Подзвіг Францыска Скарыны
Подзвiг Францыска Скарыны дагэтуль не ацэнены. Не ацэнены таму, што мы почасту глядзiм на яго эпоху вачамi сённяшняга дня, забываючыся часам зiрнуць на яе вачамi сучаснiка Скарыны. Зiрнуць на яе знутры, нiбы сам жывеш у тыя часы, i многае, што для нас цяпер рэч натуральная, усмактанае ледзь не з малаком мацi, само сабой зразумелае — для цябе яшчэ цёмны лес.
Ты сучаснiк Скарыны. Прычым адукаваны сучаснiк. Якiм паўстае перад табою свет?
КОСМАС. Сусвет. Ён канечны i абмежаваны непарушнай зорнай сферай з усiх бакоў. За ёю цi рай, жыллё i месца знаходжання бога, цi ўвогуле хаос. А пасярэдзiне сферы — Зямля. Вакол яе Сонца i планеты. Планет сем, толькi тыя, што можна бачыць няўзброеным вокам, бо i тэлескопа яшчэ няма. Калi ў цябе зрок лепшы, чым у астатнiх, i ты, скажам, бачыш, што Мiлавiца мае квадры, як Месяц, — памоўчвай, бо на зямлi смярдзiць паленым, i вогнiшча на плошчы ледзь не самае iнтэлектуальнае вiдовiшча ўладарных, i ўвогуле народных мас.
Толькi адзiнкi, дый то абстрактна, спекуляцыйна ведаюць, што Зямля — шар (паводле Пталамея, бо кнiга Капернiка з’явiлася амаль праз тры дзесяцiгоддзi пасля першай кнiгi Скарынавай «Бiблii»). I яшчэ добрых пару стагоддзяў эйнштэйны i каралёвы тых часоў будуць прасiць прабачэння у тых, што маюць уладу, за тое, што яны адэпты вучэння Капернiка. Будуць гаварыць прыблiзна ў тым родзе, што вучэнне Капернiка не новае, што яно старое, яшчэ да Пталамея, што так думалi яшчэ некаторыя пiфагарэйцы (i гэта ў сiм-тым праўда):
— Не бiце мяне за гэта. Я не наватар. Гэта вы… ой, прабачце! Я, наадварот, закарузлы кансерватар.
Гэта для адзiнак. Для большасцi Зямля — плоскасць, якую абмывае сусветны акiян. У акiяне жывуць кiтарыбы i марскiя манахi. Па сушы швэндаюцца, акрамя людзей i звяроў, кiраўрысы (кентаўры). Ёсць на гэтай плоскасцi Еўропа, Азiя, маленечкая Афрыка. За Атлантыкай ляжыць Iндыя, i толькi адзiнкi здагадваюцца, што гэта — Новы свет. Іншых земляў няма, бо іх ніхто не бачыў. I няма нiкога, хто спытаўся б такога рацыяналiста (божа, колькi iх i зараз!):
— Дзядзька, а вы Вiльню бачылi?
— Не.
— А яна ж ёсць…
ЧАЛАВЕК. Ён — вобраз i падабенства боскае (i нiкому не страшна за бога, калi ён выпадкова, не на ноч кажучы, успомнiць зямных уладароў). I не кожны носiць гэты «вобраз божы». Пераважна еўрапейцы i хрысцiяне (адпаведна — магаметане, будысты, юдаiсты). Астатнiя, не кажучы ўжо пра людзей з сабачымi галовамi i iншым такiм, астатнiя — расы бездухоўныя, бо не адзначаныя святлом iсцiны боскай.
Але i «адзначаныя» не маюць права на роўнасць. Вышэй за ўсiх асвечаны манарх i асвечаная знаць. Праўда, мае ўжо назву галоўнае ў чалавеку — гуманiзм, падмурак, на якiм вырасце Чалавек Новы. Першыя проблiскi ўтапiчнага сацыялiзму, вера ў прагрэс звязана з дзейнасцю асвечанага манарха i асвечаных вярхоў. А паколькi iхняя ўлада ад бога, то выступленне супраць яе — злачынства, якое прыводзiць толькi да дзiкага самавольства i анархii. Над лiхiм манархам адзiны суддзя — бог. Добры — можа прывесцi да росквiту навук, адмены прыватнай уласнасцi i раўнапраўя (нешта не бачым мы прыкладаў гэтаму ў гicторыi).
