Зямля пад белымі крыламі — Голас забароненай бацькаўшчыны

Ян Баршчэўскі (1794 — 1851 гг.) таксама вельмі цікавая асоба. Чалавек, які пісаў вершы, балады і паэмы па-польску. Шмат. І нічым з гэтага не ўвайшоў у вялікую літаратуру. Горача любіў родны край, але ведаў, што надрукавацца па-беларуску не дадуць, лічыў, што роднай мовай пакуль што нельга выказаць складаныя пачуцці і абстрактныя думкі. І… застаўся ў літаратуры… трыма (было болей, але дайшло тры) вершамі па-беларуску, дзе і пачуццё, і гістарызм, ды яшчэ чатырохтомным зборнікам, дзе пад кожным творам бруіць, звініць, льецца беларускі фальклор, беларуская песня, беларускі спосаб мыслення, фантазія беларуская, гора і шчасце беларуса: «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Гэта напісана таксама па-польску (сям-там з беларускімі дыялогамі), але важна тое, што за кожным радком тут стаіць беларус і яго зямля.

Паходзіў будучы паэт з фальварка Мурагі ля возера Няшчэрда на поўначы Беларусі (Расонскі раён). Любіў гасціць у свайго дзядзькі, шляхціца з тых, чый побыт быў амаль сялянскі, як і ў бацькоў Яна. Узімку возерам ішлі абозы, на вялізнай яго паверхні гуляла завіруха. Дзядзька ставіў на акно доміка свечку, каб падарожныя сяляне, перакупшчыкі і купцы, шляхта і вандроўнікі цягнуліся праз завею на агеньчык, як матылі ўлетку. Прасіліся пераначаваць. Размотвалі башлыкі, скідалі каляныя буркі і кажухі, сядалі на драўляныя шляхецкія «канапы» (Векаўшчына! Год па сто! Такія і зараз сям-там стаяць па хатах нашчадкаў былой «лапцявой» шляхты, і сядзець на іх — пакута), пілі чай, а то і нешта мацнейшае. Адзінаю платай за гэта былі апавяданні і легенды, выпадкі рэальныя і несусветныя, але цікавая брахня, і смешныя выдумкі і выгадкі, ад якіх кроў ледзянее, як ад гогалеўскага «Вія». А хлопец слухаў гэта і пазней, разам з тым, што чуў падчас бясконцых бадзянняў па Беларусі — уставіў у «Завальню». Паколькі расказваў гэта просты народ — ён быў і героем. Адзін супраць паноў, крывасмокаў-арандатараў, чужынцаў-чыноўнікаў, чарнакніжнікаў і самой нячыстай сілы, такі самотны і бедны, але заўсёды пераможца, бо ён — Народ, бо пакуль ён арэ і цяслярыць, пакуль стаіць з чапялою ля печы сялянская баба, датуль не загіне ні мова, ні праўда, ні чалавечнасть, ні сам чалавек.

І вось з гэтага і ўзнікла «Адысея беларуская» з тысячамі прыгод або лепей нешта накшталт беларускай «1001 ночы», дзе адна казка пераходзіць у другую і ўсе звязаны адной і той жа фігурай, прывабнай фігурай Завальні, у доме якога выпадковыя госці расказваюць розныя дзівосныя здарэнні. Што ж, яшчэ ў мінулым стагоддзі Р. Падбярэзскі казаў, што «Ва ўсіх заможнейшых дамах Беларусі і Інфлянтаў не знойдзеш столькі паданняў, столькі народнай стыхіі, што маецца ў адной хатцы такога хутарскога шляхціца».

Па такіх хадзіў і Баршчэўскі, будучы полацкім шкаляром. Бурсака любілі, ірвалі з рук у рукі, бо з ім весялей, пацешней, паэтычней было жыць. Узнагароджвалі па дастатку: меркай пшаніцы, гароху, грэчкі, бобу. Гэта і давала яму магчымасць вучыцца. Ён і не думаў друкавацца. Пісаў, бо гэта цешыла людзей, яны развозілі вершы па кірмашах, хвалілі і смяяліся. Пасля быў Пецярбург, паездкі па чужых справах у Англію і Францыю, урокі латыні і грэчаскага ў знатных сем’ях, але… «Зімой вучыўся сам і вучыў другіх, а вясной, як жаваранка, паэзія гнала яго да роднага краю. Рабіў тыя падарожжы пешшу, з кіем вандроўніка ў руках».

