Зямля пад белымі крыламі — Горад магілы льва

Пойдзем па старажытных волаках продкаў і перабяромся з Дзвінскай, Балтыйскай сістэмы ў сістэму рэк Чарнаморскага басейна. Паплывём уніз па Дняпры і прыбудзем у Магілёў. Горад, таксама вельмі сучасны, размешчаны на правым, высокім, ярамі пасечаным беразе ракі пры ўпадзенні ў яе Дубровенкі. Гэтыя мясціны, былыя ўрочышчы, забудаваныя новымі гмахамі, носяць назвы «Машакоўка», «Дзебры». Тут і сапраўды калісь былі нетры, дзебры на мясцовым дыялекце. Легенда (выдатна апрацаваная Янкам Купалам) кажа, што жыў у гэтых нетрах вялікі разбойнік Машэка. Стаў ён гразой наваколля пасля таго, як, жадаючы зарабіць на вяселле, пагнаў на Украіну плыты, а тым часам князь сілай узяў у замак яго нявесту. Уварвацца ў замак нават такі асілак не мог. Машэка зрабіў сабе ў пушчы, пад каранямі, логава, адзеўся ў воўчыя шкуры, якія так і прысохлі на ім, і хутка ўсе перад ім трапяталі. Аднойчы яму ўдалося перастрэць вазок князя, разагнаць варту, у адзінаборстве забіць уладара, а жанчыну, што ехала з ім, прынесці да сябе. Тая, аднак, за гэты час прывыкла да раскошы і золата, збэсцілася і, калі Машэка заснуў, забіла яго нажом. Над ім насыпалі гару.

Яго высокую магiлу -
Дзе лес ды вецер панаваў -
Знаць, што вялікую меў сілу,
«Магілай Льва» народ назваў.
Над ёю з часам дрэвы палі
І горад вырас, як з зямлі,
Яго Магiлевам назвалi,
Бо йнакш прыдумаць не маглі.
Пры самым месцы, дзе хаваці
Людцы нябожчыкаў нясуць,
Гару з магiлкамi вiдацi -
Яе Машэкавай завуць.

Магілёў узнік на месцы старога замка ў 1267 годзе. Гісторыя яго бурная і крывавая. Напады войск, змова з казацкімі атаманамі (1590 г. — з Мацюшкам Гультаём, у 1595 г. — з Севярынам Налівайкам). Чатыры гады бунтаваў горад на пачатку XVI ст., і пасля чатыром кіраўнікам адсеклі галовы, а набатным званам выдзерлі языкі.

На Магілёўскім падоле стаіць Мікольская царква, бліскучы ўзор беларускага барока. З ёю звязаны яшчэ адзін эпізод гісторыі. Пры ёй, у «Цярэшка, каторы проскуры заведал», жыў некаторы час у бязведамнасці сціплы школьны настаўнік Дзмітр Нагі. Тут зарадзілася яго «ідэя», тут ён пачаў яе выконваць і, магчыма, атрымоўваць інструктаж ад пэўных колаў і грамадзіць паплечнікаў. Каб пасля ўзляцець на адну з вяршынь зямной магутнасці пад імем цара Дзмітрыя, а пасля бясслаўна ўпасці з яе Лжэдзмітрыем II. Былі тут і шведы і іншая навалач — але пра гэта доўга, дый цяжка расказваць. У Вялікую Айчынную вайну горад дужа доўга (25 дзён, з 1-га па 26 ліпеня 1941 г.) трымаўся, быў моцна разбураны, і помнікаў старажытнасці ў ім мала.

Магілёў заўсёды славіўся сваімі майстрамі. Збраяры, ювеліры, ганчары, цаніннікі, ткачы.

Найбольш славяцца магiлёўскiя прадпрыемства хiмiчнай прамысловасцi. Гэта завод штучнага валакна (вясёлкавы шоўк, штапель, цэлафан i iнш., усяго 14 вiдаў прадукцыi), камбiнат сiнтэтычнага валакна (штапельнае валакно камвольнага, шарсцянога, льнянога i баваўнянага тыпу i г.д.), хiмiчны камбiнат «Зара», завод лiфтаў, завод «Строммашына» (выпускае тэхнiчнае абсталяванне для вытворчасцi шыферу i мяккiх дахавых матэрыялаў, цэглы, машыны для асбеставай прамысловасцi i iнш.), завод электрарухавiкоў, аўтамабiльны завод, што выпускае цягачы, самаходныя скрэперы, самазвальныя аўтапаязды для работ пад зямлёй i аўтасамазвалы павышанай праходнасцi для мясцiн, дзе дарогi кепскiя або iх зусiм няма.

Магілёў заўсёды славіўся і культурай. З XVI ст. тут вёўся летапіс, існавалі школы. І зараз тут выхоўваюць інжынераў, настаўнікаў, тэхнікаў. Тут адзін з найлепшых беларускіх музеяў, шкада, што ў гады вайны менавіта адсюль знік славуты на ўсё славянства ювелірны выраб «Крыж Лазара Богшы» (зроблены быў у Полацку загадам вялікай беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай), музей народнай творчасці, шмат бібліятэк, шмат паркаў. І рака, і паплавы з ляснымі тэрасамі. Прыдняпроўе, яблычная мая радзіма.

Яндекс.Метрика