Зямля пад белымі крыламі — Першыя ластаўкі, або падарожжа энея

…А між тым прыляцелі ўжо і першыя ластаўкі новай літаратуры. У першай палове XIX ст. з’явілася ананімная паэма «Энеіда навыварат». У сярэдзіне стагоддзя — паэма «Тарас на Парнасе». Таксама ананімная. Яны сведчылі аб тым, што літаратура ажывае ад летаргіі. Праз некалькі год пасля ўкраінскай «Энеіды» Катлярэўскага з’явілася «Энеіда» беларуская, твор навеяны «Энеідай» Вергілія і травестыйнымі паэмамі Катлярэўскага і Осіпава. Але гэта самастойны, глыбока беларускі твор. Аўтарам яго цяпер многія даследчыкі лічаць В.П.Равінскага (каля 1765 — 1831 гг.). Ураджэнец Духаўшчынскай акругі Смаленскай губерні, удзельнік войнаў 1805 і 1812 гг. За Барадзіно ўзнагароджаны залатой шпагай «За храбрость». Адстаўны палкоўнік. Напісаў камедыю «Шлюб між волі», шмат вершаў «на выпадак».

А некаторыя схіляюцца да думкі аб віцебскім паходжанні паэмы і аўтарам называюць мясцовага чыноўніка І.А.Манькоўскага.

Паэма жывая, гарэзлівая, дзёрзкая, вельмі народная і па-сапраўдаму смешная.

А другая паэма «Тарас на Парнасе» — новая, вышэйшая ступень беларускай паэзіі.

Герой, палясоўшчык Тарас, служака, якога і пан шануе і пані любіць, ідзе з першымі пеўнямі біць цецерукоў і, уцякаючы ад мядзведзя — дубальтоўка дала асечку, — падае ў яму і трапляе ці то ў рай, ці то ў шчаслівую Аркадыю. «Хлапчына нейкі круглалікі, увесь кучаравы, як баран», з лукам і калчанам (Амур) кажа яму, што гэтая дарога з таго свету і вядзе на Парнас. Тарас ідзе. Бачыць гару, а пад ёй — цэлы кірмаш народу.

Прыйшоў я бліжэй, што за ліха,
Народ не просты, ўсе паны.
Хто дужа шпарка, хто паціху
Ўсе лезуць на гару яны.

Аж кішкі выціскаюць адзін аднаму. І вось з натоўпу піск:

«Памалу, братцы, не душыце
Мой фельетон вы і „Пчалу“,
Мяне ж самога прапусціце
І не дзяржыце за палу!
А не, дык дадушы, у газеце
Я вас аблаю на ўвесь свет,
Як Гогаля у прошлым леце, -
Я ж сам рэдактар ўсіх газет!»

Гэта Булгарын, літаратар-даносчык, асабісты вораг Пушкіна, правакатар, агент ІІІ аддзялення імперскай яго вялікасці канцылярыі.

Гляджу сабе — аж гэта сівы,
Кароткі, тоўсты, як чурбан,
Плюгавы, дужа некрасівы,
Крычыць, як ашалелы пан.
……………….
Во нешта разам зашумелі,
Народ раздаўся на канцы,
І, як бы птушкі, праляцелі
Чатыры добрых малайцы.
Народ то быў ўжо не такоўскі:
Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі
І Гогаль шпарка каля нас
Прайшлі, як павы, на Парнас.

Тарас праштурхаўся праз натоўп і ўбачыў заможны двор, абнесены плотам.

А на дварэ там свінні ходзяць,
Каровы, козы, бараны…
Знаць, і багі хазяйства водзяць,
Калі свіней дзяржаць яны.

Двор, пабудовы, хаты — багацюшчыя. Ну, мара селяніна! І багі, як адна непадзеленая патрыярхальная сям’я. «Як у казарме там салдатаў — багоў — не можна пашчытаць!» Хто з багоў хадакі багіням шые, а багіні мыюць багам кашулі і парткі.

