Зямля пад белымі крыламі — Сённяшні дзень

За апошнія гады Беларусь па колькасці навучэнцаў на 10 тыс. насельніцтва апярэдзіла Англію, Францыю, Японію, Італію і ФРГ. Тут у 1975 годзе працавала 9442 агульнаадукацыйныя школы, 131 сярэдняя навучальная ўстанова, 31 вышэйшая навучальная ўстанова.

Магчыма, нехта з вас, скончыўшы школу, паступіць ва універсітэт ці ў політэхнічны інстытут, такі вялікі, што ўсе карпусы і лабараторыі яго не абыдзеш і за тыдзень, або ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію з яе надзіва дагледжанымі палямі, старажытным паркам, батанічным садам і аранжарэямі, у якіх вечныя тропікі.

На Беларусі зараз працуе больш за 490 тысяч спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй.

А ўвогуле ва ўсім СССР працуе 16 358 вучоных беларускай нацыянальнасці.

У нас цяпер два універсітэты. Другі — у Гомелі. Там зараз будуюць для яго новы комплекс, дзе чаго толькі не будзе, аж да палаца спорту і вялізных будынкаў, якія некалькімі паверхамі ўходзяць пад зямлю. А ўвогуле ў рэспубліцы шмат навукова-даследчых устаноў.

Ёсць даследчыя інстытуты ў тых мясцінах, дзе раней іх не было. Беларусія атамшчыкі, кібернетыкі, працаўнікі вылічальнага цэнтра высока цэняцца людзьмі навукі ўсяго СССР.

Акадэмія навук аб’ядноўвае звыш трыццаці навукова-даследчых інстытутаў. Упершыню выдадзена «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Кіраваў гэтым выданнем лаўрэат Ленінскай прэміі, народны паэт БССР Пятрусь Броўка. Рыхтуецца да выхаду сямітомная праца «Помнікі Савецкай Беларусі», у якой будуць апісаны і пададзены ў фатаграфіях і планах усе каштоўныя помнікі: ад старых курганаў і гарадзішч, ад самых даўніх вежаў да новых гмахаў са шкла і бетону, да помнікаў на магілах салдат і знішчаных фашыстамі людзей. Бо народ павінен помніць усё ў сваёй гісторыі, а хто згубіў памяць — згубіў усё. І ўсе тыя помнікі, што ўвойдуць у «Помнікі», будуць аўтаматычна знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Мне пашчасціла ездзіць не з адной экспедыцыяй «Помнікаў», удзельнічаць у абмерах і фатаграфаванні старых палацаў, веж і званіц, і гэта было так цікава, што я, пэўна, яшчэ не раз паеду з гэтымі людзьмі.

За апошнія гады вялікі рывок наперад зрабіла наша літаратура, многа па-ранейшаму твораць Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка.

Многія з вас чыталі раманы Івана Мележа. «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». Глыбокая хроніка народнага жыцця, дзе не ведаеш, чаму болей здзіўляцца: высокаму майстэрству аўтара, глыбіні яго думкі ці цудоўнай народнай мове.

Або цудоўныя апавяданні выдатнага майстра Янкі Брыля ці яго раман «Птушкі і гнёзды». Пра цяжкі лёс заходнебеларускага хлопца, якога ўзялі ў польскую армію, а потым у бітве з немцамі пры абароне ўзбярэжжа ён трапіў у палон. А пасля ўцякаў з палону: адзін раз няўдала (быў выдадзены жандарам і трапіў у турэмную камеру), а пасля ўдала. І прыйшоў на радзіму, таксама ўжо захопленую ворагам, каб узяць зброю ў рукі.

Ці аповесці і раманы Івана Шамякіна, пісьменніка, які жыве з народам, аддаючы яму ўсе свае здольнасці, аўтара «Крыніц», «Трывожнага шчасця», «Сэрца на далоні» і іншых вядомых твораў.

