Амельчанка Мікалай
Кароль Духоўнасці
Летнім адвячоркам я сядзеў на ганку дачы, якую наймаў у Ірпені побач з домам творчасці, і, наблізіўшы нейкую кнігу да вачэй, спрабаваў чытаць. У двары запальваць святло нельга было, жонка клала спаць нашых дзяўчатак, а яны раздурэліся і ніяк не хацелі супакоіцца. «Гэтага яшчэ не хапала! — раздражнёна падумаў я. — Цяпер да паўночы будуць цвяліцца».
У брамку пазванілі. Я паспяшаўся хутчэй адчыніць, каб яшчэ раз не націскалі на званок. У праёме брамкі стаяў, як мне здалося ў прыцемку, зусім незнаёмы чалавек — высокі, з ладным жыватом.
— Што хочаце? — трохі манерна спытаў я.
— Не пазнаеш, сабака?
Голас нельга было не пазнаць. Гэта быў голас Валодзі Караткевіча. Валодзя ўціснуўся ў брамку, мы абняліся, хоць і не без цяжкасці. Перашкаджаў жывот, які калечыў ягоную паставу. І толькі голас, адзіны голас, як і раней, быў юным, звонкім. Як толькі Валодзя пачынаў гаварыць, у сутонні ўзнікаў той Караткевіч, якога я ведаў у мінулым — стройны хлопец, тонкі і гнуткі, як чарацінка. І твар у яго тады быў хлапечы, нават барада на ім не расла. Не было барады, вусоў і зараз, але ягонае распаўнелае аблічча — без прыкмет мужчынскасці — здавалася цяпер нейкім бабскім. Мне хацелася спытаць: «Валодзя, што з табою сталася за той дзесятак гадоў, пакуль мы не бачыліся?» але Валодзя зноў загаварыў, і я апынуўся ў далёкім цудоўным часе.
— Вячэраць будзеш?
— Ды не пашкодзіла б нешта з’есці…
І гэтая апошняя фраза была з мінулага. Зараз ён яшчэ дадасць: «Не шкодзіла б і выпіць за сустрэчу», але Валодзя такіх слоў не сказаў, а моўчкі выняў з «дыпламата» пляшку каньяку і бляшаначку з чырвонай ікрою.
— Ты што, пачаў піць гэтую брыдоту? — кіўнуў я на бутэльку. Брыдотаю называў калісьці каньяк Валодзя. Мы вельмі рэдка пілі з ім каньяк або гарэлку, толькі з выпадку афіцыйных ці напаўафіцыйных абставін, калі нельга было адмовіцца. А спажывалі мы звычайна сухое віно: зімою — «Мукузані», летам — «Цынандалі» або нешта падобнае, бо, дзякуй Богу, у той час у гастраноме на вуліцы Дабралюбава насупраць нашага інтэрната грузінскага віна было навалам, і каштавала яно параўнаўча танна. Хапала неблагога віна і ва ўсіх «забягалаўках».
Зараз жа, як мне падалося, Валодзя піў усё.
Я прынёс са склепа дзве пляшкі «Аксаміта Украіны», выняў з халадзільніка вараныя языкі, бужаніну, смажаных куранят, і наш начны пір пачаўся. На ганак пасля таго, як паснулі дзеці, выйшла мая жонка і, папытаўшыся, ці трэба нам яшчэ чаго-небудзь, тут жа знікла. Яна не мела звычкі перашкаджаць мужчынскім размовам, тым больш, як сказала мне потым, не пазнала Караткевіча, ды і бачыла яго адзін-два разы, калі прыязджала ў Маскву да мяне ў госці або па сваіх службовых клопатах.
— Ну што ж, — кожны раз, напаўняючы чаркі або фужэры, весела прамаўляў Валодзя, — бачыш, як мы цяпер жывём, царскі стол. Праўду кажуць у народзе, што лішнія штаны чалавек мае тады, калі ўжо няма с…кі.
Вымаўляў гэтыя словы і рассыпаўся дробным задаволеным смехам.
Ён расказваў, што прыехаў у Кіеў па запрашэнні дзяржкамвыда, дзе павінна выйсці ягоная кніга, якую пераклалі на ўкраінскую мову. Акрамя таго Валодзю запрасілі выступіць у Кіеўскім універсітэце, дзе ў свой час ён вучыўся.
— Уяўляеш, — не перастаючы смяяцца казаў Валодзя, — мяне ж выключылі з гэтага універсітэта. А ведаеш за што? Мяне, беларускага паэта і празаіка, выключылі за ўкраінскі нацыяналізм: вось які быў кабак!
