Мой се градок!
Пасяленням чалавечым на месцы, дзе стаіць зараз Кіеў, сорак… дваццаць пяць… (Кірылаўская стаянка) дзесяць тысяч гадоў. Так што, магчыма, яшчэ апошнія неандэртальцы палявалі тут на мамантаў і шарсцістых насарогаў. І так яно і ішло пасля: не зводзіўся на гэтым зручным месцы чалавек. Па берагах рэчак і ручаін, што беглі ў Дняпро. У неалітычных пячорах, над якімі пасля ўзнікла Кірылаўская царква, на Саломенскіх схілах, на Лысай гары. І плямёны трыпольскай, медна-каменнай культуры былі тут. Ішло людское жыццё-быццё, і ў познетрыпольскіх знаходках сафіеўскага тыпу пачынае трапляцца ўжо не толькі ўзбраенне паляўнічага, але і зброя воіна. Трэба было бараніць маёмасць, а значыць, і весці войны дзеля ўзбагачэння захопленым чужым дабром. І прыйшла эпоха бронзы, эпоха вайны. А пасля жалеза. Перад самай вайной археолагі даследавалі Карчувацкі могільнік (Зарубінецкая культура, ІІ ст. да н. э. — І ст. н. э.).
Не трэба думаць, што ўсе гэтыя (і пазнейшыя) помнікі археалогіі — гэта паслядоўная і бесперапынная гісторыя таго самага Кіева, што ёсць сёння. У іх няма развіцця, няма бесперарыўнай традыцыі. Гэта проста: нарадзілася пасяленне — пайшло ў нябыт — зноў вырасла… Няма ніводнага пасялення, якое існавала б увесь час ад эпохі бронзы і ранняга жалеза і аж да сярэднявечча, калі ўзнікла пісьмовая традыцыя, ці крыху раней, да эпохі легендарных братоў — заснавацеляў горада Кія Шчэка і Харыва.
Легенда гэтая, прыведзеная ў летапісу, на жаль, не дае нам дакладнай даты. А археалогія гаворыць нам толькі, што было некалькі дафеадальных селішчаў, якія былі папярэднікамі, існавалі перад стварэннем самага старажытнага кіеўскага гарадзішча замка (недзе ў пачатку другой паловы І тысячагоддзя нашай эры). Магчыма гэта было ўжо і славянскае замчышча (Хатомель на беларускім Палессі адносіцца да таго самага часу, і гэта ўжо — славяне). Магчыма, менавіта аб гэтай рэальнай з’яве і гаворыць летапісная легенда. Мы не ведаем, ці было тое замчышча «градам Кія». І застаюцца яшчэ такія пытанні, як «ці можна назваць тое гарадзішча горадам» (горад — гэта месца, дзе жыхары рамеснічаюць і гандлююць і вырабы свае мяняюць на хлеб, якога самі не вырабляюць у дастатковай колькасці). І застаюцца пытанні культурнага, сацыяльнага, горадабудаўнічага (развіццё гарадской тэрыторыі) адзінства.
Гандаль? Магчыма. Трапляюцца на тэрыторыі Кіева нават манеты старажытнагрэчаскага і рымскага часоў. Абшчыннае пасяленне (большую частку ўсяго вырабляюць для сябе) або горад (большую частку ўсяго вырабляюць на абмен) — гэтага мы пакуль дакладна не ведаем.
…Замкавая гара, дзе нібыта была першая рэзідэнцыя Кія да таго, як ён пабудаваў горад на Старакіеўскай гары? Цяжка сказаць, бо тут культурныя пласты наслойваюцца адзін на адзін ад рубяжа нашай эры. Старакіеўская гара, гарадзішча на якой і атоесамліваюць з «градам Кія»? Невядома. Капішча — яно было тут. Археалагічныя знаходкі сведчаць, што і пасяленне тут было, у ІХ — Х ст. Менавіта тут у ІХ — Х стагоддзях стаялі і два княжацкія палацы, і тут тады ўзнік дзяцінец Кіева, у межах якога горад разрастаўся ў Х — ХІ стагоддзях, атрымаўшы назву «Уладзімірава горада». Тут была першая царква горада, Дзесяцінная.
Вось гэта быў ужо горад. Але цi ён менавiта «горад Кiя»? Гэтага мы пакуль не ведаем. Пiсьмовых крынiц няма, у летапiсах няма дат пра гэты перыяд.
Адзіная ўскосная пісьмовая згадка пра заснаванне трыма братамі горада Куара ёсць у «Гісторыі Тарона», што належыць пяру армянскага храніста Зяноба Глака. А гэта VІІІ стагоддзе. Гэта сведчанне сына народа прадпрымальнага, гандлёвага, які шмат ездзіў і шмат бачыў, пісьменнасць якога была афіцыйна ўведзена ў 396 годзе нашай эры (а хрысціянства было прынята за 95 гадоў да таго і, значыць, таксама не магло абыходзіцца без нейкага пісьма). Словам, «молчат гробницы, мумии и кости. Лишь слову жизнь дана».
І ўсё адно: мясціны кіеўскія дыхаюць старажытнасцю, і параўнаць гэта адчуванне подыху гісторыі, гэтае фізічнае пачуццё павеву вякоў, ветру, часу можна хіба з тым, якое ахоплівае цябе на полацкіх стромах.
Тут ва ўсё можна паверыць, нават у міфічнага апостала Андрэя, які нібыта прыцягнуў сюды крыж аж з берагоў Міжземнага мора недзе на рубяжы нашай эры.
Гэтыя адхоны, зарослыя дзеразой, — сама старадаўнасць. Гэтыя цяжкiя пласты рыжай, жоўтай або чорнай зямлi здаўна-давён хаваюць у сабе бронзавыя рымскiя бляшкi, антычныя камеi — усё сведчыць аб тым, што чалавек сядзеў на гэтых стромах з Зарубiнецкiх часоў i да сярэднявечча… i да нашых часоў. Праўда, толькi на нашай пiсанай памяцi бывалi часы, што на месцы Яраславава горада сто год раслi дрэвы, а раней бывалi, вiдаць, запусценнi яшчэ больш страшныя i доўгiя, чым пасля манголаў, але ўсё ж давайце ўспомнiм, што на тэрыторыi ад Куранёўкi да Пiрагова i ад Лук’янаўкi да Дняпра агульная колькасць рымскiх манет перавышае шэсць тысяч экземпляраў. Лiчыць, што гэта тэрыторыя аднаго населенага пункта, хай самага выдатнага, нельга, i тое, што iх так многа, можа азначаць толькi тое, што iх тут шмат капалi. Але ўсё ж. Але ўсё ж i ўсё ж.
