Эмігранты
Двух зуброў ад нетраў Белавежы
На Каўказ завезлі, аддалі.
Там лугі зялёныя, бязмежныя,
Там багата сонца і зямлі…
Хмары над лясамі залатымі,
Соль, вада, травіцы смачнай жмут,
Лёгка дыхаць, так як на радзіме,
Але ў кожнага ёсць родны кут.
Дзеці гэтага не разумеюць,
Нарадзіўшыся ў чужым бары,
І на тое, як яны дурэюць,
Непахвальна дзівяцца зубры.
На празрыстых, светла-сініх водах
Сняцца ім айчыны берагі,
Папараць, імшаныя калоды,
Сінія пад месяцам лугі,
Сінія пралескі на сугрэве,
Мухамор чырвоны ля азёр
І калоны манументаў-дрэваў,
Што вярхамі дастаюць да зор.
Упершыню — У кн.: Матчына душа.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 43.