І вось «Завальня». «Тое, што піша Баршчэўскі прозай, — гаворыць Падбярэзскі, — не датычыцца непасрэдна ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Беларусі, але важнейшай рэчы — духу і паэзіі народа, адкуль выцякаюць і гісторыя, і літаратура, і мова. Ён … вырашыў даць вялікую мастацкую панараму нацыянальнага жыцця… Ён бачыць перад сабой народ, часта з усёй чароўнасцю паганскай фантазіі, якую ён апраменьвае сваім, так сказаць, беларускім гафманізмам… усё жыццё яго — адно суцэльнае адступніцтва ад самога сябе ў імя паэзіі. Каб зразумець добра, што я гавару, трэба ведаць яго асабіста, трэба яго бачыць з кіем падарожніка ў руцэ, так, як я спатыкаў яго ў маіх падарожжах, пешкі, сярод беларускага люду, на плытах Дзвіны, у прыдарожных корчмах, на сцежках у лесе і на вялікіх гасцінцах!.. Гэты чалавек не мае парожніх слоў… ён — сама сутнасць… як ні кажы, адкрывае ён новую краіну».

М.Грабоўскі ў польскім часопісе «Пельгжым» піша ў 1843 г.: «Не толькі цяпер, але і з самага дзяцінства, палымяны беларус, ён правёў з народам усё жыццё: яго загарэлы, далёка не кабінетны твар даводзіць, што ён з’яўляецца чалавекам справы… Ён дасканала ведае ўсю Беларусь, бо разоў з трыццаць абышоў пешшу і штогодна наведвае яе з Пецярбурга, а ўсюды там пажаданы і сустракаецца з радасцю, бо, як бард той старонкі, ён сыпле, бы з рукава, апавяданнямі і анекдотамі. Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданняў: не дадае амаль нічога свайго, а між тым усё становіцца яго ўласным».

І вось на старонках «Завальні» ідзе Беларусь, якая яна ёсць і якой яна ўяўляе сябе. Чорны певень нясе мужыку Карпу яйка, з якога выводзіцца крылаты змей, — і вось Карп ужо кулак, глытай, які ўсіх ставіць у нішто, якому смешныя вясковыя звычкі. І гіне ахвярай сквапнасці… Уладарка-чараўніца, што перакідваецца ў белую сароку, прылятае да пана Скамарохі, хцівага і пыхатага крыўдзіцеля бедных, удоў і сірот, заводзіць сяброўства з ім і іншымі панамі азёрнага краю, — і пачынаецца няшчасце: сохнуць вымі ў кароў, мядзведзі нападаюць на вуллі, з хаты чараўніцы плыве малочная рака. Мужыкі са стрэльбамі чакаюць на Сароку, тая адлятае, але зло засталося: «Паны, што пілі за яе здароўе, п’юць слёзы няшчаснага народу». Фантазія ўсё нястрымней, аж да таго, што ў Віцебскага мярзотніка Генрыха — аж да вар’яцтва — пачынаюць крычаць валасы на галаве. І ўсе гэтыя незвычайныя рэчы — на фоне простай, мілай прыроды нашай поўначы, на рэальным фоне тагачасных вёсак, гарадоў, маёнткаў, сярод звычайных прыгонных людзей, страшных паноў, прадажных суддзяў.

Баршчэўскi адкрыў славянскаму свету Беларусь.

Што з таго, што ён вымушан быў пісаць па-польску. Неласкавы і страшны наш лёс многім судзіў такое. Дзесяткі людзей нараджаліся і адыходзілі ў суседнія культуры, абагачаючы і часам узвялічваючы іх.