Тым больш, што Кіеў — агульнаславянская наша святыня, сімвал наш. І з кожнага камяка тутэйшай цяжкай зямлі — толькі сцісні яе ў пясці — пачне церушыцца іржавы пыл ад даўно спарахнелых мячоў і — сцісні мацней, мацней! — закапае чалавечы пот і чалавечая кроў.
Знаходкам такім часта спадарожнічаюць своеасаблівыя абставіны. Паблізу ад Пакроўскага манастыра, скажам, выбухнуў у вайну снарад, і ў варонцы знайшлі рымскую рэспубліканскую манету Спурыя Афранія. А гэта другое стагоддзе да нашай эры. Хочаш не хочаш, а задумаешся над гэткай археалагічнай «удачай».
Ну так, мы не ведаем, калі быў закладзены «горад Кія». Але мы ведаем, што часам жыхарам пратакіеўскіх паселішчаў свяцілі ўначы рымскія свяцільнікі першых стагоддзяў нашай эры (знаходка на вуліцы 9-га Студзеня). Ну так, мы не маем аніякіх падстаў атоесамліваць Данпарстад (Дняпрагорад), нібыта сталіцу готаў на Дняпры часоў гунскага нашэсця (ІV — V ст.), з "горадам Кія«.Проста пісьменнікі VІ ст. Йярнанд і іншыя раздзьмулі межы «дзяржавы готаў» ледзь не на ўсе славянскія і ўгра-фінскія землі, што не болей чым безадказная і малапісьменная балбатня, графаманства і трызненне (накшталт спробы аднаго з сучасных «аўтараў» аднесці слова "бужаніна«да племя «бужан», — у якіх вышэйпамянёная ежа была нібыта нацыянальнай стравай, і вось яны вымерлі, бедныя, але запавнталі нам яе як адзіную пра сябе памяць)… Але вось перад намі знойдзеная ля Феафаніі Карынфская манета V ст. да нашай эры. Але вось пералічаныя Пталемеем (ІІ ст. нашай эры) «гарады» на Дняпры. Мы ведаем, што гэта былі яшчэ не гарады і ўжо не пасяленні, а «гнёзды пасяленняў», якія мелі цягу адзін да аднаго.
І ўсё адно, швэндаючыся гэтымі вуліцамі (а гэтаму майму занятку ўжо без малога сорак год), я адчуваю падэшвамі жар вялікай маці-гісторыі, якой не тысяча, не паўтары і не дзве тысячы гадоў, а болей, і кіеўскі вецер, вецер часу, уладна і мякка штурхае мяне ў твар.
Вось пра гэтае адчуванне стагоддзяў, пра тое, як чытаў кнігу гэтага горада адзін чалавек, я і раскажу на гэтых старонках. Бо які сэнс у паўтарэнні даўно ўсім вядомых археалагічных (наконт таго, што роў, адкрыты пры раскопках 1909 — 1912 гадоў, вакол, нібыта, гарадзішча Кія быў шырынёй 4 м, а глыбінёй «4 м ад узроўню старажытнай паверхні») і гістарычных («Святаполк забі Барыса і Глеба») звестак. Тым больш, што і самі старадаўнія гісторыкі пра гэта нічога не ведаюць (рукапіс ХVІІІ ст. называе 334 год «ад Хрыста», Мацей Стрыйкоўскі — 430 г., І-шы Наўгародскі летапіс — 2-ю палову ІХ ст., год 854), а мы і пагатоў. І нават у самых даўніх летапісцаў ідзе барацьба кіеўскага летапісання, якое вядзе паходжанне горада ледзь не ад цара Гароха, і Наўгародскай летапіснай традыцыі, якая перамяншае ўзрост горада і называе Аскольда і Дзіра наўгародцамі. Словам, і тады гісторыя і праўда ўжо былі пастаўлены на службу палітычнай тэндэнцыі, а значыць, і простай фальсіфікацыі. Я асабіста думаю інакш. Я сам трымаў у руках чарапкі VІІІ стагоддзя. Я ведаю, што верхні археалагічны рубеж Кіева — вось гэты. А які там ніжні — хто яго ведае. І я смела кідаюся ў гэтую сваю «гіпотэзу», а там — бог бацька. Тым больш, што горад у старажытным славянскім сэнсе — гэта не наш «горад», а «ўмацаванне», «замак». А ўмацаванні, гарадзішчы існуюць тут бог ведае з якога часу. Больш дакладна: з часу зараджэння феадальных адносін на славянскіх землях (сярэдзіна І тысячагоддзя нашай эры) і да часу завяршэння феадалізацыі ўсходняга славянства (ІХ — Х ст.).
Блукаючы па зямлі, мне даводзілася часам трапляць у месцы, якія міжвольна выклікаюць думкі аб вечнасці, аб зменлівасці лёсу, аб тым, што ўсё мінае, аб тым, што ніколі не ведаеш, які каму суджаны лёс. Вось стаіш на тэрыторыі кіеўскага гарадзішча (аднаго з чатырох самых старадаўніх сярэдневяковых славянскіх гарадзішчаў) і пад табою Дняпро, мой Дняпро магутны, а вакол свеціць агнямі двух з гакам мільённы горад, сталіца і «маці гарадоў». І вось Хатомельскае гарадзішча (Столінскі раён), равеснік кіеўскаму, а пад ім толькі «старык» Гарыні і каля старых валоў толькі адзін хутар. А можа, і яго цяпер няма. Кожнаму вызначаны свой рубеж, як сказана продкамі.
Толькі хто думае пра гэты рубеж, пра гэты канец?
Перафразірую крыху старую прыказку: «Нават калі табе заўтра адсякуць галаву — не думай і не бойся, сей жыта сваё».
…Такі прыблізна настрой быў у толькі што вызваленага Кіева, калі я ў 1944 годзе ўпершыню ўбачыў ягоныя вуліцы, ягоныя дрэвы, ягоныя камяніцы. Ягоныя руіны.
