Зямля пад белымі крыламі — Навала. Абнаўленне. Паўстанні

Сувязі народаў не губляліся і праз мяжу, што падзяліла іх пасля Пераяслаўскай рады. Беларусь была прыдушана, але па-ранейшаму яе майстры высока цаніліся на будоўлях Масквы і Варшавы.

Па-ранейшаму здабывалі ў Кіеве асвету беларускія хлопцы, а напрыклад, такі з іх, як Тарасевіч, чалавек родам з-пад Глуска, пастрыгшыся на Украіне ў манахі, стаў у XVII ст. заснавальнікам украінскай графікі.

А Шведская вайна! Бітву пад Лясной, на Магілёўшчыне, дзе разбілі корпус Левенгаўпта, Пётр назваў «маці Палтаўскай перамогі». Мне давялося адным летам пабываць і там і там. І хаця зусім непадобныя былі маленькая лясная вёска і Палтава з велічнымі яе дамамі, зялёнымі вуліцамі і лілова-чорнымі ад раздушанай шаўковіцы тратуарамі. І хаця сціплае поле пад Лясной з невялікай капліцай і каменем на брацкіх могілках нічым не падобна да Палтаўскага поля з безліччу яго помнікаў — было тут і агульнае: успамін аб вялікай бядзе, кроў самаахвярнасці, уздых палёгкі, што бяду гэтую ўсё ж звалілі. Ідзеш па нашых землях, і вось паўсюль «шведскія камяні», «шведскія сосны» пад Любчай, сапраўдныя сведкі колішняй бітвы. І там жа ўрочышча «Калюгі» (калоліся штыкамі) і «Пярэстань» (бо зрабілі перамір’е).

…Спустошаная зямля паступова ажывала працаю простых людзей. Хаты, вядома, не прыкрашаліся, прыкрашаліся маёнткі. Узнікалі выключныя па прыгажосці палацавыя комплексы. Але ўжо і каля іх з’яўляліся мануфактуры і заводы, пакуль што яшчэ панскія, на прыгоннай працы. Мануфактуры Тызенгаўза ў Гродні, ліцейны завод Храптовіча ў Вішневе, суконныя і шкляныя фабрыкі, выганка дзёгцю, смалы, шкіпінару, выдатнае Урэцкае і Налібоцкае шкло, посуд з якога зараз цэніцца ледзь не на вагу золата. Мастацкае ткацтва, выраб дываноў, кераміка, мастацкія кафлі, неацэнны Целяханскі фаянс. І, вядома, вяршыня ўсяго: слуцкія тканыя паясы, шырокія, «літыя», з залатых, срэбных і шаўкавых ніцяў. Затканыя ўзорам «пад персідскі», але ва ўзор гэты ўплятаюцца звычайныя нашы лісты і кветкі: валошкі, рамонкі, званочкі. Зараз такіх паясоў, зробленых у Слуцку, мала. Яны цэняцца на сантыметры. Кожны сантыметр каштуе шмат рублёў. Але справа не ў рублях. Золата гэтых паясоў — гэта золата рук сялянскіх ткачоў і ткачых. Паэт Багдановіч напісаў верш пра слуцкіх прыгонных ткачых.

Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, -
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.

Цягнуцца да неба гарадскія ратушы, бо нараджаецца новая сіла. Узнікаюць палацы, такія комплексы, як палац у Ружанах, будынак, лепшы за які цяжка сабе ўявіць, калі глядзіш на яго, бо аб астатніх у гэты момант забываеш. З’яўляецца свецкі жывапіс, высокага майстэрства гравюры. Некалькі жывапісных школ (самая славутая — магілёўская). Агінскі канал злучае Чорнае мора з Балтыкай.

І, аднак, усё гэта на знемагаючых спінах народа. Пачашчаюцца зноў паўстанні. Самае вялікае — у Крычаўскім старостве. 1740 — 1744 гг. Так, чатыры гады цягнулася яно. На чале — гандляр воскам Васіль Вашчыла, брат яго, гараджане Карпач і Вецер, бацька Карпача, былы бурмістр Крычава.

Еранім Радзівіл аддаў староства ў арэнду: «Ты мне адразу давай грошы, а падатак пасля выбірай сам. Колькі выб’еш, мяне не датычыцца». Адкупшчыкі, браты Іцковічы, разарылі наваколле горш за арду. Убачыўшы, што ідзе галодная смерць, рамеснікі і сяляне паўсталі. Пабілі арандатараў, спалілі кабальныя паперы, пусцілі «чырвонага пеўня» ў фальваркі. Некалькі разоў білі войска, раскалашмацілі полк нямецкіх наймітаў. Войска палкоўніка Пястрыцкага (пры ім быў сам Радзівіл) прыйшло з гарматамі. У дзвюх лютых бітвах, пад Крычавам і пад вёскай Царковішчы, мужыцкае войска было разбіта. Васілю Вашчыле ўдалося ўцячы на Украіну. Карпач, Вецер, Мікіта з Бараўкоў, Стэсь Бачко і сын яго, пісар паўстання, Іван Трус, Навум Буян і многія іншыя трапілі ў палон, многія загінулі. Садзілі на калы і ў пячныя коміны, вешалі, некаторых зашылі ў мядзведжыя шкуры і кінулі абвучаным сабакам-«мядзведнікам», гэта значыць прывучаным браць мядзведзя.

Яндекс.Метрика