх падзей у Сібір, ля заставы горада і дапамагалі ім: давалі ежу, грошы і вопратку. Нядоўга давялося чакаць і Мінску. Хутка і адсюль пачалі адпраўляць людзей у ссылку. Першым ссыльным быў суддзя грамадзянскай палаты Уладзіслаў Дмахоўскі. За ім — лекары Любічанькоўскі і Казлоўскі, майстар фартэпіяна Бяляўскі (творца аргана для каралішчавіцкага касцёла, таго самага, які вельмі хваліў кампазітар Манюшка).
Цэнтр падрыхтоўкі паўстання засядаў звычайна ў кнігарні Валіцкага або ў Карнеля Пялікшы, які пазней быў прызначаны мінскім ваяводай. Мужчыны распрацоўвалі планы паўстання, жанчыны шылі вопратку і шчыкалі корпію для перавязкі ран.
Бунт вось-вось павінен быў выбухнуць. У паветры пахла порахам. У гімназіі і ў іншых установах збіралі грошы на зброю і самую зброю. Людзі ехалі з грашыма за мяжу, каб закупіць стрэльбы. Жыхарам адкрыта казалі: «Каго не будзе з намі, таму кулю ў лоб; прыйшоў час знішчаць ворага ўсімі мерамі…»
Памагалi гэтаму настрою i партыi ссыльных з Захаду. Па руках мiнчан хадзiлi iхнiя фатаграфii, гараджане ўсяляк iмкнулiся зрабiць высакародным людзям хаця б нейкую палёгку. Ссыльных пачалi праводзiць горадам уначы. Адно такое «мерапрыемства» (у чэрвенi 1862 года) скончылася сутыкненнем. На Залатой горцы (ля скрыжавання цяперашняй Даўгабродскай i Ленiнскага праспекта), каля каплiцы святога Роха, этап чакалi людзi, якiя хацелi перадаць арыштаваным лекi i ежу. Iм забаранiлi гэта, i тады ў народзе выбухнула ярасць. Пачалася бойка. Супраць казацкай зброi пайшлi ў справу жэрдкi, доўбнi i каменне.
У сувязі з непарадкамі ўлады зачынілі гімназію. Гэты іхні ўчынак вызначаўся проста-ткі дзяржаўнай мудрасцю: вучні цяпер маглі замест урокаў хадзіць на дэманстрацыі.
14 снежня як прадвесце будучай бітвы запалала над Беларуссю і Мінскам не бачанае тут дагэтуль паўночнае ззянне.
…Аб пачатку паўстання на Гродзеншчыне Мінск даведаўся з паведамлення «Кур’ера Віленскага», які выдаваў Адам Кіркор. І што б ні казалі аб згодніцтве гэтага чалавека, — ягоны ўчынак, за які можна было панесці поўную крымінальную адказнасць і які сказаў усёй краіне аб тым, што час браць зброю, — сведчыць супраць абвінавачвання… Вось вам і згоднік!
Амаль адразу на Міншчыне пачалі пілаваць тэлеграфныя слупы. Ад Маладзечна да Слуцка. Пачаліся напады на паштовыя эстафеты, рэквізіцыя ўрадавай пошты (потым яе звычайна палілі) і экспрапрыяцыя грошай на патрэбу паўстанню. Пад Нясвіжам спалілі вісячы мост. Мінскія разначынцы і рамеснікі, а таксама шэсць тысяч беднай шляхты ў наваколлі горада ўяўлялі сабою парахавую бочку, да якой трэба было толькі паднесці кнот. Першы мінскі атрад быў арганізаваны ў лютым, а ўжо 14 лютага ўзнікла следчая камісія па палявых справах пад старшынствам палкоўніка Рэйхарта. Чуткі, што даходзілі да яе, былі ўсё больш трывожныя. Атрад інсургентаў у рэйдзе са Слоніма на Мінск праехаў праз Мір. Другі атрад таксама праехаў праз Мір, кіруючыся на Налібоцкую пушчу.
Пачыналася малая вайна. Паўстанцы хапалі прыгнятальнікаў і расстрэльвалі іх. Атрады (партыі) раслі ў колькасці. Толькі пад Слуцкам дзейнічалі чатыры партыі, у якіх было да 500 чалавек. Рэйхарт, лаючы мяцежную інтэлігенцыю, даносіў: «Впрочем, и некоторые туземцы православные не лучше их… тому служит доказательством то, что нашлись между ними охотники присоединиться к повстанцам».
