Дзеці
О, якая залатая восень!
О, як стогне пад снапамі воз!
Павуцінне, «пража маткі боскай»,
Заплятае халадок нябёс.
Да замілавання паўнакроўныя
Гарбузы, узятыя з грады,
Са страхі, як статак парсюковы,
Звесілі ружовыя зады.
Мышы з бадзякоў цягаюць воўну,
П’е зямля сухіх нябёс блакіт…
На гародах высахлы бульбоўнік,
Водар кропу, мята і ваўчкі.
Дні на гэтым водары настоены,
Сэрца поўняць сум і прага жыць…
Хлапчукі, на добры лад настроены,
Улягліся ціха на мяжы.
П’юць духмян паспелай жоўклай восені,
Падраслі шчаслівыя за нод,
А над імі серабрысты ў просіні —
Ледзь прыкметнай кропкай самалёт.
З-пад чубкоў бялявых, як салома,
За шчасліўцам сочаць гарачэй,
З зайздрасцю, з чаканнем невядомага
Дзесяць ясных зорачак-вачэй.
Дзень такі бязмерны і шчаслівы,
Самалёт ляціць у глыб нябёс…
Можна скокнуць наўздагон з абрыву —
І ўзляцеў бы, і ўхапіў за хвост!
Нам з гадамі ўжо не сняцца зоры,
Але мы, паспеўшы пасталець,
Не асудзім ў гэты дзень прасторны
Мудрае жаданне паляцець.
Упершыню — У кн.: Матчына душа.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 34.