Горад быў ціхі, амаль бязлюдны. Горад прачынаўся ад страшнага сну. Вонкава цэлы, ён толькі пры набліжэнні да Храшчаціка адкрываў воку сваё знявечанае, абвугленае, узарванае, прастрэленае сэрца. Чалавек з прастрэленым сэрцам памірае. Горад і краіна не паміраюць, пакуль б’ецца сэрца хаця аднаго іхняга сына ці дачкі.
Як расказаць пра гэтыя руіны?! Пра руіны Храшчаціка і трамвайчык, які вазіў па вузкай сцежцы пасярэдзіне вуліцы бітую цэглу, пра вуліцы, якія ўпадалі ў яго таксама руінамі, пра каробку універсітэта, вокны і дзверы якога былі заплеценыя дротам. Пра гулка-пусты пасаж. Пра пыл, які кожны моцны вецер уздымаў з руін Успенскага сабора ў лаўры. І трапезная лаўрская была пустая, і дзіўна жывыя твары святых на сценах былі струмянямі, плынямі — і гэта значыць незнарок — залітыя нейкай абрыдлівай фіялетава-бардовай вадкасцю. Як сумессю марганцоўкі з крывёй. Я не ведаю, ці здолелі рэстаўрыраваць работу Іжакевіча. Бо я ніколі з таго часу не набраўся мужнасці пайсці туды. А тады нават у падлетка было адчуванне, што гэта асабіста цябе пакрыўдзілі, і плакала душа.
Было цяжка i не дужа сыта, i ўсё ж у гэтых руiнах было вялiкае абяцанне шчасця i для тваёй Беларусi, бо гэта была ўжо свая зямля. I твая Беларусь, пакуль што здратаваная i загнаная пад зямлю, ужо была абяцаная табе, павiнна была ўжо вось-вось таксама зрабiцца сваёй. Хай яшчэ мора крывi i роспачы трэба было перайсцi, каб назваць яе сапраўды сваёй.
Ногі мае і тады і пасля насілі мяне па ўсім горадзе і асабліва часта заносілі туды, дзе людзі, вучоныя, гісторыкі, археолагі, пачыналі расчышчаць, аднаўляць, капаць. Як нюх у мяне быў на гэта. Я ведаў, хто, дзе, калі і што робіць і прыставаў да гэтых людзей, адных з самых прывабных у свеце, бессаромна і навязліва, як смала. Часцей за ўсё з голага энтузіязму. І так вось праз раскопы і расчысткі, праз задуменныя каштаны на Сафійскім падвор’і, праз друз Успенскага сабора, праз кашлатыя арэхі ля Спаса на Берастове і глухую лагчыну Выдубецкага манастыра я паступова адчуваў галоўнае ўва мне, прыналежнасць да Вялікай Гісторыі Славян, да гісторыі народаў, у тым ліку да ўкраінскага, што складаюць маё племя.
Уваходзіў у галоўную справу майго жыцця: асэнсаванне нас, сённяшніх, асэнсаванне таго, хто мы ёсць сёння і куды мы ідзем — праз асэнсаванне нашага ўчора.
Вось стаіш на плато верхняга горада, ля муроў гістарычнага музея, тады яшчэ чырвоных, неатынкаваных. Бяжыць пад ветрам пустазелле, і ты ведаеш, што вось гэты невялічкі, гектары ў два, кавалачак плато над урвішчамі ў бок Кажамяцкага яра і Андрэеўскага спуску — гэта і ёсць старое першагарадзішча, гарадзішча Кія. І вось тут дрэмле пад зямлёй фундамент Дзесяціннай царквы, тады яшчэ нерасчышчаны. А каля адной з яе былых муроў першапачатковы роў, які мусілі ж, пэўна, засыпаць, перш чым пачаць узводзіць у 989 годзе храм.
І адтуль можна пайсці ў кожны канец Уладзімірава і Яраславава места, куды нясуць запыленыя ногі. Можна пайсці да Андрэеўскага ўзвозу, дзе мадэрнізаваная готыка «замка Рычырда — Львінае сэрца» і каратусенькі Борычаў узвоз (а ў даўніну ён быў доўгі, меў працяг недзе каля фунікулёра, і ім ехаў пасля ўцёкаў з палону князь Ігар да царквы Маці Божай Пірагошчай), якім валаклі, прывязаўшы да коней, Пяруна і кінулі ў Дняпро, а людзі беглі па берагах і, плачучы, крычалі: «Божа! Божа! Выдыбай!» І ён «выдыбаў» там, дзе цяпер Выдубецкі манастыр. А можна пайсці ў Сафійскі сабор і ў ягоным змроку глядзець на цьмянае глыбіннае золата Маці Божай Непарушнай Сцяны і ўяўляць, як пасля татар, калі ўсё вакол было разбурана і стаяла толькі яна, мог уражана і спалохана спыніцца нейкі паляўнічы, калі з дрэўных нетраў біла яму ў вочы пахмурна-вячэрняе, заходняе ззянне мазаікі і ўздымалася насустрач рука. А ад Сафіі пабрысці Залатавароцкай вуліцай да Залатой брамы. Тады, у 1944 годзе, у горадзе панавала такое бязлюддзе, што камяні вакол брамы зараслі хмызняком, пустазеллем, і там вадзілася і грэлася на камянях вялікае мноства яшчарак.
А можна было пайсці на Уладзімірскую горку, да помніка. Там, дарэчы, я атрымаў першы такой сілы ў жыцці ўрок аб непасрэдным уздзеянні мастацтва на чалавека. Стаяла перад помнікам і глядзела на бронзавую дошку са сцэнай хрышчэння бедна апранутая вясковая жанчына з хатулем на плячах (можа, упершыню ў жыцці і бачыла нешта такое) і гаварыла:
— І дытыну нэсуть… Та воно ж малэ… Та воно ж голэ.
І залівалася горкімі слязамі ад сабе самой незразумелых замілавання і гора.
Я хацеў быў засмяяцца, але пасля мне стала сорамна. І ўсё жыццё, калі я пішу, гоніцца за мной сорам перад бедна апранутымі людзьмі і іх слязьмі.
Хто хоча ведаць, як там, у Кіеве, калі яшчэ ішла і доўга яшчэ павінна была ісці вайна, нараджаўся адзін чалавек і як ён толькі дзівам не загінуў на парозе нараджэння, хай прачытае маю аповесць «Лісце каштанаў». Гэта адна з нешматлікіх маіх рэчаў, якая на дзевяноста пяць працэнтаў голая праўда, нават што датычыцца дробных рэалій, якія могуць засведчыць усе кіяўляне, што былі ў той час у горадзе.
