Аўтару «Вянка»

На ўскраіну Мінска, да невялікага доміка з прыбудаванай да яго майстэрняй, вёў нас святы агонь цікаўнасці. Максім Багдановіч — ледзь не самы ўлюбёны наш паэт. І вось, пачуўшы пра работу Сяргея Вакара, прысвечаную Багдановічу, і пабачыўшы яе на рэпрадукцыях, мы напрасіліся паглядзець зробленае.

Напрасіліся і адначасна баяліся першай сустрэчы, першага позірку на статую паэта. Разглядалі другія работы скульптара, часцей за ўсё цікавыя. Разглядалі ў натуры і на фатаграфіях. Былі тут партрэты салігорцаў, адмірала Дразда, падпольшчыка часоў Вялікай Айчыннай — Кедышкі…

А вось і Багдановіч!.. Чым больш мы былі ў майстэрні Сяргея Вакара і глядзелі на статую паэта — тым больш пераконваліся: атрымаўся праект помніка. Вядома, сёе-тое яшчэ трэба ўдакладніць, абдумаць, але здаровая, паэтычная канцэпцыя аўтараў, іх высокае ўменне, іх бачанне галоўнага не падлягаюць сумненню.

Скульптар С. Вакар і архітэктары Л. Гельфанд і У. Марокін стварылі сапраўды цікавы праект помніка.

Аўтары праекта мараць, каб помнік аўтару «Вянка» стаяў на скверы між вуліцамі Свярдлова, Ленінградскай і Міхайлаўскім завулкам. Якім ён мог бы стаць, гэты сквер, калі паставіць тут помнік Максіму Багдановічу?.. Давайце трошкі памарым разам з аўтарамі.

…Вы ідзяце ад паштамта на вакзал нацянькі, скверам. Усе дрэвы, за выключэннем двух-трох, засталіся на месцы, нават некаторыя стаяць проста пасярэдзіне алеі. Гэтым дрэвам пакінуты сярод каменя квадраты вольнай зямлі. Сама алея выкладзена бетоннай пліткай. Прыгожая і мазаіка, накшталт той, што ў парку імя Горкага: рознакаляровыя пліты, асабліва каларытныя ў дождж. Паабапал алеі цягнуцца суцэльныя гранітныя лаўкі, крытыя дрэвам: для паэтаў, пенсіянераў, нянек і, галоўнае, для студэнтаў і закаханых. Справа, над басейнам, — сценка, выкладзеная колатым гранітам. На гэтай сценцы — рэльефы, звязаныя з творчасцю Багдановіча. І далей, проста перад намі, постаць паэта. Бронзавая. Прыблізна — каля чатырох метраў. На чорным пастаменце. Невысокім: метр сорак — метр шэсцьдзесят. Проста паэт стаіць між нас. Ён свой усім летуценнікам і закаханым, усім, хто пачынае свой шлях і хто канчае яго. Ён проста прысутны сярод людзей, як прысутны ў іх сэрцах. Стаіць на фоне зелені і марыць. А ўвечары фігуру паэта асвятляюць арыгінальнай формы свяцільнікі, з кутай бронзы або з чыгуну.

Цяпер падрабязней пра стэлу. На яе рэльефах — героі паэзіі Максіма Багдановіча. «Зорка Венера», можа быць «Максім і Магдалена», але напэўна ж — «Слуцкія ткачыхі». Ткуць. І бронзавыя паясы спадаюць у басейн. А па гэтых паясах, бы па слязніцах, точацца, сплываюць струменьчыкі вады, ажыўляючы бронзавую тканіну, прымушаючы яе варушыцца, сплывае маленькі каскад. З лёгкім журчаннем, як журботная песня ткачых…

Хораша!.. Лістота, сплаў вады, атмасфера прыгажосці, кветкі (можа быць, васількі?). І для ўсіх зручна. Тут жа — універсітэт, педагагічны, медыцынскі інстытут і інстытут народнай гаспадаркі. Значыць — і студэнты. А непадалёк — вакзал. Значыць — і пасажыры, праезджыя праз наш горад. Студэнтам толькі і быць з любімым паэтам. Гасцям сталіцы — уведаць, хто ён быў, у першыя ж хвілі ў нашым гасцінным горадзе пераканацца, што тут утульна жыць, што тут пануе паэзія…

Куток Багдановіча… Месца, створанае спецыяльна дзеля яго. Дзеля паэта, які няголасна, але так шчыра, так страсна казаў заўсёды праўду аб сваім народзе.

Так марылася ў майстэрні перад статуяй паэта.

…А вось і ён сам. Адразу разумееш, што ў аснове яго скульптурнага вобліка вершы «Слуцкія ткачыхі», «Беларусь, твой народ дачакаецца», «Зорка Венера», «Народ, беларускі народ». Постаць паэта здзіўляе. І не адразу разумееш, як дасягнуў гэтага скульптар.

Гордая і ўпэўненая постаць. Аблічча інтэлігента, дума якога — аб народзе, песня якога — для народа, сэрца якога — сам народ.

Скульптар паварочвае статую на станку — і ўвесь час адбываюцца дзіўныя перамены на гэтым простым, нервова-спакойным і прыгожым абліччы з мяккімі вусамі і шырокімі вачыма.

Вось статуя злева. Сузіральнік, тонкі і праніклівы лірык.

Фас. Схіленая, як кветка, галава. Чалавек, які прадбачыць свой блізкі канец, але не скорыцца лёсу і зробіць усё, што паспее, для людзей і для зямлі.

І яшчэ паварот. І — гнеўны профіль патрыёта, дэмакрата, байца. Хай смерць і несправядлівасць хоць сто разоў кладуць яго на лапаткі. Ён усё адно ўстане і ў сто першы раз рынецца ў справядлівую бітву. За свой народ і ўсе народы зямлі.

І гэтыя рукі. Рукі паэта, нервовыя і моцныя, характэрныя, у невымоўна пластычным руху, пяшчотныя і моцныя. А ў правай руцэ — букет васількоў. Некалькі кветак.

Цвяток радзімы васілька…

Праект помніка гатовы. Неўзабаве канчаткова будзе абрана для яго месца ў сталіцы рэспублікі. І мы ўбачым яго такім, якім ужо бачылі ў майстэрні, але — пад адкрытым мінскім небам…

Упершыню — «Літаратура і мастацтва», 1968, 11 чэрв. (з А.Мальдзісам).

Яндекс.Метрика