Зямля пад белымі крыламі — За вёскаю разлівы каласоў

За вёскамі палі. Зноў жа розныя. Поўнач. Мядзельшчына з яе азёрамі і перакатамі ўзгоркаў. Гэта менавіта тут склалася загадка: «Поле ў паясках, поле ў піражках, поле ў дзірачках». Ты ломіш галаву над тым, што гэта такое, а адказ нечаканы: «поле». Паяскі — межы, піражкі — камяні, дзірачкі — дзірачкі сцяблін на іржышчы. Палі не дужа вялікія. Валуны значнага памеру сцягваюць на межы трактарамі ці спіхваюць бульдозерамі, і таму на межах цэлыя каменныя валы, крэпасці. З валуноў, расколатых берталетавай соллю, будавалі і часам будуюць і цяпер стайні, свірны, пуні.

Чаго-чаго, а каменя тут хопіць. Як сказаў паэт П.Панчанка: «Аматар трымаць чорны камень за пазухай тут мог бы набраць іх на дзесяць вякоў». Здавалася — прыбралі. Не, пасля кожнага ворыва лезуць з зямлі, кожны дождж выбівае іх наверх.

На гэтых палетках лілавее канюшына, варушыцца вусаты ячмень, цягнецца, чапляе за ногі вільготнае і сакавітае сіло гароху.

Лубіну менш, затое сінія хвалі ільноў літаральна бясконцыя.

Сярэдняя паласа. Тут разнастайнейшы рэльеф і такія ж палі. На Навагрудчыне з яе высачэзнымі ўзгоркамі — меншыя, на раўніннай багатай Случчыне — шырокія і раздольныя. Паўдзённы ўсход шмат займаецца гародніцтвам: капуста, цыбуля, радыс, морква, памідоры, гуркі, часнок, салата. Тут буйныя парнікова-цяплічныя камбінаты, якія працуюць не толькі на Беларусь.

Поўдзень. Палескае роўнае поле. То спрадвечнае, то нядаўна асушанае. На гарызонце зубчасты сілуэт лесу. На дрэвах пасярод поля па адной, па тры, па пяць пчаліных калод на кожным. Тут іх называюць «свепет». І зусім няма камення. Захацеў бы ў ворага кінуць, і то не знайшоў бы.

І ячменю мала. Яго, мужыка, нягледзячы на вусы, перамаглі грэчка і проса. І тут жа да іх у хаўрус уціснулася салодкая кампанія: кармавы лубін (паўсюль), цукровы бурак (на паўднёвым захадзе) і нязлічаныя каноплі (на паўднёвым усходзе). Ну і яшчэ тытунь. А раз так, то ясна, што ёсць цукровыя заводы і тытунёвыя фабрыкі.

Гэта мы ўсё займаліся пакуль што паважанай, але не самай важнай кампаніяй. Цяпер пра галоўнае.

Бульба. Яна паўсюль, яна — універсал. За выключэннем некаторых паўночных раёнаў, дзе яе пасевы складаюць 15,8 працэнта ад пасяўной плошчы, — паўсюль яе да 20 працэнтаў. А значыць, тут жа працуюць заводы спіртавыя і крухмальныя.

33,3 працэнта плошчы збожжавых захапiла i самаўладна размясцiлася там асноўная культура — азiмае жыта. Падцяснiла менш ураджайную ярыну, а пшанiцу, разлiвы якой так шырока расцяклiся па Сiбiры, Кубанi, Украiне, увогуле трымае ў чорным целе — усяго 17,4% , хаця сеюць пшанiцу па ўсёй рэспублiцы.

Пра ячмень я ўжо казаў раней. Яму аддадзена менш плошчы. Такі сабе падпанак. Ведае, што беларус не можа абысціся без ячнага супу з грыбамі і піва.

Нават авёс крыху больш пан, чым пшаніца, хаця пасевы яго і скараціліся за апошні час у тры разы. Ён служыць кормам для хатняй жывёлы, а ў басейне Бярэзіны — і для мядзведзяў, якія прыходзяць уначы ласавацца на аўсяныя палі. Нашморгаюць поўныя жмені, высмакчуць «малако», а жмакі раскідаюць па полі. Мясцовыя калгаснікі гэтага разбою дуж-жа не любяць.

Шмат у краіне кармавых культур, бо добра развіта мяса-малочная вытворчасць. Таму тут табе і кармавы лубін, і кукуруза на сілас, і канюшына, бручка, турнэпс, рэпа.

У рэспубліцы амаль 6 млн. буйнай рагатай жывёлы, з іх 2 млн. 592 тысячы кароў. Пераважна чорна-белыя і бурыя, латвійскія, але ёсць і швіцкая, сіментальская, яраслаўская пароды.

…Сядзіш над Дняпром. Сонца набліжаецца да гарызонту. На дрэвах, на вадзе, на гліне адхонаў аранжавы водбліск. І раптам у вадзе з’яўляюцца нейкія незразумелыя кропкі. Бліжэй-бліжэй, і вось ясна ўжо, што гэта рагатыя галовы. Плыве цераз раку вялізная чарада. Пярэднія ўжо выйшлі на бераг, чорна-бела ільсняцца на сонцы, і вада сплывае з іх, заднія яшчэ плывуць. А за імі, стоячы ў чаўне, плыве пастух. Гэта пераганяюць статак на новую пашу, на паплавы са свежай, кветкамі апырсканай травой. У аднаго майго знаёмага дядзькі было аж сем коз. «Дядзька, навошта вам іх столькі?.. Ды яшчэ чацвёра — казлы». — «Ды не купляе ніхто, а рэзаць нейк рука не падымаецца. Занадта на чорта падобныя». — Ну а свінню вы ясцё?" Адказ пасля нядоўгага роздуму: «Свінню ем. Калі б свінню не есці, яна б… увесь свет запаланіла».