Але адначасова даходзілі і чуткі, радасныя для ўлад. Папы падбухторвалі сялян супраць паўстанцаў, кажучы, што гэта паны, якія вырашылі вярнуць прыгон. І цёмнае сялянства сям-там верыла ім і не ішло ў партыі, а дзе-нідзе і дапамагала ўраду. У Карэлічах, напрыклад, сяляне на чале з папом зрабілі вобыск у падазроных сялян і дробнай шляхты. Тыя, у каго была знойдзена зброя або медальёны ці патрыятычныя паясы з гербам, былі схоплены. Іх вялі, каб аддаць у рукі ўлад, і білі. Білі тыя самыя сяляне, за шчасце якіх гэтыя людзі рызыкавалі жыццём.
Арышты пракаціліся і па Мінску. Схопленых кінулі ў турму, у былы кляштар бернардынак. Аўтар «Успамінаў сучасніка» Паўловіч (ён таксама сядзеў там) прыгадвае, што суседам ягоным быў Цюндзявіцкі, першая ахвяра мураўёўскага тэрору на Беларусі. Гэты чалавек быў з буйнай барысаўскай шляхты, служыў афіцэрам царскай арміі. Паўстанцкі ўрад прызначыў яго начальнікам аднаго з атрадаў. Але галоўным пунктам абвінавачвання было распаўсюджванне «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага. Новага слова баяліся.
Цюндзявіцкі мужна чакаў канца. На вялікдзень арыштаваныя спявалі песні, і гэта былі апошнія спевы ў жыцці чалавека, якому было суджана адкрыць сабою доўгі і страшны мартыралог на Беларусі.
Калі яго выводзілі з турмы на страту, ён вітаў сяброў. Гурмы людзей ішлі за ім па вуліцах. Месца расстрэлу было на разгалінаванні Койданаўскага і Ігуменскага трактаў, недзе ў раёне цяперашняй фабрыкі-кухні або паштамта.
Было гэта 21 мая. Яму было 23 гады, і ён спакойна выслухаў прыгавор. Ужо стоячы ля слупа, ён папрасіў, каб яму не завязвалі вачэй.
— Я ўсё-такі салдат і змагу глядзець у вочы смерці.
То былі апошнія яго словы. У гэты час закукавала зязюля, лічачы яму гады, якіх не будзе. І тады прадзерлася праз натоўп і кінула да слупа букет кветак не вядомая нікому дзяўчына з вёскі Палонная. Ён хацеў яшчэ нешта сказаць народу, але тут забілі барабаны, а пасля грымнуў залп. Людзі бралі змочаны крывёю пясок як талісман нянавісці.
Пасля над магілаю паставілі варту, але ўсё роўна народ абсыпаў капец кветкамі, усё роўна моладзь складала вершы і спявала песні, усё роўна, па сведчанню Паўловіча, «да яго магілы ішоў незлічоны натоўп усіх саслоўяў, вераванняў і нацыянальнасцей».
Гэта праўда. Гераічная смерць за народ не ведае веры і нацыі.
І людзі стаялі вакол, а дзеці, якім нічога не маглі зрабіць, непрыкметна бралі ў іх вянкі і кветкі і складалі на палявую магілу сярод жытоў.
Народ вяртаўся з гэтай магілы «збратаны», але і перапісаны шпіёнамі. Урад тады ўвогуле не дужа разганяў маніфесестацыі з прычыны зручнасці іх для блакітных мундзіраў. Яму было больш выгадна абяскровіць паўстанне, выявіўшы ўсе ягоныя сілы.
Каб усе былі такія, як Цюндзявіцкі, расправіцца было б цяжэй, нельга абяскровіць увесь народ. Але, як пісаў Апалінарый Свентажэцкі: «Калі надышла гадзіна таго дзеяння, на жаль, аказалася, што значная частка выбуховага полымя была толькі саламяным агнём».