Слова «кабак» у Валодзі гучала, як самая страшная лаянка. Пасля прагляду кепскага спектакля або няўдалага фільма ён крывіў вусны ў здзеклівай ухмылцы і гаварыў гідліва, расцягваючы словы: «Ка-а-а-бак, у-у-у, які ка-а-бак!»
Валодзя любіў тэатр і кіно. Пра апошняе гаварыць, відаць, няварта, бо ім былі мы сытыя па горла. У Доме кіно, калі вучыліся, перагледзелі ўсю сусветную класіку, самыя модныя, самыя цікавыя фільмы сучасных рэжысёраў ад Антаніёні і Феліні да нашых пастаноўшчыкаў, якія толькі яшчэ ўваходзілі ў кіно свету. А ў тэатры нас кіраўнікі курсаў не вадзілі, і мы спускалі свае грошы на спектаклі. Ні з кім я так часта не быў у тэатры, як з Валодзем Караткевічам. Сёння — Малы тэатр з «Чайкай», заўтра — тэатр імя Массавета, потым — Вялікі, а праз некалькі дзён — «Современник». І Валодзя быў закаханы не ў прыгажунь. У жанчынах яго найбольш прываблівалі інтэлект, тонкасць пачуццяў, незвычайная духоўнасць і, канешне ж, сапраўдны талент. Якраз з гэтай прычыны мы сябравалі з адной таленавітай паэтэсай, дзяўчынай-бардам, песнямі якой захапляліся, як і творамі вядомага, славутага Булата Акуджавы. Яна часта прыходзіла да нас — ці да мяне, ці да Валодзі ў пакой — іграла і спявала. Караткевіч тады сядзеў каля яе ног на падлозе, не зводзіў з яе закаханых вачэй і неяк сказаў мне:
— А ты ведаеш, я з ёй ажанюся. Далі-бог, ажанюся.
У яе былі два істотныя недахопы — непрыгожасць і хваравітасць, пры якой яна не толькі не магла ездзіць у тралейбусе, лятаць у самалёце, але нават быць у цягніку, бо не вытрымліваў вестыбулярны апарат. Неяк я зайшоў на Вышэйшыя літаратурныя курсы, дзе яна вучылася. Заняткі скончыліся, усе ішлі дахаты. Яна ўбачыла мяне і спытала: «Ці спяшаецеся Вы куды-небудзь?» Мне не было куды спяшацца, і мы пайшлі ў інтэрнат разам, канешне ж, пехатою. Хоць гэта і было вясною, але сонца паліла неймаверна. Я, ідучы па тратуары, стараўся, каб ягоныя промні меней траплялі на яе. Вёў Навэлу па зыбучай цені дрэў. Але праз нейкі час яна ўзяла мяне пад руку і падштурхнула ў цень. Я здзівіўся і сказаў ёй са смехам:
— Ты што, хочаш схаваць мяне ад сонца?
Яна засвяцілася сваёй сарамлівай і нейкай вінаватаю ўсмешкай і адказала:
— Ты прабач, калі ласка, але дрэвы хістаюцца, і мне ад гэтага кепска, галава кружыцца ад ценяў, якія скачуць па тратуары.
Так, трэба быць вельмі хворым чалавекам, каб станавілася кепска ад ценяў лістоты, якія слізгаюць па зямлі. Пазней я пачуў, што яна ўсё ж выйшла замуж, але не за Валодзю, а за нейкага іншага чалавека. Кажуць, што ён разносіў яе вершы па рэдакцыях. А пісала яна тады шмат, усё часцей і часцей вершы гэтай паэтэсы з’яўляліся ў «Новом мире».
Калі мы вучыліся на Вышэйшых сцэнарных курсах, Валодзя быў захоплены грузінкаю — разумнай і высокаадукаванай жанчынай. Помню, што адно вока ў яе касіла. Гэтая жанчына часта прыязджала да яго з Грузіі, тайком начавала ў інтэрнаце. Тайком, таму што ні яна, ні Валодзя не хацелі, каб сябры, паэты, якія жылі побач, ведалі пра гэтую сувязь. Грузіны асуджалі тых жанчын, якія мелі пазашлюбныя стасункі з рускімі, хоць самі рабілі гэта з вялікай ахвотаю. Мяне Валодзя не баяўся, ды і Натэла, так звалі ягоную каханку, не саромелася. Калі я стукаўся ранкам да іх у пакой, яна дазваляла Валодзю ўпусціць мяне, прыкрывалася коўдраю да падбародка, віталася, міла і загадкава ўсміхалася і не здавалася касавокай. Каханне рабіла яе прыгажэйшай, чым гэта было ў сапраўднасці. У мяне ёсць фатаграфія, на якой яны зняты ўдваіх побач, нібыта муж і жонка. На адвароце яе даволі жартаўлівы надпіс: «Геніяльнаму ўкраінскаму пісьменніку ад грузінскага і беларускага геніяў».