Ну і Васіль Быкаў, творы якога перакладзены на многія мовы свету, пісьменнік суровы і бязмежна праўдзівы, які піша пераважна пра вайну і сам прайшоў усю вайну артылерыстам. Вы, мабыць, чыталі такія яго кнігі, як «Жураўліны крык», «Абеліск», «Сотнікаў», «Воўчая зграя» і многія іншыя. А можа, бачылі фільмы, знятыя па яго аповесцях, — «Трэцяя ракета» або «Альпійская балада». І вам, натуральна ж, спадабаліся поўныя трывог і, урэшце, шчасця, уцёкі з лагера ваеннапалонных беларускага хлопца Івана і італьянкі Джуліі. І тое, як, урэшце, яны пакахалі адно аднаго. А потым быў подзвіг і смерць Івана, які, ратуючы дзяўчыну, загінуў сам. І прыйшла вечная памяць аб ім.

Або такія раманы, як «Векапомныя дні» Лынькова, вялікая эпапея партызанскай барацьбы.

Ці камедыі і трагікамедыі А.Макаёнка «Выбачайце, калі ласка», «Трыбунал», «Зацюканы апостал», «Таблетка пад язык», «Святая прастата». Гэта вельмі цікавы майстар са сваім камедыйным почыркам.

А за імі ішлі ўсё новыя і новыя прылівы ў літаратуру вельмі таленавітых паэтаў і празаікаў. Хваля за хваляй, няспынна, яны рабілі нашу літаратуру больш багатай, яскравай, шматграннай. Як назваць іх усіх? Гэта вытанчаны майстра верша Р.Барадулін, глыбінны знаўца чалавечай псіхалогіі В.Адамчык, Я.Сіпакоў з яго гістарычным мысленнем, мініяцюрыст нават у аповесцях Б.Сачанка, М.Стральцоў з яго ўвагай да дэталі, суровы і пяшчотны А.Пысін, жарсткавата-гуманны І.Чыгрынаў, назіральнік душы чалавека І. Пташнікаў, Г.Бураўкін з яго грамадзянскасцю, просты і шчыры ў кожным слове У.Дамашэвіч, тонкі лірык В.Зуёнак.

Усіх не пералічыш, на жаль, хоць кожны варты ўпамінання. Бо пісьменнікаў у нас больш як 300. Акрамя таго, баюся даць волю сваім сімпатыям ды каго-небудзь з гэтых людзей пакрыўдзіць. А вы вось дастаньце ды чытайце. Вершамі, апавяданнямі, раманамі многіх і многіх будзеце задаволены.

Людзі, што прыязджаюць да нас, часта могуць трапіць на мастацкія выстаўкі. Цяпер пабудаваны Палац мастацтваў, і выстаўкі тыя будуць пастаянныя. У нас шмат мастакоў, якія адлюстроўваюць чароўную прыроду Беларусі, гераічнае яе мінулае і не менш гераічнае сучаснае. Імёны Я.Зайцава, В.Цвіркі, В.Волкава, К.Красоўскага, А.Кішчанкі, М. Савіцкага, М.Данцыга, Г.Вашчанкі і многіх-многіх іншых вядомы далёка за межамі рэспублікі. У нас цудоўныя афарміцелі кніг, яны ж і першакласныя графікі. Назаву толькі А.Кашкурэвіча, В.Шаранговіча, Н.Паплаўскую, А.Паслядовіч, А.Лось, Э.Агуновіча, Б. Заборава, У. і М.Басалыгаў, І.Капеляна.

Імя ім — легіён. Як і архітэктарам, музыкантам, паэтам, мастакам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такая ўжо наша зямля. Шмат беларускіх кніг, што выдадзены цяпер, можна лічыць творамі мастацтва. Іх хочацца не толькі чытаць, але і глядзець.

Поспехі скульптуры таксама значныя. Не кажучы пра старэйшых — А.Бембеля (аднаго з аўтараў Брэсцкага мемарыяла), З.Азгура (помнік Я.Коласу яго работы пастаўлены ў Мінску), працуюць маладзейшыя, такія, як І. Міско (помнік І.Буйніцкаму ў Празароках) і С.Вакар. Хутка перад тэатрам оперы і балета стане яго выразны, дужа паэтычны помнік Максіму Багдановічу.

