Зямля пад белымі крыламі — Раз’яднаная зямля

А заходняя частка Беларусі так і засталася спрэс вясковай, сялянскай. Драпежна рабаваўся лес, карысныя выкапні не выкарыстоўваліся. Кожны дзень, кожную гадзіну народ вымушаны быў весці барацьбу за ўласнае існаванне. Адчуваць роўнасць з братнім польскім народам, але кожны дзень чуць у школе, пазбаўленай роднай мовы, як уладары гэтага народа, нібы цвік забіваюць і таўкуць табе ў галаву:

Хто ты естэсь? Поляк малы.
Які знак твуй? Ожэл бялы.
Гдзе ты мешкаш? Мендзы свымі.
В якім краю? В польскай земі.

Калі для малога паляка словы гэтыя мелі горды сэнс, для малога беларуса, ды яшчэ на сваёй зямлі — гэта было штодзённае прыніжэнне. Тут і брату, калі ён будзе такое талдычыць штодня — дасі па галаве.

І давалі. І партызанкай і сабатажам у панскіх маёнтках (а ім належала палова зямлі, хаця абшарнікі складалі ўсяго 0,9 % насельніцтва). Натхняла тую барацьбу КПЗБ, арганізаваная ў 1923 годзе, і створаны ў 1924 годзе камсамол Заходняй Беларусі. З 1921 па 1925 год цягнулася партызанская барацьба, палалі маёнткі, людзі нападалі на паліцэйскія пастарункі. Амаль уся краіна была аб’яўлена на ваенным становішчы. Паны ўвялі войска. КПЗБ вырашыла спыніць узброеную барацьбу, каб не было залішніх ахвяр сярод мірнага насельніцтва, каб зберагчы патрэбных людзей для іншых метадаў барацьбы. Пакуль не настане рашучы час уз’яднання з СССР.

У 1925 годзе была арганізавана Беларуская сялянска-рабочая Грамада. Гэтая масавая арганізацыя патрабавала самавызначэння, аб’яднання ўсіх беларускіх земляў у адной дзяржаве, школы на роднай мове, утварэння ўрада працоўных, перадачы зямлі сялянам без выкупу. На чале Грамады стаяў беларускі пасол у сейм, публіцыст і прамоўца, выдатны дзяржаўны дзеяч і паэт, аўтар першай навуковай беларускай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч (1892 — 1937 гг.).

На пачатак 1927 года Беларуская Грамада налічвала больш за 100 тыс. чалавек, стала ледзь не самай уплывовай арганізацыяй сярод рамеснікаў, сялян і рабочых.

У студзені 1927 г. войска і паліцыя напалі на арганізацыі Грамады. Арыштавалі і кінулі за краты многія тысячы людзей. Учынялі пагромы клубаў і бібліятэк. Хапалі і збівалі найбольш актыўных членаў…

Людзі не хацелі больш цярпець. Ды цярпець было й немагчыма. Адбыліся дэманстрацыі пратэсту.

3 лютага 1927 г. у гарадку Косава ўлады адкрылі агонь па дэмантрацыі, якая ішла з лозунгамі: «Мовы!», «Прэч рукі ад СССР!», «Прэч урад Пілсудскага!». Забітых было 5, параненых — за 30. Пачаліся падпалы хат, напады паліцыі і войска на сёлы. Па ўсёй краіне залютаваў тэрор.

Яндекс.Метрика