А.Свентажэцкі трапіў у Мінск вясною 1863 года і адразу ж сустрэўся з Паўлам Дыбоўскім. Той дастаў з жолаба ў стайні і паказаў Апалінарыю паўнамоцтвы ад Літоўскага правінцыяльнага камітэта, а пасля прызначыў Свентажэцкага акруговым начальнікам з абавязкам арганізаваць паўстанне ў ваколіцах Ракава.
Начальнікам узброеных сіл у Мінску быў часова прызначаны Адам Ваньковіч, а ваяводай — Карнель Пялікша. Павінен быў ён стаць галавою мінскага паўстання, але вымушаны быў знікнуць, калі меліся яго схапіць. У эміграцыі скончыў з сабою. Чаму ж, пайшоўшы на гэта, збаяўся годнай смерці ад рукі ворага? Чаму сваёй нядбайнасцю і няздатнасцю заваліў мазгавы цэнтр мінскага паўстання? Невядома, што рухала ім. Але сіла, якая і без таго распалася на партыі, засталася, у дадатак да ўсяго, яшчэ і без галавы.
У красавіку пачаўся адзін з самых гераічных і трагічных паўстанцкіх рэйдаў. Самых гераічных, бо ўдзельнічалі ў ім збольшага юнакі і падлеткі, студэнты, гімназісты і іншыя, кепска ўзброеныя стрэльбамі, але звыш меры — нянавісцю і любоўю.
Як успамінае ў сваёй ананімна выдадзенай у Кракаве брашуры Янка Лучына, 19 красавіка (1 мая) 53 такія паўстанцы сабраліся тайна ў лесе за Залатой горкай. На чале іх стаяў Канапацкі, што атрымаў інструкцыі ад Трусава. Сам Трусаў з партыяй выйшаў з горада па Ігуменскім тракце. Абодва атрады павінны былі злучыцца ў Валмянскіх лясах і ісці імі ў напрамку на Ігумен, а там зліцца з атрадам Ляскоўскага.
У Сляпянцы атрад Канапацкага чакалі зброя — аж восем дубальтовак! — і прыпасы. Салдаты ішлі за атрадам па пятах, але хітрасцю інсургентам удалося адвязацца ад іх. Сяляне дапамагалі, але ўсё адно давялося цяжка. У трывозе, кепска ўзброеныя, людзі ішлі глухімі лясамі. Небывала цёплая вясна нараджала моравы і міражы. Адзін такі міраж людзі ўбачылі над Плісай — велізарных салдат на конях.
Атрады ўрэшце злучыліся, прыядналі да сябе атрад Вярбіцкага і партыю Красоўскага і пайшлі пушчамі на сустрэчу з Б.Свентажэцкім.
У Мінску між тым сітуацыя была складаная. Улады баяліся. Настолькі баяліся, што Мураўёў прапанаваў узброіць надзейных сялян і паставіць іх пад кіраўніцтва вопытных афіцэраў. Начальства, аднак, адмовілася. Надзейныя маглі зрабіцца ненадзейнымі, а прывіду сялянскай вайны палохаліся нават болей, чым паўстанцкіх партый.
Узмацнілі тэрор. 2 чэрвеня аб’явілі горад і губерню на ваенным становішчы. Жанчынам забаранілі насіць жалобу пад пагрозай звальнення мужоў са службы. Тых, хто ўсё ж насіў, чакаў на першы раз штраф 25 рублёў срэбрам (кошт каровы), на другі раз — штраф 50 рублёў, на трэці раз — арышт за «ўдзел у мяцяжы». І ўсё ж мінчанкі на вуліцах літаральна атакавалі мужчын за тое, што яны ў горадзе, што не ідуць у атрад. Вінавацілі іх у здрадзе, у браку патрыятызму, казалі, што тыя — не мужчыны.
Між тым як Трусаў ішоў на злучэнне з Б.Свентажэцкім, сваяк апошняга, Апалінарый, аб’язджаў фальваркі, збіраючы людзей. Лічыў, што збярэ сотню, а сабралася чалавек дваццаць. Мэтай А.Свентажэцкага было ісці ад Ракава на Радашковічы, знішчаючы тэлеграфныя слупы, забраць у Новым Двары зброю і ісці ў бок Іліі, каб далучыцца да вілейскай партыі Козела. І тут дайшла звестка, што 16 мая партыі Козела не стала і, значыцца, ісці на Ілію няма патрэбы. Тады атрад з месца збору ў Міхалове (8 — 10 км ад Ракава на Валожын) рушыў на поўдзень. Дарогаю далучаліся да іх яшчэ людзі: і простыя, і шляхта, і нават афіцэр рускай арміі. І, аднак, ва ўсім адчувалася нешта трывожнае.