А глыбока рамантычны помнік Янку Купалу А.Анікейчыка?

Пра Купалаўскі тэатр я вам ужо расказваў. Яму нядаўна споўнілася 50 год. Таленавіты калектыў працуе і ў Віцебску ў тэатры Якуба Коласа. Калі першыя пачастуюць агнявой і вясёлай «Паўлінкай», то другія хітраватым і гарэзлівым «Несцеркам». Ёсць у нас тэатр юнага гледача і свой, беларускі цырк. Узнікаюць новыя тэатры — і прафесійныя і народныя.

Што ўласціва нашаму тэатру апошніх год? Чым ён адметны?

Вось чым. З 60-х гадоў на нашай сцэне нібы нейкім жывушчым ветрам павеяла. Вялізная ўвага да глыбінь чалавечай душы, вострыя сацыяльныя праблемы, бязлітасная праўдзівасць у лепшых спектаклях, развіццё лепшых нацыянальных традыцый.

І пры гэтым адмаўленне ад штампаў, пошукі рэжысёраў і акцёраў. І, што, можа, самае галоўнае, зусім іншая па якасці, існа нацыянальная, беларуская драматургія.

Гэта творы К.Крапівы («Брама неўміручасці»), А.Макаёнка, А.Дзялендзіка, М. Матукоўскага, А.Петрашкевіча.

А колькі выключных па сіле таленту і шчырасці акцёраў прыйшло за апошнія гады ў нашы тэатры!

Кіно… У нас вялікая новая студыя, якая можа выпускаць шмат фільмаў у год. Вы бачылі «Чырвонае лісце», прысвечанае замаху С.Прытыцкага на правакатара. «Альпійскую баладу» і глыбока трагічны фільм «Праз могілкі» пра першыя гады акупацыі, пра гераізм і боль беларускі. Бачылі, мабыць, двухсерыйны фільм па раману А.Адамовіча «Партызаны». Або больш новыя: «Полымя», «Руіны страляюць ва ўпор». Працуе ў нас група таленавітых сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў і акцёраў, у тым ліку дзяцей (бачылі, пэўна, фільмы: «Дзяўчынка шукае бацьку» і «Пушчык едзе ў Прагу». У апошнім удзельнічалі і мядзведзі).

Некалькі год назад даганяем мы гэтую кінаэкспедыцыю пад Мазыром, бачу — Пушчык залез у рэфрыжэратар і там лёдам храбошча, ды з такім апетытам: гэта для яго ў спёку, як марожанае для нас. А вечарам, пасля работы, ён атрымоўваў і «прэміяльныя» — мёд.

Развіваецца і музыка беларуская. Шмат створана папулярных песень, опер, сімфоній, камернай музыкі. Твораць вядомыя старэйшыя кампазітары: А.Багатыроў, аўтар «У пушчах Палесся», Ул.Алоўнікаў, першыя такты песні якога «Радзіма мая дарагая» сталі пазыўнымі беларускага радыё, гучаць надзіва меладычныя рамансы і песні А.Туранкова, оперы Ю.Семянякі, балеты Г.Вагнера. А больш маладое пакаленне — Д.Смольскі, С.Картэс і вельмі таленавіты аўтар опернай і балетнай музыкі Я.Глебаў. Або І.Лучанок, песні якога ўсе вы ведаеце, ці адзін з лепшых арганістаў Саюза, кампазітар, музыка якога дзейнічае на слухача вельмі моцна, А.Янчанка.

А хто не ведае ансамбль «Песняры»?

І пошукі ўсіх творцаў нашай музыкі вельмі-вельмі плённыя.

Пра архітэктуру не кажу. Проста, калі вы не мінчане, прыязджайце і пройдзем Ленінскім праспектам, галоўнай вуліцы Мінска, праспектам, праект якога ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Не ўсё, вядома, і тут добра. Але ўсё ж, у асноўным, велічныя новыя гмахі, купалы, шпілі, забраная ў граніт стужка Свіслачы, магутная дуга акадэміі, а на іншых вуліцах і праспектах суцэльныя вертыкалі бетону і шкла.

