Песня з паўночных Афін
Той асенні дзень быў цёплы і пахмурны. Лісце ляжала пад нагамі тоўстым стракатым дываном, і нам з сябрам добра было хадзіць па ім, варушыць лістоўныя сумёты нагамі і адчуваць сябе бязбожна шчаслівымі, нягледзячы на лёгкі сум. Таму што мы былі ў Залессі, былым маёнтку славутага Міхала Кляофаса Агінскага, «паўночных Афінах», як называлі гэты кут сучаснікі.
Залессе — адна з самых паэтычных мясцін нашай радзімы, а восень надавала ўсяму, што мы бачылі вакол, лёгкую паціну чысціні, празрыстасці і журбы.
Магутныя прысады клёнаў і ліп ішлі да Віллі, туліўся ў зарасніках старажытны цёплы дом са свечкамі калон, ртутна свяціліся ставы, ручай імкнуў праз грэблю. I ва ўсім, што вакол, была музычнасць, ціхая песня: у плёску вады, у шолаху лісця, у парывах ветру, які гайдаў палын на мяжы.
Ёсць мелодыі, якія чуеш так часта, што пачынаеш грэбаваць імі. Ад частага паўтарэння можа абрыднуць (думаецца мне) нават «Легенда» Вяняўскага. Але колькі б ты ні слухаў паланезы Агінскага, а асабліва вялікі паланез ля-мінор («Развітанне з радзімай») — ён застанецца блізкі і дарагі твайму сэрцу, будзе закранаць у ім самыя глыбінныя, самыя свае струны. I тады добра робіцца ад думкі, што вось нарадзіўся недзе ля Варшавы дзвесце год таму чалавек, жыў, ваяваў, быў дыпламатам і паўстанцам, пісаў між іншым музыку і, дзякуючы гэтай музыцы, стаў табе і ўсім іншым блізкі і родны. Яшчэ адзін прыклад магутнай повязі, што яднае ўсіх чыста на свеце добрых людзей.
Агінскія — стары апалячаны беларускі род, традыцыйныя гетманы літоўскія. Бацька паэта быў троцкі ваявода, а пасля літоўскі мечнік. I, аднак, наш творца, пан, арыстакрат, магнат, нобіль, адмовіўся ад свайго княскага герба, называў сябе «грамадзянінам» і хацеў вызваліць дванаццаць тысяч сваіх сялян, каб узняць іх на паўстанне. I за гэтае чалавекалюбства, дэмакратызм, гуманнасць — ён яшчэ бліжэйшы нам. Продкі ягоныя выдавалі беларускія кнігі, для польскай ягонай душы блізкія былі нашы беларускія напевы. I гэта беларускія ліпы Залесся, іхні вечны напеў навеялі кампазітару мелодыю паланеза ля-мінор і ўвогуле большай часткі ягоных паланезаў.
Ды і хіба толькі гэтыя, залескія, ліпы і дубы «англійскага» парку?! Хіба тыя трынаццаць год, што ён правёў тут?! А што казаць аб Слоніме, дзе ён жыў, аб яго наваколлі, якое, раз пабачыўшы тут, ніколі не забудзеш? А кручы Дняпра? А сінія віцебскія азёры? А Браслаў? Паўсюль хадзілі ягоныя ногі, паўсюль насіў яго баявы конь, паўсюль чуў ён беларускую песню, празрыстасці і меладыйнасці якой можа пазайздросціць любая песня зямлі.
I таму, калі стаіш ля гэтага залескага дома, сэрцу ўвесь час здаецца (А можа, і не здаецца? Хіба памяць сэрца не самая найвялікшая рэальнасць?), што з палёў ляціць неўміручае беларускае «Жніво», а з палаца адказваюць яму клавішы клавесіна. Гукі клавесіна такія слабыя, такія нямоцныя ў параўнанні з гукамі раяля, такія «несучасныя», але тут яны здаюцца моцнымі, бо вытаргаюць іх пяшчотныя і адначасова сталёвыя рукі паэта і воіна. Гучаць гэтай пераклічцы між песняй і клавесінам тысячы вякоў, аж да сканчэння зямных дзён, якога, трэба думаць, і не будзе.
Не хацелася б тут гаварыць пра агульнавядомыя факты, пра біяграфію, але старонкі гэтага жыцця так адпавядаюць самой музыцы Агінскага, што не зрабіць гэта немагчыма. Улюбёнец шчасця — і выгнаннік. Сын сям’і з велічэзнымі культурнымі традыцыямі, пляменнік паэта і аўтара першай у Польшчы оперы — і дэмакрат. Уладар дзесяткаў маёнткаў — і паўстанец. Арыстакрат — і аўтар памфлета «Папугай», які ядуча і злосна вінаваціць магнатаў за іхнюю абыякавасць да народа і радзімы, за тыя звады іхнія, якія неймінуча вядуць краіну да развалу і пагібелі. Яго паланез фа-мінор («Падзел Польшчы») — гэта лямант адчаю і гневу, дакумент (так, дакумент!) абвінавачвання. Таму дакумент, што ён сведчыць аб тым цямноцці, у якое гэта «трайное свінства» кінула душы лепшых людзей нацыі. Аб цямноцці, у якім гарэлі, аднак, прамяні надзеі, адзінага, што ніколі не здраджвала чалавеку, іначай у некаторыя цёмныя эпохі ён проста не мог бы жыць.
