О мой цудоўны край
О мой цудоўны край,
Мой заснежаны рай…
Ціхі званочкаў смех.
Снег у лесе начным,
Смех у садзе пустым,
Коней спакойны бег.
Штосьці часцей і часцей
Сню я, што шэрань цвіце,
Падае з чорных сукоў
І што з табою ўдваіх
Еду між дрэваў начных
Госцем да сваякоў.
Плечы твае абняў.
Роўная рысь каня.
Лес радзейшы стае.
Шэрань заткала бары,
Скроні мае серабрыць,
Беліць вейкі твае.
Бачу сялібу ў садах,
Бачу загурблены дах,
Нізкі, натоплены дом.
Хутка між яблынь густых
Будзеш смяяцца і ты.
Бачыш? Страчаюць з агнём.
Вязкі цыбулі вісяць.
Скварыцца каўбаса,
Водар смалы, сасны.
Дроваў адталы дух.
Печка.
Калматы кажух.
Сны.
Упершыню — «Маладосць», 1960, № 6.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 69.