На жаль, у сталіцы і іншых гарадах Беларусі мала засталося будынкаў 20 — 30-х гадоў. У Мінску гэта Дом урада, манументальны і, адначасова, скульптурны, лаканічны будынак ЦК КПБ, оперны тэатр, які надае цэнтральнай частцы горада такую адметнасць і г. д.

Пасля вайны на месцы амаль знішчанага горада ўзнік новы з яго цікавымі ансамблямі, з сістэмай паркаў у пойме Свіслачы, сістэмай, што так удала пераходзіць у масіў лясоў вакол Заслаўскага вадасховішча.

Не, гэта сапраўды прыгожа! І мастацкі музей, і політэхнічны інстытут у Мінску, і ансамблі Віцебска. А сучаснае будаўніцтва. Жылыя дамы па бульвару Талбухіна ў Мінску і праект забудовы Волатава ў Гомелі, будоўлі на беразе Мухаўца ў Брэсце і жылыя дамы крывалінейнай канфігурацыі ў мікрараёне «Усход-1», Палац спорту ў Мінску і пансіянат (а таксама і гасцініца «Юнацтва») на беразе Мінскага мора. А паглядзіце, як зручна дзецям у дзіцячым садзе па Слясарнай вуліцы (Мінск). Тут табе і светлыя пакоі, і веранды, і нешта накшталт старадаўняй крэпасці для гульняў. А кінатэатры («Кастрычнік», «Партызан» і «Піянер» у Мінску, «Кастрычнік» у Магілёве-2, «Імя Калініна» у Гомелі)! А смелы будынак гомельскага цырка!

Калі вы станеце дарослыя — яны будуць яшчэ прыгажэйшыя, нашы вёскі і гарады. Вы пройдзеце па іх вуліцах, і вам самім захочацца прыкласці свае рукі, веды і ўмельства да таго, каб зрабіць іх дзівам дасканаласці, а зямлю нашу — найлепшай у свеце зямлёй.

І трэба многа, вельмі многа ездзіць, сябры. Вы маладыя, і калі будзеце часта жыць «на колах», шмат хадзіць і падарожнічаць, вы паглядзіце многае ў свеце. Але перш за ўсё вам трэба ведаць свой, самы для нас прыгожы край. Ездзіце. З экскурсіямі, да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Убачыце Прыдняпроўе і Прынямонне, роўных якім па прыгажосці мала знойдзецца мясцін на зямлі. Убачыце далёкія агні новабудоўляў і цёмныя волаты замкаў, партызанскія зямлянкі і вясёлку Каложы. І азёры з белымі грабянцамі на сіняй вадзе, і старыя каменныя млыны над рэчкамі, што зараслі белай лілеяй, поўню ў азёрнай вадзе і водсвет яе на мокрых тратуарах гарадкоў. Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні. І ўбачыце зуброў і аленяў. Пройдзеце па зажураных пушчах Палесся. І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты народ.

Я не мог напісаць аб усім і ўсіх, і хай яны мне прабачаць.

І вы прабачце мне за доўгую размову. Калі пачнеш прызнавацца ў любові да самага дарагога — скончыць тое прызнанне амаль немагчыма.

Вы самі ўсё зведаеце, самі перамераеце яе дарогі і сцежкі. Зведаеце больш за мяне, перад вамі куды больш доўгая дарога.

Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый непатрэбна.

Але калі вам, дарагія мае дзяўчаты і хлопцы, захацелася пасля прачытанай кнігі прайсці па шляхах нашай Беларусі, нашай зямлі пад белымі буслінымі крыламі, пахадзіць гэтымі дрымучымі дубровамі, праплысці гэтымі поўнымі рэкамі, — буду лічыць, што работа мая зроблена. Буду шчаслівы.

Бывайце ж шчаслівыя і вы.

Яндекс.Метрика