Коласаўцы

Назвы такой да 1944 года не было. І ўсё адно для мяне яны — коласаўцы. Так з вялікай пяшчотай называюць гэтую трупу на маёй роднай Віцебшчыне, і не толькі на ёй.

Колькі я жыву, столькі памятаю гэты тэатр і спадзяюся дажыць вызначаны мне век разам з ім, радуючыся, што ён жыве, нястомна расце, працвітае і, як заўсёды, заваёўвае сэрцы людзей.

Першыя спектаклі БДТ-2 мне давялося бачыць яшчэ да вайны. Тады мы — і я, і тэатр — былі зусім дзеці. Мне год сем. Ён гады на чатыры старэйшы. Бачыць і ў Віцебску, які пасля правінцыяльнай тады Оршы здаваўся вялізным, як Парыж, і ў самой Оршы, у даваенным драўляным тэатры, што так утульна размяшчаўся сярод дрэў парка над рэчкай Аршыцай.

Ясна, што тыя спектаклі моцна падзабыліся, але адчуванне свята ад святла, яркасці фарбаў, музычнасці, нават паху сцэны — яны не забудуцца. І менавіта з гэтай прычыны я не верыў і не буду верыць у хадзячую тэорыю смерці тэатра, забітага кіно і тэлебачаннем. Не будзе такога, пакуль існуюць дзеці, якія прагна глядзяць на заслону і чакаюць дзіва, якое адкрыецца іхнім вачам, а пасля застаюцца сябрамі гэтага дзіва, гэтага свята — на ўсё жыццё.

Не будзе для мяне асабіста і для тысяч і тысяч іншых, бо на свеце былі і ёсць — коласаўцы.

…Памятаю іх выязныя спектаклі пасля вайны ў выпаленай, ушчэнт спапялёнай Оршы. Калі нават завея не магла выць у руінах, бо і руін не было (немцы разабралі іх на ўмацаванні). Тэатр выступаў тады ў сяк-так адноўленым будынку старога касцёла. І ў нас, падлеткаў, ясна ж, не было грошай, каб паглядзець усе спектаклі. А нам так хацелася гэтай вялізнай штодзённай радасці! Мы проста не маглі без яе жыць. Як без хлеба.

Грэшным чынам, гэта я абследаваў тады хады ў мурах касцёла і дазнаўся, што імі можна прабрацца і на галёрку (былыя хоры), і пад сцэну, і, у горшым выпадку, на гару, адкуль відаць было толькі патыліцы акцёраў.

І мы (хай даруе нам адміністрацыя) кожны раз пранікалі туды і глядзелі, і смяяліся, і абліваліся слязьмі.

Ці мог я тады думаць, што «Званы Віцебска», першая з маіх п’ес, якая ўбачыць святло рампы, убачыць яго менавіта тут, на падмостках тэатра віцебскага, што ёю адкрыецца свята 1000-годдзя горада, што любімыя мае акцёры будуць гаварыць мае словы, што ў гэтым тэатры я ўрэшце не толькі глядач? А здарылася так. Такое шчасце здарылася. І падзеі трохсотгадовай даўнасці, апісаныя мной, ажылі ў знаёмых мне так даўно мурах, у абліччах так даўно мною любімых.

Мне лёгка і радасна працавалася з імі. І з рэжысёрам, і з мастаком, і з кампазітарам, і з усімі акцёрамі да адзінага. Гэта, згадзіцеся, шчасце. І калі вам будзе так жа добра з усімі намі, з гэтай п’есай, з гэтым цудоўным тэатрам — мы будзем лічыць, што зрабілі ўсё, што маглі.

Гэты тэатр для мяне, як каханне, на якое адказалі ўзаемнасцю. Я дзякую яму.

  1. Упершыню — «Тэатральны Мінск», 1976, № 2.
  2. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 268, 269.
Яндекс.Метрика