Вось б’юцца Марс ды з Геркулесам,
А Геркулес, як той мядзведзь,
Каб цешыць старага Зевеса,
Хахол ён Марсу добра мнець.
……………….
Амур жа з дзеўкамі жартуе,
Ну, проста смех ажно бярэ!
То ён знянацку пацалуе,
То хустку з галавы здзярэ.

Ядуць. Таксама ідылія. Таксама мара — аб сытасці.

Бах сп’яну пеў такі прыпеўкі,
Што аж няможна гаварыць,
Аж засароміліся дзеўкі,
Так стаў ён брыдка развадзіць.
А Зеўс тым часам насцябаўся,
Што носам чуць зямлю не рыў, -
Ён вочы плюшчыў і ківаўся
Ды быццам нешта гаварыў.
Хоць не маё, то, праўда, дзела,
Не след мне, можа, і казаць,
Любіў ён цешыць грэшна цела
Ды часам лоўка падгуляць.

Пачынаецца гулянка, скокі. Увесь задор агнявога беларускага танца. Пад відам багоў і багінь маладыя хлопцы і дзяўчаты, здаровыя, прыгожыя, сытыя, працавітыя … вольныя.

Узяўшы хустачку, Венера
Пайшла «мяцеліцу» скакаць.
Прыгожа, стройна цераз меру,
Пяром не можна апісаць.
Чырвона, тоўста, круглаліца
І вочы, як на калясе,
Як жар, гарыць яе спадніца,
Істужкі ўплецены ў касе.

Мара аб ідэале жыцця, аб ідэале прыгажосці, аб селяніне, які скакаў нават лепей за багоў і прымусіў іх здзіўляцца. «Тарас на Парнасе» і дасюль улюбёны твор беларусаў. Дзесяткі тысяч людзей ведаюць яго на памяць.

Побач з ананімнай з’яўляецца і літаратура аўтарская. У 1828 годзе паўстала супраць пана мястэчка Крошын ля Баранавіч. Прыйшло войска. У ліку іншых быў пакараны каваль. Сын яго, парабак, што скончыў пачатковую школу, быў здадзены ў салдаты. За некалькі сшыткаў патрыятычных антыпрыгонных вершаў, якія і дагэтуль не знойдзены. Звалі прыгоннага паэта Паўлюк Багрым (1813 — каля 1891 гг.). Лёс быў да яго бязлітасны. Не дзесяць, як Шаўчэнка, а поўныя дваццаць пяць год адмучыўся ён у казармах. Без усякіх паблажак і заступніцтва, бо Шаўчэнку ведалі многія ўплывовыя людзі і рабілі спробы заступацца, а хто ведаў Багрыма, звычайнага мужыка. Вярнуўшыся на вёску, працаваў у Крошыне кавалём. Меў залатыя рукі. У Крошынскім касцёле ёсць каваная люстра яго работы: перапляценне кветкавых бутонаў і жаўрукоў у палёце. Ад Багрыма дайшоў да нас адзіны верш «Заграй, заграй, хлопча малы» — верш гнеўнага бунту супраць прыгону, шчымлівай журбы і глыбокай чалавечнасці. І вось загінуў паэт, як тысячы такіх звялося і да яго і пасля. Згінулі і ляжаць, нікім не аплаканыя, акрамя, можа, палявых вятроў.

Дый што дзівіцца? Указам ад 18 ліпеня 1840 г. Мікалай І забараніў слова «Беларусь». Пасля 1863 года было забаронена і выданне кніг па-беларуску. Кніганошы, якія кантрабандай, у корабах, праносілі на Беларусь беларускія кнігі, выдадзеныя за мяжой, часта гінулі. У іх загадана было страляць, і ўсё ж яны насілі, хаваючыся, рызыкуючы на кожным кроку. Склалася становішча, аб якім добра сказаў беларускі апокрыф: «Ісцінна кажу вам: шчаслівы, хто мае ў дамах сваю кнігу славясы сваімі. І ісцінна яшчэ тое, што хто мае — не цэніць, а хто не мае — точыць кроў сваю за слова адзінае».

Яндекс.Метрика