Васілевіч Алена
Позні званок
Позні вячэрні званок той — дзіўна, але гэтак мне і сёння здаецца — прызначаўся, відаць, некаму іншаму… Вельмі блізкаму, патрэбнаму, хто мог чакаць яго, мог на яго спадзявацца, нарэшце, меў сяброўскае права пачуць гэты званок.
Але ён у той слотны, безнадзейна панылы вечар працяў цішыню адзіноты менавіта маіх сцен.
— Алена Сымонаўна. Гэта Караткевіч.
(Ён зваў мяне так: Сымонаўна).
Гэта было не надта подаўгу пасля таго ўжо, калі ён пахаваў Валянціну Браніславаўну. Калі застаўся ў сваіх сценах адзін. Калі ў такія панылыя безнадзейныя вечары…
— Даруйце мне, што я гэтак позна… Што, напэўна, патурбаваў… Можа, нават пабудзіў. Але — прашу — зразумейце мяне: такі настрой і ўсё такое навокал, што хочацца выць. Даруйце мне!
Што было дараваць? Як быццам самой мне было незразумелае, невядомае гэта самае «хочацца выць»…
Нешта ж я гаварыла яму. Нейкія ж словы здольная была вымавіць, хоць, напэўна, яны былі мо і не зусім тыя, якія былі патрэбныя яму, чалавеку са скразной ранай у сэрцы.
…Памятаю, як тады расказвала яму пра сваю гэтаксама па тэлефоне гутарку з Валянцінай Браніславаўнай, калі яна, вярнуўшы яго з таго свету ў Сімферопалі, на некалькі дзён па тэрміновай справе вярталіся ў Мінск. Якой шчаслівай адчувалася яна, калі расказвала, як была ў той занядбанай паўднёвай бальніцы — у палаце на пяцёх, «гэтак, як Валодзя», прыкутых да ложкаў мужчын — была ім і за няньку, і за сястру, і за маці. Яна карміла і паіла іх з лыжкі, як хадзіла за імі…
— Гаварыце! Гаварыце яшчэ… Вы ж не ведаеце, якая яна была.
Я не ведала Хоць і ведала: цэлую гадзіну здольная была яна расказваць пра яго: пра яго незвычайнасць, пра безагляднасць і неабсяжнасць яго натуры, пра яго дзівацтвы (гэтак здавалася іншым, збоку…). Пра яго, пра яго, пра яго…
Але я званіла ёй па справе. Рэдакцыя павінна была падрыхтаваць адпаведныя рэкамендацыйныя паперы для перакладу Караткевічавай «Зямлі пад белымі крыламі» ў Літве і Славакіі. Яна выходзіла ў нашай рэдакцыі літаратуры для юнацтва ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Выходзіла — зазначу — адразу не «бесканфліктна». Не гладка. Былі спрэчкі. Была ўзаемная — рэдакцыі і аўтара — нязгода. Быў часам добра сапсаваны настрой…
З харатэрным яго пяру раблезіянскім размахам, Караткевіч — у самай першай рэдакцыі «Зямлі пад белымі крыламі» — маляваў побыт беларусаў такімі нясцерпна буйнымі фарбамі, што, збоку зірнуўшы на такое піраванне жыцця (а ўпершыню «Зямля пад белымі крыламі» пабачыла свет на Украіне, у нас яна ішла ўжо як бы аўтарскім самаперакладам з украінскае мовы), кожны сказаў бы: «А, чорт іх не браў гэтых беларусаў: як цары жылі, елі сала з салам і спалі на саломе…». На самай жа справе, хто з нас, людзей яшчэ старэйшага пакалення, не ведае, не памятае, як раскашаваў «пан сахі і касы». Хлеба з мякінай да новага ўраджаю не заўсёды хапала, не тое, каб выстаўляць на святочныя сталы па якіх трыццаць абавязкова-традыцыйных беларускіх страў… Каб гойсаць па паляваннях ды фарсова прытупваць бліскучымі чаравікамі ды хромавымі — у гармонік — ботамі «Лявоніху»… Была, была, вядома, і людская здатнасць, і непадробная весялосць, і бесклапотны гумар… Але быў, быў і пэўны «перакос» у маючай быць кнізе… І перш за ўсё ад паўнаты пачуццяў, што перапаўнялі аўтара, ад нястрымнай натхнёнай сілы ў руцэ, якая вадзіла маляўнічым пэндзлем… Патрабавалася, было неабходна «ўраўнаважыць» кнігу рэалістычнай (і гістарычнай!) аўтарскай развагай. І аказалася гэта — напачатку — вельмі няпроста…
— Хто гэта будзе мяне тут вучыць?.. Мяне — чытаюць!
