Песня шафёра

Ноч спусцілася, згаснула сонца,
Свеціць зорамі каляя,
З-пад машыны дарога бясконцая
Адпаўзае назад, як змяя.
Ў смалянай вадзе межыточнай
Пралягла дрыжачая гаць.
Быццам мёдам намазалі вочы,
Хіліць стома, хочацца спаць.
Дарогі, дарогі,
Косці растрасуць,
Мёртвага разбудзяць,
Жывога ў дол звядуць.
Ад вясёлых сузор’яў вясковых
Да залітых святлом гарадоў
Возім дружна мы збожжа і дровы,
І «налева» падвозім «рабцоў».
Мы ляжым у гразі пад машынай,
Ўзімку корпаемся ля агню,
Нас пабачыш па ўсёй краіне,
Неўтаймоўную шафярню.
Дарогі, дарогі,
Косці растрасуць,
Мёртвага разбудзяць,
Жывога ў дол звядуць.
Ад напругі пад коламі крэкча
Над вадой спарахнелая гаць.
Тройчы стрэнеш ты аўтаінспекцыю
Перад тым, як жонку абняць.
Шлях бясконцы ляжыць наперадзе
Праз лясы, між балот і азёр.
Не, не трэба бяссонніцы верыць,
Закуры, заспявай, шафёр.

«Дарогі, дарогі,
Косці растрасуць,
Мёртвага разбудзяць,
Жывога ў дол звядуць».
— Закуры тытунцу, шафёр!

Упершыню — «Полымя», 1957, № 7.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 24, 25.

Яндекс.Метрика