Апошнія гады свайго вандроўнага нялёгкага жыцця Ян Баршчэўскі правёў на Украіне. Пісаў у Адэсе санеты, выдаў у Кіеве кніжку паэзіі і прозы і памёр у чужым доме магната Ржэвускага ў Цуднове на Валыні, дзе і пахаваны.

…Увогуле многія беларусы паходжаннем і продкамі адыходзілі тады ў суседнія культуры.

Я казаў ужо пра Міцкевіча. Але вось мінулым летам лёс закінуў нашу экспедыцыю ў вёску Дастоева, на поўнач ад Янава Палескага, Глыбінка! Жоўтыя, аж залатыя ад лісічак, бронзавыя ад баравікоў лясы. Вільготная пойма багатай Ясельды. Я неяк не думаў пра назву вёскі, аж пакуль нехта з хлопцаў не сказаў: «А мы з нашчадкамі пісьменніка „Дастаеўскага“ перапісваемся. Ім цікава ведаць, як тут, на радзіме продкаў». Тады і я ўспомніў, што гэта сапраўды здаўна-давён гняздо гэтага рода. Старога рода, які належаў да беларускага герба «Радван».

…Так многія адыходзілі да суседзяў. Калі беларус слухае оперу «Галька» С. Манюшкі, ён адчувае ў ёй і ў оперы «Страшны двор» выразную беларускую песенную аснову. І праўда, вялікі кампазітар нарадзіўся ў Убелі пад Мінскам, выхоўваўся на народнай песні, напісаў аперэту «Ідылія» (тэкст да яе склаў адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры В. Дунін-Марцінкевіч), у якой паны гаварылі па-польску, а сяляне па-беларуску. Ён увогуле напісаў на словы Марцінкевіча чатыры творы, і гэта, уласна, пачатак оперы беларускай.

А Уладзіслаў Сыракомля (1823 ? 1862 гг.), які таксама большую частку сваёй творчасці аддаў Польшчы, а вершы якога па-беларуску, відаць, згарэлі ў апошнюю вайну ў Варшаве. Згарэлі ў рукапісах. Засталося толькі некалькі рэчаў. Страту гэтую нічым не кампенсуеш.

Дзіўныя бываюць пуцявіны ў людзей і твораў. Вось пачатак і канец верша Сыракомлі «Паштальён»:

На пошту я трапіў зусім малады,
Фурман з мяне ўдаўся зухвалы,
А волі не меў — дый ганялі тады:
Хоць свята, хоць ноч — усё мала.
………..
Конь чмыхнуў пры слупе.
Спыніўся наўзбоч:
У снезе пад плахаю белай,
Жанчыну я згледзеў, яна ўжо за ноч,
Як дрэва, уся скасцянела.
Я снежную намець атрос з яе шат
І труп падцягнуў да дарогі…
Абцёр ёй аблічча… Была гэта, брат…
Дай чарку… Не маю больш змогі!
(Пераклад М. Лужаніна)

Што гэта? Ну ясна ж, што вы адразу пачулі голас спевака Лемешава. У перакладзе гэты верш стаў рускай народнай песняй «Когда я на почте служил ямщиком».

Манюшка калісьці пісаў з прычыны таго, што нехта ў Мінску пажартаваў з беларускага паэта і драматурга В.Дуніна-Марцінкевіча, замовіўшы па ім «пахавальны звон за спакой душы» і, вядома, не паставіўшы на пасылцы свайго імя, даслаў яму ў дом саван і падсвечнікі: «Напэўна, Жулкоўскі быў родам з гэтага горада. А што датычыцца Вальтэра, то няма чаго і сумнявацца, што ён мінчанін. Не ведаю, чаму Мальер лічыў сябе французам, калі ў Мінску ледзь не паказваюць вуліцу, дзе ён нарадзіўся…»

Не лічыце мяне за таго мінчаніна, але… Вальтэр як Вальтэр, Мальер як Мальер, тут я нічога не скажу, а вось вялікі французскі паэт Гіём Апалінэр быў… беларусам па крыві. Дзед ягоны, Міхал-Апалінарый Кастравіцкі, уцёк з Навагрудчыны за мяжу пасля паўстання 1863 г. Ствараючы першую кнігу сваіх вершаў, Апалінэр не ведаў, што ў гэты час (1910 г.) на беларускіх вандроўных сцэнах ідзе «Модны шляхцюк», беларуская камедыя яго стрыечнага брата, Казіміра Кастравіцкага, які выступаў пад псеўданімам Карусь Каганец.

