Зямля пад белымі крыламі — Брама краіны

І вось Брэст. Брама краіны. Часам, на жаль, рэдка, у яе ўваходзілі нашы сябры, і тады іх сустракалі з беларускай гасціннасцю. Але найбольш ахвотнікаў было ўварвацца ў тую браму сілай. Сведчаннем гэтаму Камянецкая Вежа, царква-крэпасць у Чарнаўчыцах (1583 — 1585 гг.), у якой жыхарам часта даводзілася трымацца ў аблозе, з якой у 1941 годзе страляў цывільны беларускі чалавек па фашыстах і якая пасля гэтага была падпалена. Ды ці мала чаго яшчэ. Гэтая зямля спрадвеку ўсыпана магіламі, курганамі, згубленай у баі зброяй. Каго тут толькі не было?! Нават готы ў другім стагоддзі ішлі тут са сваёй туманнай поўначы да Чорнага мора, а потым, калі паўдзённыя плямёны турнулі іх, — зноў каціліся на поўнач. Археолагі выкапалі ў скарбе другога стагоддзя наканечнік дзіды з рунічным надпісам: «Наперад!» А на такім жа наканечніку чацвёртага стагоддзя, тыя ж вуглаватыя суровыя руны: «Назад!»

У тое сваё падарожжа я выйшаў да Мухаўца 22 чэрвеня ў чатыры гадзіны раніцы. І хаця ішоў 1969-ы, я ўспомніў 1941-ы. Гераічную абарону крэпасці.

Дарэчы, крэпасць ляжыць якраз на месцы таго Бярэсця, якое ўжо ў 1019 годзе ўпамінаецца як досыць вялікае пасяленне. Іменна там жылі мастакі-рамеснікі і мужныя воіны, якія ў 1241 годзе паляглі да апошняга, а не здаліся манголам і тым далі магчымасць жыхарам Слуцка, Крычава і іншых гарадоў адбіцца, а пасля перайсці ў наступ і не пусціць орды Батыя на тэрыторыю будучай Беларусі. Іменна там жылі тыя, што выставілі свой полк пад Грунвальд, што біліся з Карлам XII, ішлі з косамі пад сцягі Касцюшкі. Якія многа бачылі. І тое, як везлі ў Варшаву паліць сярэдневяковага атэіста і філосафа Казіміра Лышчынскага (родам з вёскі Лышчыцы, кіламетраў за 20 ад Брэста). І ўжо ў ХIX ст. бачылі Грыбаедава, Кюхельбекера, Чаадаева.

Толькі ў 1831 годзе жыхароў перасялілі ад Буга на Мухавец, стары горад знеслі, а на яго месцы пабудавалі крэпасць. Цэнтр яе, Цытадэль — кальцавая казарма на 500 казематаў і 12 тыс. чалавек. Пасля крымскага паражэння пабудавалі на адлегласці 3 — 4 км, па коле, некалькі фартоў. А пагроза першай сусветнай вайны выклікала неабходнасць пабудовы яшчэ некалькіх, аддаленых на 12 км.

Так што, калі шчырыя брэсцкія патрыёты будуць паказваць вам «дом Грыбаедава» — вы ім не дужа верце. Паэт загінуў за сем год да ўзнікнення новага горада, а жыў у старым — за пятнаццаць год да пагібелі. Толькі вы не крыўдуйце на іх. Гэта яны робяць з добрымі намерамі. Хаця ім і без таго ёсць чым ганарыцца. І старажытнымі кнігамі, некалі напісанымі тут, і чыгуначнай, рабочай славай, і ўпартай барацьбой пасля рыжскага дагавору 1921 года, калі Заходняя Беларусь, а значыць, і Брэст трапілі пад уладу паноў, сталі калоніяй Польшчы на 18 год.

Барацьба за школу, мову, зямлю і волю ніколі не заціхала тут. Дэманстрацыі і арганізацыя гурткоў і бібліятэк, напады на панскія лясы і забастоўкі, урэшце, адкрытая партызанская барацьба, баі пад Нясвіжам і Бельскам, паўстанне ў Навасёлках, пад Кобрынам. Нарэшце — напад на палескага ваяводу Даўнаровіча. Партызаны спынілі цягнік, абяззброілі варту, выцягнулі ваяводу, які хваліўся, што праз пару год у яго мясцовасці не будзе ніводнага беларуса (ды і ці ён адзін казаў гэта) — і адхвасталі. Пасля гэтага беларусы засталіся, а вось ваяводу — ваяводу прымусілі падаць у адстаўку. Які ж з цябе ваявода, калі цябе адлупцавалі?