Праўда аж да нямецкіх шыльдаў сям-там (Каффее), аж да закладзенага цяпер цэглаю нашага пад’езда, аж да аднавокага бандурыста ў лаўры, аж да двара дамоў нумар 48 — 50 па вуліцы Леніна, дзе жартавала, геройствавала, спаборнічала ў высакароднасці наша мушкецёрскае войска, аж да таго, што я мог там памерці… Ну так, некалькі разоў мог. Адзін (ці два?) разы ў вайну. І яшчэ раз студэнтам, калі мяне напярэдадні стыпендыі высадзілі з трамвая нумар 8, а той пайшоў па схіле ўніз і разбіўся. Некалькі вось такіх дзіўных выхадак лёсу, пасля кожнай з якіх я мог зрабіцца ўкраінскай зямлёй, як калі-небудзь — аднаго хачу — зрабіцца зямлёй беларускай.
І праўда ж гэта было: прыгоды, вернае мушкецёрскае сяброўства да канца і абяцанне першага кахання, таксама да канца, у што я крыху старамодна і сентыментальна веру.
Сяброўства, небяспека, намёк на абуджэнне сэрца і намёк на будучы шлях — вось колькі ўсяго шчодра адваліла мне Украіна, Кіеў. Дык як жа магу я, унук свайго дзеда, не ставіцца да іх і да Беларусі з лёгкай добрай іроніяй і як я не магу не разбіць носа кожнаму, хто ўздумае жартаваць з іх нядобра і ўсур’ёз?
Я пан жартаваць сам з сябе. Але няхай толькі паспрабуе іншы.
Бо вось усё ўспамінаецца падземны ход пад мур лаўры і святло месяца на бяленькіх хатках Цялічкі, якія адбіваюцца ў начной вадзе рова (там цяпер дамы). І тое, як на світанні глядзеў у туман над Дняпром і здавалася, што вось паплывуць з вярхоўяў варажскія чаўны, і Аскольд з Дзірам спытаюць: «Чій се градок?»
862 год. Першая дакладная храналагічная дата з жыцця старажытнага Кіева. Незадоўга да гэтага Кій, Шчэк і Харыў (або іхні род) «ізгібоша». Я не паленаваўся і перабраў каля сотні радаслоўных розных радоў на Беларусі, Украіне, Расіі. Ёсць сярод іх «доўгія» (Радзівілы — 600 год, і жывуць; Раманавы — каля 600 год; Сапегі — недзе каля 400 год, вымерлі), ёсць кароткія (род Монтвіда, Карыята, Кейстута і Любарта Гедзімінавічаў вымерлі ў мужчынскай лініі ў другім-трэцім пакаленнях). Сярэдняя працягласць дынастыі (асабліва калі ўлічыць, што князі тады арудавалі мячом самі, а не рассылалі загады праз ад’ютантаў) 150 — 200 год.
Нарманісты, хоць ты іх галавою аб сценку таўчы, лічаць, што гэта і ёсць пачатак Кіева. Аднагодак Полацку. Але мы ведаем, што такое першая згадка ў летапісу. Гэта азначае, што дадзены горад нета або спаліў, або захапіў, або нейкая чума ў ім была. Даўжэй, значна даўжэй гісторыя гарадоў. І невядома яшчэ, ці варагі былі Аскольд і Дзір, ці нашчадкі Кія (так кажа Длугаш).
Не ведаю, але калі вось у такую туманную раніцу я нібыта чую з ракі пытанне: «Чій се градок?» — мне хочацца загарлаць ва ўсё горла: «Мой! Мой гэта градок! І спрадвеку быў мой, як спрадвеку маёй была, і ёсць, і будзе мая вялікая рака!»
Няма чаго здзіўляцца, што ўспаміны аб вайне, сябрах, успаміны аб тым, як нарадзілася пачуццё прыналежнасці да мінулага, дзіўнае адчуванне, што ты жывеш унутры яго, прывялі мяне, калі прыйшоў час, зноў на Украіну, у Кіеўскі універсітэт. І я, відаць, не дужа памыліўся, прадчуваючы, што менавіта там мне ўдасца лепей зразумець мінулае ўсходнеславянскіх народаў, чым яно ў кожнага народа падобнае і чым адметнае. Там былі лепей упарадкаваныя бібліятэкі (асабліва аддзелы рэдкіх кніг і рукапісаў) і архівы. Акрамя таго, там ніхто не здзіўляўся, што я чытаю, напрыклад, Максіма Гарэцкага (быў 1949 год), усю літаратуру аб паўстанні 1863 — 64 гадоў або, скажам, справу забойцы Лермантава М.С.Мартынава (ён сядзеў тры месяцы на гаўптвахце ў Кіеўскай крэпасці і ў Кіеве ж павінен быў адбываць царкоўнае пакаянне; пятнаццаць год — пасля толькі пяць год, але ўжо праз чатыры гады ад эпіцім’і быў вызвалены). Або разнастайныя старадрукі ці перыёдыку 20-х гадоў. Гэта прыводзіла часам да дзіўных выпадкаў. Да таго, скажам, што я здзіўляўся, чаму паўстанне Каліноўскага называюць сялянскім, калі яно было — статыстыка! — разначынна-шляхецка-сялянскім. Калі пазней гэты погляд — падзякуем Г.В.Кісялёву — стаў агульным, я ўспрыняў яго з радасцю, як заўсёды з радасцю ўспрымаем такую падзею, калі розум і вернасць ісціне даюць па лапах прадузятай думцы.
І такіх адкрыццяў было шмат. І самым галоўным адкрыццём быў горад. Вялізная і аж да неймавернасці цікавая гістарычная і сучасная кніга. Самая ў маім жыцці захапляючая кніга аж да таго часу, калі я пачаў чытаць кнігу маёй роднай стараны, маёй зямлі, якую я з’ездзіў, праплыў, прайшоў уласнымі нагамі ўсю.
Першай кнігай быў Кіеў. І чаго я толькі там не наглядзеўся, дзе толькі не налазіўся. Трымаў у руках чэрап Яраслава (здарылася раз такая нагода), жоўты з белай плямай (след удару шаблі качэўніка; толькі я не ведаю, ці не быў гэта муляж ці нейкі іншы чэрап, як гэта часам робяць у музеях. А я тады быў яшчэ нявопытны).
