Зямля пад белымі крыламі — Горад на Нямізе

Пра многае мы так і не здолелі сказаць. Пра некаторыя абрады, пра вогнішчы Купалля, пра кветку папараці, якая цвіце ў чароўную тую ноч, прыносячы людзям шчасце. Пра тое, як недзе ў сакавіку моладзь з курганоў і ўзгоркаў «гукае вясну». Ды пра гэта й досыць. Гэта ўсё было ў «свой час», у час «прадзены, тканы». Цяпер трэба гаварыць пра новыя часы. Нягледзячы на тое, што на Беларусі і зараз ледзь не самы вялікі ў СССР працэнт сельскага насельніцтва — павялічваецца няўхільна колькасць гараджан, растуць гарады, фабрыкі, заводы. Пра іх мы зараз і паспрабуем гаварыць. І загадзя намецім сабе межы, бо пра ўсё не скажаш. Ясна, трэба сказаць пра сталіцу, пра абласныя гарады, а далей… далей пра тое, пра што хочацца, пра тыя гарадкі і мястэчкі, якія найлепей ведаеш і найбольш любіш.

…Мінск. Горад-герой. Самы буйны з гарадоў Беларусі. Звыш мільёна насельніцтва. Горад і вобласць даюць 26 працэнтаў усёй прамысловай прадукцыі рэспублікі. Гэта машынабудаванне, хімія, лёгкая і харчовая прамысловасць.

Гораду больш за 900 год. Адзін з самых ранніх успамінаў аб ім — радкі са «Слова аб палку Ігаравым»: «На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць чапамі харалужнымі, на таку жыццё кладуць, веюць душу ад цела». Крывавыя берагі Нямігі даўно забраныя ў падземную трубу. Засталася толькі старая гандлёвая назва горада «Мінск», а ў даўніну «Менеск», «Менск», ад слова «мена», «мяняць». І дужа мала гісторыі. Таму што ў гады апошняй вайны Мінск быў знішчаны ледзь не на сто працэнтаў, пушчан дымам і попелам. У адрозненне, скажам, ад Суздаля або Кіева тут можна паказаць цікаўнаму турысту толькі некалькі старых будынкаў і храмаў XVII — XVIII стагоддзяў ды некалькі будынкаў эпохі класіцызму. Па беларускую старажытнасць трэба выязджаць далей, на правінцыю.

Гмахі вялізных каменных будынкаў, узятыя ў граніт берагі Свіслачы, на ёй у межах Мінска створана вадасховішча — Камсамольскае возера, паркі, бульвары, сады. І, у самым цэнтры, невялічкі драўляны дамок. Гэта музей І з’езда РСДРП, які адбыўся тут у 1898 годзе. Значэнне гэтага з’езда, які заснаваў РСДРП, ясна ўсім. Тут нарадзілася самае імя той сілы, якая сямю гадамі пазней вылілася ў рэвалюцыю 1905 года, а ў 1917 годзе, праз дзевятнаццаць год, зрынула царызм, той сілы, якая стварыла дзяржаву, у якой мы зараз жывём.

СССР.

БССР.

За нейкіх сто метраў ад гэтага дома — плошча Перамогі з абеліскам у гонар воінаў Савецкай Арміі і беларускіх партызан, з Вечным агнём ля яго.

Мінск займае тэрыторыю ў 143 квадратных кіламетры, куды больш чым да вайны, ужо не кажучы пра дарэвалюцыйны час. Можна прывесці такі прыклад. Месца расстрэлу паўстанцаў 1863 — 1864 гг. знаходзілася за горадам. Цяпер гэта раён галоўнага паштамта. Менавіта тут зязюля кукавала «гады, якіх не будзе», аднаму з кіраўнікоў бунту, Міхалу Цюндзявіцкаму. Тут сялянскія дзяўчаткі клалі кветкі на яго магілу.

Сённяшні Мінск — гэта, перш за ўсё, машыны. Наша сталіца — адзін з буйнейшых у СССР цэнтраў машынабудавання.

А, між іншым, досыць лёгка ўявіць сабе дзевяностагадовага старога, мінчаніна, які (і гэта толькі калі мы дапусцім, што ён жыў у цэнтры, а не на ўскраіне) не мог нарадзіцца ў радзільным доме (першы такі дом заснаваны ў 1895 годзе, калі нашаму «герою» было 19 год); які ўпершыню ўбачыў тэлефон у 14 год, які ўпершыню праехаўся на концы па цэнтральнай вуліцы горада ў 16 год. А вуліцай гэтай была Захар’еўская, цяпер Ленінскі праспект. У гарадскі тэатр (цяпер у гэтым перабудаваным будынку Беларскі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) ён пайшоў з бацькамі на адкрыццё, чатырнаццацігадовым хлопчыкам, і першыя пяць год, пакуль не пусцілі першую электрастанцыю, глядзеў спектаклі пры свечках.

Дзівам здавалася яму конка (тройка, што цягне па рэйках вагончыкі), яшчэ большым — пушчаны ў 1929 годзе трамвай.

Ці мог ён прадбачыць тады, які ён будзе, сённяшні Мінск?

