Зямля пад белымі крыламі — Сялянская вайна
…Так, ужо і сапраўды набліжаўся выбух, набліжалася Хмяльніччына. Яшчэ да яе зямля беларуская глуха здрыгалася. Бунты ішлі адзін за адным. Калі пасля бітвы пры Жоўтых Водах (6 мая 1648 г.) устала не толькі казацтва, але і ўкраінскае сялянства, украінскія гараджане — выбух адразу перакінуўся на Беларусь. Зямля запалала. Першы, летам 1648 г., нібы на разведку, прыбыў атрад шляхціца Галавацкага са Старадубскім апалчэннем. Загон гэты за колькі там дзён павялічыўся ў некалькі разоў, расшматаў панскае войска пад Гомелем і Брагіным і адышоў да Старадуба. Казакам стала ясна: ідзіце. Не толькі не будзе ніякага супраціўлення з боку беларускага народа. Наадварот. Кіньце ў гэтую атмасферу гневу і нянавісці адзін, хай сабе маленькі атрад — устануць палкі.
І пайшло. Праз пару месяцаў пачалі прыходзіць атрады. Нябаба, Міхненка, Крывашапка, Гаркуша, Мікуліцкі, Паддубскі і іншыя. Няма сумнення, што як сярод казакаў, так і сярод ватажкоў былі колішнія беларусы-ўцекачы, якіх цягнула на паняволеную радзіму.
Пад восень 1648 г. паўстала дзевяць дзесятых тэрыторыі Беларусі. Узніклі і чыста сялянскія мясцовыя войскі. Напрыклад, Мурашкі — на Міншчыне, дзе сяляне пабілі і разагналі войска Паца. Паны ўцякалі ў замкі і гарады, у Польшчу. Перад паўстанцамі адкрылі брамы Пінск, Брагін, Гомель, Лоеў. Вайна стала агульнанароднай, бо на тым раннім яе этапе ў шэрагі паўстанцаў уліліся праваслаўныя феадалы Беларусі, духавенства, гарадскія раднікі. Беларусь вызвалілася. І тут на лёсе паўстання адбілася тое, што ў яго не было галавы, якая б думала, што трэба ісці далей, дабіваць. Выгналі — і ладна. Панству ўдалося сабраць войска. Даведзеныя да поўнага адчаю і ярасці стратай улады і маёмасці, магчымасцю страціць жыццё, жахам і нянавісцю да гэтага народнага мора, яны былі вымушаны цяпер біцца, як ніколі датуль. На чале іх стаў польны гетман Януш Радзівіл, аб якім польскія гісторыкі кажуць, што ён “укрыў плямамі род Радзівілаў”, дабаўляючы ў якасці няпэўнага суцяшэння “Ale nie tylko jeden Janusz” (але не толькі адзін Януш). Фарміруюць войскі. Наймаюць атрады шведаў, немцаў, венгерскую конніцу, швейцарскую пяхоту. Пачынаецца зацятая, апошняя барацьба. Разбіты Пац і Горскі, але казакаў і сялян адкінулі ад Слуцкай крэпасці. Паўсталі рамеснікі Пінска, перабіўшы паноў. Войска пад началам Мірскага рушыла на іх, і тады жыхары паклікалі на дапамогу навакольных мужыкоў і атрад Нябабы. Уцякач, войт Ельскі, паспрабаваў узяць горад сам, але паўстанцы, адступаючы, завабілі яго войска ў засаду, пад муры езуіцкага касцёла, расстралялі з бойніц, ударылі ў тыл, сцёрлі ў парашок. Узніклі завалы, барыкады. Жыхарам абяцалі літасць, калі яны выдадуць казакаў. “Згінем, але не выдадзім” — быў адказ. Пачаўся штурм, страшны сваёй лютасцю і бязлітаснасцю. Біліся муры, пасля — вуліцы, пасля — асобныя дамы. Горад тады падпалілі. Нябаба вырваўся з яго, але быў прыпёрты да дрыгвы. Загон ягоны біўся цэлы дзень і згінуў да апошняга чалавека.
А ў Пінску ўсё яшчэ ішлі сеча, разня і забойства, якое не літавала нікога. Згарэла 5000 дамоў, загінула больш за 3000 чалавек.
Панскае войска яшчэ раней разбілі пад Рэчыцай і Рагачовам, Гаркуша штурмаваў Быхаў. Палкі Паца былі разгромлены пад Ігуменам. У студзені жыхары Смалявіч біліся з двума нямецкімі палкамі Данавая і загінулі ў бітве. Але пасля сяляне і казакі знішчылі ля Мінска абодва палкі. Уцякло 20 наймітаў і Данавай з сынам. Не больш.