Патрабаваўся «трацейскі суд». І аўтара «вучыў» лепшы яго друг, сябра… (І наш — рэдакцыі — вельмі паважаны аўтар і дарадца). Яны ўпоравень — абое — стаялі і па сваіх энцыклапедычных ведах і па сваёй літаратурнай вазе… Бескампрамісную, аднолькава патрабавальную і добразычлівую, рэцэнзію для рэдакцыі друг Караткевіча напісаў, здаецца, на трынаццаці старонках… Я запрасіла па тэлефоне Уладзіміра Сямёнавіча прыйсці пазнаёміцца з рэцэнзіяй. Ён прыйшоў вельмі хутка. Стрымана павітаўся. Распрануўся, павесіў паліто і сеў у самым зацішным нашым закутачку («Мастацкая літаратура» ціснулася тады ў двухпавярховым асабняку побач з «фабрыкай-кухняй»). У нашым пакоі — у ім месцілася адразу тры рэдакцыі — запанавала пагрозлівая цішыня, як перад вялікай бурай… Караткевіч чытаў засяроджана, доўга, сціснуўшы вусны і сурова звёўшы бровы… А калі скончыў, узняўся і неяк як бы пазяхнуў:
— Рэцэнзент — дурань!.. — згарнуў рэцэнзію, паклаў у кішэню і, цырымонна пакланіўшыся агульным паклонам усім, хто сядзеў у пакоі, выйшаў.
…Раней як праз тыдзень прынёс ён у рэдакцыю рукапіс «Зямлі пад белымі крыламі». Чысты. Нанова перадрукаваны. Пасля дапрацоўкі — па рэцэнзіі Друга. Ніводную нязгоду не толькі па змесце, а нават па стылю, па сінтаксісу, ніводнай «косачкі» не пакінуў ён без увагі. І павагі — да ўвагі Друга…
І кніга — на гонар аўтару і рэдакцыі, а, можа найгалоўней, на гонар нашай беларускай зямлі і літаратуры таксама — высока і шырока ўзмахнула сваімі белымі крыламі! Далёка і за межамі Беларусі таксама.
І вось я трымаю яе ў руках. Преагортваю яе… «Мілай Алене Сямёнаўне Васілевіч, з якой разам пакутавалі над гэтай кнігай. Ул. Караткевіч. 22.ХІ.77».
* * *
…Мне ўяўляецца, як ён пісаў, Уладзімір Караткевіч.
Фантасмагорыя самых неверагодных праяў і вобразаў сядлала яго ўяўленне, і яно, як дзікае паляванне караля Стаха, неслася, неслася, імчала наперад, не прыпыняючыся і не аглядваючыся, не звяртаючы ўвагі ні на што на сваёй дарозе… Таму, напэўна, не выпадкова, што пры ўсёй сваёй такой красамоўнай выразнасці, мастацкае палатно Караткевічавай прозы часам не, не дый спыніць зрок на моўнай хібе, здзівіць недакладнасцю, а часам і вельмі прыблізнай псіхалагічнай характарыстыкай. І ўражанне пакіне такое (магчыма, гэта суб’ектыўнае ўражанне-ўспрыманне), што ён не заўсёды паспяваў перачытваць, на слых «спрабаваць» усяго таго, што нараджалася з-пад яго імклівага пяра, «асядланага» неверагодным уяўленнем.
Аднак ён не даваў чытачу часу, ні настрою не ствараў у яго, каб вось узяць і настырна і нудна вышукваць і аловачкам падкрэсліваць, адзначаць, выпісваць… («Дзед… выцер жалейку аб прыпол сарочкі»… «За пісьмовым сталом, за якім яны спяшаюцца запісаць апошнія палаючыя думкі, дыхаючы кавалкамі лёгкіх»… «Апошнія адбіткі промняў падалі на яе твар, які ляжаў у мяне пад пахай»… «Карціць і мая душа на гэта дзіва паглядзець»…)
Дзе там! Вы імчалі за ім далей. Вы былі ўжо ў зусім іншым, але ўсё роўна, зноў, у тым жа Караткевічавым «вымярэнні».