Дык вось, у некаторых раёнах Беларусі трымаюць 60 — 100 свіней на адзін гектар пашы. У 1972 г. свініна складала 47,7% усяго мяса, якое атрымала Беларусь.

…Сцэнка на пашы. Два пастухі пасвяць авечкі. Адзін ля лесу, другі — наводдаль. Воўк схапіў адну. Той, што далей, крычыць:

— Што гэта? Воўк?

— А нягож, халера твайму бацьку, заяц?!

— То што ён, авечку панёс?!

— А нягож, трасца тваёй матары, табе прынёс?!

То вось і ваўкоў павыбілі і засталося іх мала, але і авечак паменела таксама. Гэтаму ёсць прычыны. Раней ледзь не адна авечка давала чалавеку вопратку: кажух, катаная світка, ваўняны бурнос, бурка, зімовыя порткі, андаракі, валёнкі. Цяпер на змену ўсяму гэтаму прыйшоў крам, ды яшчэ й сінтэтыка дапамагла. Ва ўсякім разе, на кожны раён тры-чатыры-восем гаспадарак з невялікімі авечымі фермамі, і рэдка дзе можна ўбачыць ферму болей чым на 400 галоў. Ды і ў гэтых гаспадарках авечкі не галоўнае.

Дужа распаўсюджана птушкагадоўля. На Беларусі 28 мясных птушкафабрык. Гэта буйныя прадпрыемствы. Напрыклад, птушкафабрыка імя Н.К.Крупскай атрымала на 1973 год 180 млн. яек, 2384 тоны птушынага мяса, па 274 яйкі на курыцу-нясушку.

Пры гэтай фабрыцы аж 1100 га сельгасугоддзяў. Ёсць і міжкалгасныя птушкафермы.

А ёсць і зусім новая галіна — зверагадоўля. Чорныя і серабрыстыя лісы, пясцы, норкі.

:Я ўжо казаў, наколькi пабольшала ў нас садоў. Зараз iх у калгасах i саўгасах больш чым 167 тыс. га. Славiцца садамi Случчына, Мiншчына, Мазыршчына, Бабруйшчына i асаблiва маё Прыдняпроўе. Тут не рэдкасць сады ў некалькi сот гектараў: Я ўжо не кажу, што ледзь не кожная больш-менш «пажылая» хата тоне ў садзе. Нават дзецям, для якiх набег на сад заўсёды быў нiбыта выпрабаваннем удаласцi, цяпер нецiкава гэта рабiць. У досыць далёкай ад горада вёсцы мех яблык, бывае, прадаюць лiтаральна за капейкi, з умоваю, што ты здымеш гэтыя яблыкi сам. Бо рукi не заўсёды даходзяць. I гэта кепска. Таму што, значыць, дрэнна арганiзавана скупка, мала садавiнаапрацоўчых i кансервавых заводаў, дый для тых не заўсёды хапае баначнай белай бляхi, якую ў нас вытварае ледзь не адзiн толькi Магнiтагорскi камбiнат. Якi б магутны нi быў манапалiст — задаволiць усе кансервавыя заводы ён не можа.

Цяпер сельская гаспадарка пераважна механізаваная. Ручной засталася прарыўка парасткаў цукровага бурака, збор садавіны і ўсё такое, дзеля чаго не прыдумана машын. А рэспубліка выпускае шмат відаў машын для сельскай гаспадаркі: сіласаўборачныя камбайны, ільнамялкі, бульбаўборачныя машыны, сенакасілкі, жняяркі і многае іншае. І, самае галоўнае, універсальныя калёсныя трактары «Беларусь». Кожныя шэсць хвілін — трактар з маркай «МТЗ». У нас, дый не толькі ў нас, трактары гэтыя ласкава называюць «беларус».

Калі ўлічыць, што ў 1910 годзе зямлю скраблі ў значнай ступені сахою, што, напрыклад, у Мінскай губерні было каля 60 тысяч сох і 198 тысяч драўляных барон, — каментарыяў, як кажуць, не трэба.

Ёсць у беларуска-польскага мастака Фердынанда Рушчыца геніяльная карціна «Зямля». Паўкруглы ўзгорак увесь у ільсняных глыбокіх барознах. І вось з-за гэтага бугра, падобнага на вяршыню зямнога шара, выпаўзае запрэжка валоў і магутны чалавек, схілены над сахою. Вялізнае напружанне, упартасць: усё ўбіта ў гэтую неласкавую зямлю, усё жыццё і ўсе сілы. У гэтым веліч, але ў гэтым і трагізм.

Па гэтых узгорках замест валоў ходзяць зараз машыны. А астатняе — што ж, i напружанне, i ўпартасць, i велiч працы земляроба — яны засталiся.

Яндекс.Метрика