Трагедыі не знікнуць пры Камуне
Трагедыі не знікнуць пры Камуне,
Хоць знікнуць голад, і прыгнёт, і жах:
Захоча Ён дабрацца да Нептуна,
Яна — сады вырошчваць у ільдах.
І рыне ў космас карабель імклівы
Да новых зор, да новай стараны,
І пройдзе месяц для Яго жахлівы,
А для Яе — дзесяткі год зямных.
І лямант радыё з канца сусвету
Не даляціць праз папялісты змрок:
«Каханне, адгукніся, дзе ты, дзе ты?
Ў якіх краях гучыць твой лёгкі крок?»
Ён руль трымае, пальцы пабялелі.
Ў вачах ад рэзкіх слёз стаіць туман.
Планеты, ледзяныя, пасівелыя.
Жыцця ні кроплі. Аміяк. Метан.
Далей. Далей. Сусвет бязмежны зведаць.
Шукаць разумнае, шукаць людзей,
Ў туманнасці далёкай Андрамеды
З пачварамі змагацца цэлы дзень
І прыляцець з далёкіх зорных светаў
Да праліўных дажджоў, да поўных рэк,
Да самай лепшай, да сваёй планеты,
Дзе так чакае родны чалавек.
Сустрэць Яе ў пачатку цёплым мая
І ўбачыць, што прыйшла Яе пара,
Што любая амаль зусім сівая,
Па ўзросту, як старэйшая сястра.
Пачуць ад любай у тузе і жалю,
Ў згрызотах, і каханні, і журбе:
— Я гэту яблыню тады саджала,
І дачакалася яна цябе.
Пятнаццаць год у зараве Стажараў
Яна пладамі біла па зямлі…
Глядзі, алеяй падыходзіць пара.
І — хлопец наш. І мы вось так маглі
Глытаць салёны вецер акіяна,
Ў шумлівых пушчах раскладаць касцёр
Ў садах малочных сустракаць світанак
Ўсе дваццаць год, што ты ляцеў да зор.
І ўсё ж мне добра, што тугу і старасць
Пакінула сабе, як лепшы дар.
Я ганарылася табою ў марах,
Адважна мой, каханы мой Ікар…
І, можа, шчасце менавіта ў гэтым,
Каб любаму аддаць усе гады,
Каб адкрываць нязнаныя планеты,
Сівець, чакаць, кахаць, расціць сады,
Не быць ніколі вербным херувімам,
І для адвечнай мары дарагой
Ў касмічным пыле, у агні і дыме
Спаліць жыццё над цёплаю зямлёй.
Упершыню — У кн.: Вячэрнія ветразі.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 66, 67.