Вячэрнія ветразі
Яны абвісаюць, як спеў недапеты.
Пад кілем вада заціхае, звініць.
О вецер, дыхні над вячэрняй планетай,
Рыбацкія мачты рукою крані.
Пагладзь спрацаваныя нашы далоні,
Ўчыні на паверхні вясёлы баль,
Каб зноў паляцелі грывастыя коні,
Блакітныя коні азёрных хваль.
Каб ветразь ружовы, тугі, нібы грудзі,
Прынёс нас да хаты над беражком,
Каб позняй парою ўсе добрыя людзі
Сядзелі над смажаным шчупаком.
Каб клікала нас адрына старая,
І мірна агеньчыкі ззялі ў дубах,
І ўстала з-пад мачты мая дарагая
І стому рукою абцерла з ілба.
Упершыню — «Маладосць», 1959, № 3.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 66.