Так думаюць нават самыя перадавыя. Да Шэкспiра, якi — хай аднабакова — сказаў аб грамадскай ролi народа, чалавецтву яшчэ араць амаль восемдзесят гадоў.
НАВУКА. Ну хаця б на прыкладзе хiмii (якой яшчэ няма, а ёсць алхiмiя). Усё досыць проста i зразумела (як паўсюль, дзе амаль нiчога не зразумела). Паўсюль строгi парадак (як усюды, дзе няма парадку), усталяваны богам. Iснуе сем металаў (па колькасцi сямi планет, а значыць, болей i не трэба). Бацька ўсiх гэтых металаў — сера, мацi — ртуць.
…Але досыць, iначай мы нiколi не скончым. Iхняя эпоха зусiм не прычына, каб смяяцца. Хутчэй, прычына для спачування. Як кожная эпоха ў вачах нашчадкаў.
Проста вось такi ён быў, тагачасны чалавек. Сам Скарына таксама не быў выключэннем. Ён, напрыклад, упэўнены, што «Бiблiя» — пачатак i канец зямной мудрасцi (а можа, толькi намагаецца пераканаць iншых, што упэўнены ў гэтым). Але, называючы яго сярэдневяковым чалавекам, мы выпускаем з-пад увагi тую рысу, якая робiць яго чалавекам Адраджэння, чалавекам новага часу, нашым братам: прагу да святла, нязгаснае iмкненне да доблесцi i ведаў. I галоўнае: няўменне i нежаданне аддзялiць сябе ад «брацii сваёй», грамадства, у якiм кожны Чалавек павiнен быць такой самай Асобай, як ён, iначай не варта i гарод гарадзiць. I таму, — i гэта галоўнае, — ён iмкнецца не толькi cам iсцi да зор, але як Чалавек Новага, i «брацiю сваю» цягнуць да iх.
«Ты любiш яе. I паколькi Новы Чалавек — гэта Чалавек Дзеяння, ператвараеш слова сваё ва ўчынак».
Першы крок твой i твайго грамадства да святла — Кнiга (хай сабе нават i «Бiблiя»), пiсьменнасць (хай сабе заснаваная на ёй), асвета (хай сабе рэлiгiйная, паколькi вышэй сваёй эпоxi не дужа скокнеш, як i вышэй сваёй галавы).
Кнiга. Пiсьменнасць. Асвета. Астатняе прыйдзе з часам.
I каб гэтая кнiга была параўнаўча танная, была для ўсiх. Значыць — друкарскi станок, а праз яго Кнiга для ўсiх, Пiсьменнасць для ўсiх, Асвета для ўсiх. Бо не можа называцца асвечаным грамадства, дзе асвечаныя адзiнкi закрываюць сваiмi спiнамi святло ад iншых.
Асвечанасць — гэта калi кожнаму ў руку — паходню!
I Францыск Скарына робiць гэта, надрукаваўшы у 1517-1519 гадах дваццаць тры кнiгi «Бiблii», у 1522 годзе — «Малую падарожную кнiжыцу», у 1525 годзе — «Апостала».
I не на чужой мове, а на простай сваёй, беларускай, якую аднолькава разумеюць мужык i магнат, воiн i гандляр. Усе.
I да кожнай кнiгi — прадмовы i пасляслоўi, першыя ўзоры грамадскай, асветнiцкай, эстэтычнай думкi. Таксама для ўсiх. Пачаткi любамудрыя (фiласофii) для ўсiх, адукацыi для ўсiх, вальнадумства для ўсiх. Пачатак мудрасцi новых часоў, спасцiжэння таямнiц сусвету, магчымасцi праверыць усё рукамi, розумам, душой.