Свентажэцкі піша: «Сяляне зычліва развітваліся з намі: «Няхай бог таму памагае, хто да нас будзе добрым». У двухсэнсоўнасці гэтых слоў — уся тагачасная сялянская пазіцыя!
За Койданавым атрад Свентажэцкага зліўся з атрадам Дыбоўскага (Зарэмбы) і сумесна прыняў прысягу. Сурова гучалі ў лесе галасы, суровыя былі твары людзей, а непадалёк стаялі людзі з фальварка і вёскі, гатовыя поплеч біцца і памерці.
Зарэмба быў чалавек суровы і лаканічны. Нават у сне ён не выключаўся да канца, а чуйна рэагаваў на ўсё. Пад яго камандай было 69 чалавек, а на чале аднаго з двух пададдзяленняў стаяў рускі Фёдар Яльчанінаў пад псеўданімам Гарап.
Часта ратавала атрад веданне Гарапам карнай арміі, тактыкі ворага, прыёмаў бою, нават трубных сігналаў. Калі, напрыклад, у час бітвы ля Ушы карнікі перайшлі ў наступленне, Гарап сыграў сігнал: «Адступіць урассыпную» — і праціўнік сапраўды кінуўся бегчы.
Між тым атрад апанавалі разброд і хістанні. Зарэмба з незразумелай прычыны кінуў яго і ўсплыў — блізкі свет! — аж у Канстанцінопалі. Пры бітве ля вёскі Баравая выявілася, што арганізацыі няма і адзін толькі Гарап заклікае да парадку. Свентажэцкі распускае партыю, а сам з чужым пашпартам едзе ў Пецярбург. Выбрацца за мяжу яму не ўдалося, і ён пачынае калясіць па імперыі. Урэшце яго арыштоўваюць у Тамбоўскай губерні, хочуць павесіць, але пасля пад узмоцненым эскортам адсылаюць у Мінск. І тут, у Пабернардынскім кляштары, зноў перакрыжоўваюцца шляхі — яго і Камілы Марцінкевіч (мужная дачка «першага дзеяча на ніве беларускай» была саслана ў Салікамск і вярнулася ў Мінск у 1880 годзе).
Разам з імі ў турме Пабернардынскага кляштара сядзеў мінскі лекар П.Чакатоўскі. Віна ягоная была тая, што і ў Камілы: дапамога ссыльным, якіх гналі ў Сібір. З імя гэтага лекара лепей за ўсё пачаць эпапею аб подзвігу мінскіх жанчын. Чакатоўскага саслалі, але пасля Мураўёў загадаў вярнуць яго ў Вільню, на даследаванне. І тады мінчанка Казіміра Булеўская, ужо заручоная, вярнула жаніху пярсцёнак і абвянчалася ў турме з Чакатоўскім, а пасля паехала з ім у ссылку.
А.Свентажэцкі, якога прысудзілі да катаргі, пазней сустрэў Чакатоўскага з жонкай на этапе. Слабая жанчына, ужо хворая, ехала без нараканняў на сваю долю і з гонарам.
І яна была не адна. За А.Аскеркам пайшла яго нарачоная Грабоўская. Да Паўлоўскага прыехала Ваяводская з Мінска. За мінскім доктарам Пякарскім адправілася ў ссылку Івашкевіч. Ва Усоллі, у Бураціі, у якуцкіх снягах цвёрда неслі свой крыж нашы жанчыны. Жонкі «белых неграў», пазбаўленых правоў, лячылі ссыльных, кармілі іх, былі жывою сувяззю з воляй.
Нiзкi паклон вашым даўнiм магiлам, мiнскiя «дзекабрысткi». Вы жывыя для нас!
А пакуль людзі ваявалі, сядзелі ў турмах або ў ланцугах рухаліся ў Сібір, Мінск жыў сваім няпростым, замкнёным жыццём. Прыдушаны рэжымам і расстрэламі, ён жыў.