І гэта было веданне горада знутры, да апошняга каменя (цяпер, вядома, не тое, «мой горад» цяпер толькі нязначная частка Кіева). Я лазіў у скляпенні і на званіцы цэркваў, ведаў, чым славуты кожны прахадны двор і як ім прайсці, у якім двары найлепшая ў Кіеве акустыка, калі заспяваеш (вуліца Чудноўскага, цяпер Рэпіна, якраз «за спіною ў Тараса»), дзе гібее ў хмызах закінуты фантан незвычайнай формы. Я памятаю, як выглядалі драўляныя, даўно знесеныя дачы на берагах Дняпра на шляху да «Зязюлі», і якія незвычайныя людзі там жылі, і як менавіта ў апошні раз вялі свае партыі ў «Запарожцы за Дунаем» М.І.Літвіненка-Вольгемут і І.С.Патаржынскі, і хто пры іх граў турчаня (Барадзінеўскі), і дзе сядзеў палонны Шаміль (вул. Кірава, а нумар дома, здаецца, 28, на рагу Крапаснога завулка), і колькі ў Кіеве Лысых гораў (аж тры, так што вось дзе ведзьмам раздолле і раскоша!). І памятаю (мабыць, такіх людзей не дужа многа), як помнік Уладзіміру пару дзён стаяў увесь чырвоны, нібы заліты той крывёй, якой многа праліў князь. Ільсніўся барваю на сонцы страшны, як рана (гэта ягоную бронзу і чыгун грунтавалі, і было гэта ці не ў пяцьдзесят трэцім годзе). Словам, ведаю цэлую кучу бескарысных і, аднак, чароўных рэчаў, пры веданні якіх толькі й можна сказаць, што чалавек з горадам на «ты». Бескарысных, чароўных і… дужа патрэбных, бо гэта — душа горада і частка тваёй душы ў ёй. Не велічныя абеліскі і мармур, а памяць пра тое, як раса падае з хобатаў сланоў на дзівацкім будынку Гарадзецкага (мабыць, гэта і дало падставу К.Паўстоўскаму пісаць, што слановыя галовы на гэтым будынку рыны, што, па-мойму, не так, я, ва ўсякім разе, правяраў і такіх не бачыў). І памяць пра тое, што ў караімскай кенасе не заўсёды было кіно, а пэўны час быў тэатр лялек. І памятаеш, як называўся Яраславаў вал раней, і радуешся, што людзі паразумнелі і даюць імёны сучаснікаў вуліцам, пабудаваным сёння, а не старым, гістарычным вуліцам, якім многія стагоддзі. І ты можаш нават дужа часта папраўляць даведнікі.
Чырвоны з чорным, колераў Уладзімірскай стужкі, корпус універсітэта (старая, яшчэ царскіх часоў чырвань — а легенда казала, што так пафарбавалі будынак пасля студэнцкіх хваляванняў — настойліва лезла праз менш якасную новую), маладзенькія пірамідальныя таполі перад порцікам (цяпер яны закрылі яго ўвесь, ды і ўвогуле зеляніна кіеўская разраслася так неўтаймавана, што схавала ад вачэй маіх абліччы многіх родных дамоў, і я не пазнаю іх у твар, а куткі, дзе я ведаў кожны камень, здаюцца мне чужымі), доўгая магіла кіта-фінвала на універсітэцкіх задворках (першая кітабойная флатылія падарыла яго універсітэту, і косткі вось так вызвалялі ад мышцаў), а побач, між «кітовым капцом» і акадэмічнай бібліятэкай, у татарніках, вялізная конная статуя Суворава.
Залы бібліятэк (вялікай я не любіў і заўсёды сядзеў у першай, малой) такія розныя, з такімі разнастайнымі тварамі і атмасферай, ад строгай вялікай і да малой залы літаратуры па мастацтву, дзе на стале ў яблычна-аранжавай, крыху спляшчанай зверху і знізу вазе стаялі нейкія барвяна-індзейскія галіны з лісцямі (за вокнамі даўно снягі, а тут была восень і яе лёгкі, празрысты настрой).
Кнігі. Старыя, пульхныя, у скураных адзеннях, чорных і рыжых, з валікамі на карэньчыках, сухая сітаватасць паперы ХVІІІ стагоддзя, альманахі часоў Міцкевіча і Пушкіна, «Жалейка», прыжыццёвыя выданні Лесі Украінкі, «Матчын дар» (па вонкаваму выгляду кнігі адточанае вока можа меркаваць пра эпоху, у якую яна стваралася і выйшла, часам не менш, чым па яе зместу). Кнігі, залашчаныя сотнямі рук, і кнігі (часта не менш цікавыя), якія за сто год не разрэзала нічыя рука, і тады ты першаадкрывальнік.
І — некалькі разоў — ледзь не выключэнне з універсітэта за тое, што я не хаджу на многія лекцыі, а замест гэтага прападаю ў бібліятэцы.
Неяк абыходзілася, і я зноў браўся за сваё. Ого! Стаў бы я замест скарбаў, якіх я так доўга чакаў і да якіх урэшце дарваўся па спецыяльнай просьбе акадэміка А.І.Бялецкага (першыя тры, здаецца, курсы ў «тайнае тайных» не пускалі), стаў бы я замест гэтай любоўнай п’янай асалоды хадзіць на лекцыі мікрацэфала і ў соты раз слухаць тое, што ўжо даўно ведаю і што мне даўно ўжо абрыдла і — я прадчуваў — доўга яшчэ будзе абрыдаць. Там са мною гаварыў яловай мовай пра моранага дуба думкі сучасны варыянт папячыцеля Карнілава, а там мне грымелі, шапацелі, спявалі Дастаеўскі і Сафокл, Шаўчэнка і ўсе старыя ўкраінскія, беларускія і іншыя гісторыкі, там былі Катул, Антоніч, Рыльке, паэты «Млодай Польскі», Бунін, Ясенін і Грын, стаптаны тады Важдаевым з зямлёю, невядомы мне да таго (ды, па-мойму, і на радзіме тады не сярод усіх папулярны) Норвід.
З некаторымі ацэнкамі тагачасных крытыкаў я не згаджаўся, з некаторымі быў згодзен (і зараз, напрыклад, не прымаю Гамсуна, Пруста і іншых), але галоўнае было тое, што, раскашуючы ў каморы чалавечых думак і пачуццяў, я прымаў сам і адвяргаў сам, давяраючыся толькі ўласнаму мозгу, сэрцу, сумленню, не кіруючыся нічыімі безапеляцыйнымі ўказаннямі.
