Слова пра Шолахава
Міхаілу Аляксандравічу Шолахаву семдзесят гадоў. Неяк не верыцца. Хай гэта будзе труізм, але вечная маладосць генія (не пабаімся сказаць такое) прымушае забываць пра ягоны ўзрост.
I цяжка пісаць пра яго, асабліва ў рамках часопіснага артыкула. Пра яго напісалі і яшчэ напішуць сотні кніг. Як пра кожнага сапраўднага Майстра. Ды яшчэ і не кожнаму гэта будзе дадзена: сказаць пра яго так, як належыць. Таму я і не называю гэта артыкулам, а лічу ўсяго сваёю маленькаю думкаю пра Майстра.
Іншым, можа, найболей падабаецца «Узнятая цаліна», «Данскія апавяданні» або «Лёс чалавека» (бо гэты лёс падобны на іхні). Я ж хачу сказаць аб найбольш выдатнай з’яве ў творчасці. М.А. Шолахава — аб яго «Ціхім Доне». I нават не аб усёй гэтай кнізе (гэта рэч — неабдымная, паколькі «Ціхі Дон» — «кніга стагоддзя»), а толькі пра аднаго чалавека з гэтай кнігі — пра Грыгорыя Мелехава.
З самага пачатку ў некаторых літаратуразнаўцаў чамусьці склалася думка, што гэты герой — «образ колеблющегося середняка».
А давайце падумаем, ці так гэта? Хто перад намі? Слабы сераднячок, які «заблытаўся і бегаў туды-сюды»?
Справа больш складаная, як і больш складаная была эпоха, якую з такім глыбокім, пранікнёным майстэрствам паказаў нам Шолахаў.
Перад намі Чалавек. Жывы. Больш жывы, чым кожны з нас, хаця мы існуем у плоці і крыві, а ён ажыў толькі пад пяром аўтара. Неперавершанага мастака нашай прозы.
Паўтараючы словы майго прафесара Б.Ц.Малышава, хочацца назваць Мелехава «мятущимся искателем истины». I менавіта гэтым ён і дарагі нам, Грыгорый Мелехаў, змагар супраць не ўсвядомленага ім свайго ж шчасця.
Усім вядома, што такое было данское казацтва. Аблытанае царызмам, які навучыў яго лічыць амаль усіх істотамі ніжэйшай пароды. Саслоўе бізуна і шаблі.
I ўсе помняць, як без патолі рыдаў Мелехаў, пасекшы матросаў:
— Браткі, дабіце мяне!
Бо не мог не біцца, бо эпоха была эпохай жыцця і смерці. I — адначасова — не мог не плакаць па братах.
Вядома, няма класа без асоб, якія ў яго ўваходзяць. Вядома, законы класа нібы выяўляюцца ў асобе і робяцца законамі асобы.
Але ёсць асобы, якія, што б ні выпала на іхнюю долю наканаваннем гістарычнай неабходнасці, высока нясуць сваё званне Чалавека.
Такі Мелехаў. I вялікі пісьменнік першы сказаў пра гэта.
Кім бы ён, Грыгорый, ні быў — ён асоба. Ён кінуў выклік хутару, бацьку (памятаеце, як Панцялей Пракопавіч рабаваў?), Дону, ды ці мала каму яшчэ? Выйшаў на бітву з паскудненькай мараллю, з кулацтвам, з чэрствасцю, з разбоем вайны, з разбоем звычаёвага ўплыву на душу Чалавека. I перамог.
Савецкая ўлада па чысціні сваёй ідэі, ясна ж, яму бліжэй за ўсё. Рэвалюцыя павінна перамагчы «любой цаной» (Падцёлкаў). I не «заўтра», а сёння. Павінна панаваць праўда рэвалюцыйнага гуманізму.
Грышка Мелехаў — чалавек. Чалавек, над гонарам і сумленнем якога ні ў кога няма права здзекавацца.
I якога, аднак, жорстка малолі жорны цяжкай эпохі.
Забудзецца па часе многае. Але Чалавека будуць памятаць вечна.
I Мелехаў — Чалавек з «Ціхага Дона» — будзе жыць, пакуль будуць жыць на зямлі людзі.
I пісьменнік Міхаіл Аляксандравіч Шолахаў будзе жыць, пакуль будуць жыць на зямлі людзі.
Упершыню — «Маладосць», 1975, № 5.