У пажарах, якія пракаціліся па горадзе ў тое лета, улады абвінавацілі паўстанцаў, якім не было патрэбы рабіць гэта. «Уладу маючыя» хацелі адчуваць сябе спакойна і ўзбуджалі паклёпам нізкую нянавісць мешчаніна і бюргера, каб хаця гэтым умацаваць пад нагамі зямлю.
Але гэта пазней, а цяпер вернемся ў май месяц.
Партыя Трусава, якую мы пакінулі недзе пад Плісай, ішла. Яны не ведалі, што Б.Свентажэцкі здаў свой атрад на Ляскоўскага і эмігрыраваў за мяжу.
Як гэта здарылася? Партыя ў тыя дні налічвала да дзевяцісот байцоў. Кіраўнік абвясціў поўную свабоду сялян ад часовых абавязкаў, выкупу і падаткаў, і тыя ішлі да яго. 8 мая ў дваццаці вярстах ад Ігумена, ля вёскі Юравічы, загрымела пяцігадзінная бітва. Карнікам удалося разграміць інсургентаў. Былі захоплены палонныя. Пачалася расправа. Адзін з параненых паўстанцаў прасіў піць, і тады поп Канапасевіч, грунтуючыся, відаць, на вучэнні аб хрысціянскай літасці, насыпаў яму ў рот пяску. Пазней гэтага папа інсургенты павесілі на перакладзіне ўласных варот, чым далі афіцыйнай прэсе падставу крычаць аб «злачынствах».
Пасля юравіцкага разгрому атрад узяў на сябе Ляскоўскі, што адступіў за балоты ў дрымучыя Багушэўскія пушчы, якія і цяпер здзіўляюць мядзведжай дзікасцю.
І вось да яго і ішла, блытаючы лясамі, партыя Трусава. 9 мая (па н. ст.) ля вёскі Пятровічы іх дагнала рота салдат. Пасля жорсткай трохгадзіннай сутычкі разбіты мінскі атрад адступіў і групамі пачаў прабірацца на Ігумен.
У Каралішчавічах паўстанцаў (сярод іх быў мінскі кампазітар Ф.Міладоўскі) выдалі — па тры рублі за галаву. Тут не ўдалося папоўніць колькасць людзей, і Трусаў рушыў далей.
11 мая частка яго атрада ў вёсцы Сіняло напаролася на карнікаў, але пасля перастрэлкі, уплаў праз Свіслач, вырвалася і пазбегла палону. Пазней атрад Трусава злучыўся з атрадам Ляскоўскага. 350 — 400 чалавек, пераважна мінчан, дзейнічалі ў лясах нават тады, калі паўстанне пайшло на спад. Трэба было давесці свету, што нязмерныя былі пакуты, але і нязмернае жаданне волі.
Самі казакі лічылі, што кіраўнікі партый ведаюць чары, таму што атрад заўсёды выходзіў з акружэння нават там, дзе не магла б праскочыць і мыш. У бяссіллі душыцелі пайшлі на меры, якія пахнулі сярэдневякоўем. Двор Б.Свентажэцкага, напрыклад, збурылі, спалілі, а месца зааралі.
Ляскоўскі ваяваў яшчэ доўга, узяў нават у палон начальніка трэцяй запасной пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнанта Грунта, але пасля адпусціў пад слова гонару, што ваяваць больш з паўстанцамі той не будзе. Слова сваё генерал стрымаў. Але пазней Ляскоўскі вымушаны быў распусціць партыю і з малой групай прабіцца за мяжу.
Паўстанне згасала. Кожны з 21 мінскіх атрадаў быў або разбіты, або распушчаны, або прабіваўся на Захад. Былі сотні забітых, былі пакараныя смерцю, 224 чалавекі сядзелі пад следствам.
Але самай страшнай была вернападданая петыцыя 2734 дваран цару. Малілі аб літасці і распісваліся ў адданасці прастолу і любві да манарха. Жылы выявіліся слабымі.