КПЗБ (І яе канферэнцыя была ў 1923 годзе) выдавала газеты на беларускай, польскай, яўрэйскай мовах. Людзі тысячамі траплялі ў турмы або ў лагер Картуз-Бяроза, пабудаваны па ўзору нямецкіх тут жа, на Брэстчыне. Але народ быў даведзены да таго, што тэрор ужо нікога не палохаў.

Брэсту ёсць чым ганарыцца. Успомнім хаця б вайну. Эпапея Брэсцкай крэпасці-героя ўсім добра вядома. Таму я і не буду гаварыць пра яе шмат. Лепей за ўдзельнікаў і пазнейшых руплівых даследчыкаў усё адно не скажаш. Трэба толькі памятаць, што гэта не была «лінія Мажыно», нават не паасобныя доты, з якімі можна было ў тую вайну звязаць наша ўяўленне аб крэпасці. Гэта быў комплекс пабудоў, які даўно страціў сваё ваеннае значэнне. Проста валы з састарэлымі фортамі, проста склады, проста пакоі камандзіраў і чырвонаармейскія казармы, проста царква, перабудаваная ў клуб. І яшчэ: амаль усе воінскія часці выехалі на той час у лагеры. А ў гэтым «ваенным гарадку» заставалася каля двух палкоў разам з пагранічнікамі. Па ўсіх законах божых і чалавечых, тым больш што абаронныя рубяжы ля межаў яшчэ не былі скончаны, тут немагчыма было не тое што выстаяць, але і арганізаваць больш-менш працяглае супраціўленне. Любы кадравік, любы ваенны тэарэтык сказаў бы, што гэта «супраціўна натуры», «нерэальна», «немажліва».

Гэтыя нашы людзі стаялі. Супраць артылерыі і бомбаў, супраць выбуховых рэчываў, што сапёры 81-га нямецкага сапёрнага батальёна спускалі з дахаў у вокны падвалаў. Сплаўлялася ў шклопадобную масу цэгла, а людзі стаялі. Насмерць. Бо змаганне было заведама няроўнае. 30 чэрвеня, 10 ліпеня. Стрэлы ўсё радзей. 20 ліпеня. Але ўсё яшчэ гучаць паасобныя стрэлы. З падземных хадоў. Крэпасць не здалася. Крэпасць проста памерла, як паступова, без ежы і вады, памірае чалавек.

Даводзілася мне бываць там скора пасля вайны, калі подзвіг іхні быў яшчэ малавядомы, паўсюль была бітая цэгла, руіны, бочкі з-пад бензіну. Даводзілася і пазней, калі ўсё было расчышчана, паўсюль былі кветкі і працаваў музей. Удзельнічаў я ў абмеркаванні праекта мемарыяла-крэпасці. Быў і цяпер, калі ўжо скончаны работы па ўстанаўленні помніка абаронцам — высачэзнага абеліска, помніка «Смага». І з кожным разам усё мацней здзіўлялі мяне героі абароны.

Між іншым, у час гэтых работ будаўнікі на вялізнай плошчы ўскрылі тэрыторыю «ўласна Брэста», старога горада. Знаходкі тут рэдкасныя. Нібы адкрылі твар старых вякоў. І самкнуліся ў адно век XI і век ХХ. Зямлянкі і зрубы — з сучаснымі будынкамі, палацамі, бібліятэкамі, буйнейшым чыгуначным вузлом, інжынерна-будаўнічым інстытутам, каменнай набярэжнай, заводам газавай апаратуры (газавыя пліты, клапаны, гарэлкі), дывановым камбінатам, электралямпавым (асвятляльныя лямпы магутнасцю ад 15 да 200 вт і спецыяльныя лямпы для аўтамабіляў, трактараў, камутатараў) і электрапрыборабудаўнічымі заводамі, тэкстыльным камбінатам-гігантам. А панчохі і шкарпэткі? Яны ж таксама патрэбны людзям. Дык вось, праектная магутнасць панчошнай фабрыкі — 30 млн вырабаў у год.

Калі думаеш пра тое — якія змены адбыліся ў нашых старых гарадах — хочаш не хочаш, а пачынаеш збівацца. Назваў два прадпрыемствы — а іх на сённяшні дзень дзесяць, назваў пяць — а іх сёння 32. Поступ сучаснай гісторыі нашай не дагоніш ніякай кнігай.

Акрамя таго, Брэст уражае чалавека яшчэ й зелянінай. Гэта, думаю я, досыць паездзіўшы па свеце, адзін з самых зялёных гарадоў СССР. Прынамсі ўваходзіць у тую ж першую дваццатку, а мо і дзесятку, у якую ўваходзіць, скажам, цудоўны Кіеў.

Яндекс.Метрика