Ці мала хто вымушан быў уцякаць ад пятлі, ад кулі ці нават проста ад немагчымасці выявіць сябе на радзіме. Вось некалькі прыкладаў.

Чылi. Хрыбет Дамейка, горад Дамейка, у гарах — мiнерал дамейкiт, у акiяне — ракушка навуцiлус дамейкус, на зямлi — фiялка дамейкiяна. Гэта ў гонар Iгната Дамейкi (1801 — 1889 гг.), ураджэнца маёнтка Нядзведка, што пад Мiрам. Сябар Чачота, Мiцкевiча, Зана, стрыечны брат Марылi Верашчакi, першага кахання Мiцкевiча, фiларэт, вязень турмы ў Базыльянскiм кляштары, ён пасля разгрому паўстання 1830 г. вымушан быў уцячы за мяжу. Парыж. Кантракт з Чылi. Лекцыi па хiмii i мiнералогii ў г.Какiмба. Адкрыў жыхарам Чылi, што такое салетра, для чаго яна прыдатна, адкрыў залежы медзi i срэбра. Пасля ён прафесар у Сант’яга. Распрацоўвае i ажыццяўляе школьную рэформу, падарожнiчае сярод напаўдзiкiх араўканцаў, робiцца iх другам, баронiць iх. Чатыры тэрмiны Дамейка перавыбiраецца рэктарам унiверсiтэта. Ён бацька чылiйскай навукi, рэарганiзатар прамысловасцi, навучання. Пасля смерцi ён абвешчаны нацыянальным героем.

Бенедыкт Дыбоўскі (1833, Мінскі павет — 1930 г., Львоў), сасланы пасля паўстання 1863 г. у Сібір, пакінуў апісанні Сібіры і Далёкага Усходу, якія дагэтуль лічацца класічнымі. Ён першы даследчык Байкала, аўтар слоўнікаў камчадальскай, бурацкай і іншых моў.

Канстанцін Ельскі, які пасля паўстання даследаваў трапічныя джунглі Гвіяны і землі Перу. Альбо Мікалай Судзілоўскі, родам з Магілёўшчыны, які перад амерыканскай анексіяй быў прэзідэнтам Гавайскіх астравоў і змагаўся з амерыканскімі купцамі і прамыслоўцамі за жыццё, шчасце і поступ канакаў.

І, урэшце, пазней, Б.А.Вількіцкі, што адкрыў Паўночную Зямлю, а таксама першы прайшоў паўночным марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск, і славуты М.М. Пржавальскі (род гэты пад імем Перавальскіх — старадаўні, віцебскі род). Словам, многія ішлі ў розныя бакі, рабіліся героямі розных народаў на розных кантынентах.

Яшчэ адно імя — Франц Савіч (1815 — каля 1845 гг.), арганізатар тайнага таварыства, якое пазней ўлілося ў арганізацыю Ш. Канарскага. Няўмольны вораг паноў, прыгону, прыхільнік рэвалюцыі. Беларус-паляшук у яго вершы звяртаецца да ліцвіна і валынца:

Ліцвін, валынец, падайце ж мне рукі,
Так — прысягаем на госпада-бога,
Царам на згубу, панам — для навукі.

Яго арыштавалі ў 1838 годзе, саслалі ў салдаты на Каўказ. Некалькі разоў ён спрабаваў уцячы за граніцу — не ўдалося. Тады ён таемна асеў на Украіне, лячыў украінскіх сялян (быў медык). Падчас эпідэміі халеры ў 1845 — 1847 гг. ратаваў мужыкоў, заразіўся і памёр.