Няпраўда, указанні былі, вельмі далікатныя, стрыманыя, асцярожныя. Украіна і Кіеў пасадзілі мяне за гэты банкетны стол — яны знайшлі мне і настаўнікаў, якія ненавязліва, часта канфідэнцыяльна, заўсёды як роўныя з роўным (а яны ж былі старымі маракамі, а я юнгам), з павагай «толькі рэкамендавалі і раілі, калі гэта мне падыдзе», які кяліх піць з гэтага разліўнога мора ідэй і тэорый. Звярталі ўвагу на тое, які іранічны парадокс варты цэлай сістэмы, і якая дужа сур’ёзная кніга, высока ацэненая тым і тым, вартая прачытання толькі каб ведаць яе, не паступаць так, як раіць яна, і, калі нехта ўжыве яе як зброю, мець супраць яе надзейны шчыт: ведаць на тры метры пад аўтарам, чаго ён хацеў і чаго дабіваўся.
Гэта быў асцярожна-іранічны і пры гэтым на дзіва для мяне адкрыты і шчыры А.І.Бялецкі, непрыкметны, а між тым, шырокі эрудыт А.А.Назарэўскі, вельмі-вельмі цікавы (а гаворыць так, што зразумее і загарыцца нечаканай і новай думкаю нават тупы) сівы С.І.Маслаў. І прафесар Шамрай (на жаль, рана пайшоў) з яго сарказмам. І паэт Рыльскі, нібы паглыблены ў сябе. І «свяцейшая» наша Л.А.Панамарэнка.
Бадай-што ўсе яны былі значна цікавейшыя ў жыцці, у размове (мне шанцавала, яны верылі, што я шчыра стараюся зразумець хаду іхняй думкі і іхніх сумненняў да тых глыбінь, куды сёй-той з іх, можа, і сам заглядаў не дужа часта, і плацілі мне за сур’ёзнасць, смею думаць, поўнай адкрытасцю), чым у некаторых са сваіх кніг. Ды яно і зразумела было. Яны былі людзі добрай школы і памяталі, што Сакрат не пакінуў кніг, затое пакінуў вучняў. Яны, вучні, былі ў большасці, вядома, дурнейшыя за яго, але глыбокая пашана да настаўніка і яго памяці прымушалі іх несці ў свет нескажоныя яго думкі і няхібна карыстацца ў жыцці ягонымі правіламі, жыць імі, прыбавіўшы крыху свайго, яшчэ лепшага, — самаахвярна.
У кнізе ўсяго не скажаш. Лепшае сваё чалавек выказвае ў шчырых размовах з сабе падобнымі, і яны — магу ганарыцца, хаця і не ведаю, чым заслужыў, — не шкадуючы, дарылі мяне гэтай адкрытасцю, гэтым сваім лепшым, якое, можа, рэдка каму і казалі і сведкам чаму, для некаторых, цяпер з’яўляюся, магчыма, адзін я.
Украіна, Кіеў — гэта былі не толькі кнігі і архівы, не толькі лепшыя з настаўнікаў, якія разам са мной узважвалі меру дабрыні і зла, гэта былі археалагічныя раскопы, дзе я працаваў, музеі (украінскі і рускі хацелі браць мяне экскурсаводам, і там і там я праводзіў пробныя экскурсіі і рабіў гэта, не пасаромеюся сказаць, добра, як і экскурсіі ў Сафійскім саборы, калі не было свабодных людзей; пасля гэтага неяк не заладзілася — усё больш часу патрабавала чытанне і пісанне, — але паўсюль я застаўся сваім чалавекам). Ну і, вядома, не толькі музеі, але і опера і сімфанічныя канцэрты. Тады з вясны да восені чалавек з малымі грашыма (а адкуль яны ў студэнта?) мог праслухаць усю сімфанічную класіку бясплатна з эстрады ў парку над Дняпром. Дырыжыраваў, нават злёгку какетнічаючы і хуліганячы, Рахлін, граў Рыхтэр і г.д.
Лёс мой кідаў мяне так, што з многімі людзьмі мастацтва я быў знаёмы. Прычым зводзіў ён мяне з імі, што абставіны знаёмства маглі б здацца нейкай містыкай, і адзін з нашых вядучых крытыкаў абавязкова кінуў бы свой дзяжурны сказ: «Караткевіч выдумае, а пасля сам жа ў гэта і паверыць». Па-першае, гэта не абраза: значыцца, выдумана дыхтоўна, з шырынёй і фантазіяй, так, што не толькі чытач, хочаш не хочаш, а паверыць, а, з цягам часу, і сам аўтар. А па-другое, можна, вядома, правесці дні 8 — 9 студзеня гэтага года так: пайсці на работу (ці працаваць дома), пасля на паседжанне (сход, праўленне ці што там яшчэ), паглядзець тэлевізар (пачытаць кнігу), легчы спаць, паўтарыць тое самае на наступны дзень і вечарам пайсці ў госці. Гэта б лічылася нормай. Але такая норма, такі паўзучы жыццёвы рэалізм, не па мне. Па мне паехаць у гэты дзень у Мсціслаў, дарогаю (пры трыццаці градусах марозу) трапіць ва ўраганны буран, калі снег ад зямлі да неба, блукаць, бо ў метры ўжо не відаць нічога, некалькі разоў думаць, што ўжо гамон (тым больш, што праз нябачныя шчыліны ў машыну насейвае снег, а матор глухне, бо ў Беразіне заправілі бензінам з вадой), выбіцца ўрэшце на аўтакалону, што таксама засела (снег вышэй аўтобусаў), капаць, выцягваць і вылезці-такі ў дзве гадзіны ночы з дапамогай бульдозераў. А назаўтра, ідучы Мсціслаўем, бачыць у лютым марозным небе каляровую і вялізную, на палову неба, вясёлку. А ноччу, у дадатак да ўсіх уцехаў, бачыць яшчэ і як памірае поўня пад час месячнага зацьмення.
Вось гэта сапраўдны рэалізм. Мой. І вы ў мяне гэтага майго рэалізму не адбірайце і іншых «ізмаў» мне не торкайце. Ні ў жыцці ні ў творчасці. Бо іначай жыць, іначай пісаць я не хачу і не магу.
…Але досыць пра крытыкаў. Вернемся да іншага.