Наколькі мне вядома, была ў Валодзі і яшчэ адна жанчына ў той час, калі ён вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах. Яна выкладала выяўленчае мастацтва. Валодзя хораша і пяшчотна сябраваў з ёю да самай сваёй жаніцьбы, хоць яна была замужам. Нярэдка дапамагаў ёй матэрыяльна, купляў падарункі. Калі я атрымаў на кінастудыі імя М. Горкага ганарар за сцэнарый, Валодзя пазычыў у мяне даволі вялікую суму. А на наступны дзень ён зайшоў да мяне і папрасіў накарміць яго абедам.
— Ты што, нават на абед сабе грошай не пакінуў?
— Не, — вінавата ўсміхнуўся ён, — яшчэ і не хапіла, давялося ў Боры Мажаева пазычаць…
Пазней я даведаўся, што Валодзя паабяцаў выкладчыцы да дня яе нараджэння купіць нейкую карціну імпрэсіяніста, на той час даволі моднага, паабяцаў — і купіў. Караткевіч свае абяцанні заўсёды выконваў.
Ад просьбы пазнаёміць мяне з ёю адмахнуўся:
— Яна не спадабаецца табе. Непрыгожая. Але такая тонкая натура, разумніца.
Тая выкладчыца прывіла Валодзю звычку купляць альбомы з карцінамі мастакоў, кнігі па выяўленчым мастацтве і проста наборы паштовак. Гэтая звычка, захопленасць перайшлі і да мяне. З цягам часу ў мяне назбіралася цэлая бібліятэка ад Пусена да Пікасо, якая прынесла карысць не толькі самому, але і маім дзецям.
Я не ведаю, якая ў яго была жонка, не давялося пазнаёміцца, нават проста ўбачыць. Валодзя запрашаў да сябе ў госці, але я так і не сабраўся, усё адкладваў на пасля. А адкладваць у нашым жыцці нічога не трэба, усё можа здарыцца. Ён гаварыў мне, што жонка — разумніца, кахае яго і разумее. Не давялося мне пазнаёміцца ні з ягонай мамай, ні з сястрою, якіх ён пяшчотна любіў.
Раптам памерла Валодзева жонка. Ён тады шмат працаваў, быў багатым і вядомым, а вось у асабістым жыцці яму не шанцавала. Але пра гэта Валодзя гаварыць не любіў.
Нават тады, як атрымаў добрую кватэру і набыў мэблю, зноў пацярпеў. За той час, калі быў у Оршы, ягоную кватэру абрабавалі, вынеслі з яе ўсё. Нават тэлевізар, нават ордэн — адзіную ўзнагароду, якую ён атрымаў за жыццё, знеслі зладзеі.
Ну, а пакуль што я ўспамінаю Маскву. Курсы, сябры і сяброўкі, кіно, тэатры і яшчэ музеі, з якіх Караткевіч не вылазіў і цягаў у іх мяне.
— Надакучылі мне твае чарапкі і цэгла, пойдзем куды-небудзь на прыроду! — абурана кажу я.
— Пойдзем, — згаджаецца Валодзя.
І вось мы ўтрох сядзім ва ўтульным куточку Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі з вудамі ў руках. Іх там давалі напракат. З намі заўзяты і ўмелы рыбак, выдатны празаік з Курска Яўген Носаў. Ён перарабіў нашы прылады, памяняў стандартныя цяжкія паплаўкі на лёгкія з пер’я, і мы ловім карасёў. Мы — гэта я і Жэня. Валодзя закінуў вуду, паклаў вудзільна ля ног, узяў у рукі кнігу. Мы вудзім рыбу гадзін пяць-шэсць, і ўвесь гэты час Караткевіч чытае. Прачытае, адкладзе кнігу, а потым дастае новую. І цішыня навокал. Яе часам парушае задаволены смех Валодзі ці абураны ўсклік: «Кабак, ух які ка-абак».
Сталі рыхтавацца абедаць. Жэня Носаў зладзіў невялікае цяпельца і смажыў на верцялах паўсырую курку, а Валодзя пабег у ларок па віно. Вярнуўся з дзвюма пляшкамі «Тэтры». Пілі, закусвалі, гаманілі пра тое-сёе. Валодзя зноў узяўся за кнігу, ён любіў чытаць і за ежаю.
