Балада пра галубіныя пер’і
На ўскраіне ціхай дзяўчынка жыла,
І было ёй шаснаццаць год.
Як заўсёды, тачылася з вішняў смала,
Як заўжды, палымнеў усход.
І ў дзяўчыны хлопец харошы быў.
Стаяла вясна на двары.
Над каханымі лёталі галубы
І скінулі два пяры.
І хлопец дзяўчыне аддаў адно,
І яго абняла яна,
І вечар быў, і спусцілася ноч,
А ўранцы прыйшла вайна.
Бомба разбіла іх цёплы дом.
Абое на фронт пайшлі.
Хлопцы танкі сустрэлі ружэйным агнём
І забітымі ў полі ляглі.
Смерць у ясных вачах закруціла свет,
Прабіла кішэнь свінцом,
Прабіла шэры пацёрты білет
І перыйка з шызым пушком.
Засталася дзяўчатам кроў на бінтах,
Разбіты бомбай шпіталь,
Сцяжок у руках, сняжок на вачах,
Па забітых дарэмны жаль.
І дзяўчыну таксама не мінуў свінец.
Гарэлі пясок і трава.
Над грудзьмі белай зоркай застаўся рубец,
Дзе асколак пацалаваў.
Жорсткі вецер вайны падхапіў пяро
І панёс над абшарам снягоў:
Пэўна, недзе ў капцёрцы, змываючы кроў,
Пусцілі на вецер яго.
Разам з перыйкам гэтым, што без надзей
Ляцела ў бясконцы шлях, —
Як бязважкі пух, існаванні людзей
Круціліся ў дымных смярчах…
На месцы акопаў сталі сады,
На месцы магіл — рунь,
Але разам з пяром адляцелі кудысь
Каханне і светлая юнь.
Засталіся фарбы фрэсак старых,
Храмы над люстрай вод,
І жанчына кнігі пісала пра іх,
Каб любіў іх родны народ.
І аднойчы ў руінах стаялі яны
Разам з сябрам майскай парой,
І да іхніх ног з высокай сцяны
Галубінае ўпала пяро.
Пад мядовым ветрам звінела трава,
І жанчына ў дзіўнай журбе
Зразумела, што простае: «Гэта вам»
Азначае: «Памру за цябе.
Асушу пацалункамі вочы твае,
Дзіўнай песняй людзей здзіўлю…»
…………
Малады, ён паходзіў на друга яе,
Што без помніка лёг у зямлю.
Глянула ў вочы яго, і ёй
Патрызніўся рык гармат.
І той, хто забраны навекі вайной,
Ніколі не прыйдзе назад.
«Маладосць твая чыстая, як сляза,
Гарачэй, чым раны ў баю.
Любы мой, ну чым мне табе адказаць
На пяшчотную сілу тваю,
На настойлівасць мяккую сціплых рук,
Што туманіць мне галаву?..
Сціснуць перыйка ў пальцах, пазбыцца мук
Або ўпусціць на траву?
Мне цяжка кінуць жорсткі адказ.
Забіць — і пакутваць пасля,
Я хачу апошні, апошні раз
Адчуць, як квітнее зямля.
І балюча жыццё тваё завязаць,
Бо між намі годы і кроў.
Што сказаць табе?
Што сказаць?
Што сказаць?»
…………
Рука трымае пяро.
Упершыню — У кн.: Вячэрнія ветразі.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 72 — 74.