Зямля пад белымі крыламі — Вёска, о родная вёска мая!
Дык вось, вёска. Яна не такая, як на Украіне або на Доне. Там не рэдкасць вёскі ў 200 — 300 — 1000 двароў. У нас 20 — 30 двароў — гэта ўжо вёска. Мала таго, на захадзе яшчэ й дагэтуль досыць многа хутароў, хаця людзі паступова і кідаюць іх. Ёсць, праўда, і вялікія вёскі, двароў на 1500, такія, як Рубель на Століншчыне. Але іх мала, напэўна, некалькі соцень, не больш.
За выключэннем некаторых раёнаў Палесся, беларускую хату ніколі не беляць знадворку, толькі ўнутры. Але старая беларуская вёска, тым не менш, прайграючы ў весялосці знешняга выгляду перад вёскай, скажам, карпацкай або малдаўскай, мае нейкі дужа мілы, задумлівы і паэтычны каларыт, дзякуючы прысадам вялікіх дрэў на вуліцах і ў завулках, векавым дубам на сядзібах, вялізным дзічкам на былых межах, садкам і, урэшце, таму, што калі не адразу за хатамі, то хаця б на гарызонце амаль абавязкова відаць лясы ці пералескі, што калі не тут жа, то непадалёку — рака, рачулка ці возера. Шмат зеляніны, шмат вады, шмат неба над галавою.
У нас хату часта будуюць талакою, з тоўстых і смалістых сасновых бярвенняў. Таму што лесу ўсё яшчэ многа. Па той самай прычыне амаль няма глінабітнай падлогі, як на поўдні СССР, а ёсць падлога з дошак. Столь, вядома, таксама дошкавая, зверху, на гары, на яе насыпаецца пілавінне, для цеплыні. Стрэхі раней былі саламяныя або, на поўдні, з чароту, які даўжэй служыць. Таму даўжэй, што, калі страху растрэплюць вятры і дажджы, чарот можна зняць і зноў перакрыць ім хату. І так два-тры разы. Але і тады часта сустракаліся “шчапяныя” дахі. Цяпер гонтавы дах бывае на хаце часцей за ўсё. За ім ідзе шыфер. Чарапіца сустракаецца досыць рэдка. Дахі двухскатныя. Шатровыя або напаўшатровыя досыць рэдкая рэч.
Хата заўсёды будуецца вокнамі на вуліцу, уваход калісь быў, у пераважнай большасці выпадкаў, з двара, а цяпер ўсё часцей, з вуліцы. Франтон часта аздабляецца разьбою. На Давыд-Гарадоччыне, напрыклад, на ўсіх хатах знак сонца і расліны вакол яго. Разьба і навокал акон і на акяніцах. Не ўсюды, але часта. Раней хату абкружала прызба, цяпер хаты, вядома, на фундаментах.
Для прыкладу апішу некалькі вёсак. Спачатку хутар. Расолы Астравецкага раёна на Гродзеншчыне.
Цэнтральная база саўгаса досыць далёка. Да бліжэйшай станцыі Гудагай некалькі кіламетраў лесам, палямі, пералескамі. Паўсюль раскіданы грады ўзгоркаў, а на іх сіні зубчасты лес. Між градаў палі канюшыны, залатыя лапікі стральчастага лубіну. Праз густыя зарасці чорнай вольхі бяжыць вясёлая і чысцюткая, на дзве трэці зацененая дрэвамі рачулка Лоша. “Лоша” па-літоўску “стронга”. І стронга сапраўды водзіцца тут. На беразе рэчкі прыткнуліся наводдаль адна ад адной некалькі спраўных хат са студнямі, пунямі і адрынамі, у якіх так добра спаць на сене. Крыху далей, у звіліне Лошы, векавыя дрэвы былога фальварка. Ад дома засталіся толькі прыступкі ганка, якія вядуць у нікуды. А ля дарогі высачэзны крыж з неашкуранага, крывога дубовага ствала з гэткай жа папярочынай. Кажуць, што крыж пастаўлены былой гаспадыняй фальварка ў памяць аб павешаным правадыры паўстання 1863 — 1864 гг. Каліноўскім, якога яна кахала.