300 трактараў кожны дзень, славутыя самазвалы-«зубры», матацыклы, маторы, веласіпеды, радыёпрыёмнікі, тэлевізары, падшыпнікі, станкі, дый ці мала яшчэ чаго. Звыш мільёна гадзіннікаў штогод, звыш 1500 тэлевізараў і прыёмнікаў у дзень. Абутковыя фабрыкі за год абуваюць 10 млн. чалавек.

Чатыры пятых шарсцяных тканін, больш як трэць скуранога абутку рэспублікі. Гэта што датычыцца лёгкай прамысловасці. А будаўнічая прамысловасць з заводамі — гіпсавым і фарфора-фаянсавым, з чатырма заводамі буйнога домабудавання, з двума цагельнымі і двума асфальтабетоннымі заводамі.

Дзевяностагадовы мiнчанiн, што сядзеў пры свечцы: Зараз праектная магутнасць толькi адной

ЦЭЦ-4 — 900 тысяч кілават. Ты, што здзіўляўся концы. Зараз у Мінску даўжыня ліній трамвайных складае 57,6 км, тралейбусных — 136,7 км, аўтобусных — 399,5 км.

Дужа развітая харчовая прамысловасць. Разнастайная. Скажу адно. Паколькі вы, асабліва дзяўчаты, любіце цукеркі, то хай вам будзе вядома, што мінскую кандытарскую прамысловасць шмат хто лічыць добрай.

Хочаце скончыць ВНУ? Калі ласка, да нас. У Мінску шмат інстытутаў. Ва універсітэце больш як 10 тыс. студэнтаў. Велізарная бібліятэка імя Леніна, шмат тэатраў і музеяў. Аднаго няма: балета на лёдзе. Нічога, будзе і ён, тым больш што летні лёд ёсць заўсёды. У выключна багатым і прыгожым Палацы спорту.

Акадэмія. Кінастудыя «Беларусьфільм». Выдавецтвы. Паліграфічная база адна з лепшых у Савецкім Саюзе (вы самі, мабыць, заўважылі, што наша Беларусь дужа любіць прыгожа выдадзеныя кніжкі, якія не толькі прачытаць прыемна, але і ў руках патрымаць хораша, як твор мастацтва: многія з беларускіх кніг штогод здабываюць прызы за афармленне на савецкіх і міжнародных кніжных выстаўках).

Мінск — горад зеляніны. Той, хто памятае яго адразу пасля вайны, можа сказаць вам, што ў тыя часы нельга было паверыць у зялёнае мора на яго вуліцах, на яго плошчах, у яго дварах.

А пасля пачалі прывозіць і высаджваць на яшчэ не зусім расчышчаных вуліцах саракагадовыя ліпы, насыпалі, гацілі мокры бераг Свіслачы, на якім зараз шуміць парк і стаіць бронзавы Купала.

Як пракладалі дзіцячую чыгунку па ўскраіне парку Чалюскінцаў, як беглі ў цяні хвояў першыя зялёныя вагоны.

І якім дзівосным стаў наш Мінскі батанічны сад з яго разнастайнасцю дрэў, хмызоў, кветак, з лебедзямі на сажалках.

І, вядома, старажытны парк імя Горкага з атракцыёнамі, планетарыем і ўсім такім у самым цэнтры горада. Для дзяцей. І дзіцячыя тэатры, у тым ліку тэатр лялек.

Не буду нічога вам казаць, калі вы не мінчане, пра цэнтральную вуліцу, Ленінскі праспект даўжынёю ў восем кіламетраў, шырынёю ў пяцьдзесят метраў, пра цудоўныя яго будынкі — прыедзеце, убачыце самі.

Праедзьце па ім. Ад плошчы Леніна з Домам урада і помнікам заснавальніку нашай дзяржавы, праз Цэнтральную плошчу, дзе авее вас прахалодай са скверыка Янкі Купалы і дзе ўбаку вы ўбачыце тэатр яго імя, гмах ЦК і танк, помнік танкістам, што першыя ўварваліся ў Мінск у ліпені 1944 года. А пасля тралейбус прамчыць вас паўз Свіслач (глядзіце, вунь злева домік І з’езда), абкружыць ля абеліска Перамогі. І далей, далей. Ля бронзавага задуменнага Коласа між маладзенькіх бярозак, ля філармоніі. Міма Батанічнага саду і цёмна-хваёвага парку Чалюскінцаў, дзіцячай чыгункі, кінастудыі. Аж да шырокай шашы, якая бяжыць між лясоў і ўзгоркаў да самай Масквы.

Мінск у вайну змагаўся гераічна. Мінск гераічна ўставаў пасля вайны з попелу. Гораду-герою належыць быць прыўкрасным. І ён прыўкрасны. У кожны час дня і ночы, у кожную пару года. А будзе яшчэ лепшы. І на гэтым пакуль скончым пра Мінск.

Зараз мінскім дзецям ёсць дзе плаваць і з аквалангам, і на чаўне, і так. Чатыры вялікія вадасховішчы. Адно з іх, Заслаўскае, на 3400 га, зараз перада мною. Вецер, і па вадзе гуляюць белыя баранчыкі. Нахабна гарлаюць чайкі. Чаўны з рыбаловамі прыткнуліся да шматлікіх зялёных астравоў. І унь, ля самага вобрыю, белыя ветразі. Ідуць гонкі яхтаў.

Яндекс.Метрика