…Ну, пра дзеячаў літаратуры, пра змагароў, пра географаў і вучоных ХIX ст., мабыць, досыць. Цяпер пра мастацтва ў тыя часы.

Шкада, што мала месца дзеля таго, каб расказаць вам пра цудоўную беларускую архітэктуру XVIII — ХІХ стст. А тут ёсць на што паглядзець. На драўляныя, каменныя будынкі фальваркаў, на дворныя пабудовы, на палац у Валожыне і бялюткі — аж здаецца празрыстым, — класіцыстычны палац у Жылічах. Што ж, проста трэба паездзіць і паглядзець. Як зробіцеся сталымі, вядома.

Развiваўся i жывапiс. Вялiкi ўзлёт пачаўся яшчэ ў канцы XVIII ст.

Імёны Ф.Смуглевіча, Я.Рустэма, В.Ваньковіча (славутага партрэтыста, аўтара «Міцкевіча на Аю-Дагу»), І.Хруцкага (партрэтыста і аўтара нацюрмортаў, у прыватнасці славутых «Кветак і садавіны», якія так палюбіліся, што копіі з іх, у пераважнай большасці дрэнныя, паскудзяць сцены ўсіх чайных, побач з шышкінскімі «Мядзведзямі», а мастак рэдкасна таленавіты). І.Аляшкевіча, аўтара дзіўных па тонкасці і светаценю партрэтаў, К. Альхімовіча, аўтара таленавітых гістарычных кампазіцый, згаданага ўжо скульптара М. Мікешына (помнікі Хмяльніцкаму ў Кіеве і тысячагоддзю Расіі ў Ноўгарадзе), пейзажыста А.Гараўскага, Н.Сілівановіча, з яго сцэнамі народнага быту.

Дайшлі да нас, вядома ж, не ўсе іхнія творы. Што загінула, што знаходзіцца невядома дзе, у Мінску іхніх карцін мала. Затое вельмі многа ў польскіх музеях і асабліва ў мастацкім музеі Вільнюса і іншых музеях Літвы.

І, урэшце, калі пераходзіць ужо часткова ў ХХ ст., — вялікі мастак Ф.Рушчыц, карціны якога можна разглядаць гадзінамі. Уся зямля Беларусі — у іх. Тая ж «Зямля» і шэрыя камяні замка ў Крэве, і бялюткія, каравыя ад старасці яблыні на ільснянай чорнай раллі. І млыны над чорнай вадою лясных ручаін, і натоўп, што вясною прысеў ля касцёла пад сінім-сінім прамытым небам, і бледнае асенняе сонца на дошках тэрасы. Гэта — здорава! Калі давядзецца быць у Вішневе ля Валожына — паглядзіце роспісы ў тамтэйшым касцёле. Гэта таксама Рушчыц.

Або Генрых Вейсенгоф з яго зімовымі, заінелымі, ружовымі ад сонца пейзажамі, з яго старымі дварамі, што тонуць у бэзе, і замшэлымі крыжамі сялянскіх могілак. Ці С. Жукоўскі, таксама забытыя інтэр’еры старых маёнткаў, апусцелыя асеннія лясы. І, вядома, усе ведаюць В.Бялыніцкага-Бірулю з яго празрыста-туманнымі, нібы злёгку бляклымі, дужа «настраёвымі» пейзажамі. Ну і Г.Ніскі, таксама беларус, сын чыгуначніка, з яго пейзажамі, на якіх дарогі, дэбаркадэры, прадмесці, сцэны далёкіх лясоў, з яго маладымі, здаровымі целамі атлетаў. З гэтым жывапісам (а пейзажы і тыпы беларускія пісалі і Рэпін, і Шышкін, і Крамской, і іншыя) я ўжо апынуўся ў ХХ ст. А нам трэба вярнуцца ў ХІХ, да пачатку новай беларускай літаратуры, да зараджэння нацыі беларускай.