Не прасiць сабе «дзён многих… нi багацця, нi жэ душ ворагаў», але жадаць «сабе мудрасцi». Быць адукаваным i вольным сабратам адукаванага i вольнага грамадства, якое не здушыць анiякая фiзiчная i духоўная тыранiя.
Быць праўдзiвым, добрым, чыстым, чалавекалюбiвым. I вакол сябе — на шляху да Розуму — бачыць такiх самых братоў, а не кодла свядома-цёмнага i вераломнага быдла.
Праз дух разумнасцi — да духу любовi. Праз мудрасць i добрыя звычаi — да грамадства, дзе ўсiм добра, i, галоўнае, справядлiва жыць.
Тое, на чым i зараз стаяць лепшыя людзi i чалавецтва i з чаго iх анiяк i анiкому не збiць.
Нават знiшчыўшы фiзiчна.
Францыск Скарына быў з тых, першых, хто, кажучы сучаснымi словамi, стварыў стартавую пляцоўку для рыўка Чалавецтва ў ягоную неабсяжную будучыню. Гэты беларус быў з тых, самых першых, што стварылi лепшых з нас такiмi, якiя мы ёсць.
Ва ўзбраеннi ведаў, усемагутнасцi мозгу, адкрытай шчырасцi добрага сэрца. З навукай у адной руцэ i мастацтвам — у другой.
З катаржнай працы такiх, як ён (а для ўсходнiх славян — з яго), пачынаецца ўзлёт гуманiзму, iдэi раўнапраўя (хай сабе спачатку ўтапiчнай), рэнесанс мастацтва, лiтаратуры, навукi.
…Хай сабе мы яшчэ дужа i дужа мала ведаем.
Можа праз пяцьсот гадоў нехта i пасмяецца з нашых ведаў, з узроўню нашай думкi.
Дзякуй богу, што пасмяецца.
Без веры ў тое, што далёкiя нашчадкi нашы будуць як багi — навошта жыць?
Але нiхто не пасмяецца з нашай працы, з узроўню нашага мастацтва. Вось у чым яго неўмiручая сiла! I нiхто не пасмяецца з нашых намаганняў у нашай цяжкай, крывавай, часта трагiчнай сечы за будучыню чалавека. З нашай бiтвы, у якую аднымi з першых уступiлi яны… мы… дзецi нашы. Бiтвы, дзе адным з пачынальнiкаў быў Францыск Скарына.
З яго веку, i з нашага веку.
Нiхто не пасмяецца з таго, што яны i мы — у меру сiлаў сваiх — рассунулi Сусвет, спазналi частку iсцiны. Нiхто не пасмяецца са Скарыны i яго нашчадкаў, з iхняй думкi, што дала Польшчы — Мiцкевiча, Русi — Сiмяона Полацкага i Дастаеўскага, сабе — Багдановiча, Купалу, Коласа i iншых, «iмёны ж iх ты, госпадзi, вясi».
I на пачатку гэтага бясконцага шляху — такая малая i такая бязмежна вялiкая «Кнiга» Францыска Скарыны, чутны i нам праз стагоддзi гук ягонага друкарскага станка… Цiха!.. Ён грукоча!..
I таму Францыск Скарына ў поглядзе тых, самых-самых першых, што зрабiлi лепшых дзяцей чалавецтва такiмi, якiя яны ёсць сёння i якiмi яны будуць давеку, пакуль ёсць пад небам Сусвету Чалавек.
I таму мы павiнны ганарыцца тым, што ён — беларус. Хаця мудрасць не ведае рознiцы нацый, моў, веры.
Таму што, нягледзячы на намаганнi навалачы розных нацый, мудрасць ведае адну веру — веру ў вялiкае прадвызначэнне Чалавека, якога Прырода стварыла для поўнага i канчатковага спазнання самой сябе.
У гэтым, мабыць, адзiны сэнс чалавечага жыцця.
I Францыск Скарына зрабiў адзiн з першых крокаў на нашым шляху да гэтага.
1. Упершыню — «Беларусь», 1980, № 4.
2. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 172 — 177.