Белавежская пушча

(прадмова да кнігі)

Тысячу год назад большую частку Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пакрываў першабытны лес. На многія і многія сотні кіламетраў шумелі лясныя волаты, рэкі з цяжкасцю пракладалі шлях праз завалы, звінела камар’ё, глядзеліся ў чорны лак вады барвяныя, мясістыя мухаморы, кішэлі ў нетрах звяры, кіпела ў вірах рыба.

…Паступова вёскі ўгрызаліся ў лес, палі наступалі на пушчы, і на выжарышчах хваляваўся вусаты ячмень.

І наступіў час, калі ад першабытных лясоў, ад старажытных зубрыных дуброў, ад мядзведжых пушчаў над махавымі балотамі і бабровымі рэкамі засталіся, бадай, толькі тры-чатыры лясныя бастыёны. Палессе… Налібокі… Лясы ў вярхоўях Бярозы-ракі… Ды яшчэ самы старыі цікавы бастыён: Белавежа.

Ляжыць яна на тэрыторыі Беларусі, у самай заходняй яе частцы. Адлегласць між паўдзённай і паўночнай межамі — шэсцьдзесят пяць кіламетраў, між заходняй і ўсходняй — да трыццаці. Плошча — 79 171 гектар.

Здавён-даўна ў веснюю повень Брэсцкае і Прыпяцкае Палессе ператваралася ў сапраўднае мора. Па шыю ў ім стаялі лясы, усё звяр’ё ратавалася на Мазырскай градзе, на Загароддзі, але пераважна на больш узвышанай Прыбугскай раўніне, дзе ляжыць зараз пушча. У сонечных грабавых лясах звінелі птушкі, над рэкамі было цёмна ад качыных чарод, у змрочных ельніках блукалі мядзведзі, у спрадвечных дубровах пасвіліся сотні тысяч дзікоў, аленяў, коз і зуброў. Тады пушчу насяляла дзікае і ваяўнічае балтскае племя яцвягаў. Першая вартавая вежа, узведзеная славянамі ў абарону ад набегаў, нязвыкла бялела ў нечапаным лесе свежаабчасанымі бярвеннямі. Ад гэтай Белай вежы пушча і атрымала назву Белавежскай.

Пазней, у ХІІІ ст., князь Уладзімір загадаў дойліду Алексе замкнуць яцвягам выхад з пушчы, пабудаваўшы «стоўп каменны», вежу ў 30 м вышыні. Колеру тэракоты, са слядамі позняй пабелкі, яна і дагэтуль узвышаецца над невялікім гарадскім пасёлкам Камянец. Беларусы даўно асімілявалі яцвягаў. Пушча стала месцам паляўнічай забавы, спачатку для мясцовых князёў, а пасля для польскіх каралёў. Акрамя таго, кожнай вайне яна плаціла даніну, кормячы беларуска-літоўскае войска. Князь Вітаўт, ідучы пад Грунвальд, учыніў тут вялізнае паляванне. Былі забіты тысячы дзікоў, зуброў і аленяў, каб забяспечыць войска мясам на ўвесь час вайны.

Калі гэта было збольшага патрэбнай мерай, то каралеўскія і царскія паляванні ў пушчы былі вандалізмам. Ціха каналі зубры, хрыпелі праз кроў быкі, біліся ў сутаргах алені… Пушча змоўкла і сцішылася.

Лютавалі ў часы безуладдзя браканьеры. Немцы ў першую акупацыю знішчылі чвэрць ляснога багацця пушчы. За польскім часам англійская фірма ледзь не даканала астатняе (дагэтуль зберагліся ў пушчы зарослыя насыпы вузкакалеек). Бедны лес! Заўсёды ён плаціў за дзіравыя кішэні ўлады.

І на ўсё гэта безудзельна глядзела Камянецкая вежа. З яе адбівалі атакі яцвягаў і крыжаносцаў, на ёй былі ўрадавыя пасты ў часе паўстанняў Касцюшкі і Каліноўскага. Пушча заўсёды хавала сваіх сыноў.

Так было і з партызанамі ў Вялікую Айчынную вайну.

Была пушча запаведнікам. У 1957 г. стала дзяржаўнай дзяржаўнай запаведна-паляўнічай гаспадаркай.

…Нямая пушча з парадзелымі дубровамі і амаль выбітым звяр’ём пачала пасля Вялікай Айчыннай вайны ажываць. Дбаннем лесаводаў і ўсіх працаўнікоў гэтай вялікай навуковай гаспадаркі ўзняліся на лесасеках маладыя лясы, старыя (а іх усё яшчэ многа) напоўніліся птушыным свістам, веснавым такаваннем. Зноў скаланаецца зямля ад цяжкага тупату зубрыных чарод. Задача і гонар чалавека не забіваць, а бараніць і карміць.

…Ён зараз і робіць гэта, сапраўдны чалавек. Пушча мае вялікі штат вучоных самых розных спецыяльнасцей: тут лесаводы і батанікі, арнітолагі і спецыялісты па насякомых і многія іншыя.

Акрамя іх у гаспадарцы шмат егераў і палясоўшчыкаў. Іх справа — штодзённа чытаць кнігу лесу, занатоўваць усе змены. Справа навуковых супрацоўнікаў — сістэматызаваць сабраныя палясоўшчыкамі звесткі, рабіць з іх навуковыя высновы і, вядома ж, самім вывучаць жыццё пушчы ва ўсім яго віраванні і прыгажосці.

І, вядома, берагчы.

У пушчы ўстаноўлены найстражэйшы нагляд за пасадкамі і спелымі лясамі, за гнёздамі, норамі, вадаёмамі — за ўсім, што складае стракаты калейдаскоп яе жыцця.