«— Гэй, каторы з голай спіной! Хадзем пад яблыню, казку раскажу.
Яна была такая чарнявая, такая ладная, што другім разам я насмяшыў бы свет: узяў бы і застаўся. Мы ляжалі б пад яблыняй і гаварылі і смяяліся б, тым больш, што, скажу вам па сакрэту, я таксама не благі ўжо казачнік».
Ён умеў быць такім абаяльным, што жанчыны, стрэўшыся з ім і адпіўшы з келіха яго чараў, няхай сабе толькі маленькі глыток, непрыкметна самі рабіліся чараўніцамі. І, думаю, гублялі галаву таксама не так ужо і рэдка («Яка чудова, яка чарівна людина!..» — чуецца мне здалёку даўні ўсплёск жаночага захаплення, пра якое сам Караткевіч, напэўна, і не ведаў…).
З мужчынамі ж, часам нават і з вельмі блізкім сябрам, калі той не надта далікатна наступаў на любы яго мазоль і закранаў яго самалюбства, ён рабіўся раптам ганарысты і пагардлівы, як польскі пан ці старадаўні шляхціц («Гэта вы хочаце павучаць мяне добраму тону?..» — і абавязкова з блізкага сяброўскага «ты» пераходзіў на пагардлівае «вы»).
Я бачыла, як стаяў ён і пачціва падтрымліваў (у трамваі) сваю высакародную, у цёмным адзенні, маці, калі праводзіў яе на вакзал у дарогу. «Гэта мая мама», — наколькі дазваляла трамвайная таўкатнеча, з гонарам пазнаёміў ён мяне з тою, якая ўзводзіла яго па ўласнай радаслоўнай лініі ці не да беларускіх «інсургентаў» — продак яго па гэтай лініі быў «камандзірам», як сам ён адзначае ў сваёй аўтабіяграфіі, беларускіх паўстанцаў. Дарэчы, гэта «лінія» таксама адна з улюбёных у творчасці Караткевіча: непакора і высакародная годнасць!
…Нагадваецца прэм’ера оперы Дз. Смольскага «Сівая легенда» па лібрэта Уладзіміра Караткевіча. Запрошаны на спектакль пісьменнікі, мастакі, архітэктары, вучоныя… Усе і ўся, хто мае дачыненне да беларускай культуры і яе даўніны. У тэатральным фае звычны гоман, смех, вітанні… І ў гэтым бляску вельмі стрымана, сціпла, з непрыкметна падкрэсленай годнасцю, прымае папярэднія віншаванні адзін з віноўнікаў маючай адбыцца хвалюючай (для яго асабліва!) падзеі — Караткевіч. У строгім цёмна-сінім гарнітуры, гэтакі ж строгі гальштук… Яны таксама нібыта падвышаюць яго і так у яго добрым росце, надаюць адпаведнай значнасці.
І побач — жонка. Сяброўка, разумны друг і адданніца. І ў свеце бясхмарным, як зараз, і ў пакуце, якая чакае яшчэ наперадзе… Валянціна Браніславаўна Караткевіч — вядомы, вельмі паважаны і аўтарытэтны вучоны-гісторык. У сям’і сваю «вагу», і веды, і сваё месца яна, аднак, умее вызначыць так незаўважна, што пры ўсім, на чым трымаюцца спакой, працаздольнасць, натхнёная апантанасць за пісьмовым сталом, мужавы «ўсяночныя» дома з сябрамі і гэтакія ж «усяночныя» нярэдка і невядома дзе ў сяброў, і сотні, тысячы самых разнастайных адценняў жыцця і настрою таленавітага творчага чалавека (а калі яшчэ такога, як Караткевіч!) — пры ўсім гэтым сама яна ўмее не меней таленавіта заставацца як быццам усяго толькі жонкай. Побач з мужам. (Як быццам усяго гэтага мала… Як быццам гэта — не подзвіг.)
