Лісце
Восень прайшла пералескамі,
Па няголеным ржышчы ніў,
Чырвонымі арабескамі
Лісце лес ураніў.
Глянь на зямлю залатую,
Пяшчотную, сумную, чыстую,
Нехта па ёй вандруе,
Ў паветра ўзнімаючы лісце.
Струменьчыкам тонкім лісце.
Медзь на азёрах сплывае,
Сум у небе імглістым…
Як песня, з галін злятае
Лісце, лісце,
Залацістае лісце,
Сто лісцяў,
Дзесяць лісцяў,
Ліст.
Упершыню — «Полымя», 1957, № 7.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 36.