…Дык вось пра кіеўскіх людзей мастацтва. Адзін толькі выпадак. Не памятаю ўжо, на якім курсе было, падыходзіць да мяне ў зале акадэмічнай бібліятэкі мілая жанчына і шэптам просіць выйсці, а ў калідоры тлумачыць, што яна біёлаг ці псіхолаг (не памятаю), піша дысертацыю (ці проста навуковую працу) аб стамляльнасці, і паколькі з усіх, хто сядзіць ва ўсіх залах, я працую найбольш часу, з раніцы да вечара, працую больш за ўсіх заўзята, мэтанакіравана і ўтрапёна, то ці не згаджуся я ёй дапамагчы. Я згадзіўся, але сказаў, што часам хаджу на лекцыі, а яна сказала, што нічога, што яна і гэта ўлічыць, як адпачынак.
І вось да таго, як засяду за работу, у сярэдзіне дня, і пасля сканчэння работы я іду ў маленькі пакойчык, вызвалены для яе машын, там мне надзяваюць на галаву марсіянскі шлем, наклейваюць на павекі розныя датчыкі, дзьмухаюць у вока струменьчыкам паветра (а на экране ў гэты час скачуць зайчыкі рознай формы), даюць рашаць пад секундамер розныя тэсты (я не ведаю прозвішча гэтай жанчыны, забыў імя, але як нехта прачытае гэтую работу і сустрэне там «працаздольнага студэнта К…», то хай ведае, што гэты падвопытны трусік быў я), а пасля даюць яшчэ пятнаццаць рублёў. Не чакаючы гэтага, я пачаў быў адмаўляцца, але яна ўгаварыла. І потым, час быў для мяне вельмі скрутны, і з гэтымі грашыма я мог працаваць тут, а не хадзіць разгружаць вагоны. І я ўзяў, бо й так, дзе яна знайшла б чалавека, які штодзённа столькі б сядзеў за кнігай.
Працавала яна ўсю зіму, а пасля скончыла работу і пайшла.
Здаецца, праз год, неяк вясной, студэнты задумалі запрасіць на выступленне Барыса Раманавіча Гмыру, тады ўжо народнага артыста, а можа, і лаўрэата. На чале дэлегацыі дзяўчат накіравалі мяне, «галоўнае трапло і Сірано дэ Бержарака» (лічылася, што, калі я захачу, і калі чалавек будзе мне сімпатычны, і калі гэтага дужа патрабуе справа, і калі камусьці — не мне — будзе без гэтага нявыкрутка, я магу «прывесці ў выгляд, зручны для лагарыфмавання, самага складанага і цяжкага чалавека, абы разумны быў»).
Пазваніў… Адкрыла мне дзверы… тая самая мілая кабетка з бібліятэкі, якая з машынамі. Абое мы разгубіліся: я падумаў, што памыліўся дзвярыма, яна… не ведаю, што падумала яна, ды яшчэ ўбачыўшы мяне з такім эскортам.
Выявілася, што гэта жонка Барыса Раманавіча (добра, што я не задаў пытання накшталт: «А вы як тут?»), і ўжо як яна пасля яго ні ўмаляла выступіць, кажучы, што я быў у яе самым ідэальным партнёрам, без агаворак. На жаль, было нельга, Гмыра напярэдадні пайшоў у водпуск і даў сабе волю, з’еў сем порцый марожанага. Але канцэрт быў. Гэты дзядзька з-пад Харкава, даведаўшыся, што я беларус, сказаў, што ў яго нехта з бацькоў (ці дзядоў, не помню) таксама з Беларусі, і ўсю рэштку дня да ночы мы з ім спявалі («мы аралі») беларускія народныя песні, якія ён памятаў. Не думаю, што ён сказаў пра продка-беларуса з ветлівасці, бо песні ён ведаў сапраўды глыбінныя, неапрацаваныя, такія, якія і зараз спяваюць недзе пад Туравам або Рагачовам ці Астраўцом. Гэта было лепей за ўсякі канцэрт, бо спявалі, што хацелі, дый я «падвываў» досыць удала, бо сярэдні мой голас быў у тыя часы ўсё ж лепшы, хлопцы-ўкраінцы ахвотна бралі мяне ў хор, а пазней я нават вёў барытанальна-басовую партыю ў хоры а capella «Бандура». Дый дзяўчаты мае — некаторыя — спявалі ва універсітэцкім хоры Святлічнай, так што атрымаўся канцэрт, які, можа, вось так, толькі раз ці два здараецца ў жыцці кожнага спевака.
А знаёмства з Зояй Гайдай! А бойка ў нейкім пустым цяпер Зялёным тэатры, бойка з хуліганскай кампаніяй, якая спрабавала асвістаць канцэрт Вярцінскага. Мы такі не далі ім зрабіць гэтага, бо мы такі проста ім далі і пазнаёміліся пасля са спеваком! А нашы тэатральныя куміры! А тое, што жывых беларускіх пісьменнікаў (за выключэннем Янкі Купалы, якога бачыў у дзяцінстве) я ўпершыню ўбачыў таксама ў Кіеве, пад час выступлення іхняга ў тым жа Зялёным тэатры. І тэатр Янкі Купалы бачыў я ўпершыню таксама там, і поспех ягоны быў — куды там сённяшняму!
…І, вядома, сябры, з якімі вучыўся. З усіх факультэтаў і «відділов», у прыватнасці з украінскага. Чытаеш зараз кнігі, бачыш «укладальнік такі», «прадмова такога», «пераклад з іспанскай і каментарый таго і таго», а сам успамінаеш, як жылі ў адным калідоры, па суседству, як здабывалі хлеб, як разам спявалі (выпадкова сабралася тры чалавекі, заспявалі, абраслі хлопцамі — гатовы хор). Словам, тое, пра што казаў украінец у адказ на запытанне, а што б ён рабіў, каб яго зрабілі царом. А ён ляжаў бы з усім сенатам пад вішняю і… «правив та співав би».
І ўспамінаеш, як вырашалі светавыя праблемы, як швэндаліся вулкамі і зацята спрачаліся аб паэзіі, праўдзе, любові да радзімы і проста любові і зноў, зноў аб паэзіі.