…Мы не сябравалі з Уладзімірам Караткевічам. Не былі блізкія «дамамі»… Пры самым першым зваёмстве выбухова зблізіў нас успеты Караткевічам у яго рамане Рагачоў. І зусім «парадніла» старая хвоя-ліра на рагачоўскіх могілках над Дняпром. І ён і я — у розныя часы — сядзелі на гэтай хвоі-ліры ў святлейшыя дні свайго жыцця!
А перад гэтым, у красавіку 1966 года па дарозе аўтобусам у Гісарскую даліну, калі мы ехалі на сустрэчу з чытачамі (удзячны лёс занёс мяне на з’езд пісьменнікаў Таджыкістана), цудоўны чалавек і таленавіты крытык-літаратуразнаўца Аляксандар Макараў казаў мне:
— Алёна, вы обязательно должны близко познакомиться с Володей Короткевичем! Это такой необыкновенный мальчик! Белоруская литература будет гордиться им! Володя был самым любимым моим учеником!
(Уладзімір Караткевіч вучыўся ў А. М. Макарава ў Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах.)
Вось пасля стрэчы з Макаравым, пасля таго, як перадала я палкія вітанні настаўніка яго вучню, і вучань таксама ўспамінаў і гаварыў пра свайго настаўніка з непадробнай любоўю і абагаўленнем (Дарэчы — супадзенне? — абодва яны пражылі амаль аднолькавы век. Вучань пражыў нават на год меней за настаўніка…), пасля ўсяго гэтага і «знайшоўся» Рагачоў — наша агульная адданасць і захапленне, і славутая хвоя-ліра, і доўгая, прыязная, натхнёная гаворка. «О Шиллере, о музах, о любви»…
* * *
Розны ён быў, ох, які розны, Уладзімір Караткевіч! І зусім няма патрэбы сёння далучаць яго да «ліку святых»… Яго самога гэта смяшыла б і абурала. Ён быў у жыцці і ў сваіх кнігах святы грэшнік. Таму і застаўся ў нашай памяці і ў нашым эмацыянальным свеце як непаўторная з’ява.
…Не скажу, каб вельмі трымалася я свят ці памятала хоць адну малітву (за выключэннем, вядома, «Ойча наш»!), якім вучыла мяне ў раннім маленстве мая набожная пакутніца-маці. А, памятаю, як было нечакана радасна, калі аднойчы на вялікдзень дастала я з паштовай скрынкі дзіўную прыгожую паштоўку з намаляваным велікодным яйкам-«пісанкай». «З вялікаднем!» — і больш ні слова — толькі адваротны адрас на вуліцу Карла Маркса — Караткевічаў адрас… І так павеела тады добрым светлым святам у маёй хаце.
З усмешкай — сёння такой бясхмарнай — успамінаецца, як у нашых незабыўных Каралішчавічах аднойчы пасля адпаведнай нагоды ў позе нявіннага дзіцяці заснуў у ніжнім вестыбюлі ў крэсле малады яшчэ Валодзя Караткевіч. І як зусім бяскрыўдна і быццам няўзнак, таксама яшчэ па-маладому ўзбягаючы па лесвіцы на другі паверх, кінуў з гумарам на «заснуўшага Вакха» Янка Брыль:
— Караткевіч, як Вальтэр у крэсле!
Ах, Вальтэр…
«Ля дзвярэй стаяў на падлозе вялікі бюст Вальтэра, вельмі падобны на гаспадыню, і какетліва на мяне пазіраў з-пад анучы, якая замест лаўраў вянчала яго галаву… А ў наступным пакоі быў такі гармідар, быццам тут змяшчаўся чатырыста год таму філіял Грунвальдскай бітвы…»
Калі б вам з суседняга пакоя, не паказваючы кнігі ў вочы, хто-небудзь прачытаў усяго толькі два гэтыя пасажы, не сумняваюся, вы беспамылкова, захоплена ўсклікнулі б: «Госпадзі, ды гэта ж Караткевіч!»
Вобразная палітра Караткевіча настолькі свая, настолькі ні на чыю іншую не падобная, што памыліцца немагчыма!
* * *
— Пазваніце мне! Мне гэта вельмі патрэбна!.. — прасіў ён у той непраглядны, даўні ўжо вечар.
Чаму я не пазваніла яму?!
1. Упершыню — «Беларусь»