— Ты чаму дома не чытаеш? — спытаў Носаў.
Валодзя прамаўчаў, за яго адказаў я:
— Дома ён піша, чытаць яму дома некалі.
Хачу заўважыць, што чытаў Валодзя вельмі хутка. Прычым з такой невераемнай хуткасцю, што нават узнікала сумненне: ці засвойвае ён прачытанае, ці запамінае нешта?
Аднойчы я праверыў. Аказалася, што ён не толькі запамінаў, але і заўважаў асобныя стылістычныя недакладнасці, а таксама нейкія выдатныя мясціны і захоўваў іх у памяці доўга. Гэтая рыса вызначала Валодзю. Да яго такіх людзей я не сустракаў.
Была ў Валодзі і яшчэ адна лаянка — «сацрэалізм». Яна тычылася перш за ўсё няўдалых альбо проста халтурных літаратурных опусаў.
«У-у-у, сацрэалізм», — гідліва казаў ён, беручы двума пальцамі газету або часопіс, у якіх толькі што прачытаў са сваёй звычайнай хуткасцю апавяданне ці аповесць. Большасць літаратараў нашага пакалення не верылі ў існаванне гэтага метаду або лічылі яго штучным.
Валодзя выдатна маляваў, нярэдка адной лініяй. Мне падарыў неяк малюнак. Але нехта паставіў на яго патэльню. Я быў вельмі засмучаны і раззлаваны. Вінаватага не знайшлося. А Валодзя супакоіў мяне і тут жа, не адыходзячы ад стала, нават не сядаючы, намаляваў па памяці дакладна такі ж малюнак, сатыру на сацрэалізм. Ён да гэтага часу захоўваецца ў мяне…
На ганак выйшла жонка.
— Позна ўжо, хлопцы, — сказала яна. — Я вам даўно паслала, можаце класціся.
— Можа, будзем спаць? — кажу я. — Ты стаміўся з дарогі…
— А-а-а, — адмахнуўся Валодзя, — адаспімся на тым свеце.
Жонка вынесла нам прасціны і заслала ў садзе шырокі ложак, на якім звычайна ўдзень дурэлі дзяўчаткі.
— Будзеце спаць на ім, а то ўжо хутка раніца. А вы ўвойдзеце і разбудзіце дзяцей…
— Геніяльнае рашэнне! — усклікнуў Валодзя весела. — Цяпер-то я скажу сябрам, што начаваў не ў Амельчанкі, а з Амельчанкам.
Гэтыя словы ўсіх рассмяшылі. Наш смех доўга не змаўкаў. Жонка таксама села побач з намі і пачала гутарыць з Валодзем. Распытвала пра Мінск, пра творчыя справы. А адыходзячы ў дом, заўважыла:
— А вы ўсё-ткі, хлопчыкі, кладзіцеся. Раніцай, пэўна, будзе дождж, надта моцна парыць…
Яна ўгадала. Толькі мы леглі, усё яшчэ гамонячы, як упалі першыя буйныя кроплі. А затым усё навокал зашалясцела, і дождж прыпусціў на ўсю моц. Мы схапілі прасціны, падушкі, накрылі ложак брызентам і зноў апынуліся ў альтанцы. У дом не пайшлі, каб не будзіць маіх сямейнікаў. І зноў гаварылі, гаварылі, пакуль не настала раніца. Як шкада, што такія размовы не запамінаюцца або запамінаецца з іх толькі нешта.
У тую ноч, у Ірпені, я спытаў у Валодзі, якой усё-ткі была яго жонка, бо сам Валю так і не ўбачыў. І ён адказаў сумна, крыху падняўшы галаву, гледзячы ў цёмнае неба, нібыта дзесьці там, у невядомай вышыні, убачыў яе:
— Яна не была прыгажуняю, але валодала дзіўнай духоўнай абаяльнасцю. Яна была каралевай духоўнасці…
Пераклад з рускай А. Урбана
- Мікалай Амельчанка — пісьменнік, жыве і працуе ў Кіеве. На пачатку шасцідзесятых гадоў вучыўся разам з Уладзімірам Караткевічам на Вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве, сябраваў з ім. Апошняе спатканне адбылося пасля смерці Валянціны Браніславаўны, жонкі У.Караткевіча, у 1983 або 1984 годзе.
- Апублікавана — «Полымя», 1999, № 12. — С. 115 — 121.
- Набор зроблены па тым жа выданні.