Другі край рэспублікі. Паўдзённы. Лахва Лунецкага раёна Брэсцкай вобласці. Рака з непрыгожаю назваю Смердзь ёсць, аднак адна з найпрыгажэйшых рэчак, якія мне даводзілася бачыць у маім жыцці. Недзе кіламетраў за дзесяць да ўпадзення ў Прыпяць рака пачынае драбіцца на рукавы. Атрымоўваецца некалькі астравоў, злучаных драўлянымі мастамі. На гэтых астравах хаты, што патанаюць у садах. Вада рукавоў цёмна-зялёная, з сонечнымі плямамі, бо над імі вербы ўтвараюць суцэльныя тунелі. І ў гэтых тунелях, у імгле, цэлыя чароды чаўноў. Тут цудоўныя новыя пабудовы. У прыватнасці, школа. І, нібы вакол мала вады, тут яшчэ і шмат сажалак, дзе разводзяць карпаў.
Той самы поўдзень, але Мазыршчына. Вёска Данілегі. Гэта адна з тых мясцін, дзе жыхары яшчэ носяць па нядзелях і святах старадаўнюю народную вопратку. Хаты, выцягнутыя ў два рады, так густа абраслі дрэвамі, што здаюцца пагружанымі на дно глыбокага зялёнага возера. Некаторыя з іх пабелены і знадворку. Часам — крытыя трысцём. Вокны абведзены сінім. Наваколле — дрымучыя лясы. Трапляюцца дубровы па 400 — 500 год. Гэта менавіта тут стаіць у атачэнні шасцісотгадовых дубоў — “дуб Крывашапкі”, “цар-дуб”, “дрэва вечнасці” — вось колькі ў яго назваў. Яму тысяча гадоў. Разменьвае другую тысячу. Немцы хацелі спілаваць яго і вывезці ў Германію, але партызаны паставілі варту. Не ведаю, ці трэба было. Немцам ўсё адно гэта не ўдалося б. З якою тэхнікай падступіцца да дрэва таўшчынёю з вялікі пакой?!
Возера Свіцязь, апетае Міцкевічам. Вялікі, амаль правільны круг, з усіх бакоў зарослы дужа старымі дубамі. Вада тут такая, што, калі нават проста выкупацца — валасы рыпяць дні два. У наваколлі яго тры досыць тыповыя вёскі. Міратычы, што працягнуліся доўгай паласою харошых хат. Тут захавалася даўно зачыненая чатырохсотгадовая драўляная цэркаўка з тыпу “патаемных”. Назнарок малая, назнарок у гушчары, каб на час навалы і вайны на знайшлі. Яна славутая цудоўнай народнай разьбою.
Валеўка. Гэта вёска сучасная, але i тут ёсць старажытнасць.
У прыватнасці курганы, гарадзішча, трохсотгадовая драўляная царква (раней яна была касцёлам, і гэта ў ёй, згодна паданню, вянчаўся з Зосяю Міцкевічаў пан Тадэвуш), а ў ёй іконы работы… В.М.Вясняцова. Так-так, вывезеныя калісьці з Варшавы ў Баранавічы і ў некалькі вёсак. У прыватнасці, у Валеўку… Тут багатыя фермы і будынкі, школа з музеем, ледзь не самым багатым сярод усіх школьных музеяў на Беларусі: ад палеаліта да нашых дзён. У школе ёсць і свой цікавы батанічны сад з мноствам экзатычных раслін. А ў садзе невялікія сажалкі, у якіх дзеці разводзяць рыбу і куды яны выпусцілі чарапах.
Варонча. Вёска амаль гарадскога тыпу. Тут некалькі прадпрыемстваў. Але і гэта — вёска-музей. Тут, над запруджанай рачулкай, у гушчары, стаяў — а можа, і цяпер стаіць — васьмісотгадовы дуб, звязаны з імем Міцкевіча. Унутры — дупло, у якім могуць паснедаць вакол стала чалавек дзесяць. Нават акенца ёсць, на другі бок. Можна высунуць галаву і глядзець проста з дрэва, як лясны дух. Наводдаль — руіны дужа даўняга касцёла і могілкі з цудоўнымі помнікамі з італьянскага мармуру. Тут пахаваны бацькі польска-беларускага паэта і фалькларыста Яна Чачота, блізкага сябра Адама Міцкевіча, а таксама — Верашчакі, сваяка Марылі Верашчакі, першага кахання паэта. Маёнтак Верашчакаў, Туганавічы, быў некалі побач. На яго месцы застаўся парк і “альтанка Марылі”, некалькі ліп, пасаджаных кругам. Яны так зрасліся, што, каб адна не ўпала — унутр гэтага драўлянага круга нельга было б трапіць.
Як бачыце, амаль у кожнай беларускай вёсцы ёсць што паглядзець. Толькі трэба ведаць, што глядзець.
Пра воблік новага беларускага сяла, пра саўгасы і калгасы я раскажу крыху далей.