Гэта не азначае, што чалавек не ўмешваецца. Старанна рэгулюецца колькасць драпежнікаў (рысяў, напрыклад, у пушчы ўсяго каля пятнаццаці). Ёсць і парубы, але толькі пэўны працэнт гадавога прыросту драўніны. Невялікі. Запаведнік жа не можа быць рассаднікам шкоднікаў, і таму пушча ачышчаецца ад хворых дрэў, каб яны не заразілі караедам і лубаедам здаровыя.

Вядзецца вывучэнне флоры і фауны пушчы, складаных суадносін усяго жывога на гэтым кавалку зямлі: бегае яно, лётае або проста расце, шуміць і цвіце. Знішчаюцца паразіты лесу і жывёл. Егеры амаль з бухгалтарскай дакладнасцю ўлічваюць колькасць жывых істот, што яны ядуць, як палююць, якія «адметныя рысы характару» ўласцівыя той ці іншай чатырохногай «асобе».

Звяроў кормяць, дапамагаючы ім перажыць зіму, а пры патрэбе і лечаць. Хвароба зубра, напрыклад, — сапраўднае няшчасце. Зроблены вялікія і маляўнічыя штучныя азёры для вадапояў і вадаплаўнай птушкі (у пушчы малавата крыніц і рэчак). Упарта паляпшаецца пародны склад лясоў. Шматгадовымі намаганнямі вучоных арганізаваны прыродазнаўчы музей, ледзь не самы лепшы ў краіне, зроблены з густам, выдумкай, глыбокім веданнем справы. Музей з безліччу экспанатаў, што расказваюць пра мінулае і сучаснае пушчы, пра ўсё жывое ў ёй, пра навуковую працу чалавека-вучонага, чалавека-ахоўніка. Тысячы турыстаў наведваюць першабытны лес, і для іх заўсёды ёсць ежа, і дах над галавой, і — каб не калясілі пушчаю на звярынае незадавальненне — звярынец, дзе звяры існуюць ва ўмовах, максімальна прыбліжаных да натуральнага свайго жыцця.

Пушча з’яўляецца як бы пітомнікам, адкуль рассяляюць рэдкіх звяроў у іншыя лясныя масівы. Нядаўна, напрыклад, некалькі зуброў перасялілі на Бярэзіну. Гэты працэс ідзе ўвесь час: жывёлы не павінны залежаць ад выпадковасцей. Але, нягледзячы на гэта, у Белавежскіх нетрах жыве зараз (звесткі 1970 года) 63 зубры — ад барадатых волатаў-адзінцоў да плюшавых малых «бысяў», дзве тысячы высакародных аленяў, безліч магутных дзікоў і грацыёзных дзікіх козаў, агнявых лісіц, галінастых ласёў, флегматычных барсукоў і янотаў, выдраў, куніц, каралеўскіх гарнастаяў і шмат іншых. Лунаюць над лугамі і балотамі ястрабы, канюкі, змеяжэры і асаеды, чырвоныя каршукі і беркуты.

Уначы раздзірае цемру вухканне і рогат пугачоў, соваў і сычыкаў. Глушэц заводзіць напрадвесні сваю песню, падобную на капеж. Ляляк крычыць сваё «лю-блю», дудніць удод, свішча залаты гівал і спяваюць лепшыя ў свеце па колькасці «каленцаў» салаўі.

І зязюля лічыць бясконцыя гады тым, хто прыйшоў сюды з дабром.

Лётаюць вясёлкавыя фазаны, дыбае берагамі бусел і скачуць на балотах у туманным ранішнім сонцы жоравы. І няма ім ліку. 212 відаў птушак жыве ў нетрах пушчы, на балотах, паплавах і палях.

Даюць нырца рахманыя бабры, палохаючы рыбу. Спіць у вірах вусаты казак-сом. На зары брохаюць, схожыя з кракадзіламі, шчупакі.

І на усім гэтым — белы дыван лілей-гарлачыкаў, а вышэй пахучы аер, а над ім — лугавіны з кветкавым разнатраўем, і кіпарысы ядлоўцу, і сонечны падлесак, і яшчэ вышэй — павуцінныя ельнікі, шматвяковыя грабы, і пяцісотгадовыя дубы, і бары, падобныя на гатычныя храмы.

…Цішыня. Павольна выходзіць з лесу, нібы плыве, алень. Сотні год парахавыя маланкі прыпынялі яго апошні скачок. Але вышэйшай мужнасцю жывога ён упарта цягнуў праз вякі сваё жыццё і сваю прыгажосць. І толькі сваёй прыгажосцю ды ўпартасцю і ўратаваў ён свой рахманы, свой трывалы, свой вечны статак. Будзем спадзявацца, што з нашай дапамогаю ён уратуе яго на векі вечныя.

Мы зберажом цябе, алень, і мудрых зубраў, і старыя вежы, і ўсплёскі бабра на Лясной, і дзіва сонечных палян, і тваю святую, гучную цішыню, пушча.

Дык ідзіце ж у гэтыя сонечныя нетры. Хаця б на хвіліну застаньцеся там сам-насам з флорай і фаунай — з аленямі і зубрамі, з аксамітнымі грабамі і вузлаватымі дубамі. З пушчаю — гэтай добрай і адвечнай беларускай зямлёй.

  1. Упершыню — як прадмова да кнігі: Белавежская пушча / Фотаальбом. — Мн.: Беларусь, 1973.
  2. Набор зроблены па тым жа выданні.
  3. Пазней гэта прадмова стала часткай нарыса «Зямля пад белымі крыламі» («Зялёны шум»).
Яндекс.Метрика