Мокрыя травы

Я сумую па радзіме,
Па яе лугах і нівах,
Па трыпутніку, што гладзіў
Ногі збітыя мае,
Па укропе на гародзе,
Рэчках ціхіх і лянівых
І па сопкай белай бульбе,
Што на стол яна дае.

Я сумую па радзіме…
Бачу ціхія паляны.
Цёплы мёд яе маліны
Адчуваю на губах.
Ты — мая лясная казка
У красе доўгачаканай,
Ты — мая святая песня,
Свет адзіны у вачах.
Просты свет, дзе дрэмлюць хаты,
Дзе раса на травах спее,
Дзе у росных шатах чуцен
Гівала пяшчотны свіст,
Дзе наўсцяж канавы мокрай
Пышны кураслеп жаўцее,
І купае тлусты лопух
У вадзе мясісты ліст.
Мокры край. Дажджы і сонца.
Вільгаць сонечнага лета.
Жарабя бяжыць па лузе,
Радасна задраўшы хвост.
Цэлы век вісіць вясёлка
Над краінай мокрай гэтай,
І глядзяць спакойна коні
На нябесны дзіўны мост.

Я сумую па радзіме,
Як каханы па дзяўчыне,
Я жадаю ўвесь прыпасці
Проста да яе рукі,
Да грудзей — тугіх узгоркаў,
Да вачэй — азёраў сініх,
І замерці ў пацалунку
На гадзіны і вякі.

Упершыню — У кн.: Вячэрнія ветразі.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 67 — 68.

Яндекс.Метрика