Дый што здзіўляцца. Былі мы звычайнымі дзяўчатамі і хлопцамі, маглі і напракудзіць, і згарэзаваць, і разыграць, і заступіцца за сябра ў бойцы, і выкінуць нешта зусім нечаканае. Але яднала нашу рэспубліку на Шостай Новай (там быў інтэрнат) не тое, што мы пальца не давалі свайго зачапіць, але хутчэй пачуццё хранічнай закаханасці ва Украіну, у Кіеў, ва ўсё на свеце. Словам, кажучы словамі песні:
«Все они красавцы, все они таланты, все они поэты…»
Многія з нас не ведалі, што іншыя пішуць вершы, многія нікому і не адкрываліся ў гэтым, так што даведаліся мы аб гэтым куды пазней. Але над нашымі галовамі лунала маці-паэзія, і з ёю нам чорт быў не брат. Я, праўда, выступіў аднойчы з чытаннем свайго верша «Кіеў» і нават быў узнагароджаны кнігай, але гэта хутка забылася. А верш я склаў адразу на трох мовах: украінскай, рускай і беларускай. Было гэта ў сакавіку 50-га года на першым курсе, і верш той недзе згубіўся, а кніга яшчэ ёсць. Дзіўнага тут нічога няма, я ў той час напісаў, акрамя беларускіх, яшчэ з дзесятак украінскіх і па некалькі рускіх і польскіх вершаў, спрабаваў сілы. Але, паўтараю, неяк праз пару год ніхто не ведаў, не помніў, што я пішу. Мы не лезлі з вершамі да іншых, мы, паўтараю, амаль заўсёды не ведалі, што сусед — паэт.
Можаце здзівіцца, але са мною ў адным пакоі жыло, як выявілася пасля, нязнаныя аж пяць, здаецца (не лічачы мяне), вядомых цяпер паэтаў. А колькі іх было ў суседніх пакоях, на іншых курсах!
Адкуль я мог ведаць, што вось гэты іранічны хлопец (як рана ён пайшоў ад нас!) — бліскуча таленавіты паэт Васіль Сіманенка? Адкуль я мог ведаць, што вось за ложак-другі ад мяне гэты белазубы і русявы юнак, які ўсміхаецца, трасе чупрынаю і запрашае ўсіх да сябе пад Бравары «копацьця в ставку, бо краце нема», — што гэта будучы паэт Мікола Сом? І што паэт — вось гэты крыху замаруджаны Толька Шаўчэнка? І што Толька Маскаленка, самая флегма, і Васіль Дзідзенка, дзівак з дзівакоў, і Тамара Каламіец, перад якой самыя грубіяны трымалі сябе як выхаваныя лорды, і Барыс Алейнік, і дзесяткі іншых, што яны — сабраты, саратнікі, паэты? Што гэты кіеўскі інтэрнат загрыміць з часам сваёй паэзіяй аж на ўсю Украіну і далёка за яе межамі?
А, каб вас бог любіў! Гэта для іншых яны — сузор’е. А для мяне яны — хатнія, з якімі дзяліліся хлебам і салам, калі было, і пра якіх мне няма чаго казаць гучныя словы.
А дзяўчаты кіеўскія! Дальбог, год гэтак пад трыццаць назад яны былі такія ж прыгожыя, як мінскія, слонімскія, рагачоўскія, а значыць, найпрыгажэйшыя ў свеце. І, божа мой, колькі ж яны задалі мне радасцяў і пакут сардэчных! Колькі праз іх было напісана вершаў, колькі пераплакана, колькі ідыёцкіх выхадак зроблена (перайшоў на руках па пярылах аднаарачны мост Патона між Першамайскім і Піянерскім паркамі — дзяўчаты здорава вішчэлі), колькі вулак і завулкаў выхаджана, асабліва ж на Пячэрску! Большасць маіх знаёмых чамусьці жылі там.
Ідзеш начнымі вуліцамі. Спяць дамы і паркі. Калі гэта зіма, то малады снег галосіць ад шчасця пад нагамі. Калі восень — апошнія лісты ціснуцца да ліхтароў (тут цяплей), як я цягнуўся да каханай і жыў ля яе святла і цеплыні.
Памятаю… Гэх, што ўжо цяпер «памятаю». Дай вам бог кахаць і быць адрынутым, і быць каханым, як кахалі мы і як кахалі нас. А так проста… дзякуй вам, кіеўскія дзяўчаты, за ўсё, што вы нам, што вы мне дарылі. Дзякуй за ўсе бездані адчаю і вяршыні шчасця, за песні, за ласку, за прыгажосць вашу, якая нятленная давеку стаіць і стаяць будзе ў маіх вачах.
Шчаслівыя вы ці не — дзякуй. Каб я быў бог — вы ўсе, усе былі б самыя шчаслівыя на свеце, самыя сагрэтыя святлом і дабрынёй.
…Дзіўным сумам павеяла на мяне апошняе спатканне з Кіевам. Дамы нібы пастарэлі, дрэвы разрасліся, нібы лес, там, дзе былі паляны майго юнацтва. Двор «лісця каштанаў» забудаваўся і паменеў, стаў цацачны; даўно ляжыць брук на месцы старых раскопаў непадалёк ад доміка М.Булгакава; стары Зялёны тэатр падобен уначы на марсіянскі цырк, і не мільнануць за рогам вуліц абліччы многіх маіх сяброў і дзяўчат. Горад, які я ведаў да апошняга каменьчыка, цяпер разросся і напалову невядомы мне.
Але ўсё адно душа мая, вершы мае, складзеныя там, словы, прамоўленыя да блізкіх, блукаюць паркамі, бульваамі Шаўчэнкі, начнымі вуліцамі, Пячэрскам, як каханне маё, незабытае і незабітае ні пуцявінамі, ні холадам гадоў. Як душа і каханне ўсяго мноства людзей, што любіла цябе гэтыя многія сотні гадоў.
Але ўсё адно я стаю на беразе майго і твайго Дняпра і малюся не толькі за свой кут, але й за цябе. І жадаю табе таго, чаго пажадаў бы і свайму народу: адсутнасці гардыні, фанабэрыі і зазнайства ў час трыумфу і неадольнай, мужнай і спакойнай стойкасці ў бедах.
І калі зноў выплывуць туманным Дняпром чаўны і людзі на іх спытаюць мяне: «Чій се градок?» — я азірнуся на кручы, на старадаўні горад, на іх і адкажу ў апошні раз:
«Мой. Мой се градок. І маім будзе, пакуль існуе род чалавечы на зямлі, на берагах майго Дняпра».
Упершыню — «Маладосць», 1982, № 5.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 110 — 128.