Зямля пад белымі крыламі — Па этапах
27 студзеня 1936 г. у зале Віленскага акруговага суда Сяргей Прытыцкі (1913 — 1971 гг.) страляў у правакатара Я.Стральчука ў час, калі той даваў паказанні супраць дзеячаў заходнебеларускага руху, камуністаў і камсамольцаў. Цяжка параніў яго, сам атрымаў некалькі раненняў, быў схоплены і асуджаны на смерць. Але паўсюль пракацілася такая хваля абурэння, што смерць замянілі пажыццёвым зняволеннем.
Заходняя Беларусь віравала. Ледзь не кожны год адбываліся розныя працэсы: «48-мі», «51-го», «75-ці». Пасля разгрому Грамады масы пайшлі ў Таварыства беларускай школы. Паўстанне многіх соцень сялян-рыбакоў з Нарачы за тое, каб ім вярнулі роднае возера, іхнюю любоў і іхні хлеб, прагрымела па ўсёй краіне.
Аб’ядналіся сілы ўсіх прыгнечаных народаў панскай Польшчы. У 1936 годзе ў Львове адбыўся Кангрэс у абарону культуры, на якім выступаў ад імя беларусаў таленавіты філосаф, публіцыст, польскі крытык у эпоху між першай і другой сусветнымі войнамі Генрых Дэмбінскі. Той, што належаў да клерыкальных колаў, быў імі накіраваны ў Італію, каб пераканаўся там у перамозе і велічы фашызму. І ён наглядзеўся, пераканаўся ў гэтай «велічы» і… вярнуўся камуністам. Той, што выдаваў левую антыфашысцкую газету «Папросту» і якога пасля расстралялі фашысты ў Ганцавічах у 1941 г.
Нягледзячы на страшны лагер Бярозу-Картузскую, на турмы ў Лукішках і Гродні (дарэчы, ва ўсіх іх паспеў пасядзець наш таленавіты празаік Піліп Пястрак) рух вызвалення шырыўся. Вільня па-ранейшаму была культурным цэнтрам беларусаў, палякаў і літоўцаў. І нічога з усім гэтым ніхто не мог зрабіць. У Брэсце падпольная друкарня ЦК КПЗБ выдавала літаратуру на пяці мовах.
Самымі значнымі паэтамі ў Заходняй Беларусі былі Валянцін Таўлай (1914 — 1947 гг.), аўтар высокай грамадзянскай лірыкі і «турэмнай» паэмы «Таварыш»:
Панове, скончыў я. Чарга — за прыгаворам.
Пайду ў турму і веру — будзе год,
Калі маю прамову дагаворыць
Натхнёны барыкадны кулямёт!
…І перш за ўсё, Максім Танк (нар. у 1912 г.). Такія яго вершы, як «Песня кулікоў», «Павязлі цягнікі», «На пероне», такія паэмы, як «Нарач», «Каліноўскі», сталі народнымі. Лаканізм, паэтычнасць, непарыўная сувязь з народнай паэзіяй вызначаюць яго высокую творчасць.
Паслухайце, вясна ідзе.
Звініць ў маім акне жалеза.
З вінтоўкай стражнік ноч і дзень
Пільнуе куст пахучы бэзу.
А ён расцвіў, агнём гарыць,
Такім пахучым, мяккім, сінім;
На дрот калючы, на муры,
Як хустку, полымя ускінуў.
Я ціха разбудзіў другіх,
Ад слёз сінелі вочы бэзам,
І недзе хруснула ў худых
Руках іржавае жалеза.
Побач з паэзіяй нянавісці, Танк стварыў чысцейшай вады лірычныя дыяменты. Пра лірніка, які памёр у нетрах, пра сінякрылага матыля над жытам, пра стагі, што ржавеюць пад дажджом, і ласёў, што прыходзяць да іх у снежную сінь, скубуць сена і ўяўляюць цёплае лета і белых чаек над балотам.
Яны не чуюць завірухі,
Ціш першабытная кругом…
І выстрал, што ударыць глуха,
Ім прагучыць, як першы гром.
…Не гінула і іншае. Упарта існавалі народныя клубы з п’есамі і песнямі, народныя хоры, спевакі, кампазітары, хармайстры.
Напрыклад, дасканалы хармайстар Рыгор Шырма, шматгадовы кіраўнік беларускай харавой капэлы. Вось я ўяўляю сабе яго разумнае, добрае аблічча, сівыя валасы і бародку, чую голас з такім характэрным, пявучым акцэнтам:
— У сэнсе апрацоўкі беларускай народнай песні шмат было людзьмі зроблена. Часам шэдэўры. Як мы любілі творчасць нашага народа!
— Рыгор Раманавіч, вось вы на свае грошы надрукавалі першую кніжку Танка. 700 злотых… Гэта значыць, 350 пудоў хлеба?
— Выходзіць, так… Або… шэсць кароў.
Ну што ты з імі, з такімі, зробіш. Нават усю сістэму прыгнёту на іх наваліўшы.
…Нічога і не зрабілі. У 1939 г. Заходняя Беларусь уз’ядналася з Усходняй. І зямля стала народнай, і гаспадарку з прамысловасцю досыць хутка ўзнялі.
Толькі… мала часу было дадзена людзям на гэтую спакойную працу, на творчасць, на песню.
Дужа мала.