Усё войска Радзівіла рушыла на Тураў — Мазыр — Рэчыцу. Ім трэба было раздушыць Беларусь і пасля нанесці ўздоўж Дняпра ўдар у фланг і тыл Хмяльніцкага. Першы, пасля лютага супраціўлення, загінуў Тураў (ён і зараз невялічкае мястэчка, амаль вёска). Жыхары Мазыра не збаяліся і вырашылі стаяць насмерць: аблілі вадою валы і ператварылі іх у лёд, пабудавалі за мурамі яшчэ і ледзяныя барыкады. Доўга ішоў абстрэл горада. Ён запалаў. З усіх бакоў пайшлі на прыступ карнікі. Невялікі атрад Міхненкі і гараджане біліся з нязломнай мужнасцю, адбілі некалькі прыступаў. Але сілы былі няроўныя. Найміты і паны ўварваліся ў Мазыр. Зраненага Міхненку скінулі з самай высокай вежы на абледзянелыя камяні вала. Туды ж пайшлі тыя, хто прыдумаў “ледзяную крэпасць”, мясцовыя верхаводы. Астатніх пасеклі шаблямі.
Валовіч быў разбіт казацкім і сялянскім атрадам Паддубскага пад Бабруйскам. Радзівіл папрасіў караля аб дапамозе і атрымаў ад яго 10 000 конніцы і пяхоты, а тады прыйшоў на дапамогу Валовічу. Здрада крочыць нават праз самыя высокія муры. Гарадская вярхушка ўпотай адкрыла браму. Абаронцы загінулі ў баі. Паддубскі быў пасаджаны на кол.
А пасля было перамір’е, якое панства выкарыстала для расправы. І, аднак, калі ў 1649 г. прыйшоў з казакамі Ілля Галота (у яго было 10 000 чалавек, а праз пару тыдняў ужо 30 000), разбіў Радзівіла — краіна зноў узнялася. Пасля прыйшоў Сцяпан Падбайла. А пасля на дапамогу яму рушыў з Украіны 15-тысячны атрад казакаў і беглых сялян, на чале якога стаяў асабісты сябар Багдана, адзін з лепшых яго военачальнікаў і блізкіх саратнікаў, беларус Міхал Крычаўскі, у той час пераяслаўскі і кіеўскі палкоўнік. Пачалася шматдзённая сеча. Спачатку ў полі, пасля за ляснымі засекамі. Прыкры выпадак дапамог амаль разбітаму Радзівілу: кавалерыя, пасланая ім адрэзаць Крычаўскаму шлях з Украіны (палкоўнік падмануў іх і абышоў), не знайшла яго, заблукала і… выйшла невядома як у левы фланг ватажка. Падбайлу, які спяшаўся на дапамогу, адкінулі да Дняпра. Уначы паўстанцам удалося таемна вылезці з завалаў і знікнуць праз лясы і балоты. Адзін маленькі атрад панству ўсё ж удалося дагнаць: тыя не маглі бегчы, везлі на возе ўсяго зраненага ва ўчарашняй сечы пераяслаўскага палкоўніка. Супраціўляліся шалёна. Крычаўскі, лежачы, страляў па нападаючых. Пасля выйшлі набоі, а казакі і сяляне, што біліся да апошняга, ляжалі вакол, пасечаныя. Здзіўлены смеласцю Міхала, Радзівіл прапанаваў яму пераход на службу. Крычаўскі плюнуў і раструшчыў сабе галаву ўдарам аб куты жалезам задок воза.
Яшчэ год, патанаючы ў крыві, успыхвалі паўстанні. Жыхары Гомеля, Мсціслаўя, Чачэрска, Прапойска і іншых гарадоў і ў 1651 годзе не далі Радзівілу прарвацца ў тыл Хмяльніцкаму, які наступаў. У ярасці гетман Літвы Януш Кішка сказаў: “Усіх беларусцаў і з існымі людзьмі перабіць”. Запусцелі цэлыя вобласці, і толькі тады ўлетку Радзівілу, нарэшце, удалося ўварвацца на Украіну.
А пасля Берасцечка, Белацаркоўская ўмова, а потым вайна войск цара Аляксея з Польшчай. І ўсякае ліха, і шведскі патоп, і мір з Польшчай.
Гераізм гэтай сялянскай вайны і дагэтуль захапляе нас, але быў і адваротны бок медаля: спусташэнне, захірэнне гарадоў, здратаваныя палі. Што зробіш, па нашай прыказцы “бяда толькі рака красіць”.
…Калі вы прыйдзеце ў Кіеве на плошчу перад Сафіяй і станеце перад помнікам Хмяльніцкаму — успомніце, дарэчы, не толькі тыя часы, але і тое, што помнік той рабіў беларус, Міхал Мікешын. Аўтарскі праект, які палічылі дарагім (літая мадэль яго ёсць у мінскім мастацкім музеі), прадугледжваў пад капытамі гетманскага каня пана і езуіта, а вакол п’едэстала постаці кабзара, рускага мужыка, казака і беларускага селяніна.
Па-мойму, усе яны заслужылі гэта права сваім гераізмам.