Пачалося з фальклору. Таму што пасля таго як выйшлі першыя кніжкі В.Дуніна-Марцінкевіча (1807 — 1884 гг.) ды яшчэ некалькі кніжак — пасля 1863 года друкаванае слова было забаронена. Пасля паўстання 1863 г. паўтарылі яшчэ раз і забарону слова «Беларусь». Новыя вершы паэта, напісаныя пасля гэтага, засталіся ў рукапісах. Смешная, злая, з’едлівая камедыя «Пінская шляхта», камедыя, што бічавала мяшчанства, тупасць, прадажнасць суда, подласць чыноўнікаў, — камедыя гэтая, напісаная ў 1866 г., убачыла свет толькі ў 1918 г. На працягу бітых дваццаці год — як чорная пустыня, за выключэннем рукапісаў, што хадзілі па руках, ды патаемных, нелегальных выданняў. І гэта якраз у часы, калі складалася нацыя. Невядома яшчэ, колькі шкоды прынёс душам людскім гэты самадзяржаўна-праваслаўна-адзіна-недзялімы смурод! Аднак людзі знайшлі выхад і тут. Нельга ж было ім забараніць збіраць і выдаваць зборнікі фальклору, пісаць этнаграфічыя і гістарычныя кнігі, складаць слоўнікі. А фальклорны запіс, скажам, мае сваёй перадумовай: «Запісвай, як чуеш». І вось такім чынам забароненая беларуская мова ўсё ж трапляла на друкаваныя старонкі. Нібыта з чорнага ходу, але ўсё ж трапляла. Вось яны і ўзяліся, «дзеля чыстай навукі». І хаця й дагэтуль выдаваліся старажытныя акты і граматы, запісваліся казкі і песні (І.Грыгаровіч, П.Шпілеўскі) — усё ж сапраўдную шырыню справа набыла толькі ў тыя гады, пасля паўстання 1863 г. У 1870 г. выйшаў першы слоўнік сучаснай беларускай мовы («Наречия») І.Насовіча, які ўключаў больш 30 000 арыгінальных слоў.

Выдадзеныя былі «Акты, што датычацца гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі» (15 тамоў, 1861 — 1892 гг.), «Акты», што выдаюцца Віленскай археаграфічнай камісіяй (39 тамоў, 1865 — 1915 гг.), і шмат-шмат іншых. З’яўляліся працы такіх гісторыкаў, як А. Кіркор, М.Доўнар-Запольскі, і такіх было многа. Расла цікавасць да роднай мовы, да народнага быту. З’яўляюцца выключныя па паўнаце, часта штаттомныя працы тых жа І. Насовіча, П.Шэйна (трохтомны запіс фальклору і этнаграфіі), М.Федароўскага, Е. Раманава, М.Нікіфароўскага, працы акад. Я.Карскага па мове, гісторыі літаратуры і фальклору Беларусі. І цікавейшыя палескія запісы А.Сержпутоўскага, дзе кожная казка — дыямент, так што, чытаючы, і наплачашся і нарагочашся.

Было ясна, што нацыя намагаецца стаць на ногі. Мы цяпер ведаем, што па многіх прычынах народная, нацыянальная самасвядомасць магла праяўляцца ў фальклорных, этнаграфічных, гістарычных кнігах, але не мела магчымасці праявіцца ў літаратуры. А што ж гэта за самасвядомасць, што ж гэта за народ, калі ў яго няма сваёй літаратуры. Патрэбны былі пісьменнікі. Мала таго, пісьменнікі, якія адчувалі б свой час, свой народ і яго патрэбы. Быў патрэбен паэт зусім новага тыпу, і ён з’явіўся. Імя яму было Францішак Багушэвіч (1840 — 1900 гг.). Нарадзіўся ён у сям’і дробнага шляхціца ў фальварку Свіраны на Віленшчыне. Скончыў у Вільні гімназію, паступіў у Пецярбургскі універсітэт, але адтуль яго выключылі за «нядобранадзейнасць». Настаўнічаў.

Яндекс.Метрика