На Беларусь была накладзена страшная мураўёўская кантрыбуцыя. На Міншчыне яна складала 400 тысяч рублёў срэбрам ды яшчэ 90 тысяч рублёў на пратакалістаў, што амаль раўнялася сапраўднаму гадавому даходу. Край быў разграблены, горад — абдзёрты. Разгром цягнуўся далей, тэрор лютаваў, росшук шпіёніў.
2 студзеня ў Мінск выехаў палкоўнік корпуса жандараў Лосеў. Хітрасцю і паралельнай праверкай чутак, што хадзілі ў розных гарадах, ён напаў на след апошняй рэвалюцыйнай арганізыцыі ў Мінску і раскрыў яе. Па горадзе пракацілася хваля адначасовых раптоўных вобыскаў, арыштаў, допытаў «естественно, силой кротких, вежливых убеждений». Быў арыштаваны В.Парафіяновіч, пляма на сумленні, на чысціні паўстання. Ад яго пацягнуліся хвасты ў Вільню.
І ўрэшце быў узяты Кастусь Каліноўскі, гонар наш, слава наша і наша хвала.
А ў Мінску лютавалі аблавы і арышты. Узялі 89 асоб, што былі ў органах рэвалюцыйнай улады, секвестравалі 28 маёнткаў.
Зноў забівалі. Дзеяч паўстання на Міншчыне, упаўнаважаны камітэта Міхал Аскерка не прызнаўся ні ў чым і быў расстраляны ў Магілёве.
Урад, аднак, не супакоіўся, таму што ў чэрвені 1864 года Лосеў зноў едзе ў Мінск выкопваць карэнні рэвалюцыйнай арганізацыі. На гэты раз улоў быў «мізэрны»: выслалі 15 чалавек. Юда Парафіяновіч быў высланы ў красавіку ў Томскую губерню, іншых юдаў не знайшлося.
Горад быў жахлівы і тужліва прыціхлы. Сімвалам яго былі заўчасна пасівелыя жанчыны ў чорным. Начальства дазваляла насіць жалобу толькі тым, у каго ў сям’і быў памершы або забіты. Пасведчанні аб гэтым правяралі на кожным кроку. Гараджанка Немаршанская ў журботным гневе прышыла пасведчанне аб смерці мужа да сукні на спіне: горды знак прыналежнасці да высакароднага клана рыцараў свабоды.
Расстраляныя і павешаныя адпакутавалі, але яшчэ доўга, страшэнна доўга цягнулася пакута, цягнулася паўночная адысея сасланых.
А.Свентажэцкі вярнуўся на Беларусь у 1877 годзе. «Здалёк даляталі ноты тужлівай беларускай песенькі. Быў я ў краі сярод радзімых палёў і хат». Аднак мала чаго са старога можна было ўбачыць у тыя дні на Беларусі. Нават назва краіны была па-ранейшаму забаронена, нават на слове ляжала табу.
Царызм хацеў сцерці нават самыя нязначныя мясцовыя адзнакі, нават назвы мінскіх вуліц. Збаровая ператварылася ў Праабражэнскую, Валошская — у Крашчэнскую, іншыя — у Багадзельную, Губернатарскую. Нават ад назваў смярдзела ладанам і пугай, сумессю папоўшчыны і казармы, чым па сутнасці і стала імперыя.
Горад пакуль што горда маўчаў. Будучыя выступленні былі яшчэ далёка. І толькі вера ў іх і просты люд жыла на дне чалавечых душ.
І тут мы можам услед за Янкам Лучынай задаць пытанне: ці варта было паўставаць? І ўслед за Лучынай можам адказаць: было варта.
Паўстанне звярнула ўвагу ўсяго свету на гэты лясны край і яго народ. Паўстанне выклікала энтузіязм усіх шчырых людзей зямлі, а падаўленне яго — іхнюю бязмежную агіду. Карані яго цягнуліся праз дзесяцігоддзі.
І памяць аб ім і аб яго людзях жыве ў сэрцах нашых. Памяць аб ім жыве.
Твары яго ўдзельнікаў паўстаюць перад намі. Высакародныя твары. І сярод іх твары мінчан. Усіх, аб кім мы расказалі і аб кім не мелі магчымасці расказаць.
Здыміце шапкі перад іхняй памяццю.
- Упершыню — у кн.: Горад і годы. — Мн.: Беларусь, 1967 (з А.Мальдзісам).
- Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 255 — 267.