Міхал Кляофас быў вялікім скарбнікам літоўскім, дыпламатам, але гэта адышло ў мінулае, нікому цяпер не важліва. А вось тое, што за мяжою яго слухалі Гайдн і Моцарт, тое, што інсургенты Касцюшкі ішлі ў бой і над галовамі іхнімі луналі не толькі сцягі, але і маршы Агінскага, — гэта застанецца. I застанецца тое, што, калі загрымела паўстанне Касцюшкі, дваццацідзевяцігадовы чалавек на свае грошы сфарміраваў атрад амаль з пяцісот чалавек і ўзначаліў яго. Яны добра біліся і, галоўнае, мужна. З пяцісот засталося сорак. Яны ўзялі Валожын, ішлі на Івянец, раздавалі сялянам трафеі. А пасля іх малады начальнік узначаліў усе паўстанцкія войскі, і галава яго была ацэнена на вагу золата (як быццам можа быць нейкае золата, вартае такой галавы, галавы, якая стварала такую музыку).
А пасля паражэння прыйшла эміграцыя. I Агінскі вёў перагаворы з Банапартам. Адвечная трагедыя людзей, якія пакутна любяць затаптаную сваю радзіму і ў якіх выбілі з рук зброю, не далі магчымасці даць адпор гвалтаўніку айчыны. Агінскі, аднак, і тут на галаву вышэй сучаснікаў. Ён вядзе перагаворы з рэвалюцыйным генералам Банапартам, а калі прыйдзе час імператара Напалеона — ён кіне маёнтак і паедзе з адступаючымі.
Нельга быці з моцным, калі ў журбе і крыўдзе твой народ. I калі Напалеон плаціў высакароднай крывёй легіянераў пры Сарагосе, Нёмане, у рускіх снягах, Агінскага з імі не было. Ён спачуваў ім, разумеў іх, але ён ведаў таксама, што гэта памылка, якая не перастае быць памылкай, нават калі яна — трагедыя.
Аляксандр I на пачатку царавання дзейнічаў у духу свайго выхавацеля, русаіста Лагарпа і не заўсёды адмаўляўся ад магчымасці пакакетнічаць з ідэяй лібералізму. Ён даў выгнаннікам амністыю, не схільны быў, як-то завялі пазней, тлумачыць усё на свеце, у тым ліку нават пугачоўшчыну, «польскай інтрыгай» і прызначыў Агінскага сенатарам. У гэтыя гады Міхал Кляофас і атрымаў у падарунак ад Францішака Агінскага Залессе. I вось тады ў Залессі і быў створаны паланез ля-мінор. Гэта была «сустрэча з радзімай», але традыцыя назвала паланез «развітаннем». I, бадай што, гэта было правільна і больш адпавядала тону і настрою музыкі, вялікай яе журбе. Бо і ў радасці сустрэчы быў сум за лёс сваёй зямлі.
У тыя гады Залессе і стала «паўночнымі Афінамі», месцам, дзе панаваў культ музыкі, літаратуры і жывапісу. Большая частка музычнай спадчыны кампазітара была напісана тут.
I, аднак, — да чалавека не прыходзіла радасць. Нічога не збылося з таго, аб чым марыў. Нічога, акрамя музыкі. Напалеон не нёс вызвалення. Ён нёс пакуты і кроў. Нельга было ісці за ім. Але нельга было ісці і за царом. Нельга было жыць на радзіме, лёсам якой заставалася рабства.
У геніяў ёсць дзівосная якасць. У некаторых сваіх творах яны «прадказваюць» свой лёс, як быццам гледзячы праз завесу часоў. Містыкай тут і не пахне. Проста яны ведаюць свой час і сябе. Ленскі — прароцтва Пушкіна аб сваім канцы. Адна з аповесцей Чэхава амаль дакладна малюе яго апошнія гады.
Не мінула гэтая горкая чаша, гэты страшны дар прароцтва, і Агінскага. Паланез ля-мінор сапраўды стаў развітаннем. Пасля эпапеі 1812 года аўтар ягоны едзе за мяжу, і на гэты раз назаўсёды. Калі нічым не можаш дапамагчы — лепей не быць сведкам народных пакут.
Фларэнцыя, «пяшчотны касач», стала ягоным апошнім прытулкам, сады Кашын замянілі яму залескія сады, плыткая Арно — глыбокую пясчаную Віллю. Тут ён і памёр. Чалавек, на жаль, памірае… Нават калі ён ствараў неўміручую музыку…
Мы сядзелі ля каменя, пакладзенага ў гонар Касцюшкі сярод залескага парку. Восень звінела лістотай. I ва ўсім была ледзь чутная музыка…
Магчыма, калі ён ад’язджаў з радзімы, горкае прароцтва ягонага паланеза гучала ў ягоных вушах, як гучыць яно зараз у нашых. Магчыма, ён ведаў, што ніколі больш не ўбачыць залескіх дубоў і радзімы. Але ведаў ён і другое.
Калі я слухаю паланез ля-мінор і калі ягоная журботная музыка ў плыні сваёй даходзіць да таго месца, дзе вызвалена і грозна пачынаюць гучаць урачыстыя фанфары — я разумею, што ён гэта ведаў.
Мір тым, хто загіне за народ і волю, слава тым, хто пераможа. Залескія дубы дадуць ім галіны для вянкоў, і самыя прыгожыя залескія дзяўчаты ўскладуць іх на галовы герояў.
Музыка абяцае гэта.
Упершыню — «Маладосць», 1965, № 9.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 141 — 150.